Як руліць штабялёрам

- 9:51Якасць адукацыі

Гэтаму і многаму іншаму вучаць будучых лагістаў у Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Ужо некалькі гадоў ва ўстанове ідзе навучанне для сферы лагістыкі па рабочых прафесіях. З гэтага года пачалася падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна па спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Як каледж выйшаў на шлях падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі, што гэта дае нашай моладзі і ў цэлым грамадству, расказвае дырэктар ПТК Марына Браніславаўна МУШНІЦКАЯ.

— Наша ўстанова функцыянуе з 1964 года. Спачатку гэта было ПТВ № 11 пры Мінскім камвольным камбінаце і там рыхтавалі кадры толькі для тэкстыльнай прамысловасці. Паступова прафесіі, па якіх рыхтавала вучылішча, станавіліся ўсё менш запатрабаванымі і іх папулярнасць сярод моладзі вельмі знізілася. Трэба было тэрмінова вяртаць значнасць нашай установы, а гэта магчыма было толькі з увядзеннем новых прафесій. Пасля прысваення статусу прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці мы пашырылі пералік прафесій за кошт найбольш запатрабаванай на рынку працы — “Агент страхавы, аператар ЭВМ”. Асноўным заказчыкам кадраў з’яўляўся Белдзяржстрах, і ўсе нашы выпускнікі без праблем працаўладкоўваліся. Выказвалі жаданне атрымаць гэтую прафесію і падлеткі з псіхафізічнымі асаблівасцямі, якія і сёння складаюць значную частку нашых навучэнцаў.

Пастаяннае дасканалае вывучэнне сітуацыі на рынку працы, запатрабаванасці ў нашых кадрах падштурхнула кіраўніцтва ўстановы да таго, каб зноў змяніць пералік прафесій з улікам запытаў, якія прад’яўляюць наймальнікі. Некалькі гадоў назад сфера лагістыкі толькі-толькі пачынала развівацца ў нашай краіне, але кадраў рабочых прафесій для гэтай сферы ні адна навучальная ўстанова не рыхтавала. Не было адпаведнага навучання нават у суседніх краінах, у тым ліку ў Расіі, таму прыйшлося пачынаць амаль з нуля. І ў гэтым нам дапамаглі непасрэдна заказчыкі кадраў — лагістычныя цэнтры, якія пачалі адкрывацца ў Мінску, а потым і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Трэба прызнаць, што цеснае ўзаемадзеянне з работадаўцамі ўмацавала нашы пазіцыі пры адкрыцці новых прафесій для сферы лагістыкі. Кіраўніцтва такіх лагістычных цэнтраў, як “Мінск-Белмытнясэрвіс”, “Азярцо-лагістык”, РУП “Крышталь”, канцэрн “Беллегпрам”, мела патрэбу ў кадрах на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. (На вышэйшым узроўні спецыялістаў лагістычнай сферы ў той час ужо рыхтаваў шэраг універсітэтаў.) Запатрабаваны былі кадры па прафесіях “Аператар аўтаматызаваных механізаваных складаў”, “Агент па арганізацыі аўтамабільных перавозак”.

Пасля ўзгаднення з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, з заказчыкамі кадраў, распрацоўкі адпаведнай вучэбна-праграмнай дакументацыі, кваліфікацыйных характарыстык і ў далейшым унясення новых прафесій у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Прафесіі рабочых і пасады служачых” у навучальнай установе пачалася падрыхтоўка кадраў для сферы лагістыкі. (Адукацыйныя праграмы былі цалкам распрацаваны нашым калектывам, цяпер яны ўваходзяць у пералік тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі, і іх могуць выкарыстаць нашы калегі з іншых навучальных устаноў.)

Па кожнай з гэтых дзвюх прафесій было набрана па адной вучэбнай групе выпускнікоў 11-х класаў школ Мінска, а ў далейшым і навучэнцаў, якія мелі даволі высокія адзнакі ў атэстатах, з іншых рэгіёнаў краіны.

Ва ўстанове старанна падышлі да падбору навучэнцаў па новых прафесіях. Па ўзгадненні з заказчыкамі кадраў вучэбная база спецыяльна не стваралася, абмежаваліся абсталяваннем кабінетаў для тэарэтычных заняткаў. Была набыта літаратура, наглядныя дапаможнікі. А практычную частку навучання вырашана было праводзіць на базе арганізацый — заказчыкаў кадраў, бо яны самі былі ў гэтым зацікаўлены (як вядома, практыка-арыентаванае навучанне спрыяе якаснай падрыхтоўцы кадраў). Ды і немэтазгодна навучальнай установе набываць вялікагрузныя аўтамабілі, штабялёры, аўтакары, каляскі і іншыя аўтаканструкцыі, якія выкарыстоўваюцца ў лагістычным цэнтры. З боку кіраўніцтва навучальнай установы і работадаўцаў былі заключаны адпаведныя дамовы аб тым, што вытворчая практыка навучэнцаў будзе праводзіцца на тэрыторыі цэнтраў. На працягу года ідзе навучанне ў каледжы, навучэнцы засвойваюць практычныя навыкі прафесіі, а потым на базе лагістычных цэнтраў праходзіць вытворчае навучанне, тэхналагічная і пераддыпломная практыка.

