Вызначылі лепшых

- 9:30Адукацыйная прастора

У Віцебску прайшоў другі этап рэспубліканскага конкурсу сярод аграрных каледжаў па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”. Спаборніцтва было арганізавана на базе Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. За перамогу змагаліся прадстаўнікі сямі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Конкурс для нас традыцыйны, але сёлета яго запатрабаванасць мы асабліва выразна пабачылі і ўдзячныя камандам аграрных каледжаў, якія ва ўмовах пандэміі знайшлі магчымасць прыехаць для ўдзелу, — расказаў прарэктар ВДАВМ па вучэбнай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Уладзімір Журба. — Са свайго боку мы прынялі ўсе неабходныя меры, каб забяспечыць для канкурсантаў і кіраўнікоў каманд максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы. Навучэнцы паказалі грунтоўныя тэарэтычныя веды і практычную падрыхтоўку, лёгка справіліся з заданнямі, атрыманымі падчас практычных экзаменаў — гэта сведчыць аб сістэмнай і эфектыўнай рабоце ўстаноў адукацыі. Адметны факт: у адрозненне ад спаборніцтваў мінулых гадоў цяпер сярод удзельнікаў пераважалі дзяўчаты. Кіраўнікі каманд у рамках мерапрыемства прайшлі стажыроўку па асноўных напрамках прафесійнай дзейнасці з наведваннем лекцый і практычных заняткаў, кансультацыямі нашых вядучых вучоных і спецыялістаў. Пасля завяршэння конкурсу адбыўся круглы стол. У ліку выказаных у хо­дзе абмеркавання прапаноў варта адзначыць неабходнасць стварэння сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па ветэрынарнай медыцыне: навука з часу выдання тых, па якіх займаюцца сёння навучэнцы каледжаў, зрабіла велізарны крок наперад, пэўныя патрабаванні, падыходы змяніліся, і трэба, каб усё гэта знайшло адлюстраванне.

Пераможцамі конкурсу ў камандным заліку сталі прадстаўнікі Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа (1-е месца), Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа (2-е месца) і Аграрнага каледжа УА “ВДАВМ” (3-е месца). У асабістым заліку лепшымі журы назвала навучэнак Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ксенію Валюшка і Аляксандру Гапановіч, навучэнку Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа Паліну Дударэвіч (1-е месца); навучэнку Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Кацярыну Новікаву, навучэнку Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ксенію Жыльчык і навучэнку Аграрнага каледжа УА “ВДАВМ” Жанну Ількевіч (2-е месца); навучэнак Аграрнага каледжа УА “ВДАВМ” Лізавету Зайцаву і Хрысціну Васільеву, навучэнца Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа Дзмітрыя Кайко. Пераможцы ва ўрачыстай атмасферы былі ўзнагароджаны кубкамі і каштоўнымі падарункамі, прадастаўленымі дзяржаўным вытворчым аб’яднаннем “Белпалівагаз”, ТАА Zoetis, часопісам “Ветэрынарная справа”, кампаніяй Purina і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны.