Як захапіць школьнікаў даследчай работай, ведае настаўніца гісторыі Ірына Назарук

- 9:00Главная, Образование

Дзякуючы пошукавай рабоце настаўніцы Хідрынскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Ірыны Назарук і яе вучняў, на Брэстчыне даведаліся пра герояў, з імёнамі якіх звязана гісторыя іх малой радзімы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гісторыю Ірына Назарук палюбіла, як толькі гэты прадмет з’явіўся ў яе школьным раскладзе, бо заўсёды лічыла яго самым лагічным і зразумелым.

“Усе падзеі, даты, якія мы вывучалі, вельмі лёгка запаміналіся і прыгожа ўкладваліся ў галаве, — расказвае пра сябе Ірына Назарук. — Таму ў старшых класах школы, калі трэба было задумацца аб выбары прафесіі, ужо ведала, што буду паступаць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на гістарычны факультэт.

З першых дзён работы мне спадабалася працаваць з дзецьмі, узаемадзейнічаць з імі. Безумоўна, спачатку сутыкалася з рознымі цяжкасцямі, але ўсё вельмі хутка вырашалася дзякуючы падтрымцы і дапамозе калег. Заходзячы на ўрок, кожны раз думала толькі пра тое, як мне пашанцавала! Калі цябе сустракаюць вучні, усміхаюцца, калі ёсць магчымасць разам нешта абмеркаваць — гэта для кожнага педагога вельмі каштоўна”.

На працягу некалькіх апошніх гадоў Ірына Анатольеўна выкладала гісторыю ў старшых класах, а гэта матываваныя дзеці, якія ўжо ведаюць, чаго хочуць. Калі сёлета ў раскладзе педагога з’явілася гісторыя ў 5 класе і ёй даручылі класнае кіраўніцтва ў ім, настаўніца нават разгубілася.

“Я даўно не працавала з вучнямі, якія толькі прыйшлі ў сярэднюю школу, і не ведала, ці змагу зацікавіць іх. Сёння мы — адзіная каманда, працуем у тандэме, — дзеліцца Ірына Назарук. — З бягучага навучальнага года мой клас далучыўся да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання ў адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.

Для пяцікласнікаў, якія сталі самымі маленькімі ўдзельнікамі праекта, асноўнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца экскурсіі. Паколькі іх класны кіраўнік — настаўніца гісторыі, яна выбірае найбольш цікавыя маршруты для сумесных паездак. Такі кірунак работы са школьнікамі — гэта яшчэ адна магчымасць “перачытаць” гісторыю роднага краю, толькі ўжо не па падручніку і не за школьнай партай.  

“У мінулым навучальным годзе пяцікласнікі праводзілі для старшакласнікаў мерапрыемствы, прысвечаныя генацыду, — прыгадвае настаўніца. — Менавіта над гэтай тэмай я працавала летась. Сёння стала модна перапіс­ваць гісторыю, крытыкаваць падзеі мінулага. Але ж гісторыю трэба не перапіс­ваць, а вывучаць і пры­маць такой, якая яна ёсць”.

З любоўю да роднага краю

Вывучэнне гісторыі краіны пачынаецца з даследавання роднага краю. Ірына Назарук пачала цікавіцца гэтым, калі стала кіраўніком хідрынскага гісторыка-края­знаўчага музея “Спадчына”. Зразумела, настаўніцы дапамагаюць яе вучні. Для таго каб сабраць больш інфармацыі пра тое, што адбывалася на тэрыторыі Кобрынскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Ірына Назарук праводзіла экспедыцыі, у якіх удзельнічалі нават жыхары іншых вёсак.

Выдатным сродкам павышэння цікавасці да прадмета Ірына Назарук называе школьны музей. Экспазіцыі, якія ў ім прадстаўлены, прысвечаны гісторыі Хідраў, летапісу школы, героям, якімі ганарацца жыхары вёскі.

“Напрыклад, гаварыла вучням, што планую арганізаваць экспедыцыю ў суботу, — працягвае аповед Ірына Анатольеўна. — Было вельмі прыемна, калі дзеці далучаліся да мяне. Разам мы сабралі многа цікавай інфармацыі, якая і стала пачаткам нашай даследчай дзейнасці. Паступова вызначылі шэраг тэм, якія патрабавалі дэталёвага вывучэння”.

Першым маштабным праектам Ірыны Назарук, які накіраваны на захаванне гістарычнай памяці, стала вывучэнне лёсаў трох лётчыкаў, якія загінулі ў суседняй вёсцы ў 1944 годзе.

