Актуальнасць прафарыентацыйнай работы ў школе, дапамогі школьнікам у выбары будучай прафесіі відавочна. У сярэдняй школе № 31 Магілёва ўдзяляецца шмат увагі прафесійнаму выбару вучняў. На працягу года праводзяцца мерапрыемствы: КВЗ “Калейдаскоп прафесій”, трэнінг “Неверагоднае падарожжа ў краіну Прафесію”, псіхалагічны ўрок-сцэнка па прафарыентацыі “Дарога ў заўтра”.
Старшакласнікам дапамагае ў выбары прафесіі псіхолаг Таццяна Мікалаеўна Бялясава. Яна аказвае псіхалагічную дапамогу, праводзіць анкетаванне, імкнецца раскрыць індывідуальныя магчымасці і здольнасці кожнага старшакласніка. На класныя гадзіны запрашаюцца прадстаўнікі розных прафесій: урач-стаматолаг, касметолаг, цырульнік, пекар, выратавальнік.
Арганізуецца актыўная работа па прафарыентацыі ў 6-ы школьны дзень пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ксеніі Сяргееўны Біліеўскай. У адну з субот была праведзена агітбрыгада “У свеце прафесій”. Старшакласнікі па-юнацку задорна, з гумарам, па-чалавечы добра выяўлялі спецыфіку розных прафесій.
Першы конкурс – візітная картка. Маштабна былі прадстаўлены прафесіі ўдзельнікамі агітбрыгады “Прафесія будучыні”. Удзельнікі агітбрыгады прадумалі касцюмы вучняў, якія прадстаўлялі розныя прафесіі: музыкант меў гітару, кулінар – кухонны посуд, спартсмен – спартыўны інвентар.
Праводзіўся конкурс “Хто больш?” Капітаны павінны былі назваць як мага больш прафесій. У фінальным конкурсе старшакласнікам неабходна было жэстамі і мімікай паказаць для сваёй каманды пэўную прафесію так, каб каманда з лёгкасцю змагла здагадацца і правільна адказаць. Усе ўдзельнікі справіліся з гэтым паспяхова.
Пераможцай конкурсу стала агітбрыгада ”Прафесія будучыні”. Дзякуючы мерапрыемствам, якія праводзяцца ў 6-ы школьны дзень, актыўнай і плённай сумеснай рабоце адміністрацыі школы, школьнага псіхолага, класных кіраўнікоў, вучні нашай школы, маюць неабходную дапамогу ў выбары прафесіі.
Валянціна ПЕТРАЧЭНКА,
класны кіраўнік 9 “А” класа,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Магілёва.