Як у Жарабковіцкай сярэдняй школе праводзяць заняткі па эканамічнай дасведчанасці ў форме гульняў

- 14:21Образование, Приложение, Шестой день

У Жарабковіцкай сярэдняй школе імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна асновы эканамічнай і фінансавай дасведчанасці дзеці спасцігаюць, удзельнічаючы ў праекце шостага школьнага дня “Гульня ў эканоміку або эканоміка гульні?”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аб актуальнасці эканамічнага выхавання ва ўстанове адукацыі задумаліся 4 гады назад. Паколькі кожны чалавек у той ці іншай ступені сутыкаецца з эканомікай у паўсядзённым жыцці, педагогі вырашылі навучыць школьнікаў элементарным навыкам планавання асабістага бюджэту, даходаў і расходаў сям’і, каб тыя маглі распараджацца грашовымі рэсурсамі, выбіраючы аптымальны фінансавы інструмент, і ства­раць асабістыя зберажэнні, забяспечваючы сабе “падушку бяспекі”.

— Моладзь часта становіцца аб’ектам увагі рознічных гандлёвых сетак, рэкламшчыкаў, банкаў, мікрафінансавых арганізацый. Недахоп фінансавых ведаў і практычных навыкаў у сферы кіравання грашовымі патокамі можа прывесці да прыняцця ў будучыні неабдуманых рашэнняў, за якія, магчыма, прыйдзецца расплачвацца рублём на працягу многіх гадоў, — лічыць дырэктар школы Вольга Бурак. — Таму, чым раней дзеці пачнуць даведвацца пра ролю грошай, спосабы іх укладання і капіталізацыі, тым раней у іх з’явяцца карысныя фінансавыя звычкі, якія дапамогуць пазбегнуць многіх памылак у дарослым жыцці. Такім чынам, мэта праекта — стварэнне ўмоў для фарміравання эканамічнага мыслення і асваення навучэнцамі базісных эканамічных паняццяў.

Вырашыўшы зрабіць эканамічную адукацыю і выхаванне нясумным, педагогі кожную трэцюю суботу месяца сталі право­дзіць заняткі па эканамічнай дасведчанасці і шэраг мерапрыемстваў у форме гульняў. І ў цэлым праект пабудаваны на сюжэтна-ролевай гульні, у якой усе ўдзельнікі — і школьнікі, і педкалектыў — прымяраюць на сябе розныя ролі.

Так, школа пачала называцца “Аграэканомбанкам”. Сярод спецыялістаў банка з’явіўся свой унутраны аўдытар у асобе дырэктара. Ролю фінансавага аналітыка ўзяла на сябе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Пасаду фінансавага кансультанта заняў педагог-арганізатар. Аперацыяністамі сталі настаўнікі школы, а персанальнымі кансультантамі — члены савета старастаў. Ну, а кліентамі “Аграэканомбанка” сталі навучэнцы 1—11 класаў школы.

— Дзейнасць нашай фінансавай структуры пабудавана па прынцыпе піраміды, — тлума­чыць Вольга Іванаўна. — На першым этапе фінансавы аналітык распрацоўвае план мерапрыемстваў шостага школьнага дня на навучальны год з улікам мерапрыемстваў эканамічнай накіраванасці. Сярод іх, напрыклад, пазакласныя мерапрыемствы па самых розных тэмах: “Падарожжа ў краіну энергазберажэння”, “Энергазберажэнне — важнае рашэнне!”, “На эканамічнай хвалі”, “Лабірынт эканамічных ведаў”. А таксама дзелавыя гульні “Эканоміка вакол нас”, “Займальная эканоміка”, “Эканамічнае кафэ”, “Па прыступках бізнесу”. Затым план зацвярджаецца аўдытарам. У сваю чаргу аналітык знаёміць з ім аперацыяністаў, а персанальныя кансультанты праводзяць інфармацыйна-агітацыйную работу па выкананні плана з кліентамі банка, і тыя пачынаюць наведваць мерапрыемствы шостага школьнага дня.

Па выніках кожнага праве­дзенага мерапрыемства педагогі-­аперацыяністы, ацэньваючы актыўнасць школьнікаў-кліентаў, выдаюць ім грашовую ўзнагароду ў эквіваленце 5 аграбаксаў за наведванне мерапрыемства або 10 аграбаксаў за актыўны ўдзел у іх.

Кліенты-дзесяцікласнікі, якія па суботах праходзяць навучанне па прафесіі аператар ЭВМ на базе ўстановы адукацыі, атрымліваюць па 5 аграбаксаў за наведванне ўсіх вучэбных заняткаў і па 10, калі дэманструюць высокую паспяховасць. Атрыманая сума залічваецца на персанальную банкаўскую картку кліента. Выкарыстоўваючы яе, навучэнцы могуць аформіць заяўку на аказанне “платных” паслуг: арганізацыю пазапланавых агульнашкольных дыскатэк або дадатковых экскурсій на прадпрыемствы рэгіёна. Па заканчэнні навучальнага года вызначаецца тройка актыўных лідараў, якія зарабілі больш за ўсіх грошай. Пераможцы атрымліваюць каштоўныя прызы.

Педагогі ўпэўнены, што гульнявыя формы дазваляюць значна павысіць узровень эканамічнага выхавання школьнікаў. Так навучэнцы лепш запамінаюць эканамічныя і фінансавыя тэрміны, авалодваюць новымі ведамі, уменнямі і навыкамі, вучацца думаць па-гаспадарску.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота прадастаўлены школай