Высокая ацэнка беларускага турызму

- 11:58Актуально, Рознае

Днямі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі прайшла міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме і гасціннасці: міжнародны вопыт”.У ходзе канферэнцыі быў прааналізаваны і абагульнены вопыт работы ў турыстычнай сферы шэрага навучальных устаноў Беларусі, Германіі, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Літвы. З беларускага боку гэтую тэму прадстаўлялі рэктар РІПА А.Х.Шкляр, першы прарэктар РІПА Э.М.Каліцкі, дэкан факультэта “Вышэйшая школа турызму” БДЭУ М.І.Кабушкін, дырэктар Інстытута турызму БДУФК Л.В.Сакун, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму В.П.Кармазін.

Гэты год аб’яўлены Годам гасціннасці, што напрамую звязана з развіццём турыстычнага бізнесу ў Беларусі. Таму пытанні развіцця гэтай галіны набываюць сёння асаблівую актуальнасць. Аналізуючы турыстычны патэнцыял нашай краіны, трэба сказаць, што ён высока ацэнены еўрапейскімі экспертамі, і наша краіна мае ў гэтым добрыя перспектывы. У асноўным турызм у нас засноўваецца на разнастайнасці і прыгажосці прыроды, унікальнасці спадчыны, мностве гістарычных, культурных і архітэктурных помнікаў. Усе гэтыя фактары спрыяюць развіццю турыстычнай галіны.
Апошнім часам гэтая сфера імкліва развіваецца, і кожны яе кірунак мае станоўчую дынаміку. Далейшы рост турыстычных паслуг залежыць, безумоўна, ад кампетэнцыі спецыялістаў, якія будуць працаваць у гэтай сферы.
Правядзенне навукова-метадычнай канферэнцыі ў сценах РІПА стала знамянальнай падзеяй для прафесійнай адукацыі і яшчэ адным пацвярджэннем актыўнасці з боку інстытута ва ўдасканаленні дзейнасці, звязанай з падрыхтоўкай кадраў для турыстычнай галіны Беларусі і асабліва ў сферы павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме і гасціннасці згодна з праектам ТЕТVET.

Як расказаў Э.М.Каліцкі, гэты праект выступае ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS, які ўжо шмат гадоў рэалізоўваецца ў Беларусі з мэтай мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі, устанаўлення супрацоўніцтва з краінамі — членамі Еўрапейскага саюза. Праграма TEMPUS прадугледжвае ўвядзенне інавацыйных кірункаў у адукацыйны працэс, укараненне сучасных тэхналогій і новае метадычнае забеспячэнне. Непасрэдна праграма ТЕТVET мае мэтай развіваць і рэфармаваць змест падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для турыстычнай сферы.
Па словах В.М.Нікіціна, доктара Універсітэта Падэрборна (Германія), пасля дасканалага вывучэння патрэбнасці ў кадрах сферы турызму Беларусі разам з замежнымі калегамі былі распрацаваны модулі навучання выкладчыкаў ВНУ і ССНУ. У цэлым было ўзята ў распрацоўку больш за 20 тэматычных кірункаў, па кожным з якіх быў распрацаваны змест курсаў. У дапамогу педагогам былі выдадзены каля 20 метадычных дапаможнікаў.
Адметнасцю праекта ТЕТVET стала далучэнне да ўстаноў вышэйшай адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка ў асноўным кіраўніцкага складу для турыстычнай сферы, некалькіх рэгіянальных каледжаў, дзе пачата падрыхтоўка кадраў для непасрэднага абслугоўвання турыстаў у гасцінічным бізнесе і агратурызме. Партнёры з Еўрапейскага саюза, непасрэдна з нямецкіх універсітэтаў па праекце ТЕТVET, ажыццяўляюць экспертнае суправаджэнне навучальных устаноў Беларусі пры распрацоўцы вучэбных планаў і праграм з улікам інавацыйных метадаў і тэхналогій навучання.
Згодна з патрабаваннямі турыстычнай галіны, турыстычных арганізацый, у змест навучання кадраў для турыстычнай індустрыі ўвайшлі такія прадметы, як маркетынг, менеджмент, эканоміка, інфармацыйныя тэхналогіі, арганізацыя і лагістыка турызму, права і справаводства. Акрамя таго, былі ўдасканалены методыка і дыдактыка выкладання прадметаў.

