Як захоўваюць спадчыну настаўніка і бясстрашнага лётчыка Канстанціна Абазоўскага ў Астровенскай школе

- 13:09Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Педагог, спартсмен, улюбёны ў неба рамантык, знаўца тэхнічных навінак, бясстрашны лётчык, удастоены за подзвігі ў баях з гітлераўцамі найвышэйшых дзяржаўных узнагарод, — такім быў ураджэнец Бешанковіцкага раёна Канстанцін Абазоўскі. На малой радзіме Героя Савецкага Саюза яго імя носіць Астровенская сярэдняя школа, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З яблычным водарам

Знаёмства з установай адукацыі яе дырэктар Алена Галавенка пачала са школьнага сада. Ён сапраўды шыкоўны: на 18 сотках прыгожыя рады дрэўцаў радуюць вока наліўнымі пладамі. Закладзены сад у гонар 60-годдзя Перамогі. Тады тут высадзілі першыя 110 яблынь знаёмых беларусам гатункаў — ад “алесі” з “чараўніцай” да “заслаўскага” і “антэя”. У 2020 годзе справу вырашылі працягнуць — так нарадзіўся малады сад. Пакуль яго дасаджвалі тройчы. Дабавіліся яблыні новых гатункаў і грушы — “чараўніца”, “завея”, “жнівеньская раса”. Абавязкі галоўнага па садзе ўзяў на сябе школьны вартаўнік і па сумяшчальніцтве заўзяты садавод-аматар Аляксандр Скарынкін. Профільнай адукацыі ён не мае, але садаводчых сакрэтаў ведае намнога больш чым спрактыкаваны прафесіянал і шчодра дзеліцца імі з навучэнцамі і педагогамі. У сезон за яго штодзённымі майстар-класамі не толькі школьнікі, але і дарослыя назіраюць з захапленнем.

— Для нас сад — магутны рэсурс як для выхавання, так і для харчавання школьнікаў, — расказала Алена Аляксандраўна. — Хачу адзначыць, што за ўвесь час не было ніводнай зламанай галінкі, знявечанага дрэўца: адносіны гаспадарскія. Бо калі не сам навучэнец прыклаў руку да пасадкі, то яго старэйшы брат, сястра ці сябры. Дзеці ра­зам з педагогамі карпатліва даглядаюць дрэвы, робяць штыкоўку прыствольных кругоў, абрэзку галля, пабелку ствалоў, абкошваюць тэрыторыю ў цёплы перыяд. На працягу мая — ліпеня ў садзе шчыруе працоўная брыгада навучэнцаў, арганізаваная ў рамках другаснай занятасці. Яны яшчэ задзейнічаны на паліве кветак, доглядзе расады, якой мы нямала вырошчваем для сваіх патрэб і на продаж насельніцтву. У са­дзе дапамагаюць і школьнікі з нашага летняга аздараўленчага лагера працы і адпачынку “Ветразь”. Экалагічнае выхаванне традыцыйна ў ліку асноўных напрамкаў яго дзейнасці, сад — выдатная пляцоўка для эксперыментаў, назіранняў. Да таго ж у вучэбны перыяд тут праводзяцца заняткі грамадска карыснай працай, гуртковая работа. Сумесная праца пад кіраўніцтвам педагогаў дазваляе дзецям засвоіць каштоўныя сельскагаспадарчыя паняцці і набыць навыкі, якія добра інтэгруюцца з шэрагам вучэбных прадметаў — ад матэматыкі з біялогіяй да фізічнай культуры і здароўя. Адначасова мы фарміруем у вучняў імкненне да супрацоўніцтва, беражлівыя адносіны да прыроды, працавітасць, асабістую і сацыяльную адказ­насць, падтрымліваем ціка­васць да даследчай дзейнасці.

Вырашчаныя яблыкі ідуць на захоўванне і перапрацоўку ў сталовую, выкарыстоўваюцца для гатавання смачных і карысных снеданняў, абедаў, спажываюцца ў свежым выглядзе. Сёлета, напрыклад, да красавіка яблыкі былі на школьным стале. У пазамінулым годзе для харчавання навучэнцаў нарыхтавалі паўтоны вітаміннай смакаты, у мінулым — амаль на дзвесце кілаграмаў больш. Лішкі здаюць на садавіннаагароднінную базу, прыбытак ідзе на патрэбы школы. Цяпер ураджай чакаецца параўнальна сціплы, надвор’е паўплывала. Тым не менш каля 300 кілаграмаў яблык плануюць нарыхтаваць.

Няма абыякавых

Адметна, што садаводчыя запыты навучэнцаў і іх настаўнікаў выйшлі за межы ўстановы адукацыі. Як паведаміла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Даўгяла, школа ўзяла шэфства над вялікім старым садам, які знаходзіцца на ўездзе ў Астроўна, і гэта афіцыйна замацавана распараджэннем старшыні райвыканкама.

Калектыў актыўна ўдзельнічае ў абласным творчым праекце “Укараненне мадэлі аграрнай прапедэўтыкі ў аспекце пераем­насці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”. Старшыя класы традыцыйна аграрныя. Скіраванасць на практыку, сельскагаспадарчыя клопаты матывуе моладзь на далейшую вучобу ў профільных УВА і каледжах. Безумоўна, вучням перадаецца шчырая захопленасць справай настаўніц хіміі і біялогіі Наталлі Корпусь і Святланы Целяпковай, настаўніцы пачатковай школы Алены Кляменцьевай, якая курыруе агракласы. Па словах намесніка дырэктара Юліі Кашалапавай, на ўзроўні вышэйшай адукацыі самыя цесныя сувязі склаліся з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Як вынік, штогод расце колькасць адзінаццацікласнікаў, якія выбіраюць яе месцам далейшай вучобы. Расклад летняй уступнай кампаніі такі: з сямі выпускнікоў агракласа двое паступілі ў БДСГА (адзін — па мэтавым накіраванні) і трое — у Гарадоцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Алена Галавенка: Сумесная праца пад кіраўніцтвам педагогаў дазваляе дзецям засвоіць каштоўныя сельскагаспадарчыя паняцці і набыць навыкі, якія добра інтэгруюцца з шэрагам вучэбных прадметаў.

