Выконваем законы дарог

- 11:21Выхаванне

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў гарадскога этапу конкурсу “Выконваем законы дарог!”, які праводзяць у рамках праекта “Дарожная бяспека” для дзяцей і моладзі 6—18 гадоў Дзяржаўтаінспекцыя Мінска і цэнтр “Бяспечнае дзяцінства” Палаца дзяцей і моладзі.

— Каля двух тыдняў праходзіла выстава, падчас якой журы ўважліва вывучала і ацэньвала прадстаўленыя работы, — расказвае старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска Вікторыя Царук. — Усяго іх было больш за 300 у 12 намінацыях: малюнак, плакат, лепка, мяккая цацка, сачыненне, дэкаратыўнае пляценне, тэлесюжэт і інш. Усе жадаючыя маглі азнаёміцца з работамі і прыняць удзел у галасаванні, па выніках якога вызначыўся пераможца ў намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый”. Ім стала Вераніка Дылёнак, навучэнка 1 класа гімназіі № 56 Мінска з работай “Правілы ведаем і заўсёды выконваем!” у намінацыі “Лепка”.

Каля 100 удзельнікаў атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў мерапрыемства, пераможцы вызначаліся ў кожнай намінацыі ў трох узроставых групах: 6—9, 10—13 і 14—16 гадоў. У агульным заліку перамогу зноў атрымала каманда вучняў і педагогаў з Кастрычніцкага раёна Мінска, якая і павезла з сабой традыцыйны пераходны Кубак пераможцаў. 2-е месца заняла каманда Маскоўскага раёна, 3-е — Ленінскага.

Для Кастрычніцкага раёна гэтая перамога стала адзінаццатай (усяго творчы конкурс “Выконваем законы дарог!” праводзіцца 14 гадоў). Гэта велізарны поспех, якога ўдаецца дасягаць дзякуючы сумеснай працы педагогаў, навучэнцаў устаноў адукацыі і іх бацькоў, а таксама супрацоўнікаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” і аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС.

Работы пераможцаў прадставяць Мінск на рэспубліканскім этапе конкурсу “Выконваем законы дарог!”.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска.