Летняя школа рускай мовы ўпершыню была арганізавана ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў 2015 годзе. За пяць гадоў школа набыла папулярнасць у замежных слухачоў і ўжо неаднаразовых удзельнікаў.
Так, Адам Бернд з Германіі прыязджае ў Гродна чацвёрты раз. Дарэчы, разам з Адамам другі год будзе вывучаць рускую мову і яго дачка Лідзія.
Сярод слухачоў летняй школы — студэнты і людзі, якія даўно працуюць і адчуваюць патрэбу ў вывучэнні мовы і павышэнні сваіх ведаў.
Загадчык кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных студэнтаў ГрДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іна Самойлава расказала, што спачатку слухачы праходзяць тэст на ўзровень валодання мовай і ў залежнасці ад яго вынікаў дзеляцца на шэсць груп. Кожны выкладчык распрацоўвае свае матэрыялы для заняткаў. Акрамя заняткаў мовай, для слухачоў школы падрыхтавана вялікая культурная праграма. У гэтым годзе ім таксама прапануюцца і тры дадатковыя курсы “Дзелавая руская мова”, “Лінгвакраіназнаўства”, “Караоке па-руску”.
У правядзенні заняткаў задзейнічаны не толькі выкладчыкі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які і арганізоўвае летнюю школу. Лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі чытаў выкладчык факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, кулінарны майстар-клас праводзіць выкладчык факультэта біялогіі і экалогіі. Дарэчы, на майстар-класе ў гэтым годзе будуць гатаваць стравы з беларускіх яблыкаў. І менавіта яблык выбраны эмблемай летняй школы рускай мовы 2019 года. З яго выявай у першы дзень заняткаў слухачы атрымалі падарункі — кубкі, блакноты. Ну і, зразумела, пакаштавалі беларускія яблыкі.
А ўспамінам аб Беларусі застануцца паездкі ў Мінск, Нясвіж, Мір, Белавежскую пушчу. У Гродне слухачы пабываюць у Барыса-Глебскай царкве, у цэнтры рамёстваў ім пакажуць беларускае народнае мастацтва, з універсітэтам пазнаёмяць у музеі яго гісторыі. Духмяным беларускім мёдам удзельнікі школы пачастуюцца на прадпрыемстве “Мядовы шлях” у Гродзенскім раёне.
— У гэтым годзе вывучаць рускую мову прыехалі 35 чалавек з 11 краін, — гаворыць Іна Самойлава. — Упершыню да нас далучыліся слухачы з Венгрыі, Індыі і Швейцарыі.
А яшчэ слухачамі летняй школы рускай мовы ў ГрДУ сталі грамадзяне з Аўстрыі, Германіі, Канады, Кітая, Польшчы, ЗША, Чэхіі і Японіі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.