Выхаваць педагога са свайго вучня

- 11:49Рознае

Як нарадзіць новага настаўніка, як ускалыхнуць педагагічнае грамадства, як пабудаваць узаемадзеянне паміж школай і сям’ёй — гэтыя і іншыя пытанні, агучаныя Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падчас штогадовага Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, найбольш абмяркоўваліся ў педагагічных калектывах.
Сваімі прапановамі і думкамі з гэтай нагоды дзеліцца кіраўнік гімназіі № 4 Баранавіч Вадзім Юсэфавіч Шчарбакоў.

— Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу сістэме адукацыі. Падчас апошняга звароту былі закрануты даволі важныя праблемы. Як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, аб задачах і перспектывах далейшага развіцця сістэмы адукацыі і выхавання моладзі больш падрабязна і прадметна пойдзе размова на жнівеньскіх нарадах.

Вадзім Юсэфавіч ШЧАРБАКОЎ — дырэктар гімназіі № 4 Баранавіч, настаўнік англійскай мовы. Педагагічны стаж — 15 гадоў, кіраўнічы — 10. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. З’яўляецца намеснікам старшыні Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў.

— Да гэтага часу ў педагагічнай грамадскасці ёсць час усё абдумаць і прапанаваць свае шляхі вырашэння праблем, агучаных прэзідэнтам. З вашага пункту гледжання, як можна нарадзіць новага настаўніка?

— Нарадзіць — значыць выхаваць настаўніка, які будзе адпавядаць сучасным запытам. Грамадства павінна дакладна ўяўляць, які сёння патрэбен настаўнік, якімі прафесійнымі і асобаснымі якасцямі ён павінен валодаць, якія задачы вырашаць.

У нараджэнні новага настаўніка вялікая роля належыць і самім школам. Наша задача — зрабіць так, каб лепшыя сённяшнія вучні захацелі стаць настаўнікамі.

— І як гэта ў цяперашніх умовах можна зрабіць?

— У нас працуе шмат выпускнікоў нашай гімназіі і выпускнікоў 11-й школы, на базе якой гімназія была створана. Некаторым ужо 50 гадоў, а ёсць і зусім юныя, якім яшчэ не споўнілася 25.

Некалі на мой прафесійны выбар аказалі вырашальнае значэнне менавіта школьныя настаўнікі. Я бачыў, як моцна яны захоплены сваёй справай, колькі задавальнення яны атрымліваюць ад працы. Я адчуваў, што гэтыя людзі заняты сваёй справай. Тады вырашыў, што хачу быць на іх падобным і хачу працаваць у школе.

Ужо некалькі гадоў, як мы ў гімназіі вярнуліся да традыцыі правядзення дзён самакіравання. Гэта робіцца для таго, каб дзеці змаглі ўбачыць адукацыйны працэс знутры. Яны бачаць на ўроку звычайна чалавека, які імкнецца больш ім даць ведаў, а адміністрацыя ў іх вачах — гэта толькі кантралюючы орган. А падчас дзён самакіравання мы прапаноўваем ім выпрабаваць настаўніцкае жыццё на сабе. Няма адбою ад жадаючых правесці ўрок або пабываць на месцы дырэктара ці яго намесніка. Пасля такіх дзён вучні знаходзяцца ў невялікім шоку, бо яны і не ўяўлялі, наколькі гэта складаны занятак — вучыць дзяцей, але разам з тым яны адзначаюць, што ён і вельмі займальны. Яны пранікаюцца да таго, што мы (настаўнікі) робім. У гэтым годзе вырашылі да дзён самакіравання падключаць і вучняў сярэдніх класаў (да гэтага магчымасць выпрабаваць на сабе ролю педагога атрымлівалі толькі старшакласнікі).

Дзеці захочуць стаць педагогамі, калі перад імі будзе прыклад паспяховага, шчаслівага ў прафесіі чалавека. У такога настаўніка ўсё павінна быць бездакорна — пачынаючы са знешняга выгляду.

Не скажу, што вялікая колькасць нашых выпускнікоў паступае ў педагагічныя ВНУ, але радасна, што жадаючыя заўсёды ёсць. Яны працуюць як у Ліцэі БДУ, так і ва ўніверсітэтах. Намецілася добрая тэндэнцыя, і дзяцей, зацікаўленых настаўніцкай прафесіяй, становіцца ўсё больш.

Дзеці захочуць стаць педагогамі, калі перад імі будзе прыклад паспяховага, шчаслівага ў прафесіі чалавека. У такога настаўніка ўсё павінна быць бездакорна — пачынаючы са знешняга выгляду. Першая нарада, якую мы заўсёды праводзім у верасні, прысвячаецца менавіта таму, як апранаецца настаўнік. Ён павінен быць ахайным і акуратным. Такім жа — у думках і ў дзеяннях.

— Адна справа — зацікавіць дзяцей настаўніцкай прафесіяй, зусім іншая — зрабіць так, каб яны пасля атрымання дыплома і неабходнай адпрацоўкі засталіся працаваць у школе. Чаму моладзь усё ж пакідае школу?

— У апошнія два гады я перастаў чуць ад сваіх настаўнікаў такую фразу, як “Мне няма чаго губляць”. Гэта значыць, што яны сталі больш шанаваць сваё месца працы. Па-першае, дзякуючы праекту па нарматыўным фінансаванні і галіновай аплаце працы, нашы настаўнікі сталі больш зарабляць, а ў кіраўніцтва і адміністрацыі ёсць дастатковыя ўмовы для матэрыяльнага стымулявання сваіх падначаленых.

Што тычыцца маладых спецыялістаў, якія да нас прыходзяць, то я тут бачу некалькі праблем. Першая — гэта размеркаванне, якое яны абавязаны адпрацаваць. Многія пайшлі ў педагагічныя ВНУ, як бы нам гэта не сумна было прызнаваць, таму, што не прайшлі па конкурсе ў іншыя ВНУ. Яны адвучыліся і абавязаны адпрацаваць. У такім выпадку перад кіраўніцтвам установы стаіць вельмі складаная задача — захапіць такога чалавека настаўніцкай прафесіяй. Матывацыі на работу ў школе ў іх, як правіла, няма. Што мы робім? Гімназія з’яўляецца базавай пляцоўкай для Баранавіцкага ўніверсітэта. Пачынаючы з 3 курса, да нас прыходзяць на практыку студэнты, за якімі мы вельмі ўважліва назіраем, рыхтуем іх да таго, што на найбольш старанных будзе зроблены запыт. Гэты чалавек ведае, што ён прыйдзе і будзе працаваць у вядомых яму ўмовах, у знаёмым калектыве, уяўляе, якія цяжкасці яго могуць чакаць, ведае схему іх рашэння.

Нярэдка маладых спецыялістаў у асобных установах пускаюць у вольнае плаванне: вось табе клас, нагрузка — боўтайся, як можаш. І тут, як у навучанні плаванню: або чалавек тоне ва ўсіх штодзённых справах, страчвае апошнюю цікавасць да прафесіі, або дзякуючы сваёй упартасці і стараннасці ператвараецца ў вельмі добрага спецыяліста.

Ёсць інстытут настаўніцтва. Калі да нас прыходзіць малады спецыяліст, мы стараемся яго заахвочваць. Наша задача — загрузіць яго цікавымі справамі і праектамі. Пакуль у яго няма сям’і і дзяцей, ён можа актыўна займацца пазакласнай работай. Менавіта гэта дапаможа яму атрымліваць не гарантаваныя мінімальныя даплаты як маладому спецыялісту, а значна ўзняць свой заробак.

Таксама варта падумаць аб тым, каб маладыя мужчыны з педагагічнай адукацыяй не ішлі ў армію, а праходзілі альтэрнатыўню службу ў школе. Да нас прыходзяць маладыя хлопцы на работу. Праз паўгода іх прызываюць у армію, і назад яны ўжо не вяртаюцца. Перакананы, што за тры гады многія б з іх уцягнуліся ў педагагічную дзейнасць і не пакінулі школу.

Таксама варта падумаць аб тым, каб маладыя мужчыны з педагагічнай адукацыяй не ішлі ў армію, а праходзілі альтэрнатыўню службу ў школе. Да нас прыходзяць маладыя хлопцы на работу. Праз паўгода іх прызываюць, і назад яны ўжо не вяртаюцца. Перакананы, што за тры гады многія б з іх уцягнуліся ў педагагічную дзейнасць і не пакінулі школу.

Зараз у Баранавічах настаўнікі, якія некалі пайшлі ў бізнес або іншыя сферы, пачынаюць вяртацца ў школу. Асабліва гэта адчуваецца сярод філолагаў. Людзі вяртаюцца, таму што хочуць працаваць у школе, адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні. Сёння сістэма адукацыі — абароненая бюджэтная сфера. І людзі гэта разумеюць. А калі яшчэ пайшла дыферэнцыяцыя аплаты працы (па катэгорыях, па атэстацыі), то і заработная плата асобных педагогаў значна вырасла. У нашай гімназіі працуюць два настаўнікі-метадысты. Розніца ў заработнай плаце ў іх вельмі адчувальная ў параўнанні з настаўнікамі іншых кваліфікацыйных катэгорый.

— Вы як кіраўнік можаце выбіраць, арганізоўваць конкурс на замяшчэнне вакантнай педагагічнай пасады?

— Конкурсу няма, але ёсць выбар. Скажу адно: як толькі адна наша настаўніца сабралася ў дэкрэтны водпуск, то на парозе майго кабінета з’явілася некалькі чалавек з просьбай узяць іх на работу. Так што па асобных прадметах у нас ёсць з каго выбіраць. Лічу гэта станоўчым, але ўжо сёння выклікае вялікую занепакоенасць моцны недахоп маладых педагогаў па такіх прадметах, як “Фізіка”, “Матэматыка”, “Хімія”, “Біялогія”, таму нам трэба больш матываваць здольных вучняў на гэтыя педагагічныя спецыяльнасці.

Вядома, трэба адзначыць, што мы асаблівая навучальная ўстанова (у статусе гімназіі, размешчаная ў цэнтры горада). Нашы настаўнікі працуюць з адабранымі і матываванымі дзецьмі. У гімназістаў выдатныя вынікі на інтэлектуальных конкурсах, на ЦТ.

— Пагадзіцеся, там, дзе няма адбору кадраў, складана дасягнуць якасці. Што трэба зрабіць, каб на работу з дзецьмі прымалі людзей па конкурсе?

— Вядома, першае, што назавуць многія, — гэта заработная плата. І яны не памыляцца. Але не толькі яна ўплывае на выбар прафесіі моладзі. Маладыя людзі яшчэ глядзяць на тое, наколькі паважаныя ў грамадстве прадстаўнікі гэтай прафесіі.

— Менавіта праблему адсутнасці павагі з боку грамадства настаўнікі лічаць самай галоўнай. Ці можна загадам прымусіць паважаць настаўніка?

— Прымусіць нельга, можна толькі заваяваць. Адзін і той жа клас, але гэта абсалютна розныя калектывы на ўроках у розных педагогаў. У аднаго — актыўныя і матываваныя дзеці, а ў другога — гультаі і прагульшчыкі. Чаму? Таму што ад зін настаўнік працуе на вынік з поўнай аддачай, з любоўю, а другі — толькі б 45 хвілін неяк адбыць.

Прэстыж прафесіі настаўнікі могуць узняць толькі адносінамі да сваёй работы, праз вынікі сваіх вучняў.

І ў тых педагогаў, якія сябе паважаюць, усё ў парадку з павагай. Іх любяць дзеці, шануюць бацькі.

Мне здаецца, што прычыну непавагі і недаверу да школы з боку бацькоў трэба шукаць гадоў 20 назад, а можа, яшчэ больш. Нядаўна абмяркоўвалі пытанне, чаму так перасталі паважаць настаўнікаў. Паглядзіце, хто сённяшнія бацькі. Гэта дзеці пачатку 90-х. Яны сталелі ў нялёгкі час — перыяд дэідэалагізацыі, страты арыенціраў у жыцці грамадства. Асноўная задача на той час была для іх бацькоў — выжыць, проста пракарміць дзяцей. Яны забыліся пра выхаванне. Дзяцей аддавалі ў школу, як у камеру захоўвання. З тых часоў не вынішчаецца спажывецкае стаўленне да школы. Бацькі ў звароце да настаўнікаў выкарыстоўваюць толькі дзеяслоў “павінны”: павінны навучыць, павінны выхаваць і павінны прасачыць, каб дзіце нічога дрэннага не нарабіла. Гэта адказнасць школы. А роля сям’і ў выхаванні дзяцей адыходзіць на другі план. Гэта я лічу няправільным.

Настаўнік загнаны ў кут гэтым “павінен”. Ён, атрымліваецца, павінен адміністрацыі, павінен бацькам, павінен дзецям. Мы стараемся ад гэтага адыходзіць. Вельмі складаная сітуацыя. І пакуль мы не развернем бацькоў у бок школы, яна не зменіцца. Што я кажу маладым і новым класным кіраўнікам: зрабіце так, каб дзіця зразумела, што класны кіраўнік і бацькі — сябры, якія разам вырашаюць пытанні дзяцей і школы. Каб вучань, прыходзячы дадому, не казаў, што дрэнны настаўнік і толькі ён вінаваты ў яго дрэнных адзнаках. Бацькі ўспрымаюць гэта як належнае. І ўсё нарастае як снежны камяк. А калі пачынаеш разбірацца, то разумееш, што праблема хаваецца ў непаразуменні на пачатковых этапах. Гэта да таго, што прэзідэнт сказаў, што настаўніку трэба пайсці ў сям’ю. Але і бацькі павінны прыйсці ў школу не з патрабаваннямі, а з прапановамі.

У нас склаўся добры калектыў. Выпадковых людзей няма. Для нашых педагогаў важна, што і як пра іх будуць гаварыць у горадзе. Яны разумеюць, што кошт на іх як на спецыялістаў будзе іншы, калі пра іх будуць толькі добрыя водгукі. Яны працуюць не на адміністрацыю, а на свой прэстыж, на імідж установы. Ім падабаецца працаваць з высокаматываванымі дзецьмі, атрымліваць добрую аддачу ад сваёй работы.

— Як здружыць школу і бацькоў, як зрабіць іх партнёрамі ў важнай справе — выхаванні будучыні?

— Больш за 15 гадоў мы займаемся інавацыйнай дзейнасцю пад кіраўніцтвам метадыста АПА Ганны Іванаўны Дабрынеўскай. І калі мы разам абмяркоўвалі вынікі нашага апошняга праекта па фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый у вучняў, упэўніліся, што менавіта з бацькоў павінна пачынацца гэтая работа. Такім чынам, у гэтым годзе мы рыхтуем новы праект, які будзе звернуты да татаў і мам. Трэба, каб і бацькі адчулі сваю ролю ў адукацыйным працэсе, сталі актыўнымі і раўнапраўнымі ўдзельнікамі жыцця гімназіі, больш кампетэнтнымі ў выхаванні сваіх дзяцей з улікам патрабаванняў часу.

Святлана КІРСАНАВА.