Выйсці з цемры

- 12:05Сацыяльны ракурс

“Цярпець не магу, калі трапляю ў залежнасць ад іншых людзей. Імкнуся быць самастойным і хачу дапамагаць іншым”. Аляксандр Севярын, невідушчы выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, расказвае пра свае жыццёвыя прынцыпы і ўзаемаадносіны з асаблівымі навучэнцамі.

Дайце мне камп’ютар, і я перавярну свет

— Я магу бясконца скардзіцца  на свой лёс, расказваць, як цяжка жыць у цемры. Але так не раблю, і гэта мой усвядомлены выбар. Для сябе я даўно вырашыў, што інваліднасць і звязаныя з ёй абмежаванні перш за ўсё толькі ў нашай галаве, — упэўнены Аляксандр.

Ён мае тры вышэйшыя адукацыі, усе ў розных сферах. Пачалося ўсё з вучобы ў Рэчыцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, куды Аляксандр паступіў пасля дзевяці класаў Васілевіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, таму што яму вельмі хацелася ўпершыню ў жыцці здаць сапраўдныя экзамены, а ў інтэрнаце такой магчымасці не было. Першым універсітэтам стаў Гро­дзенскі аграрны, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом інжынера-заатэхніка. Затым — універсітэт імя Францыска Скарыны ў Гомелі, дзе Аляксандр авалодаў прафесіяй праграміста, а ў 2019 годзе ён  паступіў у Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і стаў дыпламаваным выкладчыкам.

Аляксандр Севярын упэўнены: сёння для невідушчага чалавека валоданне камп’ютарам — гарантыя поспеху, таму вучыць гэтаму дзяцей неабходна  яшчэ ў школе.

Зараз у Аляксандра ёсць любімая работа, ён не страціў жадання развівацца і радавацца жыццю. Дома яго чакае жонка, якая таксама мае інваліднасць па зроку і пры гэтым выкладае музыку ў спецыялізаванай школе № 188 Мінска, і чатырохгадовы сын. Што дапамагае ісці наперад і не апускаць рукі, наш герой дакладна ведае.

— Жаданне быць самастойным ва ўсім, нягледзячы на інваліднасць, якую я ніколі не хаваю. Так было з самага дзяцінства. Мабыць, на гэта паўплываў той факт, што бацькі па рэкамендацыі спецыялістаў адарвалі мяне ад сябе і адправілі вучыцца ў школу-інтэрнат. Гэта быў складаны выбар для іх. Асабліва перажывала мама. Яна нават адчувала сябе вінаватай перада мной і вельмі чакала дамоў на кунікулы, а я, калі прыязджаў, бег на вуліцу гуляць з сябрамі ў футбол і катацца на веласіпедзе, — з усмешкай успамінае Аляксандр.

А яшчэ ён вельмі любіў чытаць, пакуль зрок поўнасцю не пакінуў яго. Здарылася гэта, калі Аляксандру споўнілася 25 гадоў. І так супала, што якраз у гэты час ён адкрыў для сябе камп’ютар і тое, што невідушчыя людзі маюць магчымасць ім карыстацца дзякуючы спецыяльным праграмам.

— Мне стала цікава, я адчуў, што гэта маё. І калі МРЭК накіравала мяне ў Гомель працаваць слесарам механазборачных работ на прадпрыемства Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, шчыра кажучы, мне гэта не спадабалася. Я пазнаёміўся з маладым чалавекам, таксама невідушчым, які працаваў тут жа, у аддзеле збыту, за камп’ютарам. Гэта стала для мяне своеасаблівым маяком. Я вырашыў самастойна асвойваць камп’ютарную грамату, пачаў праводзіць эксперыменты на сваім камп’ютары: устанаўліваў розныя праграмы, разбіраўся, як яны працуюць, як выправіць памылкі і адрамантаваць камп’ютар, — успамінае Аляксандр тыя часы, калі ў яго зараджалася жаданне стаць сапраўдным праграмістам. У хуткім часе яго запрасілі стаць кіраўніком гуртка камп’ютарнай пісьменнасці, які стварылі ў таварыстве. У 2011 го­дзе Аляксандр атрымаў дыплом праграміста і пераехаў у сталіцу, дзе працягнуў працаваць па новай спецыяльнасці — ства­раць сайты, інтэрнэт-магазіны, блогі, дапамагаць невідушчым лю­дзям стаць з камп’ютарам на ты. А ў 2019 годзе яму прапанавалі работу выкладчыка спецдысцыплін у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі.

Мастацтва маленькіх крокаў

Зараз у групе, дзе выкладае Аляксандр, шэсць навучэнцаў — тры хлопцы і тры дзяўчыны, двое з якіх ужо маюць вышэйшую адукацыю. Выпуск пілотнай групы адбудзецца вясной наступнага года. Выкладчык вельмі хвалюецца, як складзецца далей лёс маладых спецыялістаў. Больш за ўсё яго турбуе пытанне працаўладкавання.

