Як прывучыць дзіця чытаць

- 12:31Выхаванне

Што можа прапанаваць дзецям сучасная кніга? Як прывучыць да чытання, калі ўсю ўвагу новага пакалення прыцягваюць модныя дэвайсы? Адказаць на гэтыя пытанні паспрабавалі падчас круглага стала “Кніга vs. гаджат: хто пераможа?”, які прайшоў у прэс-цэнтры “АіФ”.

Сучасная літаратура для дзяцей і падлеткаў — гэта не толькі традыцыйныя гісторыі пра Тома Соера і Пітэра Пэна. Як расказала кіраўнік праекта “Сундучок дзіцячых кніг” Таццяна Славінская-Пузырэвіч, дзіцячыя кнігі становяцца больш сучаснымі, складанымі і глыбокімі:

— Гадоў 6—7 назад адбыўся бум канцэптуальнай, непапсовай дзіцячай літаратуры. Цяпер дзеці гэтага буму сталі падлеткамі, ёсць запыт на якасныя падлеткавыя кнігі. У дзіцячай літаратуры мы перасталі баяцца праблемных тэм. Раней нельга было нават уявіць, што кніжкі будуць дапамагаць дзецям справіцца з разводам бацькоў, хваробай ці смерцю блізкага чалавека. А сёння “Вафельнае сэрца” Марыі Пар, “Калі мы сустрэнемся” Рэбэкі Стэд, “Мой дзядуля быў вішняй” Анджэлы Нанэці — ледзь не класіка для шасцігадовых.

Кнігі, якія патрабуюць такога ўважлівага і ўдумлівага чытання, лягчэй успрымаюцца на папяровай старонцы, чым на экране.

Яшчэ адна прычына, па якой чытачы выбіраюць паперу, — прыгожыя ілюстрацыі. Сёння мастак у выдавецтве — персона не менш важная за аўтара кніг. З гэтым пага-дзілася ілюстратар і пісьменнік Надзя Бука, якая прэзентавала вокладку сваёй другой кнігі пра ўжо знакамітую дзяўчынку Басю — “Бася і чароўны свет”. Надзя расказала пра тое, як ілюстрацыя можа зрабіць выданне больш інтэрактыўным. Напрыклад, яна сама, ілюструючы кнігу іншага аўтара, у кожным малюнку схавала невялікага хамячка, пра якога не было ні слова ў тэксце. Дзецям так спадабалася шукаць яго па ўсёй кнізе, што аўтар усур’ёз задумаўся напісаць пра хамячка асобную кнігу. Дзякуючы добраму афармленню, папяровыя кнігі хочацца набыць і трымаць у дамашняй бібліятэцы. Таму пра перамогу электроннай кнігі над папяровай гаварыць не даводзіцца.

Іншая праблема — гульні і прылады ў мабільных тэлефонах, на планшэтах, камп’ютарах.

— Нават калі 14-гадоваму падлетку прапанаваць адкласці свой дэвайс і сесці за прыгожую і цікавую кнігу, ён не пераключыцца на чытанне, — сцвярджае Наталля Масюкевіч, дзіцячы псіхолаг, кіраўнік гарадскога цэнтра псіхолага-педагагічнай дапамогі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. — Калі бацькі хочуць забраць дэвайс, узнімаецца вялікая колькасць праблем: што яны гатовы прапанаваць узамен падлетку, у якога ў дзяцінстве не сфарміравалі патрэбу чытаць, не навучылі працаваць з закладзенымі ў кнігах сэнсамі?

Таму ў змаганні гаджэтаў і кніг на першы план выходзіць выхаванне чытацкай культуры ў сям’і. Сёння вялікі выбар дзіцячых выданняў, якія могуць зацікавіць дзіця не проста цікавай гісторыяй, а формай. Першая кніга можа быць цацкай, прадметам, які хочацца патрымаць у руках, пакуль мама ці тата чытае.

Антон і Святлана Дземчанка, бацькі, якія адкрылі сваю кніжную краму — “Букварыум”, паказалі шмат інтэрактыўных кніг, у якіх можна рухаць ілюстрацыі, адварочваць іх, каб прачытаць схаваны тэкст, можна дакранацца пальцамі да старонак, якія імітуюць скуру ці мех намаляваных на іх жывёл. Апошні трэнд — кнігі з мабільнымі дадаткамі, пабудаванымі на тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. З гэтых першых крокаў пачынаецца цікавасць і павага да кнігі.

Галоўнае — своечасова перайсці на больш стрыманыя ў афармленні, больш тэкставыя выданні, каб дзіця цаніла кнігу ўжо не як цацку, а як цікавы сусвет.

Наталля Мядзведь, кіраўнік праекта “ЗаЧытанне”, падзялілася сваім вопытам арганізацыі літаратурных сустрэч для самых маленькіх. Яны значна адрозніваюцца ад таго, што прывыклі бачыць бацькі на занятках для дзіцячага развіцця: дзецям не прапануюць шмат гульняў для пераключэння ўвагі, наадварот, цалкам канцэнтруюць яе на змесце тэкстаў.

— У 3 гады кніжная культура можа быць ужо цалкам сфарміраваная. Для гэтага дзіцяці трэба свая бібліятэка і звычкі працаваць з ёй — асаблівы час для чытання з бацькамі ці нейкія іншыя кніжныя “рытуалы”, — зрабіла выснову Наталля.

Можна сказаць, што папулярнае бацькоўскае пытанне “Як адарваць дзяцей ад тэлефонаў і зацікавіць кнігай?” падчас круглага стала трансфармавалася ў зусім іншае. Трэба гаварыць не пра наступствы, а пра прычыну — недастатковую работу саміх бацькоў, якім прасцей даць дзіцяці гаджэт, чым доўга чытаць уголас. Калі ж прывучыць дзіця да кнігі раней, чым яно возьме ў рукі першы смартфон, то знайсці баланс паміж кнігай і дэвайсам будзе прасцей, а праблем на ўроках літаратуры — значна менш.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.