WorldSkills — магутны рэсурс для развіцця эканомікі краіны

- 15:26World Skills

У Доме прэсы прайшла прэс-канферэнцыя аб ходзе падрыхтоўкі да 44-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Улічваючы тое, што па даручэнні ўрада і Міністэрства адукацыі Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі з’яўляецца нацыянальным аператарам WorldSkills International, у сустрэчы з журналістамі беларускіх СМІ прынялі ўдзел кандыдат педагагічных навук рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА інстытута С.Р.Бутрым.

У пачатку сустрэчы Валерый Мікалаевіч Галубоўскі звярнуўся да гісторыі руху WorldSkills, які пачаўся ў нашай краіне зусім нядаўна. Але за гэты час назіраецца станоўчая дынаміка яго развіцця, расце колькасць удзельнікаў спаборніцтваў, павышаецца актыўнасць заказчыкаў кадраў, пашыраецца кола прафесійных кампетэнцый. Напрыклад, на другім нацыянальным чэмпіянаце было прадстаўлена 33 кампетэнцыі, у якіх паказвалі сваё майстэрства каля 300 канкурсантаў. Адметна і тое, што конкурсныя пляцоўкі нацыянальных чэмпіянатаў з задавальненнем наведвалі тысячы школьнікаў. Напэўна, гледзячы на высокатэхналагічнае абсталяванне, на якім дэманстравалі свае прафесійныя навыкі навучэнцы, на ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, дзеці маглі пранікнуцца новым прывабным і цікавым вобразам рабочага. Хто ведае, магчыма, многія школьнікі, пакідаючы тады арэну нацыянальнага чэмпіянату, вярталіся дамоў з думкай паспытаць сябе ў рабочай прафесіі.У цэлым нацыянальны чэмпіянат наведалі больш за 6 тысяч чалавек.

У гісторыі WorldSkills нашай краіны была яшчэ адна яскравая і знакавая падзея — 43 Міжнародны чэмпіянат у бразільскім Сан-Паўлу, які, па сутнасці, стаў дэбютам нашай нацыянальнай каманды на міжнароднай арэне і выявіў, наколькі наша краіна глядзіцца на сусветнай прасторы на фоне эканамічных лідараў. Беларусь прадставіла ўдзельнікаў у 15 прафесійных кампетэнцыях. Па кожнай з іх нашы навучэнцы, выконваючы заданні, паказалі вынікі не ніжэйшыя за вынікі тых краін, якія мелі найбольшы вопыт удзелу ў такіх спаборніцтвах, а іншы раз і апярэджвалі іх. Двое канкурсантаў, выступаючы ў кампетэнцыях “Дызайн адзення” і “Цырульніцкае мастацтва”, набралі больш за 500 балаў і атрымалі медалі за вышэйшае майстэрства.

Вынікі выступлення нашых канкурсантаў у Сан-Паўлу паказалі, што сістэма прафесійнай падрыхтоўкі ў нашай краіне выглядае дастойна, знаходзіцца ў цэнтры інавацыйных працэсаў, пастаянна адсочвае змяненні, якія адбываюцца на вытворчасці, і імкнецца ўкараняць іх у вучэбны працэс. Гэта спрыяе павелічэнню канкурэнтаздольнасці нашых выпускнікоў на рынку працы, у тым ліку на міжнароднай арэне.

Сістэма адбору ўдзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills сёння ўжо выбудавана. Адбор пачынаецца на ўзроўні навучальнай установы, потым — на рэгіянальным. Далей лепшыя канкурсанты становяцца ўдзельнікамі нацыянальнага чэмпіянату і ў залежнасці ад выніку выступлення могуць выступаць за нацыянальную зборную.

Забяспечваючы падрыхтоўку кадраў на ўзроўні міжнародных стандартаў, прафесійная адукацыя нашай краіны пацвярджае, што WorldSkills — гэта не проста спаборніцтва, гэта магутны рэсурс для эканомікі краіны. І не толькі таму, што ён спрыяе прыцягненню ў вытворчы сектар моладзі, а яшчэ і інвестараў. Сёння кожны інвестар ацэньвае не толькі інфраструктурныя і нарматыўныя правілы, якія існуюць у эканоміцы краіны і куды ён плануе ўкласці інвестыцыі, але і глядзіць, наколькі кваліфікаваныя кадры могуць рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. Сёння ёсць шмат прыкладаў, калі, перш чым распачаць інвестыцыйны праект ў той ці іншай краіне, інвестары дакладна вывучаюць не толькі сітуацыю, якая назіраецца ў эканоміцы гэтай краіны, але і на якім узроўні знаходзіцца там прафесійная адукацыя.

Валерый Мікалаевіч Галубоўскі адзначыў, што WorldSkills — гэта добрая платформа для ўзаемадзеяння заказчыкаў кадраў і сістэмы адукацыі, што дазваляе мець доступ да тых тэхналогій, якія ўкаранёны ў рэальным вытворчым сектары.

Сёння іншы раз гучаць рэкламацыі аб тым, што сістэма прафесійнай адукацыі кансерватыўная і не заўсёды паспявае за патрабаваннямі эканомікі ў падрыхтоўцы кадраў. Гэта больш звязана з тым, што ў адукацыйнай галіне не заўсёды ёсць доступ да інфармацыі аб змяненнях, якія адбываюцца ў рэальным сектары эканомікі, аб новых тэхналогіях і абсталяванні, якія ўкараняюцца. Па сутнасці, гэты рух стаў сувязным звяном паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і эканомікай, ён прыносіць вялікую карысць для эканамічнай бяспекі нашай краіны, забяспечваючы экспартаарыентаванасць тавараў і тым самым выводзячы на новы віток эканамічнага развіцця нашу краіну. Менавіта рух WorldSkills у сістэме прафесійнай адукацыі спрыяе пастаяннаму абнаўленню зместу навучання з улікам сучасных патрабаванняў, у тым ліку і міжнародных. А вытворцам гэта дазваляе ўбачыць, якія праграмныя прадукты, якія тэхналогіі і абсталяванне выкарыстоўваюцца на перадавых прадпрыемствах у іншых краінах свету. Гэта спрыяе стварэнню больш высокатэхналагічных месцаў, дапамагае арыентавацца на новыя кірункі пры стварэнні бізнес-плана развіцця прадпрыемства на перспектыву. У выніку ўсе зацікаўленыя бакі маюць магчымасць кансалідаваць свае намаганні і развіваць кожнаму свой від дзейнасці — адукацыйную і вытворчую — у трэндзе сучаснага развіцця тэхналогій і вытворчасці сусветнага ўзроўню.

Рух WorldSkills з кожным годам пацвяржае правільнасць выбранага вектара і набірае тэмп у папулярызацыі ў нашай краіне. У яго ўключаюцца ўсё новыя і новыя ўдзельнікі: навучальныя ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі, гатовы фінансава падтрымліваць інвестары і спонсары. WorldSkills высока ацэнены на дзяржаўным узроўні, і сёння развіццю гэтага руху ўрад Беларусі ўдзяляе вялікую ўвагу.

Тыя навучэнцы, якія ўдзельнічалі ў міжнародным чэмпіянаце, знайшлі дастойнае прымяненне сваім ведам і ўменням у рэальным сектары эканомікі. Яны працаўладкаваліся на вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі, увайшлі ў экспертнае супольніцтва WorldSkills.

Сёння асноўная частка экспертаў — гэта прадстаўнікі вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, у склад супольнасці ўключаны прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, прыватнага бізнесу. Эксперты з ліку педагогаў, якія ўдзельнічалі ў нацыянальных чэмпіянатах і маюць міжнародны вопыт, у сваіх навучальных установах могуць спрыяць абнаўленню зместу і мадэлі падрыхтоўкі з улікам тых змяненняў, якія адбываюцца на міжнародным узроўні. Па сутнасці, педагог-эксперт выступае наватарам у прафесійнай падрыхтоўцы і вядзе за сабой педагагічны калектыў навучальнай установы. Тыя тэхналогіі, якія эксперты набываюць за кошт абмену інфармацыяй паміж міжнароднымі экспертамі, распаўсюджваюцца імі ў сістэме прафесійнай адукацыі нашай краіны і потым рэалізоўваюцца ў вытворчасці. Такім чынам, экспертнае супольніцтва своечасова падхоплівае змяненні на рынку працы і далей трансліруе іх у прафесійную і вышэйшую адукацыю.

У ліку экспертаў — вопытныя і прафесійныя людзі, якія паспяхова наладжваюць сувязі са сваімі калегамі з іншых краін, клапоцяцца пра сваю прафесійную кампетэнтнасць, удасканальваюць замежную мову, пашыраючы слоўнікавы запас прафесійнай лексікі. Ставіцца мэта вывесці прафесійны ўзровень эксперта на больш высокі, тым самым паспрыяць якаснай падрыхтоўцы ўдзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills і, безумоўна, паспяховаму развіццю сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны.

На гэта накіравана і стварэнне на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі цэнтраў кампетэнцый. Сёння створана 40 рэсурсных цэнтраў, якія прадстаўляюць найбольш прыярытэтныя галіны нашай эканомікі. На базе такога цэнтра навучэнцы з устаноў прафесійнай адукацыі і з УВА, аб’яднаныя адным профілем, выкарыстоўваюць для ўдасканалення навучання найноўшыя тэхналогіі і сучаснае абсталяванне цэнтра. Частка існуючых рэсурсных цэнтраў выкарыстоўваецца як пляцоўка для падрыхтоўкі ўдзельнікаў нацыянальнай каманды па адпаведнай кампетэнцыі.

У чэмпіянаце ў Абу-Дабі нашы канкурсанты выступяць у 27 кампетэнцыях, хаця колькасць іх даходзіць на спаборніцтве такога ўзроўню больш за 50. Наша каманда выбірае толькі тыя кампетэнцыі, якія адпавядаюць прыярытэтным кірункам развіцця нашай эканомікі, тым галінам, якія найбольш запатрабаваны сёння. Упершыню будуць прадстаўлены кампетэнцыі па такіх напрамках, як абліцовачныя, каменныя, зварачныя работы, выраб мэблі, вэб-дызайн і шэраг іншых.
Хочацца спадзявацца, што нашы канкурсанты ва ўсіх гэтых кампетэнцыях пакажуць самыя высокія вынікі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.