— Я тлумачу ім, што жыццё не будзе круціцца вакол іх, ніхто ім нічым не абавязаны. Трэба мець цвёрдае рашэнне авалодаць прафесіяй, выхаваць у сабе смеласць адстойваць свае інта­рэсы, каб атрымаць работу. Калі вы прыходзіце да работадаўца разам з суправаджальнікам, гэта адразу выклікае пытанне: ці здольны вы на самастойныя дзеянні? Навошта вам быць бычком на прывязі? Вельмі важна самому прайсці свой шлях, — упэўнены Аляксандр.

Для выкладчыка вельмі важна, каб навучэнцы мелі матывацыю, каб у іх была мэта, да якой яны будуць імкнуцца.  Таму ён шмат з імі размаўляе, прыво­дзіць прыклады з жыцця пра тое, як складваецца лёс невідушчых людзей.

— За гады работы я сустракаў шмат невідушчых. Бачыў і тых, хто ў 30 гадоў, застаўшыся без бацькоў, не мог сам выйсці на вуліцу, схадзіць у магазін, памыць галаву. Мне вельмі хочацца быць для сваіх навучэнцаў прыкладам, паказаць ім, што ў іх таксама ёсць выбар і многае залежыць ад іх саміх, нягледзячы на акалічнасці. Зараз некаторыя з іх, ведаючы, што я сам дабіраюся на работу праз увесь горад, таксама пачынаюць адрывацца ад баць­коў. Гэта вельмі складаны працэс і вялікая праблема ў сем’ях, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю. Гіпер­апека не ідзе на карысць, — упэўнены Аляксандр.

Ён прызнаецца, што праца­ваць з дзецьмі яму нават цікавей, чым праграмаваць. Сябе лічыць строгім выкладчыкам, месцамі нават жорсткім.

— І гэта, на мой погляд, абгрунтавана. Калі я бачу, што чалавеку вучоба даецца цяжка ці яшчэ горш — няма матывацыі, адкрыта прапаную забраць дакументы. Навошта тра­ціць дарэмна час? Раю прыслухацца да сябе і зрабіць выбар тут і зараз, — расказаў Аляксандр.

Не разумею, чаму людзі так любяць шукаць сабе апраўданні, замест таго каб прыкладваць намаганні і паляпшаць сваё жыццё. Часта чую пытанне: “Як жа вы спраўляецеся?” Проста. Я проста жыву. Раніцай расплюшчыў вочы, і мне няважна, цёмна ці светла за акном, інвалід я ці не. Мне неабходна збірацца на работу, вучыць дзяцей, зарабляць грошы, быць карысным для сваёй сям’і і самарэалізоўвацца. А шкадаваць сябе… У мяне на гэта няма часу і жадання.

Па-за зонай камфорту

Насця Цвярдова — адна з вучаніц Аляксандра Севярына. Ёй ужо 21 год. Яна скончыла 11 класаў спецыялізаванай школы № 188 для дзяцей з парушэннем зроку, валодае шрыфтам Брайля, іграе на фартэпіяна, ма­рыць стац­ь перакладчыкам. Яны пазнаёміліся, калі Насця вучылася ў 8 класе. Менавіта Аляксандр дапамог ей авалодаць азамі камп’ютарнай граматы і пераканаў пайсці вучыцца ў каледж, каб авалодаць прафесіяй праграміста.

— Я не шкадую, што паступіла ў каледж. Вучыцца складана, але цікава. На 1 курсе мы атрымалі спецыяльнасць аператараў ЭВМ, а пасля заканчэння станем дыпламаванымі тэхнікамі-праграмістамі. Ужо зараз разумею, што наўрад ці буду працаваць па спецыяльнасці, але валоданне камп’ютарам дапаможа мне здзей­сніць маю мару. І гэта вельмі важна, — расказала Насця.

Для гэтага ёй таксама неабходна стаць самастойнай, адарвацца ад бацькоў. Што гэтаму перашкаджае? Перш за ўсё страхі. Іх шмат, і яны, нібыта ліпкая павуціна, скоўваюць і не дазваляюць выйсці з зоны камфорту.

— Страшна згубіцца ў гора­дзе, страшна папрасіць дапамогі ў людзей… Але я раблю крокі наперад. Ужо хадзіла адна ў магазін, праўда, купіць нічога не адважылася, сама іду ад дома да метро, пераходжу дарогу. Калі рабіла гэта першы раз, так хвалявалася, што нават кій з рук выпаў, але мне дапамаглі. І з кожным разам мае страхі паціху адступаюць, — прызнаецца Насця.

Яна ўдзячна лёсу за тое, што ў яе жыцці ёсць такі настаўнік, як Аляксандр Уладзіміравіч. Пра яго яна расказвае з вялікім захапленнем.

— Ён добры, спагадлівы, цярплівы чалавек. Адукаваны і начытаны. Для мяне ён прыклад мужнасці і смеласці. Шмат з намі размаўляе пра жыццё, вучыць пастаяць за сябе, дае слушныя парады. Тлумачыць, што ўсё ў нашых руках, галоўнае — мець мэту і ісці да яе. Упэўнена, калі буду прыслухоўвацца да гэтых парад, абавязкова стану самастойнай, змагу знайсці работу і стварыць сям’ю, — упэўнена Насця.

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.