Выхоўваюць з клопатам і любоўю

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Атрымаць карэкцыйна-развіццёвую і рэабілітацыйную дапамогу, набыць неабходныя ўменні па самаабслугоўванні, навучыцца ўзаемадзеянню з навакольным асяроддзем — гэтыя і іншыя навыкі магілёўскія дзеткі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату атрымліваюць у Асіповіцкай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце. Больш за тое, тут яны набываюць сяброў, раскрываюць свае здольнасці, каб далей паўнавартасна жыць у грамадстве.

На сённяшні дзень спецыяльная школа-інтэрнат у Асіповічах з’яўляецца адной з нямногіх у рэспубліцы адукацыйных устаноў для дзяцей з праблемамі рухальнай актыўнасці. Сёння ў школе жывуць і вучацца 60 выхаванцаў, для якіх сіламі педагагічнага калектыву створаны ўсе ўмовы для навучання і развіцця.

— Наша навучальная ўстанова мае сталовую, утульны спальны корпус, вялікую актавую залу, відэасалон, спартыўную і трэнажорную залы, кабінет псіхалагічнай разгрузкі, кабінеты для карэкцыйных заняткаў з настаўнікамі-дэфектолагамі. Заняткі арганізуюцца ў 20 класах. Прычым кабінеты абслуговай працы, сацыяльнага арыентавання, слясарныя і сталярныя майстэрні дазваляюць якасна рэалізаваць праграму па працоўным навучанні і сацыяльнай адаптацыі дзяцей. Камп’ютарны клас і сучасны кабінет англійскай мовы вырашаюць задачы па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйных тэхналогій, развіцці камунікатыўных навыкаў дзяцей. Акрамя таго, на тэрыторыі школы абсталяваны баскетбольная і футбольная пляцоўкі, паласа перашкод, дзіцячая гульнявая пляцоўка, сенсорная сцежка. Вельмі шырокі ў нас і спектр метадаў аднаўленчай тэрапіі, — расказала дырэктар установы Ларыса Гормаш.

І сапраўды. Ва ўстанове дзейнічаюць кабінеты гідратэрапіі, зала групавых заняткаў па лячэбнай гімнастыцы, кабінет электрасвятлоцеплалячэння, кабінеты індывідуальнай лячэбнай гімнастыкі, пакоі для правядзення масажу, гіпсава-артапедычны і працэдурны кабінеты, аптэка, клініка-біяхімічная лабараторыя. Для максімальнага развіцця кожнага вучня на тэрыторыі школы створана безбар’ернае асяроддзе: пандусы, апоры, поручні, грузапасажырскі ліфт, спецыяльныя прыстасаванні для гігіены, адпаведная мэбля, вертыкалізатары, апоры-хадункі, хадункі-ралятары, параподыумы.

Асноўная задача ўстановы — дапамагчы дзецям з асаблівасцямі весці паўнавартаснае жыццё, застаючыся самімі сабой. Педагагічны калектыў тут скіраваны на тое, каб выхаванцы маглі адчуваць сябе ў школе як дома.

— Зараз у школе працуюць 39 педагогаў, усе яны прафесіяналы. У нас няма выпадковых людзей. Кожны спецыяліст умее знаходзіць ключ да дзіцячых сэрцаў, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, пастаянна займаецца самаадукацыяй, а таксама бясконца любіць і шануе ўсіх навучэнцаў, прымае дзяцей такімі, якія яны ёсць. Разам мы стараемся акружыць кожнага выхаванца клопатам і любоўю, бо менавіта гэта самае важнае ў барацьбе з іх хваробамі, — адзначыла Ларыса Адамаўна.

Кіруючыся такім прынцыпам, увесь калектыў школы-інтэрната ўдзяляе вялікую ўвагу якаснаму выкананню сваіх службовых абавязкаў. А які падыход — такі і вынік. Усе напрамкі адукацыйнай дзейнасці ў Асіповіцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце ажыццяўляюцца на высокім узроўні і накіраваны на ўсебаковае раскрыццё магчымасцей вучняў. Для ўсіх дзяцей тут ствараецца сваё функцыянальнае развіццёвае асяроддзе, якое спрыяе максімальнаму развіццю пры мінімальнай дапамозе з боку дарослых.

Жыццё ў школе насычанае і шматграннае. Ва ўстанове традыцыйна праводзяцца святы, ранішнікі, конкурсы, у якіх выхаванцы прымаюць непасрэдны ўдзел. Актыўна вядзецца работа з дзецьмі ў пазаўрочны час. Любы навучэнец можа рэалізаваць у школе свае інтэлектуальныя, творчыя, лідарскія і спартыўныя здольнасці. Аб’яднанні па інтарэсах тут вельмі разнастайныя. Так, функцыянаванне тэатральнага гуртка спрыяльна ўплывае на развіццё камунікацый вучняў, спартыўныя секцыі добра ўплываюць на раскрыццё іх фізічных навыкаў. На паспяховую сацыялізацыю выхаванцаў накіраваны шматлікія інавацыйныя праекты.

Навучэнцы школы выкарыстоўваюць шырокія магчымасці для самарэалізацыі. Яны — пастаянныя ўдзельнікі, а часта і прызёры розных конкурсаў, алімпіяд, фестываляў, спаборніцтваў.

Усе дасягненні навучэнцаў — заслуга педагогаў і ўсіх работнікаў. Плённая праца калектыву не застаецца незаўважанай. Асіповіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат неаднаразова займала прызавыя месцы ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці. Сёлета ўстанова была прызнана лепшай сярод спецыяльных школ-інтэрнатаў вобласці. Добрасумленнае стаўленне мясцовых педагогаў да працы заўважылі і на больш высокім узроўні. На Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” школа была адзначана ганаровым дыпломам ІІ ступені.

Адукацыйны працэс у гэтай навучальнай установе даўно эфектыўна адладжаны. Але спыняцца ў яго ўдасканаленні тут не збіраюцца. Педагогі будуць працягваць укараняць у работу сучасныя методыкі, каб выхаванцы мелі магчымасць развіваць любыя свае здольнасці і атрымліваць якасную адукацыю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара 
і з архіва ўстановы.