“Я хачу, я магу, я зраблю”

- 13:21Адукацыйная прастора

Жанна Дабрыян вырашыла, што стане настаўніцай фізічнай культуры і здароўя за адну паездку з вёскі Ягадная ў Мінск. Да гэтага планавала працаваць юрыстам. Пагутарылі з педагогам і даведаліся, што паўплывала на яе выбар і ці быў ён правільным.

Спартыўны разрад

“Я нарадзілася ў Баранавічах. Мае бацькі спачатку працавалі ў горадзе, потым ім прыйшлося пера­ехаць у вёску Ягадная Баранавіцкага раёна. І мама, і тата мелі пасады ў калгасе. Сярэднюю школу я скончыла сельскую. Вучылася даволі добра, удзельнічала ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах. На спаборніцтвах выканала 1-ы разрад па лёгкай атлетыцы ў бегу на 100 метраў. Спецыяльна да чагосьці не рыхтавалася, не трэніравалася. Дастаткова было ўрокаў фізкультуры. Мы часта ездзілі на спаборніцтвы, я ніколі не адмаўлялася, была актыўным чалавекам, любіла турызм”, — дзеліцца Жанна Іванаўна.

Дзяўчына паказвала добрыя вынікі і ў вучобе, і ў спорце, таму мела вялікі спіс прафесій, з якога можна было выбіраць. Спачатку планавала вучыцца на юрыста. Ехала ў Мінск з намерам падавац­ь дакументы ў БДУ. У 1986 го­дзе, па ўспамінах Жанны Дабрыян, на спецыяльнасц­ь “Юрыст” бралі пераважна мужчын. Па дарозе ў сталіцу дзяўчына пагутарыла з аднакласнікамі наконт будучыні і перадумала. На руках было пасведчанне аб прысваенні 1-га спартыўнага разраду, і дакументы замест БДУ апынуліся ў Беларускім дзяржаўным ардэнаносным інстытуце фізічнай культуры. Зараз гэта БДУФК. Жанна Іванаўна паспяхова здала экзамены, набрала патрэбную колькасць балаў і паступіла. Бацькі на рашэнне дачкі адрэагавалі нармальна, падтрымлівалі яе падчас вучобы. Прафесіі і настаўніка, і юрыста лічыліся прэстыжнымі. Ды і самае галоўнае было — атрымаць вышэйшую адукацыю, няважна якую.

“У мяне адно правіла: я любое дзіця сустракаю з усмешкай на твары і хачу, каб з майго ўрока яно таксама выходзіла з усмешкай”.

У дыпломе Жанны Дабрыян запісана спецыяльнасць “Трэнер/выкладчык па лёгкай атлетыцы”. Падчас вучобы дзяўчына вызначылася, што трэнерам не будзе. “У іх нестабільны спіс выхаванцаў, адны прыходзяць, іншыя сыходзяць, яшчэ самой трэба хадзіць па школах і запрашаць дзяцей. Я люблю планаваць, таму мне быў патрэбен пастаянны склад на занятках. І заняткі мне больш падабаліся ў форме ўрокаў”.

Па размеркаванні маладая настаўніца 3 гады працавала ў Пружанскім раёне. 3 дні ў адной школе, 3 дні — у іншай. Тады было незвычайна, што атрымлівала заработную плату ў 2 разы вышэйшую, чым бацькі. На першых уроках, як не дзіўна, Жанна Іванаўна хвалявання не адчувала. Дзеці ў сельскай мясцовасці былі памяркоўныя, уважлівыя, працавітыя, работа з імі прыносіла задавальненне. Затым настаўніцу запрасілі на работу ў сярэднюю школу № 9 Слоніма. “З асаблівым трапятаннем успамінаю дырэктара Любоў Яфанцьеўну Слюсараву. Менавіта яна заклала ў маю свядомасць асноўныя прынцыпы стаўлення да працы, дзяцей, бацькоў, калег. У пачатку свайго шляху з асаблівымі цяжкасцямі я не сутыкалася. Мне шанцавала і з вучнямі, і з калегамі, і з кіраўнікамі”.

У 2005 годзе Жанна Іванаўна пераехала ў Баранавічы і працягнула сваю дзейнасць у адной з лепшых устаноў горада — ліцэі № 1. На сваіх уроках настаўніца імкнецца стварыць здароўезберагальны працэс выхавання і навучання. Зараз востра стаіць пытанне арганізацыі заняткаў, якія будуць для дзяцей бяспечнымі. Міністэрства адукацыі перад 2019/2020 навучальным годам у адным з дадаткаў да інструктыўна-метадычнага пісьма размясціла інфармацыю, што больш за трэць траўм у школах прыходзіцца на ўрокі фізкультуры і “Гадзіны спорту і здароўя”. Прычым больш за 60% гэтых траўм з’яўляюцца, калі вучні парушаюць правілы бяспечных паводзін. “Зараз я больш увагі звяртаю на настрой вучняў. У залежнасці ад яго будую ўрок. Стараюся настроіць вучняў на пазітыў. Не прымушаю іх выконваць нарматывы “ад і да”. Стараюся зрабіць так, каб яны самі захацелі найлепшага выніку. Дзеці павінны разумець, што гэта не мне трэба, каб яны выконвалі практыкаванні на 10, а ім, — тлумачыц­ь Жанна Дабрыян. — Па жаданні праводжу індывідуальныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы. У Баранавічах праходзіць гарадская спартакіяда па відах спорту. Каб падрыхтавацца да асобнага віду, трэба індывідуальна трэніравацца з навучэнцамі. Па суботах дзеці прыходзяць займацца, гуляць у спартыўную залу. Яны цэняць такую магчымасць, бо гэта бясплатна. На ўваходзе ў залу ў нас вісяць шведскія сценкі, вучні нават на перапынках падыходзяць, падцягваюцца”.

Алімпіяда як спаборніцтвы

У 2019 годзе вучань Жанны Іванаўны Аляксандр Лапкоўскі на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізкультуры ўзяў дыплом ІІІ ступені. Настаўніца прызналася, што яны на такое не разлічвалі і поспех прыйшоў дзякуючы працавітасці, руплівасці і жаданню перамагчы. “Спачатку я ўспрыняла алімпіяду як спаборніцтвы. Адабрала чатырох навучэнцаў, на ўроках мы працавалі па тэстах на ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, пасля ўрокаў адпрацоўвалі тэхнічныя прыёмы спартыўных гульняў, дома яны вучылі тэорыю. Вопыту падрыхтоўкі да алімпіяды не было, таму я вучылася ў сваіх калег, настаўнікаў іншых прадметаў. У выніку захапілася сама: разам з вучнямі і бегала, і скакала, і прэс качала, і многае іншае”. Пытанні па тэорыі Жанна Іванаўна выкарыстоўвала з усерасійскіх алімпіяд або прыдумвала сама.

“Самае прыемнае ў маёй рабоце — калі ідзеш у школу, сустракаеш усмешлівых дзяцей, неабыякавых, з вачыма-агеньчыкамі. Яны вітаюцца, радуюцца, звяртаюцца да цябе”.

Даволі цяжка падрыхтавац­ь вучняў да алімпіяды, нават калі ў іх выбітныя здольнасці. Па-першае, павінна быць жаданне ў дзяцей. Па-другое, алімпіяднікі павінны мець асноўную медыцынскую групу, быць абсалютна здаровымі, неймаверна стараннымі, працавітымі, мэтанакіраванымі. Саша Лапкоўскі падыходзіў пад усе параметры. Ён 9 гадоў займаўся плаваннем, меў 1-ы спартыўны разрад, вучыўся ў ліцэі на даволі складаным фізіка-матэматычным кірунку. Жанна Іванаўна сама з­дзіўлялася, як яму хапае на ўсё часу. Ён ездзіў на спаборніцтвы, у вольны час гуляў у футбол, баскетбол, на любым перапынку прыходзіў да перакла­дзіны, вучыўся правільна падцягвацца.

“Самым складаным было прымусіць працаваць і выступіць на гэтай алімпіядзе. Дзеці ўспрымалі фізкультуру несур’ёзна, думалі: “Што тут выступіць, прабег, скокнуў, прызавое месца заняў”. А ўсё значна складаней. Як толькі прайшла гарадская алімпіяда, Саша ўбачыў здольнасці іншых дзяцей, атрымаў больш упэўненасці і разумення, што ад яго патрабуецца”, — прыгадвае настаўніца.

У мінулым навучальным го­дзе Жанна Дабрыян рыхтавала да алімпіяды дзяўчыну і хлопца. На гарадскім этапе яны занялі 8 і 16 месца адпаведна. Такія вынікі педагог звязвае з адсутнасцю практыкі па плаванні. Акрамя таго, што гэта адзін з этапаў алімпіяды, плаванне ўмацоўвае ўвесь арганізм і робіць астатнюю падрыхтоўку больш простай. Сёлета ў ліцэі ўжо правялі першы этап адбору і вызначылі, хто выступіць на гарадскіх спаборніцтвах. Настаўніца прызнаецца, што ў яе ёсць перспектыўная дзяўчына. Мабыць, яна таксама стане пераможцай на рэспубліцы.

“Мой дэвіз па жыцці — “Я хачу, я магу, я зраблю”. Лічу, што будучыня чалавека вызначаецца тым, што ён робіць для яе сёння. Маё прафесійнае жыццё склалася ўдала. Я шчаслівая, што займаюся любімай справай, а вакол знаходзяцца лю­дзі, якія мяне радуюць, якія гатовы працягнуць руку дапамогі”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Ж.І.Дабрыян.