Як растуць ізумруды

- 15:51Рознае, Суразмоўца
Ізумруды — найбольш вядомыя каштоўныя камяні, якія ва ўсе часы зачароўвалі людзей сваёй прыгажосцю. Яны заўсёды былі прыкметай раскошы і улады, і вельмі нямногія маглі дазволіць сабе займець гэты дзівосны самацвет.
Сёння сітуацыя змянілася. Вучоныя навучыліся вырошчваць ізумруды, якія па сваіх характарыстыках не толькі не саступаюць прыродным камням, але нават пераўзыходзяць іх. Прычым самымі якаснымі на сусветным рынку лічацца ізумруды, вырашчаныя ў Беларусі.
Пра тое, як вучоным удаецца за лічаныя тыдні зрабіць тое, на што прыродзе спатрэбілася тысячы гадоў, мы гутарым з кіраўніком лабараторыі фізікі звышправодных матэрыялаў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Уладзімірам Сяргеевічам МЯРКУЛАВЫМ.

— Уладзімір Сяргеевіч, на ўсіх выставах каля вашага стэнда заўсёды шмат наведвальнікаў. Скажыце, як рэагуюць людзі на сінтэтычныя ізумруды: дзівяцца майстэрству навукоўцаў ці, наадварот, адмаўляюць такую альтэрнатыву прыродным камяням?
— Безумоўна, усім людзям прыемна разглядаць гэтыя крышталі: пад розным вуглом яны то зялёныя, то зеленавата-блакітныя. І людзі разумеюць, што такой ігры святла ніколі не будзе на бутэлечным шкле. Больш за тое, любую бутэльку можна разрэзаць гэтымі ізумрудамі.
І ўсё ў іх — натуральнае: тая ж хімічная формула, колер, шчыльнасць, цвёрдасць. Нездарма за мяжой у дачыненні да ізумрудаў слова “штучны” ўвогуле не выкарыстоўваецца. І гэта правільна, бо яны таксама вырошчваюцца маці-прыродай, толькі ў цяплічных умовах, пад кантролем чалавека.

— Прыкладна, як памідоры — ёсць з градкі, а ёсць з парніка?..
— Я б сказаў, што ёсць дробныя дзікія памідоры і ёсць буйныя, напрыклад, “Бычынае сэрца”, атрыманыя ў выніку карпатлівай селекцыі. Расліна адна і тая ж, з аднолькавай генетыкай, але апошняя дае значна большыя і смачнейшыя плады. Тое ж і з ізумрудамі. Немцы называюць прыродныя крышталі дзікімі, а вырашчаныя вучонымі — вельмі якасныя, празрыстыя, буйныя — культурнымі. Так, яны адрозніваюцца ад прыродных камянёў, але ў лепшы бок — больш моцныя, больш стойкія ў вырабах, лепш ззяюць, і ігра святла ў іх проста незвычайная.

— Не так шмат краін вырошчваюць штучныя ізумруды. Раскажыце, Уладзімір Сяргеевіч, як усё пачыналася?
— Напэўна, усё пачыналася з таго, што ў 1963 годзе Мікалай Мікалаевіч Сірата стварыў у Мінску Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, і тут пачала фарміравацца ўнікальная школа вырошчвання крышталёў — адна з лепшых у Савецкім Саюзе. Да нас прыязджалі вучоныя з усёй краіны, прасілі вырасціць крышталі пэўных якасцей, і мы гэта рабілі. Патэнцыял быў такі моцны, што ён захаваўся нават пасля развалу СССР, калі многія “раставікі” выехалі за акіян.
Аднак на той час зарплаты вучоных рэзка ўпалі, а тыя складаныя крышталі, якія мы вырошчвалі для 6_DSC7120(сайт)патрэб навукі, не прыносілі нам прыбыткаў. І тут, як кажуць, няма ліха без дабра. Крызіс падштурхнуў нас да таго, каб вырошчваць ізумруды для ювелірных патрэб. Улічваючы наш каласальны вопыт, гэта не ўяўляла ніякай цяжкасці.
Таму можна сказаць, што ізумруды — гэта пабочны эфект ад высокай навукі. Але і тады і цяпер яны дапамагаюць нам падтрымаць вучоных, якія працуюць у іншых галінах.

— Скажыце, што вам дапамагае канкурыраваць на рынку з іншымі вытворцамі сінтэтычных ізумрудаў?
— Найлепшая ў свеце якасць нашых крышталёў. І гэта не маё меркаванне, а прызнаны факт. Па сваіх параметрах беларускія ізумруды практычна адпавядаюць калумбійскім прыродным ізумрудам, толькі крыху лепшыя.
Мы прадаём крышталі на сусветны рынак — у еўрапейскія краіны, Ізраіль, Турцыю і г.д. І нават у Расіі, дзе некалі здабывалі прыродныя, а цяпер вырошчваюць штучныя ізумруды, нашы крышталі вельмі цэняцца. Вока рускага чалавека любіць пяшчотную зеляніну ізумруду — магчыма, доўгай белай зімой яму вельмі хораша бачыць гэты дзівосны лісточак.

— Як вам удаецца вырошчваць ізумруды больш высокай якасці, чым у іншых?
— Проста ў нас самая лепшая тэхналогія. Напрыклад, расіяне вырошчваюць крышталі танным гідратэрмальным метадам. Гэта вельмі хуткі працэс, але на крышталях можна бачыць паломы — сляды росту. Зразумела, такія крышталі не так прыгожа іграюць колерам, як нашы ці прыродныя, і іх менш любяць ювеліры.
Мы ж вырошчваем крышталі каля двух месяцаў. Раней вытворчасць працавала пастаянна, але гэта вельмі энергаёміста, і таму цяпер працуем пераважна пад заказ. Напрыклад, быў вялікі кантракт з Еўропы — каля 10 тысяч каратаў, і мы яго выканалі. Будуць яшчэ заказы — зноў уключым усе магутнасці. Дарэчы, мы вырошчваем і робім агранку ізумрудаў не толькі для ювелірных майстэрняў і магазінаў, але і для індывідуальных заказчыкаў.

— Чаму вашы канкурэнты — расіяне і іншыя — не ўдасканальваюць свае тэхналогіі?
— Гэта немагчыма, як, напрыклад, нельга прымусіць марудна ехаць гоначны аўтамабіль. Расійская тэхналогія вырошчвання крышталёў у прынцыпе хуткая і яе нельга запаволіць. Гэтак жа і мы не можам паскорыць працэсы ў сваёй тэхналогіі, бо прыроду не падманеш. Нашы ізумруды растуць, як беларуская бульба, — марудна, але надзейна.
Дарэчы, у сярэдзіне ХХ стагоддзя вырошчваць ізумруды спрабавалі і немцы, і французы, прычым іх тэхналогіі адрозніваюцца і ад расійскай, і ад нашай. І ўсё гэта трымаецца ў вялікім сакрэце, пільна абараняецца ад чужых вачэй. Ніхто не хоча нават патэнтаваць свае тэхналогіі.

— Скажыце, з’яўленне сінтэтычных ізумрудаў неяк паўплывала на рынак самацветаў у свеце?
— Быў перыяд, калі рынак захістаўся, але вельмі хутка ўсё стала на свае месцы. Людзі багатыя па-ранейшаму ўкладваюць грошы ў сапраўдныя самацветы. Справа ў тым, што прыродны крышталь, які вы купілі па кошце “мерседэса”, і праз час будзе каштаваць, як “мерседэс”. Любы гемолаг пацвердзіць, што камень прыродны. Мы ж прадаём ізумруды ў 100 разоў танней, і іх кошт будзе заставацца такім жа.
Але што тычыцца эстэтыкі, то тут штучныя ізумруды нічым не саступаюць, і за грошы ў 100 разоў меншыя вы атрымаеце тое ж самае задавальненне. Таму я ўпэўнены, што нам трэба асвойваць беларускі рынак. У нашай краіне 5 мільёнаў жанчын, і кожная заслугоўвае мець у сваёй скарбонцы хаця б адзін карат гэтай ізумруднай прыгажосці.

— Скажыце, а якім ізумрудам аддаюць перавагу ювеліры — прыродным ці сінтэтычным?
— Ювеліры любяць менавіта беларускія ізумруды. Прыродны крышталь можа рассыпацца ў працэсе апрацоўкі ці непасрэдна ў вырабе. На выставах да нас часта падыходзяць жанчыны і расказваюць, што ў іх былі завушніцы ці пярсцёнак з прыродным ізумрудам, але ён выпаў і згубіўся. Гэта звычайная справа. Акрамя таго, прыродны ізумруд можа быць мутнаваты, можа ўтрымліваць пузыркі ці нейкія іншыя ўключэнні.
Дарэчы, менавіта па гэтых уключэннях гемолагі могуць распазнаць, штучны ізумруд ці прыродны і з якіх капальняў ён здабыты. Расійскі гідратэрмальны ізумруд яны распазнаюць практычна адразу. А вось каб адрозніць нашы крышталі ад прыродных, спатрэбіцца шматгадзіннае даследаванне.

— Ад чаго залежыць памер і, адпаведна, кошт штучных ізумрудаў?
— Што да кошту, то ён залежыць і ад памеру, і ад агранкі крышталя. Напрыклад, сабекошт неапрацаванага ізумруду — прыкладна 5 долараў за карат. Аднак трэба разумець, што ў выніку агранкі і шліфоўкі крышталь страчвае да 70% сваёй вагі. І калі вы, напрыклад, набываеце ювелірны ізумруд памерам 15 каратаў, то першапачаткова ён мог быць каля 45 каратаў. Зразумела, што кошт такога ізумруду істотна ўзрастае: у яго ўваходзіць кошт крышталю на ўваходзе, аплата работы аграншчыка, падаткі, накладныя расходы і г.д.
А вось памер ізумруду залежыць ад часу, затрачанага на яго вырошчванне. Вялікія крышталі вырошчваюцца даўжэй. Дарэчы, нашага рэкардсмена памерам 120 каратаў можна ўбачыць у музеі акадэміі навук.

 

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.