ЗША: як навучыць дзяцей не верыць інтэрнэт-фэйкам?

- 15:10Паралелі

Сучасныя школьнікі растуць у эпоху, калі ўменне працаваць з інфармацыяй стала навыкам, параўнальным з веданнем табліцы множання. У бясконцым інтэрнэт-патоку чалавек павінен умець абараніць сябе ад хлусні, навучыцца думаць крытычна і дамагчыся максімальна нескажонага ўспрымання свету.

Яшчэ ў 2015 годзе падчас даследавання Media Insight Project высветлілася, што для новага пакалення газеты, тэлебачанне і радыё сышлі ў мінулае: 82% апытанай моладзі ад 18 да 34 гадоў назвалі інтэрнэт асноўнай крыніцай інфармацыі. Прычым 64% рэспандэнтаў даведваюцца навіны пра падзеі ў свеце з сеткі.

Па даных даследчага цэнтра Pew Research, 92% падлеткаў штодня захо­дзяць у інтэрнэт. Дзякуючы распаўсюджванню смартфонаў і планшэтаў, 24% дзяцей ад 13 да 17 гадоў знаходзяцца ў статусе “анлайн” практычна пастаянна, 56% — некалькі разоў на дзень, і толькі 12% заходзяць у сетку адзін раз у суткі. Большую частку часу дзеці праводзяць у сацыяльных сетках.

І дарослыя часта не здольныя адрозніць хлусню ад праўды ў інтэрнэце. Што ж гаварыць пра дзяцей, якія, не маючы практыкі, прымаюць на веру любое прыгожа ўпакаванае трызненне? Стэнфардскі ўніверсітэт правёў эксперымент з групай амерыканскіх падлеткаў, якія вучыліся ў сярэдняй школе. Дзецям было прапанавана некалькі навін, некаторыя з якіх не мелі ніякага дачынення да рэальнасці. У выніку 82% апытаных дзяцей не здолелі адрозніць ілжывыя навіны ад сапраўдных.

Фэйкавыя навіны, няхай гэта будуць маркетынгавыя хітрыкі ці палітычныя правакацыі, могуць не толькі сказіць карціну свету, але і адвесці грошы з кашалька. Скандальныя загалоўкі прыцягваюць інтэрнэт-карыстальнікаў на сайты анлайн-ашуканцаў. А навіны пра тое, што адбываецца ў свеце, могуць быць часткай інфармацыйнай вайны. Адзін загаловак аб тым, што тэрарысты “заклікалі мусульман Амерыкі галасаваць за Хілары”, зладзіў інфармацыйную бойню падчас выбараў у ЗША, а навіна пра смерць каралевы Лізаветы II у студзені гэтага года справакавала хвалю некралогаў нават на сапраўдных рэсурсах, пахаваўшы манарха Вялікабрытаніі жыўцом.

Неаднаразовыя выпадкі з’яўлення дэзынфармацыі ў сетцы насцярожваюць неабыякавых выкладчыкаў, якія ведаюць, што іх вучні бяруць большую частку інфармацыі з інтэрнэту. Адукацыйнай сферы кінуты новы выклік: навучыць дзяцей адрозніваць праўду ад выдумкі, сумнявацца і без сарамлівасці задаваць пытанні.

Першымі пытаннем медыяпісьменнасці заклапаціліся амерыканцы. Заходнія СМІ звязваюць гэта з падзеямі падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША ў 2016 годзе, якія атрымалі назву “Піцагейт”. Дзякуючы інтэрнэт-сайтам кандыдата ў прэзідэнты Хілары Клінтан абвінавацілі ў датычнасці да працы нелегальнага бар­дэля з непаўналетнімі праз сетку піцэрый. З-за гэтай чуткі ўражлівы 28-гадовы мужчына рашыўся на самасуд і пачаў страляць у піцэрыі Comet Ping Pong. На шчасце, ахвяр не было, але, як той казаў, асадак застаўся: з гэтага моманту ўзрасла трывога адносна навін у інтэрнэце.

У Злучаных Штатах з’явіліся арганізацыі, якія імкнуцца павысіць здольнасць падлеткаў адрозніваць праўду ад выдумкі. Сярод іх — супольнасць News Literacy Project (праект па навінавай пісьменнасці), які прапануе анлайн-курсы па медыяпісьменнасці і доступе да метадычных матэрыялаў па гэтай тэме для настаўнікаў. Практычныя дапаможнікі для правядзення ўрокаў, лекцый і семінараў для любога ўзроўню, ад пачатковага да прасунутага, англамоўныя настаўнікі знаходзяць на афіцыйным сайце Global Digital Citizen Foundation. А студыя GameLab ад Амерыканскага ўніверсітэта распрацавала гульню Factitious, мэта якой — вызначыць праўдзівасць той ці іншай навіны (навіны ў гульні — рэальныя).

Для дзяцей з сярэдняй школы крэатыўныя педагогі прыдумалі гульні па развіцці крытычнага мыслення, а для старэйшых — больш сур’ёзны фармат. Напрыклад, вучні абмяркоўваюць сапраўднасць навін разам з педагогам за круглым сталом, ладзяць скайп-канферэнцыі з экспертамі і ўдзельнікамі абмеркавання падзей.

Выкладчыкі з розных гарадоў аб’ядноўваюцца праз інтэрнэт, каб ладзіць спаборніцтвы па распазнаванні фальшывых навін. Так, вучні 4 класа са штата Канзас спаборнічалі па скайпе з каліфарнійскімі пяцікласнікамі. Кожнаму вучню было дадзена заданне: знайсці дзве сапраўдныя навіны ў інтэрнэце, а трэцюю прыдумаць самім. Іх сапернік павінен быў вызначыць, якая з навін фальшывая. Самым складаным для малых аказалася прыдумаць праўдападобную хлусню, бо занадта яскравая псеўдасапраўднасць магла пазбавіць каманду запаветных балаў.

Амерыканскія школьнікі вывучаюць феномен ілжывых навін на ўроках гісторыі, інфарматыкі і сацыяльнай навукі (у сярэдняй амерыканскай школе так называецца грамадазнаўства). Выкладчыкі і навукоўцы прыкладаюць намаганні, каб пашырыць тэарэтычную і практычную базу медыяпісьменнасці як дысцыпліны. Яе прынцыпы разбітыя ў вучэбных планах на ўзроўні па складанасці: асновы выкладаюцца ў сярэдняй школе, а дасканаласць дасягаецца ўжо на ўзроўні ўніверсітэцкай адукацыі.

Як абараніцца ад фэйкавых навін?

У вучэбныя планы расійскіх школ медыя­пісьменнасць не ўваходзіць. Вось зборны вобраз таго матэрыялу, які атрымалася знайсці на англамоўных сайтах, своеасаблівая памятка для таго, хто хоча праверыць сапраўднасць навіны з інтэрнэту. Яна складаецца з пытанняў, якія трэба задаць самому сабе, калі з’яўляюцца падазроныя навіны.

1) Ці выклікае навіна моцныя эмоцыі: страх, гнеў або надзею, што навіна праўдзівая?

Калі адказ станоўчы, то да зместу навіны варта паставіцца насцярожана. Аўтары фальшывых навін імкнуцца гуляць на пачуццях чытачоў і могуць скажаць ці браць факты з паветра для прыцягнення ўвагі аўдыторыі.

2) Як вы знайшлі гэтую навіну? Ці была яна прадстаўлена на навінавым партале, афіцыйным сайце інфармацыйнага агенцтва, або з’явілася ў стужцы сацыяльных сетак?

Навіну, якая з’явілася і размешчана на старонцы асабістага профілю або суполка ў сацыяльнай сетцы, неабходна праверыць. Паспрабуйце звязацца з аўтарам навіны, задаць яму ўдакладняльныя пытанні ў каментарыі ці асабістым паведамленні. Правярайце наяўнасць адных і тых жа фактаў на некалькіх парталах адразу. Па магчымасці, праверце таксама і замежныя СМІ.

3) Прааналізуйце загаловак. Ці выкарыстоўваецца эмацыянальная пунктуацыя (!!!)? Ці выкарыстоўваецца Caps Lock пры напісанні загалоўка? Ці выкрывае загаловак нейкую тайну або змову? Ці заканчваецца загаловак “на самым цікавым месцы”? Ці перарываецца фраза, ці ёсць недаказанасць?