“Спачатку працавалі з літаратурай па гісторыі Кобрынскага раёна, — расказвае Ірына Назарук. — Але друкаваных крыніц аказалася мала. Самымі каштоўнымі для даследавання сталі артыкулы ў раённай газеце, размовы з мясцовым краязнаўцам, былым настаўнікам гісторыі нашай школы і кіраўніком музея Аляксеем Вашчуком, а таксама сведчанні відавочцаў падзей. Пры дапамозе гэтай інфармацыі, якую абагульнілі, мы паспрабавалі ўзнавіць падзеі, што адбываліся ў чэрвені 1944 года. Аказалася, што менавіта на брэс­ц-­
кім напрамку ў маі — ліпені 1944 года актыўна выкарыстоўваліся самалёты Пе-2 са склада 72-га асобнага разведвальнага авіяпалка. Таксама нам удалося знайсці дакумент, у якім быў спіс страт 72-га авіяцыйнага палка. У ім значыліся імёны тых лётчыкаў, якія нас цікавілі: старшы лейтэнант Мікалай Кузняцоў, штурман старшы лейтэнант Мікалай Постнікаў, паветраны стралок-радыст старшына Пётр Паўлаў. Наша даследаванне паказала сувязь часоў і пакаленняў”.

Гісторыя з музея

Два гады назад Хідрынскай сярэдняй школе было прысвоена імя яе былога вучня Аляксандра Лісковіча. Як думаеце, чыя гэта заслуга? Так, Ірыны Назарук і яе навучэнцаў. Пра адважны подзвіг курсанта-падводніка Сашы Лісковіча, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля выратавання таварышаў-маракоў у Японскім моры, у Коб­рынскім раёне, дзякуючы Ірыне Назарук і яе вучням, ведае кожны.

Даследчая і пошукавая работа, прысвечаная земляку, дапамагла сабраць шмат важнай інфармацыі. А пасля таго як мясцовыя жыхары перадалі ў школу рэчы, звязаныя з імем Аляк­сандра Лісковіча, у музеі з’явілася тэматычная экспазіцыя. 

“Саша Лісковіч нарадзіўся і жыў у суседняй вёсцы, але вучыўся ў нашай школе, — расказвае Ірына Назарук яшчэ пра адно даследаванне, якім вельмі ганарыцца. — Усе ўспаміналі яго як вельмі сціплага хлопца, які нічым не вылучаўся. Ён быў добрым, працавітым, але на ролю лідара не прэтэндаваў. Менавіта такія людзі здольныя ў крытычнай сітуацыі праявіць сябе як героі. Так і здарылася з Сашам. Падзеі, якія адбыліся ў 1981 годзе ў Японскім моры, з’яўляюцца прыкладам не толькі самаахвярнасці і адвагі, але і згуртаванасці людзей. На падыхо­дзе да праліва Басфор Усходні адбылося сутыкненне падводнай лодкі С-178 і рэфрыжэратарнага судна. Сярод трыццаці двух загінуўшых маракоў-падводнікаў быў і наш зямляк, курсант Лісковіч. Калі стала зразумела, што лодка патоне, Саша і яго таварышы ва ўмовах шквальнага паступлення вады, у поўнай цемры, здолелі забяспе­чыць герметызацыю перагародкі з суседнім адсекам, цэнтральным пастом, у якім знахо­дзіліся 7 падводнікаў. Так яны выратавалі жыцці таварышаў”.

Уся інфармацыя, якую ўдалося са­браць пра героя Лісковіча, чакала свайго часу. Разумеючы, што памяць пра адважнага земляка павінна быць ушанавана, педагогі напісалі пісьмо ў Міністэрства адукацыі з просьбай дазволіць устанавіць памятную мемарыяльную дошку на будынку школы.

“Адкрыццё мемарыяльнай дошкі адбылося 21 верасня 2020 года. У той дзень мае навучэнцы паказалі гасцям прэзентацыю пра Аляксандра Лісковіча, а маракі, якія былі на сустрэчы, па­дзяліліся сваімі гісторыямі”, — успамінае педагог.

Даследчая і праектная дзейнасць, да якой Ірына Анатольеўна далучае вучняў, дапамагае не толькі ў вывучэнні гісторыі. Яна спрыяе агульнаму развіццю школьнікаў, вучыць іх камунікацыі і ўзаемадзеянню паміж сабой.

“Для таго каб раскрыць пэўную тэму, якую мы бяром для даследавання, трэба правесці маштабную работу, — запэўнівае настаўніца гісторыі. — Першапачаткова вывучаецца інфармацыя, якая ў нас ужо ёсць, а затым вучні пачына­юць збіраць іншыя факты і апрацоў­ваць іх. Прычым без умення размаўляць з людзь­мі нічога не атрымаецца. Важна не баяцца і паказваць цікавасць да той тэмы, якую вывучаеш, задаваць пытанні, аналізаваць атрыманыя звесткі. Пра гэта я заўсёды нагадваю сваім дзецям і вучу іх прымяняць тыя даныя, якія яны атрымалі, падчас урокаў гісторыі”.

Наталля САХНО
Фота аўтара