Першыя выпускнікі былі размеркаваны ў лагістычныя цэнтры, з якімі мы пачыналі працаваць. Потым сталі пашыраць супрацоўніцтва з іншымі прадпрыемствамі, у тым ліку прыватнага бізнесу.

З цягам часу мы заўважылі, што да нас прыходзяць вучыцца матываваныя навучэнцы з высокімі баламі, і зразумелі: толькі прафесійна-тэхнічнага ўзроўню ў падрыхтоўцы ім будзе малавата. Справа ў тым, што лагістычныя цэнтры аўтаматызаваны на 100 працэнтаў і работа аперацыйнага лагіста зводзіцца да работы на камп’ютары. А тут без сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўжо не абысціся, таму было прынята рашэнне аб змене статусу ўстановы і ператварэнні яе ў прафесійна-тэхнічны каледж, што прадугледжвае падрыхтоўку на дзвюх ступенях — ПТА і ССА. З мінулага года прафесіі агентаў па арганізацыі аўтамабільных перавозак і аператараў аўтаматызаваных механізаваных складаў мы на другой ступені інтэгравалі ў прафесію “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Атрымліваецца, што навучэнец за адзін год навучання на І ступені набывае рабочую прафесію і можа ўжо ісці працаваць. Пры жаданні можа па выніках экзаменаў паступіць на другую ступень і вучыцца яшчэ ад зін год і дзесяць месяцаў. На фінішы ён атрымлівае прафесію аперацыйнага лагіста.

Трэба адзначыць, што заказчыкі кадраў прымалі ўдзел у фарміраванні зместу навучання, было вызначана, якія кампетэнцыі павінен мець рабочы альбо спецыяліст сярэдняга звяна, каб быць запатрабаваным. Так, на першай ступені пры навучанні па прафесіі аператара аўтаматызаваных механізаваных складаў павінны быць засвоены функцыі камплектавальшчыка тавараў, экспедытара, маркіроўшчыка / паклейшчыка / секіроўшчыка, іншы раз і грузчыка. Такім чынам, калі наш выпускнік прыходзіць працаваць аператарам аўтаматызаваных механізаваных складаў, то можа выконваць шэраг функцый. У сваю чаргу аперацыйны лагіст — гэта не рабочы, а спецыяліст сярэдняга звяна, і ў яго функцыі ўваходзяць прыём і ўлік тавараў, арганізацыя складзіравання і перавозак грузаў.

З кожным годам наша супрацоўніцтва з лагістычнымі цэнтрамі яшчэ больш пашыраецца. У гэтым годзе мы заключылі дагавор з холдынгам “Еўрагандаль”, куды ўваходзяць такія вядомыя гандлёвыя прадпрыемствы, як “Еўраопт”, “Пяты элемент”, “Тэхнаплюс”. Усе яны маюць вялізныя складавыя памяшканні, ажыццяўляюць маштабныя перавозкі, таму нашы кадры ім заўсёды патрэбны. Трэба адзначыць, што сетка “Еўраопта” размешчана па ўсёй Беларусі, і нашы іншагароднія выпускнікі маюць магчымасць працаўладкоўвацца ў рэгіянальных кропках.

Калі гаварыць аб перспектывах нашай установы ў падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы лагістыкі, то гэтая галіна вельмі разнастайная і нам ёсць дзе разгарнуцца. Акрамя транспартнага, страхавога, комплекснага кірункаў, сёння імкліва развіваецца мытная лагістыка, і, магчыма, у хуткім часе мы будзем рыхтаваць для яе адпаведныя кадры.

Акрамя гэтага, у каледжы чатыры гады назад з’явіліся дадатковыя адукацыйныя паслугі для навучэнцаў. Яны могуць атрымаць такія прафесіі, як камплектоўшчык тавараў 2—3 разраду, бухгалтар па сістэме 1С (склад), афіцыянт, майстар па манікюры, візажыст. Гэтыя прафесіі можна засвойваць без адрыву ад асноўнай вучобы ў вячэрні час і атрымаць пасведчанне аб навучанні, а пасля паспяхова ўладкавацца на працу, бо прафесіі запатрабаваныя. Асабліва гэта актуальна для навучэнцаў-сірот і навучэнцаў з псіхафізічнымі асаблівасцямі ў развіцці.

Запісала Ала КЛЮЙКО.