Выхаванне на ўзорах духоўнасці і маралі

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Як выхаваць дзяцей гуманнымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны? Як сфарміраваць у іх такія якасці, як любоў, спачуванне, адданасць? На думку педагагічнага калектыву Эсьмонскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бялыніцкага раёна, зрабіць гэта магчыма праз далучэнне вучняў да праваслаўных святыняў.

— Выхаванне, прывіццё дзецям асноў дабрачыннасці і маральнасці мы лічым не менш важным, чым навучанне. У нашай установе мы гэта робім і на ўроках, і падчас пазакласных мерапрыемстваў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Святлана Гечар.

Паводле яе слоў, усе настаўнікі-гуманітарыі на занятках імкнуцца не толькі даць дзецям неабходныя веды па прадмеце, а на прыкладзе пэўных твораў ці вучэбных тэм прывіць высокамаральныя чалавечыя якасці. Педагогі расказваюць вучням пра праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі беларускага народа, вучаць узаемаразуменню, велікадушнасці, любові, міласэрнасці, справядлівасці.

— Тры гады назад я стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак і вучэбна-метадычных матэрыялаў па духоўна-маральнай асвеце і выхаванні навучэнцаў, атрымала грамату сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Як настаўніца рускай мовы і літаратуры пастаянна праводжу для сваіх вучняў тэматычныя ўрокі-даследаванні, гутаркі, семінары, дыскусіі. Аналізуючы адпаведныя літаратурныя творы, адказваючы на пытанні і выконваючы розныя інтэрактыўныя заданні, вучні разважаюць над жыццёвымі каштоўнасцямі, дзеляцца сваімі думкамі і перажываннямі з аднакласнікамі. Такім жа чынам работу з вучнямі праводзяць і многія іншыя настаўнікі нашай установы адукацыі, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Вялікую ўвагу ва ўстанове ўдзяляюць таксама вывучэнню роднага краю. Падарожнічаючы па Эсьмонах і наваколлі, дзеці вучацца любіць і берагчы сваю малую радзіму. Наогул, уся сістэма работы мясцовага педагагічнага калектыву па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення прыносіць вельмі добры плён.

— Нашы вучні — пастаянныя прызёры рэспубліканскіх конкурсаў творчых і навукова-даследчых работ, арганізатарам якіх выступае Інстытут тэалогіі імя Святых Кірыла і Мяфодзія БДУ, а таксама Сінадальны аддзел па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У нас няма вучняў, якія былі б на ўнутрышкольным ўліку ці ўліку камісіі па справах непаўналетніх. Нашы дзеці ўмеюць суперажываць чужой бядзе, праяўляць дабрыню, аказваць канкрэтную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, — падкрэсліла Святлана Гечар.

У Эсьмонскім вучэбна-педагагічным комплексе разумеюць, што фарміраванне правільных маральных каштоўнасцей — доўгі працэс. Таму тут ненадакучліва вучаць дзяцей правільным жыццёвым якасцям.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.