Пасля нядаўняга капітальнага рамонту школа набыла сучаснае аблічча і тэхнічнае абсталяванне. Невялікая змястоўная экскурсія, размова з педагогамі пераканалі, што кожны ўкладзены ў развіццё ўстановы дзяржаўны рубель тут стараюцца прымножыць дружна, прафесійна і з творчым падыходам. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Патапенка акцэнтавала ўвагу на значнай для калектыву навацыі: аформілі і абсталявалі пляцоўку рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні. Сам цэнтр дзейнічае на базе школы ўжо шмат гадоў, прычым мае статус раённага. За гэты напрамак таксама адказвае Алена Кляменцьева, якая працуе ў цесным кантакце з праваслаўным храмам Святой Тройцы, яго настаяцелем іерэем Андрэем Дарошчанкам і дабрачынным фондам падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Пакроў”. З новага навучальнага года ўстанова далучылася да рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”)”.

— Галоўная ўмова поспеху ў любым пачынанні — неабыякавасць, адказнасць і гатоўнасць шмат працаваць на дасягненне мэты, — упэўнена дырэктар школы. — З гэтых якасцей потым вырастаюць у тым ліку грамадзянс­кая самасвядомасць, пашана да людзей працы, прафесіяналізм. У педагагічнай рабоце гэта аснова асноў, якая закладваецца на гістарычнай спадчыне, каманднай дзейнасці, асабістым прыкладзе настаўнікаў. Шчыра ганаруся сваім калектывам, нашымі выпускнікамі. У нас абыякавых няма.

Крылаты лёс

…Адно з самых прыгожых і загадкавых нябесных сузор’яў называюць у нашых краях зімовым, але можна было б і школьным: у перыяд летніх канікул яно паказваецца зусім ненадоўга, пад раніцу, а з восені да вясны ярка свеціць і ўначы. Аднойчы гэта заўважыў Канстанцін Абазоўскі, бо не раз гаварыў пра сябе, што жыве пад любімым су­зор’ем Арыёна. Нарадзіўся будучы настаўнік у невялічкай вёсцы Абухава 1 кастрычніка — якраз тады, калі Арыён набірае моц. Вучыўся ў Пліскай школе, сюды ж вярнуўся выкладаць гісторыю пасля заканчэння педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава ў Віцебс­ку. Акрамя настаўніцкай прафесіі, на той час малады чалавек паспеў ажыццявіць і другую сваю дзіцячую мару. Пачалося ўсё з таго, што ў ваколіцы адбылася незвычайная падзея: прызямліўся аднаматорны самалёт. Прадказальна, першымі на месца здарэння прыбеглі дзеці. Малы Косця смела падступіўся да пілота і спытаў, як стаць лётчыкам. Той параіў вучыцца на пяцёркі, займацца спортам, а пасля школы ісці ў Віцебскі аэраклуб. Так і атрымалася праз некалькі гадоў у маладога студэнта гістарычнага факультэта. Між іншым падчас трэніровачнага вылету на У-2 яму даводзілася прызямляцца ў роднай вёсцы. Можна ўявіць, якім аўтарытэтам і павагай карыстаўся Канстанцін Антонавіч у калег і мясцовай дзятвы! Да таго ж ён яшчэ і музыкай захапляўся. А як на губным гармоніку іграў! За год да Вялікай Айчыннай вайны яго прызвалі ў армію. Потым былі ваенна-авіяцыйнае вучылішча, першы паветраны бой над Паўночным Каўказам, Тамань, Крым, Кубань, Прыбалтыка… Лейтэнант Абазоўскі здзейсніў 106 паспяховых баявых вылетаў, асабіста знішчыў 11 танкаў, 3 самалёты, 2 самаходныя баржы, 139 аўтамашын, 26 зенітных кропак, шмат іншай варожай тэхнікі. Пазыўны для сябе штурмавік выб­раў пазнавальны і сімвалічны: Арыён, каго старажытныя грэкі называлі ў сваіх міфах сярод самых спрытных і ўдалых паляўнічых. Адважны лётчык нярэдка выконваў заданні камандавання менавіта як паляўнічы — гэта значыць без прыкрыцця знішчальнікаў, пераважна ў складаных метэрэалагічных умовах.

Загадчык школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Ігар Ганчароў

У красавіку 1944 года з-за ранення трапіў у шпіталь, дзе сустрэў сваю другую палавінку. Франтавы раман з прыгажуняй-масквічкай, авіястралком Аляксандрай развіваўся імкліва, неўзабаве яны ажаніліся. На жаль, лёс наканаваў ім кароткае шчасце. Апошняе паведамленне Арыён даслаў 26 кастрычніка 1944 года з неба над латвійскай Дагдай: кароткі даклад аб мэтах у вызначаным квадраце — і раптам сувязь абарвалася. Хутчэй за ўсё, лётчык не паспеў даведацца, што ў той жа дзень Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Сын Канстанціна Антонавіча нарадзіўся за лічаныя дні да Перамогі. У Бешанковічах у гонар славутага земляка названа вуліца. У маі мінулага года імя К.А.Аба­зоўскага атрымала Астровенская сярэдняя школа.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і з архіва Астровенскай сярэдняй школы