“Вывучаць гарадзішчы, гаварыць пра значнасць гэтых аб’ектаў”

Сярод помнікаў археалогіі гарадзішчы займаюць адметнае месца. Размешчаныя на берагах рэк і азёр (там, дзе ў старажытныя часы ўзнікалі паселішчы), яны велічна ўзвышаюцца над наваколлем. Па беларускіх мерках гэта сапраўдныя горы, з вяршыні якіх адкрываюцца маляўнічыя краявіды. На адну з такіх гор (сапраўдную скарбніцу краязнаўчых матэрыялаў) узнімемся разам з настаўнікам гісторыі сярэдняй школы № 1 Крычава Андрэем Аляксеевічам Кузьміным.

Калі мы гаворым, што Беларусь — краіна замкаў, то ўяўляем замкі мураваныя, каменныя, цагляныя накшталт Мірскага, Крэўскага або Гальшанскага. Але калісьці такіх замкаў было значна менш, чым замкаў драўляных. У вашай мясцовасці ёсць Замчышча або Замкавая гара? Тады цалкам верагодна, што некалі там узвышаліся драўляныя вежы і абарончыя сцены. Гэта былі сучасныя для свайго часу фартыфікацыйныя збудаванні, якія маглі вытрымліваць шматмесячную варожую аблогу. Асабліва шмат драўляных замкаў было ў XVII стагоддзі, калі на прасторах ад Нёмана да Сожа і ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці ледзь не кожны год адбываліся ваенныя канфлікты. Толькі на берагах Сожа такіх драўляных умацаванняў налічвалася з добры дзясятак. Адзін з іх быў у Крычаве.

“Замкавая гара — найбольш значны не толькі гістарычны, але і архітэктурны аб’ект нашага горада. Там захаваліся ўнікальныя цагляныя ўмацаванні XVIІ—XVIІІ стагоддзяў. На жаль, яны ў занядбаным стане. На Замчышчы неаднойчы праводзіліся раскопкі. Іх вынікі сведчаць пра багатую і насычаную рознымі, у тым ліку драматычнымі падзеямі, гісторыю нашага краю. Гэта не проста гара, узвышэнне, на якім жылі людзі. На стромкіх валах прыкладна з ХІІІ стагоддзя знаходзіўся драўляны замак. Згадкі пра яго знікаюць з гістарычных крыніц у сярэдзіне ХІХ стагоддзя”, — паведаміў Андрэй Аляксеевіч.

Недалёка ад Замкавай гары ёсць Гара­дзец — месца, дзе, па словах настаўніка, першапачаткова і ўзнік Крычаў, аднак даўным-даўно рачулка падмыла схіл і гара­дзішча часткова абвалілася, таму адмініс­трацыйны цэнтр Крычава перамясціўся на сённяшнюю Замкавую гару. На Гарадцы некалькі разоў праводзіліся археалагічныя раскопкі. “Апошні раз гадоў гэтак 18 назад, — узгадвае настаўнік. — Мне таксама давялося ў іх у­дзельнічаць. Вяліся раскопкі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэя Анатольевіча Мяцельскага. Мне тады пашчасціла знайсці сярэбраны пярсцёнак. Па ацэнках навукоўца, гэта ХІІ стагоддзе”.

Від на Гарадзец.

“У некаторых гарадах быццам бы рэканструявалі такія аб’екты. Але, прабачце, гэта ж бутафорыя. Чым так, лепш н­аогул нічога не рабіць. Рэканструкцыяй гара­дзішчаў павінны займацца выключна спецыялісты”.

Выяў крычаўскага замка на старадаўніх гравюрах не захавалася, але, дзякуючы інвентарным апісанням і археалагічным даследаванням, мы можам уявіць яго выгляд. Мысленна перанясёмся ў сярэдзіну XVIII стагоддзя да высокіх валоў. Каб трапіць у замак, нам неабходна было б прайсці праз мост, у пачатку якога знаходзілася будка фельдвахты, быў шлагбаум. Калі кінем позірк на ўязную надбрамную вежу, то ўбачым, што яна двухпавярховая і мае падвоеныя дубовыя вароты. Гэтак жа велічна над валамі ўзносіліся яшчэ чатыры драўляныя вежы. Пасля надбрамнай вежы мы б апынуліся на тэрыторыі замка. Яна была адносна невялікай, усяго 60 на 100 метраў. Тут убачылі б Свята-Мікалаеўскую царкву, гаспадарчыя пабудовы, жылыя будынкі, калодзеж, дом дзяржаўца, а таксама цэйхгаўз.

“Пасля Крычаўскага паўстання 1744 года драўляны замак быў яшчэ больш узмоцнены. Дарэчы, паўстанцы спрабавалі ўзяц­ь яго штурмам, але не змаглі, па іх вёўся агонь з гармат і іншай зброі. А выраблялі гэтыя гарматы мясцовыя майстры. І цяпер у Крычаўскім раёне ёсць вёска Пушкары, дзе, хутчэй за ўсё, і знаходзілася мануфактура. Майстры мелі прывілеі, ім давалася зямля, бо адліваць гарматы — гэта складаны і адказны занятак. Адліваліся яшчэ і званы. Адзін з такіх званоў першай паловы XVIІІ стагоддзя захаваўся нейкім цудам і цяпер знаходзіцца ў крычаўскім храме”, — паведаміў настаўнік.

Каля рэшткаў цагляных умацаванняў.