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі павышаную ўвагу пры падрыхтоўцы кадраў удзяляюць выкладанню замежнай мовы з улікам прафесійнай лексікі. Турызм і гасціннасць — гэта тая галіна, дзе зносіны паміж людзьмі маюць ключавы момант. Але да нядаўняга часу ў выпускнікоў каледжаў, дзе рыхтуюць кадры для турызму, веданне замежнай мовы было на нізкім узроўні. Таму каб палепшыць сітуацыю, у рамках праекта ТЕТVET быў распрацаваны метадычны дапаможнік па англійскай мове, які накіраваны на павышэнне кваліфікацыі педагогаў, якія выкладаюць у каледжах замежную мову для спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Адметна, што пры стварэнні гэтага дапаможніка была ўлічана недастатковая прывязка вучэбнага працэсу да практычнага вывучэння замежнай мовы, якая існавала раней. Таму акрамя навыкаў чытання і пісьма навучэнцам будуць дадзены навыкі гаварэння. У змесце навучання англійскай мове адлюстраваны сучасны стан і кірункі развіцця турыстычнай сферы і сферы сэрвісу.
У рамках праекта ТЕТVET падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме і гасціннасці стала асновай дзейнасці інстытута турызму, створанага на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры 10 гадоў назад. Як расказала яго дырэктар Л.В.Сакун, ва ўстанове ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў па сямі спецыяльнасцях. Якаснаму навучанню кадраў спрыяе цесная сувязь з прадпрыемствамі сферы турызму, што дазваляе пры неабходнасці своечасова карэкціраваць змест навучання, метады і формы вучэбнага працэсу ў адпаведнасці з запытамі работадаўцаў. Аснову перападрыхтоўкі кадраў для турызму ў нашай краіне складаюць навукова-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу з выкарыстаннем інавацыйных адукацыйных тэхналогій, назапашаны педагагічны вопыт, творчыя распрацоўкі вучоных і практыкаў, эксперыментальная база, якая ўключае пляцоўкі стажыровак спецыялістаў і практычных заняткаў, а таксама маніторынг якасці навучання і кадравых запытаў турыстычнай галіны. Так, спецыяльна распрацаваная форма маніторынгу дазваляе выявіць, наколькі задаволены слухачы якасцю выкладання, а таксама вызначыць некаторыя праблемы ў вучэбным працэсе і адкарэкціраваць іх. Сёння ў інстытуце ў рамках міжнароднага праекта WENET укараняецца сістэма дыстанцыйнай адукацыі, інавацыйных форм і метадаў навучання, актыўна вядзецца навукова-даследчая дзейнасць, каб падняць узровень перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.

Падрабязную карціну развіцця турыстычнай галіны ў нашай краіне сёння і на перспектыву прадставіў В.П.Кармазін, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму. Прадстаўнік міністэрства адзначыў, што турыстычная галіна паспяхова развіваецца, што пацвердзіў нядаўні чэмпіянат свету па хакеі, які стаў своеасаблівым выпрабаваннем якасці айчыннага турызму. За час правядзення спаборніцтва сталіцу наведала больш за 100 тысяч балельшчыкаў, якія высока ацанілі абслугоўванне ў гасцініцах і аб’ектах харчавання. Так, напрыклад, па 10-бальнай сістэме ацэнкі сталічныя гасцініцы атрымалі за сваю работу 8,5 бала. У цэлым у Беларусі каля 500 гасцініц, а да чэмпіянату свету па хакеі ў сталіцы пабудавалі яшчэ 14. Нумарны фонд павялічаны ў два разы і сёння адпавядае норме 6 койка-месцаў на 1 тысячу жыхароў. Але маркетынгавую палітыку неабходна ўзмацніць, каб у поўнай меры забяспечыць загружанасць гасцініц. За мінулы год за кошт уязнога турызму краіна зарабіла 235 мільёнаў рублёў. На наступны перыяд плануецца зарабіць на 100 мільёнаў больш. Але разам з тым В.П.Кармазін прызнаў, што пакуль не ўсе кірункі турызму развіваюцца імкліва. Пакуль тармозіцца развіццё прыдарожнага сэрвісу, хаця толькі за апошні час яго аб’ектаў стала ў 2 разы больш. Але гэтага недастаткова. Магчыма ўвядзенне льгот для арганізатараў прыдарожных пунктаў харчавання ў значнай меры павысіць іх матывацыю. Таксама слаба развіваецца аўтатурызм, і на сённяшні дзень у краіне адкрыты толькі адзінкавыя кемпінгі.

На развіццё новых кірункаў дзейнасці ў турыстычнай сферы будзе скіравана нарматыўная прававая база, многія праекты якой ужо знаходзяцца на разглядзе ва ўрадзе. Разглядаецца пытанне і аб перадачы турыстычнай сферы пад падпарадкаванне ад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міністэрству спорту і турызму.
Прадстаўнік міністэрства звярнуў увагу і на падрыхтоўку кадраў для турызму. Сёння 20 ВНУ і 8 каледжаў рыхтуюць кадры для гэтай галіны. У мінулым годзе выпуск склаў 2200 чалавек, што аказалася істотным пераборам. Таму ў самы бліжэйшы час Міністэрства спорту і турызму плануе разам з Міністэрствам адукацыі правесці адпаведную карэкціроўку як зместу навучання будучых спецыялістаў, так і іх колькаснага складу. Трэба звярнуць увагу і на тое, каб будучыя спецыялісты ў большай меры атрымлівалі практычныя навыкі, а не фармальна праходзілі практыку, як адбываецца сёння. Усе гэтыя пытанні будуць разглядацца абодвума міністэрствамі ў самы бліжэйшы час.
У час канферэнцыі вялося актыўнае абмеркаванне шляхоў умацавання партнёрскіх адносін дзяржавы, турыстычнага сектара і адукацыі. Узяты кірунак на прафесійнае развіццё выкладчыкаў устаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі і ажыццяўленне павышэння іх кваліфікацыі на базе БДЭУ, БДУФК і РІПА.

Ала КЛЮЙКО.