Як маляванне нязвыклымі матэрыяламі і арыгінальнымі тэхнікамі павышае цікавасць дзяцей да выяўленчай дзейнасці

- 12:01Образование

Дзеці актыўна пазнаюць навакольны свет і адлюстроўваюць яго ў гульнях, малюнках і аповедах. Найбольш яркія магчымасці для гэтага адкрываюць нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У малюнках дзеці занатоўва­юць уражанні ад убачанага, перадаюць вобразы ўяўлення, рэалізуюць творчыя здольнасці, — гаво­рыць выхавальніца Людміла Огнева з дзіцячага сада № 3 Драгічына. — Усе дашкольнікі любяць маляваць, але далёка не ўсе з іх адразу знаходзяць для гэтага неабходныя спосабы. Так, найчасцей дзеці капіруюць прапануемы ўзор. Бывае, ім не хапае ўпэўненасці ў сабе і самастойнасці. Некаторыя дашкольнікі баяцца паказацца смешнымі, няўмелымі і незразумелымі. А дзецям патрэбны такі вынік, які выклікае ў іх ра­дасць, здзіўленне і захапленне. Таму творчыя здольнасці лепш развіваць з дапамогай нетрадыцыйных тэхнік.

Падчас спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці педагог заўва­жыла, што выхаванцы не ўмеюць адлюстроўваць уяўленні пра навакольны свет даступнымі графічнымі сродкамі, а таксама выяўляць у малюнках свае адносіны да прадметаў. Дзеці не праяўлялі творчасць, няўпэўнена карысталіся пэндзлем для малявання. У такой сітуацыі на дапамогу прыйшлі нетрадыцыйныя тэхнікі (маляванне пальчыкамі, далонькай, ватнымі палачкамі, штампамі, паралонавым тампонам і інш.), якія адпавядаюць узроставым асаблівасцям выхаванцаў і выклікаюць у іх найбольшую цікавасць.  

— Знаёмства з нетрадыцыйнымі тэхнікамі пачала з малявання пальчыкамі, бо гэта самы просты спосаб атрымання выявы, — расказвае Людміла Огнева. — Ён прапануе дзецям поўную свабоду дзеянняў. Малышы апускаюць у гуаш пальчыкі і наносяць на паперу кропкі і плямкі. Такім чынам мы малявалі гарошынкі на парасоне, вясёлы мухамор, дожджык і кошык ягад, навучыліся правільна набіраць невялікую колькасць фарбы на пальчыкі, трымаць пэндзаль і ватную палачку ў руках.

Педагог пачынала работу ад простага да складанага, а ў якасці метадычных прыёмаў звярталася да паказу, разгляду ілюстрацый у залежнасці ад тэматыкі, мастацкага слова (загадак і вершаў) і музычнага суправаджэння, а таксама да невербальных метадаў, рашэння праблемных і стварэння гульнявых сітуацый, падарожжаў… 

— Пазней занялася фарміраваннем у выхаванцаў умення маляваць абедзвюма рукамі — па чарзе ці адначасова, — працягвае Людміла Огнева. — Так, выхаванцы малявалі дрэвы лепш рукамі, чым прадметамі. Разам з дзецьмі фантазіравалі, у што ператварыць адбітак рукі: ці то ў рыбку, ці то ў васьміножку, ці то ў кактус у кветкавым гаршчку, ці то ў прамяністае сонейка. Але больш за ўсё дашкольнікам падабаецца маляваць ватнымі палачкамі — наносіць імі адбіткі на пэўную частку малюнка. Такім чынам мы малявалі плямкі на сілуэтах божых каровак, сняжынкі і інш.

Што да малявання штампамі, то гэтая тэхніка дазваляе шматразова адлюстроўваць адзін і той жа прадмет, складаючы з яго адбіткаў самыя розныя кампазіцыі і ўпрыгожваючы ім паштоўкі, хусткі і г.д.

А каб маляванне было больш захап­ляльным і натхняльным, педагог звяртаецца да тэхнікі тыкання паралонавым тампонам, пры якой фарба не расцякаецца і не размазваецца, а малюнак атрымліваецца “пушыстым”, прыгожым, аб’ёмным і даволі рэалістычным. 

— Дзеці ахвотна малююць і тыканнем жорсткага напаўсухога пэндзля: апуска­юць яго ў гуаш і стукаюць ім па паперы, трымаючы вертыкальна, — расказвае Людміла Огнева. — Гэтая тэхніка добра падыходзіць, калі трэба намаляваць штосьці пушыстае ці калючае. А ўвогуле, маляванне нязвыклымі матэрыяламі і арыгінальнымі тэхнікамі дазваляе дзецям адчуць незабыўныя станоўчыя эмоцыі і павысіць ціка­васць да выяўленчай дзейнасці. Дзякуючы гэтым тэхнікам, малюнкі становяцца больш змястоўнымі, ідэйна багацейшымі. З дапамогай колеру малышы вучацца перадаваць свае адносіны да розных прадметаў. Акрамя таго, выхаванцы пераадольваюць страх перад чыстым аркушам, набываюць упэў­ненасць ва ўласных сілах, адчуваюць сябе маленькімі мастакамі.   

На дасягнутым педагог не спыняецца і плануе азнаёміць дзяцей з іншымі нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання: манатыпіяй, гратажам, кляксаграфіяй, ніткапісам і маляваннем свечкай.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