На аснове інвентароў і археалагічных раскопак быў створаны макет замка. Ён экспануецца ў адной з залаў Гістарычнага музея Крычава, размешчанага ў былым палацы Пацёмкіна. Можаце ўбачыць гэты макет на фотаздымку. Так замак выглядаў гадоў 300—400 назад. Сёння ні драўляных веж, ні дома дзяржаўца, ні цэйхгаўза, ні іншых пабудоў няма. Захаваўся толькі будынак Свята-Мікалаеўскай царквы, ды і тое ўзведзены ў пазнейшыя часы. Ад фартыфікацыйных збудаванняў засталіся рэшткі цагляных умацаванняў, а самі валы былі значна пашко­джаны. Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, Зам­кавая гара застаецца помнікам археалогіі.

Яна магла б стаць і прывабным турыстычным аб’ектам, але для гэтага неабходна правесці значную працу. Для пачатку хаця б абкасіць траву, высечы кустоўе на месцы рэшткаў цагляных умацаванняў. “У некаторых гарадах быццам бы рэканструявалі такія аб’екты. Але, прабачце, гэта ж бутафорыя. Чым так, лепш наогул нічога не рабіць. Замкавай гары можна проста надаць прывабны выгляд: пракласці сцежку, паставіць інфармацыйныя стэнды, закансерваваць рэшткі ўмацаванняў, каб яны не разбураліся ад снегу і дажджу. Калі разгарнуць больш сур’ёзную працу, то для гэтага патрэбен густ, значныя фінансавыя сродкі, варта запрасіць добрага архітэктара, мастака. Рэканструкцыяй гарадзішчаў павінны займацца выключна спецыялісты”, — падзяліўся Андрэй Аляксеевіч.

Макет драўлянага крычаўскага замка.

“Адзін час я нават практыкаваў выстаўленне адзнак за чвэрц­ь на Замкавай гары. Дзецям цікава, весела, яны адчуваюць сябе больш разняволена з педагагічнага пункту гле­джання, больш уважліва слухаюць мой аповед пра мінулае Крычава. Гэта і ёсць непасрэднае дакрананне да гісторыі”.

Настаўнікі ж, на думку краязнаўца, могуць толькі вывучаць гара­дзішчы, гаварыць пра значнасць гэтых аб’ектаў, пі­саць даследчыя работы, право­дзіць для вучняў экскурсіі, фарміраваць у дзяцей цікавасц­ь да помнікаў археалогіі. “Адзін час я нават практыкаваў выстаўленне адзнак за чвэрць на Замкавай гары, — расказвае настаўнік. — Дзецям цікава, весела, яны адчуваюць сябе больш разняволена з педагагічнага пункту гледжання, больш уважліва слухаюць мой аповед пра мінулае Крычава. Гэта і ёсць непасрэднае дакрананне да гісторыі”. Такое дакрананне адбываецца і падчас экскурсіі ў школьным музеі, большасць прадметаў якога — рэчы з асабістай калекцыі Андрэя Аляксеевіча. Музей, бясспрэчна, з’яўляецца адным з лепшых у раёне, інфармацыя падаецца ў храналагічнай паслядоўнасці.

Значная колькасць прадметаў прадстаўлена знаходкамі з Гарадца і Замкавай гары. Тэматычныя раздзелы так і называюцца: “Знаходкі з Гарадца (VIII ст. да н.э. — Х ст. н.э.)”, “Знаходкі з Замкавай гары (ХІІІ—XVII стст.)”. Сярод экспанатаў — фрагмент сценабітнага ядра, шрапнель з гакаўніцы, мушкетная куля XVII стагоддзя, рыбалоўныя грузілы разнастайных памераў. На аснове прадстаўленых у музеі прадметаў навучэнцы ствараюць даследчыя работы, выступаюц­ь з імі на канферэнцыях, конкурсах. Наогул, Зам­кавая гара з’яўляецца самым папулярным аб’ектам для школьных краязнаўчых даследаванняў. Кожнае пакаленне вучняў Андрэя Аляксеевіча абавязкова стварае работы, у якіх расказваецца пра даўнейшае жыццё жыхароў Крычава за магутнымі сценамі драўлянага замка.

У школьным музеі.

Свае таямніцы, легенды і паданні павінны быць у кожнага замка, няхай і драўлянага. Ёсць яны і ў Крычаве. Адна з такіх легенд звязана з падземным ходам. “Наколькі мне вядома, нікому з сённяшніх жыхароў Крычава не ўдалося знайсці гэты ход, — дзеліцца педагог. — Хаця яшчэ ў 60-я гады ў горадзе хадзілі чуткі, маўляў, “нешта недзе кудысьці правалілася і нехта нешта бачыў”. Я размаўляў з адным старажылам і ён мне ледзь не кляўся, што бачыў гэты падземны ход, які выходзіў на той бок Сожа. Канечне, гэта хлусня. Стварэнне падземнага хода — складаная інжынерная праца. А падземны ход пад ракой у XVIІ або XVIІІ стагоддзі — гэта проста фантастыка. Але такія легенды маюць права на існаванне, турысты будуць у захапленні. Легенда пра падземны ход узнікла на канкрэтным гістарычным матэрыяле. Ход, безумоўна, існаваў, але быў непрацяглы і выходзіў на адзін са схілаў Замкавай гары. Дзякуючы гэтаму ходу, падчас аблогі жыхары маглі незаўважна для ворага зрабіць баявую вылазку або схадзіць па ваду, нарэшце, проста пакінуць замак”.

У кожнага замка ёсць легенды, а ў кожнага краязнаўца ёсць мара. Андрэй Аляксеевіч спадзяецца, што Замкавая гара абавязкова набудзе належны для помніка археалогіі і турыстычнага аб’екта выгляд, а яе валы і рэшткі цагляных умацаванняў больш не будуць разбурацца пад уздзеяннем часу і чалавека.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.