Як у сельскай школе звязаць навучанне з рэальным жыццём

- 11:56Адукацыйная прастора

У сучасных умовах усё большую грамадскую значнасць набывае творчая праца, а значыць, і творча працуючы чалавек. Біялогія з’яўляецца тым школьным прадметам, падчас выкладання якога ў настаўніка ёсць рэальныя магчымасці далучаць вучняў да даследчай дзейнасці, развіваць іх крэатыўнасць. Дакладна арганізаваная работа, якая ўключае працяглыя назіранні, эксперымент, самастойныя даследаванні на ўроках і ў пазаўрочны час, дазваляе педагогу фарміраваць у дзяцей самастойнасць, адказнасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць.

Першараднае значэнне для нашай школы мае ўзбагачэнне навучэнцаў тэарэтычнымі і практычнымі ведамі, якія адносяцца да сельскагаспадарчай вытворчасці, што дапамагае арганічна звязваць працэс навучання з жыццём вёскі, з практыкай земляробства. Актуальнасць работы па далучэнні школьнікаў да даследчай дзейнасці заключаецца ў тым, што, па-першае, даследаванні, звязаныя з зямлёй і сельскай гаспадаркай, блізкія дзецям, якія жывуць у гэтай мясцовасці, спрыяюць пашырэнню іх кругагляду і зацікаўленасці ў выніках сваіх эксперыментаў. Па-другое, навучэнцы сельскай школы могуць канкурыраваць на навукова-практычных канферэнцыях з прадстаўнікамі гарадскіх устаноў адукацыі, бо даследаванні ў галіне біялогіі прасцей праводзіць у сельскай мясцовасці. Па-трэцяе, гэта шлях нашых выпускнікоў да самавызначэння.

У аснове вучэбнага даследавання заўсёды ляжыць ідэя, накіраваная на вырашэнне якой-небудзь праблемы. Арганізацыя такой работы мае наступную структуру: матыў, праблема, мэта, задачы, метады, план, дзеянні, вынікі, рэфлексія. Асабісты педагагічны вопыт дазваляе прапанаваць алгарытм паслядоўных дзеянняў па далучэнні навучэнцаў сельскай школы да даследчай дзейнасці па біялогіі.

* * *

Даследчую работу трэба пачынаць з першых урокаў біялогіі і праводзіць мэтанакіравана і сістэматычна. Для гэтага неабходна ў кожнай тэме праграмы вылучыць шэраг сельскагаспадарчых паняццяў, якія патрэбна будзе засвоіць вучням на ўроках. Так, у курсе біялогіі за 7 клас змест практычна кожнай тэмы раздзела мае прамы выхад на сельскагаспадарчую практыку і дазваляе даступна, з апорай на навуковыя звесткі растлумачыць дзецям усе агратэхнічныя прыёмы вырошчвання культурных раслін, абгрунтаваць неабходнасць стварэння спрыяльных умоў для іх росту.

Змест тэм “Клас Птушкі”, “Клас Млекакормячыя” раздзела “Жывёлы” дапамагае навучэнцам зразумець важнасць прымянення заатэхнічных прыёмаў пры развядзенні хатніх жывёл і птушак, стварэння ўмоў для павышэння прадукцыйнасці сельскагаспадарчых жывёл. Менавіта так, абапіраючыся на практычны вопыт навучэнцаў, настаўнік можа растлумачыць ім актуальнасць тэарэтычных ведаў і тое, што вопыт, набыты падчас даследаванняў, спатрэбіцца ў самастойным жыцці. Захапленне даследчай дзейнасцю прыносіць безумоўны поспех выпускнікам школы ў навуковых пошуках, і гэта ўжо не першы год пацвярджаецца дыпломамі на навукова-практычных канферэнцыях студэнтаў і маладых навукоўцаў розных узроўняў. Рацыяналізатарская прапанова “Спосаб удасканалення дыягностыкі ўзроўню здароўя лётнага складу, абумоўленага статусам харчавання” Таццяны Волк афіцыйна зарэгістравана.

* * *

Тэматыка даследаванняў па біялогіі надзвычай разнастайная. Галоўнае, каб будучая праца адпавядала інтарэсам вучня, яго ўзроставым, індывідуальным і інтэлектуальным магчымасцям. Для назіранняў і эксперыментаў неабходна адбіраць такія аб’екты і з’явы, якія:

— адлюстроўваюць найбольш тыповыя і істотныя рысы мясцовых прыродных умоў;

— з’яўляюцца даступнымі для сістэматычных, рэгулярных назіранняў;

— могуць быць выкарыстаны ў вучэбным працэсе для фарміравання ў вучняў біялагічных паняццяў, развіцця лагічнага мыслення, пазнавальных інтарэсаў, удасканалення практычных уменняў і навыкаў.

Навучэнцы нашай школы — вясковыя дзеці. Яны значна бліжэй да прыроды, працы людзей, чым гарадскія. Прымаюць актыўны ўдзел у сялянскай працы, і гэта нельга не ўлічваць пры выбары тэм для даследаванняў. Практычная накіраванасць навучання грунтуецца на шырокім выкарыстанні жыццёвага вопыту вучняў. Так, пры вывучэнні тэмы “Корань” дзеці могуць расказаць пра тое, як яны робяць прышчыпку кораня і з якой мэтай патрэбна пікіраваць расаду. Мэтазгодна задаць вучням пытанні накшталт:

Чаму бульбу трэба акучваць? Які будзе ўраджай бульбы, калі расліны не акучваць? У каго дома збіраюць попел і навошта гэта робяць? Як попел выкарыстоўваюць? Як на сваіх агародах вы робіце вадкую падкормку? Як захоўваюць угнаенні і ці правільна гэта робяць?

Падчас вырашэння гэтых пытанняў і нараджаюцца тэмы для даследаванняў — напрыклад, “Развядзенне бульбы паскораным метадам”.

Пры вывучэнні тэмы “Насенне і плады” можна высветліць у школьнікаў, як дома захоўваюць насенне агародніны, кветкавых раслін і чаму, ці ведаюць дзеці, якія ўмовы ствараюцца на складах сельскай гаспадаркі для захоўвання насення і чаму. Такім чынам былі сфармуляваны тэмы даследаванняў “Размнажэнне гладыёлусаў паскораным метадам”, “Сартатыпы фасолі звычайнай аграгарадка Жупраны: разнастайнасць і ўраджайнасць”, “Аналіз узаемасувязі паміж морфаметрычнымі прыкметамі і ўраджайнасцю фасолі звычайнай аграгарадка Жупраны”.

Для падрыхтоўкі вучняў да сельскагаспадарчай працы асаблівае значэнне мае вывучэнне пытанняў жыццядзейнасці раслін, без ведання адказаў на якія немагчыма выявіць аптымальныя ўмовы іх вырошчвання. Як паказвае шматгадовы педагагічны вопыт, пытанні фізіялогіі раслін найцяжэй засвойваюцца навучэнцамі, і тут можа цудоўна дапамагчы дэманстрацыя доследаў і арганізацыя лабараторных работ па раздзеле “Расліны”. У лабараторны практыкум неабходна ўводзіць дадатковыя пытанні, якія дапамогуць школьнікам звязваць асаблівасці будовы органаў раслін з функцыямі, якія яны выконваюць. Такім чынам з’явіліся тэмы “Уздзеянне пасеву адналетнікаў на іх цвіценне і плоданашэнне”, “Відавая разнастайнасць раслін у аграгарадку Жупраны”, “Афармленне дэкаратыўнымі раслінамі архітэктурных помнікаў і адміністрацыйных будынкаў у аграгарадку Жупраны”.

Сістэматычную работу па далучэнні вучняў да даследчай дзейнасці на ўроках неабходна працягваць і ў пазавучэбны час.

* * *

Даследчай працай разам з вучнямі займаемся з 2001 года. Спачатку гэта быў адзін напрамак: на сваім доследным участку мы выконвалі даследаванні па заданнях вучоных. На сёння гэта ўжо шэсць напрамкаў:

1. “Я люблю гэтую зямлю”;

2. “Яркія фарбы планеты”;

3. “Стары наш сад”;

4. “Вада — аснова жыцця”;

5. “Жывёлы ў сельскай гаспадарцы”;

6. “Я і маё здароўе”.

На гэтым этапе навучэнцы ажыццяўляюць пошук, адбор і аналіз патрэбнай інфармацыі, эксперыментуюць, шукаюць шляхі вырашэння праблем, засвойваюць новую для сябе інфармацыю па выбранай тэме. Роля настаўніка — карэкціраваць ход работы. Вельмі важна, каб вучні зразумелі, што для даследавання мала ведаць адзін прадмет школьнай праграмы — неабходна быць высокаадукаваным чалавекам, умець выкарыстоўваць розныя метады.

* * *

Пасля правядзення эксперымента навучэнцы абагульняюць атрыманыя вынікі, фармулююць вывады і афармляюць усё ў выглядзе даследчай работы з электроннай прэзентацыяй, пасля чаго могуць дастойна прадстаўляць даследаванне на канферэнцыях і конкурсах розных узроўняў.

Так, вынікам даследчай дзейнасці вучняў нашай школы стала 20 даследчых работ і перамогі на другім этапе VI, VII, VIII і X Рэспубліканскіх конкурсаў навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”.

Даследчая дзейнасць дазваляе выпускнікам школы паспяхова здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па біялогіі і працягваць навучанне ў ВНУ па спецыяльнасцях хіміка-біялагічнага профілю.

Значэнне работы настаўніка па далучэнні да даследчай дзейнасці бачыцца ў наступным:

— па-першае, такая работа дазваляе дзецям дэталёва ўнікнуць у праблему, апрабаваць на практыцы разнастайныя прыёмы і метады;

— па-другое, канчатковы прадукт прыносіць адчувальную карысць і аднавяскоўцам, і школе, задавальненне ад вынікаў працы — даследчыку;

— па-трэцяе, даследаванне абапіраецца на пэўную базу назапашаных ведаў і ўменняў, уяўленняў і навыкаў кожнага вучня індывідуальна;

— па-чацвёртае, удзел у даследчай дзейнасці дазваляе школьніку праявіць уласную грамадзянскую пазіцыю, адчуць сябе сацыяльна актыўным.

Такім чынам, асноўнай мэтай далучэння навучэнцаў да даследчай дзейнасці з’яўляецца выяўленне іх інтэлектуальнага патэнцыялу, раскрыццё творчых здольнасцей і фарміраванне каштоўнасных арыенціраў.

Людміла ЮХНЕВІЧ,
настаўніца хіміі і біялогіі Жупранскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна
Гродзенскай вобласці.