“Сенсацыя!!! ТОЕ, пра што маўчаць спецслужбы!!! Аказваецца, калі ўзяць звычайны ліхтарык…” Відавочна, што падобныя загалоўкі напісаны з дапамогай клікбейта (клікбейт — ад англ. click — “пстрычка”, bate — “прынада”) — спосабу пабудовы загалоўка, які дапускае скажэнне сэнсу тэксту дзеля таго, каб зацікавіць чытача і прымусіць яго перайсці па спасылцы. Таксама ў такіх загалоўках актыўна выкарыстоўваюцца ўказальныя займеннікі (гэты, гэта), канструкцыі тыпу “ты ніколі не здагадаешся! (не паверыш!)”, яскравыя эпітэты, гіпербалы і г.д.

Як сведчаць апытанні, 70% карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Facebook не чы­таюць артыкулы далей загалоўка. Каб ства­рыць у сябе ў галаве дакладную карцінку і ў­зяць адказна­сць за тое, у што мы збіраемся паве­рыць, важна не спыняцца на загалоўку і прачытаць тэкст цалкам, уключаючы каментарыі, калі такія ёсць.

Прыгледзьцеся да тэксту.

4) У якім выглядзе пададзена інфармацыя?

Калі тэкст напісаны нелітаратурнай мовай, у ім прысутнічаюць лаянка ці недарэчныя жарты, то, хутчэй за ўсё, у гэтай навіне больш суб’ектыўнага меркавання, чым фактаў.

Таксама важным з’яўляецца ўказанне даты ці храналагічных рамак навіны. Для афіцыйных крыніц гэта абавязкова.

5) Вывучыце рэсурс. Ці вядомы сайт, дзе размешчана навіна? Ці можна яму верыць?

Назвы навінавых парталаў з добрай рэпутацыяй даўно вядомы (ТАСС, РБК, BBC, CNN, National Geographic і многія іншыя).

6) Ці названы аўтар? Ці можна з ім звязацца і задаць яму пытанні? Ці актыўны ён у каментарыях і паручаецца за прадстаўленую інфармацыю?

Аўтары, асабліва з рэпутацыяй у прафесіі, не публікуюцца ананімна і гатовы адказваць за інфармацыю, якую яны падаюць чытачу. Звязацца з аўтарам можна праз каментарыі, па форме звароту, калі такая прадугледжана на сайце, альбо па электроннай пошце, калі такая пазначна. Пры першых сумненнях у праўдзівасці навіны паспрабуйце звязацца з аўтарам ці відавочцам апісаных падзей: так вы сапраўды будзеце ўпэўнены, што вас не спрабуюць падмануць.

7) Як даўно рэсурс дае інфармацыю?

Добры сайт — гэта стары сайт. Маецца на ўвазе не састарэлы дызайн старонкі і адсутнасць аптымізацыі для мабільных прылад, а праца рэсурсу на працягу доўгага часу. Новыя сайты-аднадзёнкі, якія з’яўляюцца і знікаюць, яўна не заслугоўваюць даверу. Двойчы варта падумаць, калі інтэрнэт-старонка была закінута на некалькі гадоў, а потым нечакана аднавіла працу.

8) Як сайт пазіцыяніруе сябе?

Старонка інфармацыйнага агенцтва відавочна выйграе ў інтэрнэт-часопіса, які спецыялізуецца на свецкай хроніцы. Галіновыя старонкі не будуць звяртаць увагі на навіны, якія выходзяць за рамкі іх інтарэсаў. Практычна ў кожнай старонкі ёсць свая спецыялізацыя, і пры аналізе крыніцы важна зразумець, што гэта за сайт — жоўтыя СМІ, партал навін або радыкальна левая інтэрнэт-газета.

9) Ці ёсць у сайта (ці аўтара) стандарт афармлення старонкі? Ці выверана вёрстка? Ці глядзяцца тэкст і ілюстрацыі?

На прафесійна аформленых сайтах навіна падаецца ў стандартным фармаце, які даведзены да аўтаматызму. Такім чынам, калі на сайце няма памылак, то партал даўно спецыялізуецца на падачы падобнай інфар­мацыі і яму ёсць падставы верыць. У адваротнай сітуацыі, калі старонка выглядае не­ахайна, зроблена нібыта прыхапкам, то варта насцярожыцца, магчыма, гэта фэйк.