22 кастрычніка 2016 года ў Клайшанскай базавай школе прайшлі выбары лідара Школьнай Рэспублікі. Гэтай падзеі папярэднічала сур’ёзная праца. Умовы падрыхтоўкі да выбараў былі максімальна прыбліжаны да рэальных.
Выбаршчыкамі з’яўляліся навучэнцы 2-9 класаў, у выбарах узялі ўдзел 70% навучэнцаў. Таму выбары прызнаныя сапраўднымі.
Былі прадугледжаны ўсе асноўныя этапы выбарчай кампаніі: фарміраванне школьнай выбарчай камісіі; вылучэнне кандыдатаў; збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў, рэгістрацыя кандыдатаў, іх давераных асоб; агітацыйны перыяд; галасаванне; падлік галасоў; складанне пратаколаў; інаўгурацыя лідара. Рашэнне было ўзгоднена з адміністрацыяй школы.
Перадвыбарчы перыяд доўжыўся паўтара месяца, за гэты час праводзіліся дыспуты, сустрэчы з кандыдатамі, якія абаранялі свае перадвыбарчыя праграмы, сфарміраваліся і актыўна працавалі групы падтрымкі, давераныя асобы. Быў аформлены куток выбаршчыкаў, дзе размяшчаліся інфармацыйныя і агітацыйныя матэрыялы. У лідары Школьнай Рэспублікі балатавалася 3 навучэнцаў – Андрэй Рэксць, Алеся Бярцэвіч і Ангеліна Мацкевіч. Усе кандыдаты прапаноўвалі добрыя ідэі ў перадвыбарчай праграме.
Галасаванне і падвядзенне вынікаў праведзена ў строгай адпаведнасці з законам аб выбарах. Як і ў вялікай палітыцы, галасаванне было тайным, і яго вынікі падводзіла спецыяльная выбарчая камісія, у склад якой уваходзілі настаўнікі. Па выніках выбараў лідарам Школьнай Рэспублікі была абрана навучэнка 7 класа Алеся Бярцэвіч.
24 кастрычніка была праведзена інаўгурацыі лідара, дзе ганаравалі пераможцу. На свяце гучалі віншаванні і пажаданні абранаму лідару. Была сказана клятва лідара. Гэта ўрачыстае мерапрыемства суправаджалася выступленнем вакальных і танцавальных калектываў школы.
Вось так навучэнцы Клайшанскай базавай школы прынялі ўдзел у лёсе школы, выбраўшы свабодным волевыяўленнем большасці лідара, сёння – школы, заўтра – можа быць, і краіны.