Як захаваць псіхалагічнае здароўе вучняў: агляд лютаўскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 14:40Журнал "Народная асвета", Новости

Усё большую занепакоенасць і ў бацькоў, і ў педагогаў выклікае псіхалагічны стан сучасных школьнікаў. І гэта нездарма. Час ад часу ў стужках навін з’яўляюцца звесткі пра дзіцячы суіцыд, падлеткавыя “разборкі”, сямейны аб’юз. Гэтыя сітуа­цыі нельга пакідаць па-за ўвагай грамадства.

…Зразумела: усё пачынаецца з сям’і. Але і школьныя настаўнікі не павінны быць убаку, калі размова ідзе пра захаванне і ўмацаванне псіхалагічнага здароўя школьнікаў.

Паспяхова адаптавацца ў сацыяльным і прыродным асяроддзі, ставіць мэты і дасягаць іх, самастойна спраўляцца з унутранымі канфліктамі і канструктыўна камунікаваць з людзьмі — гэтыя здольнасці і ўменні з’яўляюцца важнымі характарыстыкамі псіхалагічнага здароўя чалавека.

Ад наяўнасці або адсутнасці іх у дзіцяці прама залежыць і матывацыя да навучання, і самаадчуванне ў калектыве, і выніковасць самарэалізацыі. І ці варта дадаваць, што псіхалагічнае здароўе вучняў — істотная перадумова эфектыўнасці ўсяго адукацыйнага працэсу? Таму неабходна паступова і аргументавана пераконваць хлопчыкаў і дзяўчынак у недапушчальнасці булінгу і бессэнсоўнасці суіцыду, вучыць канструктыўна вырашаць канфлікты і выходзіць з крызісных сітуацый, растлумачваць, як не стаць ахвярай сямейнага гвалту і набыць упэўненасць у сабе. Захаванне псіхалагічнага здароўя дзяцей і падлеткаў — тэма лютаўскага выпуску “Педагагічнай асамблеі”.

Пазнаёміцца з эфектыўным вопытам метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці ў межах праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” запрашае творчы калектыў сярэдняй школы № 9 Мазыра. У бягучым навучальным годзе ўстанова адукацыі адзначае адметны юбілей — 50 гадоў безупыннага росту і ўдасканалення пад дэвізам “У кожным дзіцяці ёсць сонца, толькі дайце яму магчымасць свяціць”. Укараненне новых форм і метадаў навучання, работа ў інавацыйным рэжыме, выхаванне творчай асобы — далёка не поўны пералік напрамкаў дзейнасці, на якіх робіць акцэнт педагагічны калектыў. Тут функцыянуюць класы мастацкага і інжынернага кірункаў, працуе школьнае навуковае таварыства “Эрудыт”, школа алімпійца “Шлях да поспеху”, школа юнага медыятара, аб’яднанні па інтарэсах “Свет прафесій” і “Юныя эколагі”. Дзеці маюць магчымасць займацца валанцёрскай дзейнасцю і чырлідынгам, ствараць 3D-мадэлі, рабіць рэпартажы для школьнай тэлестудыі “Дзявятачка”, навучаюцца на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, прымаюць удзел у працы гарадскога парламента дзяцей і навучэнскай моладзі і інтэлек­туальных тэлевізійных гульнях. Не застаюцца па-за ўвагай і бацькі: арганізуюцца сумесныя спартыўныя спаборніцтвы, дзейнічае сямейны ўніверсітэт “Лад”, рэалізуецца праект “Сям’я — мой мікракосмас”. Спадзяёмся, што прапанаваныя матэ­рыялы дапамогуць нашым чытачам папоўніць свае прафесійныя партфоліа шматлікімі метадычнымі ідэямі.

Традыцыйнай у лютаўскім нумары стала рубрыка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаюць у кожнай школе нашай краіны.

Заахвоціць дзяцей і падлеткаў да самастойнага спасціжэння мовы свайго народа — значыць даць імпульс да асэнсавання ўласнай сувязі з культурай, гісторыяй, прыродай зямлі, на якой яны нарадзіліся і клапаціцца пра якую ім наканавана.

Шчырая, дзейная цікавасць да роднага слова абуджаецца перш за ўсё актыўным і свядомым яго выкарыстаннем. Таму так важна, каб мерапрыемствы, якія право­дзяцца ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, былі не толькі насычаныя метадычна каштоўным зместам, але і мелі арыгінальную, здольную захапіць патрабавальных сучасных падлеткаў форму.

Апошнія старонкі часопіса акунаюць нас у атмасферу настаўніцтва 20-х гадоў ХХ стагоддзя: мы працягваем рэтраспектыву артыкулаў розных гадоў, прысвечаную 100-годдзю з дня выхаду ў свет першага нумара “Народнай асветы”. Прызнаюся шчыра, нам вельмі складана адбіраць матэрыялы, таму што амаль усе яны нясуць глыбокі сэнс, раскрываюць пытанні, якія хвалююць сённяшніх вучоных і практыкаў, а таксама даюць адказы на сучасныя выклікі. У гэтым аглядзе мы вырашылі прадставіць метадычныя матэрыялы: паспрабуем разабрацца з “тэрміналёгічнай блытанінай”, пашырыць веды аб “мэтадах і формах самаадукацыі” і вылучыць “прынцыпы дзіцячага каляктыву”.

Як бачыце, паважаныя сябры, лютаўскі нумар “Народнай асветы” вельмі насычаны актуальнымі матэрыяламі разнастайнай тэматыкі, таму вызваляйце час, каб наведаць нашу дыстанцыйную метадычную лабараторыю і знайсці карысныя для сябе і сваіх калег прапановы. Прыемнага вам чытання!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар