Вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху

- 11:32Адукацыйная прастора

З 4 па 8 чэрвеня ў краіне праходзіць экзаменацыйная кампанія для навучэнцаў 9-х класаў. Пералік іспытаў у параўнанні з папярэднім навучальным годам не змяніўся — дзеці пішуць дыктоўкі па рускай і беларускай мове і кантрольную работу па матэматыцы. Тэксты для пісьмовых экзаменаў традыцыйна аб’яўляюць па радыё і тэлебачанні, адначасова яны размяшчаюцца на сайце Міністэрства адукацыі. У 9 класе на кантрольную па матэматыцы адводзіцца чатыры гадзіны, на дыктоўку — гадзіна.

Пакуль ідуць экзамены, мы размаўляем з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 111 Мінска Ірынай Мікалаеўнай Столяр. Сёлета 104 выхаванцы ўстановы завяршаюць навучанне на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. 

“Мы выпускаем чатыры класы. Самы вялікі — 9 “А”, дзе займаліся 29 навучэнцаў — вельмі актыўныя і адказныя дзеці, многія з якіх з поспехам удзельнічалі ў алімпіядным руху, у даследчых канферэнцыях, конкурсах чытальнікаў. Ёсць сярод іх і добрыя спартсмены, — гаворыць Ірына Мікалаеўна. — Сярэдні бал, атрыманы нашымі выпускнікамі па выніках навучальнага года, вагаецца ад 4,7 да 9,7 бала. Дзяцей з 6 баламі і вышэй — 77. Пяць навучэнцаў прэтэндуюць на атрыманне пасведчання асаблівага ўзору з адзнакай. Якімі б ні былі вучэбныя дасягненні нашых выпускнікоў, магу з упэўненасцю сказаць, што мы адпраўляем у дарослае жыццё развітых і выхаваных маладых людзей, якія абавязкова вызначацца са сваім прафесійным выбарам, і мы, настаўнікі, бу­дзем ганарыцца імі.

Традыцыйна падрыхтоўка да выпускных выпрабаванняў пачынаецца ў 8 класе. Нашы педагогі прыкладаюць шмат намаганняў для таго, каб навучэнцы паспяхова здалі экзамены. Ёсць экзаменацыйныя зборнікі работ, і кожны з вучняў ведае пералік экзаменацыйных тэкстаў. Дзеці наведваюць падтрымліваючыя заняткі і дадатковыя заняткі на платнай аснове. Для тых, хто арыентаваны на высокія вынікі, прапаноўваюцца факультатыўныя заняткі. З навучэнцамі і бацькамі працуе педагог-псіхолаг, які праводзіць дыягностыку, дае кансультацыі па пытаннях падрыхтоўкі і здачы выпускных экзаменаў, арыентуе дзяцей на выбар прафесіі, на тое, што ў 9 класе ім неабходна зрабіць сур’ёзны выбар — прадоўжыць навучанне ў роднай школе або ў іншых установах адукацыі. Навучэнцы запаўняюць анкеты, дзе вызначаюцца з далейшым профілем навучання. Большасць дзевяцікласнікаў плануе застацца ў нашай школе. У якасці профільных прадметаў на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі яны выбралі фізіку і матэматыку, хімію і біялогію, матэматыку і англійскую мову”.

“Сённяшняя кантрольная работа па матэматыцы была не вельмі складаная, увесь матэрыял адпавядаў патрабаванням школьнай праграмы, нават 9 і 10 заданні былі пад’ёмныя для вучняў, — адзначае Ніна Міхайлаўна Каляда, настаўніца матэматыкі. — Упэўнена, што кожны з нашых выпускнікоў пацвердзіць адзнаку, якую зарабіў па выніках навучальнага года”.

Максім Сувораў і Аліна Латышонак — выпускнікі 9 “А” класа, выдатнікі вучобы, яны хутка справіліся з кантрольнай па матэматыцы. Маладыя людзі адзначылі, што ў сярэдняй школе № 111 Мінска створаны выдатныя ўмовы і магчымасці для навучання і ўсебаковага развіцця, бо тут працуюць зацікаўленыя ў выніках сваёй работы настаўнікі.

Як пераможцы навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!” Максім і Аліна разам выступалі з дакладам у музеі гісторыі беларускай літаратуры (у рамках міжнароднага праекта “Ноч музеяў — 2019”). Максім атрымаў дыплом на рэспубліканскай НПК студэнтаў і навучэнцаў “Крок у навуку — 2019” (Брэст), удзельнічаў у конкурсе інавацыйных стартап-праектаў Belarus ICT Start Up Award 2019 у рамках форуму ТІБО-2019. Юнак захапляецца праграмаваннем, з 8 класа наведвае курсы ў ПВТ. Плануе паступаць у БДУІР на спецыяльнасць, звязаную з бізнес-аналізам і праграмаваннем. Аліна на працягу ўсяго навучання ў школе вучылася толькі на 9 і 10 балаў, удзельнічала ў алімпіядах па геаграфіі і беларускай мове. Але больш за ўсё захапляецца матэматыкай. Дзяўчына збіраецца стаць праграмістам, як і яе тата.

У суседніх класах вучні пісалі экзамен па рускай і беларускай мове. Алена Іосіфаўна Горэва, настаўніца рускай мовы і літаратуры, расказала, што навучэнцам быў прапанаваны нескладаны тэкст “У гарах”. У ім былі ўсе асноўныя арфаграмы і пунктаграмы, адлюстроўвалася ўся шматграннасць знакаў прыпынку, якія ёсць у мове, — і працяжнік, і двукроп’е, і коскі.

Да размовы далучыўся настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Юр’евіч Курыловіч, які адзначыў, што дзякуючы сур’ёзнай падрыхтоўцы да экзаменаў, якую дзеці атрымалі падчас урокаў і на дадатковых занятках, у іх палепшыўся і тэмп пісьма, і арфаграфічная пільнасць. У канцы навучальнага года вучні не робяць тых памылак, якія рабілі ў пачатку. Падчас экзамену ім быў прапанаваны тэкст “Свой край”, прысвечаны Віцебшчыне — краю азёр, васількоў і лёну. Настаўнік упэўнены, што сённяшні экзамен для выпускнікоў адбыўся як свята.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.