Як заўсёды, ярка і незабыўна

Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі, прысвечаны сёлета 75-годдзю Перамогі, па традыцыі праходзіў у апошнія дні мая і быў накіраваны на актывізацыю турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай работы з навучэнцамі, фарміраванне ў іх грамадзянскіх і патрыятычных якасцей. Тыдзень стаў і своеасаблівай падрыхтоўкай да летняга турыстычнага сезона. Якія мерапрыемствы праводзіліся з 23 па 30 мая? Якім, наогул, будзе турыстычнае лета — 2020? Якія змяненні ўнесены ў арганізацыю паходаў, палатачных летнікаў? Гэтыя і многія іншыя пытанні цікавяць кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю.

Спякотнае, наша любімае лета з асаблівым нецярпеннем чакаюць турысты-краязнаўцы. Пасля бясснежнай зімы (адпаведна адсутнасці магчымасці право­дзіць лыжныя паходы), дажджлівай і халоднай вясны (не самага спрыяльнага часу для вандровак) так хочацца, нарэшце, адправіцца ў паход з навучэнцамі і калегамі, любавацца краявідамі, наталяць смагу са сцюдзёных крыніц, акунацца ў прахалодныя рэкі і азёры, праводзіць доўгія цёплыя вечары каля вогнішча за цёплай сяброўскай гутаркай… Нарэшце, мы дачакаліся гэтых спякотных дзянькоў. Але ці пройдзе турыстычны сезон — 2020 гэтак жа актыўна і насычана, як і ў папярэднія гады? Рукзакі, палаткі, байдаркі, катамараны, веласіпеды нам спатрэбяцца? Ці ўсё ж гэты рыштунак прытры­маць да лепшых часоў?

Карыстацца рукзакамі, палаткамі, плаўсродкамі, веласіпедамі можна і трэба. Як адзначыла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, паходы як форму правядзення заняткаў у аб’яднаннях турыстычна-края­знаўчага профілю ў гэтым летнім сезоне ніхто не адмяняў. Як ніхто не адмяняў і сумесныя рэкамендацыі, прынятыя Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам аховы здароўя ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй і якіх педагогі павінны прытрымлівацца ў сваёй рабоце.

“Турыстычныя паходы з’яў­ляюцца найбольш цікавымі і карыснымі формамі дзейнасці ў фарміраванні здаровага ладу жыцця. Падчас удзелу ў турыстычных паходах навучэнцы аднаўляюць свае сілы, умацоўваюць здароўе. У цяперашняй сітуацыі прапануем удзя­ліць большую ўвагу адукацыйнаму, выхаваўчаму і творчаму кірунку турыстычнай дзейнасці. Правядзенне паходу ўключае не толькі само мерапрыемства, але і такія важныя этапы, як падрыхтоўка і падвядзенне вынікаў. На гэтых этапах магчыма выкарыстанне дыстанцыйных форм работы з дзецьмі. Падрыхтоўка можа ўключаць планаванне маршрутаў, вывучэнне матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, выкананне заданняў па пошуку даведачных матэрыялаў пра гісторыка-культурныя і прыродныя славутасці рэгіёнаў паходу”, — адзначыла Лідзія Андрэеўна.

Кожную сераду супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства праводзяць метадычныя анлайн-рэкамендацыі, падчас якіх даюць адказы на пытанні, што хвалююць турыстаў і краязнаўцаў. Значная частка такіх пытанняў тычыцца арганізацыі палатачных лагераў — найбольш папулярнай формы турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі ў летні перыяд. Па словах Лідзіі Андрэеўны, у часовых рэкамендацыях Міністэр­ства адукацыі і Міністэрствам аховы здароўя канкрэтна пра палатачныя лагеры не гаворыцца. Рэкамендацыі адрасаваны для ўсіх тыпаў лагераў. Таму кожны рэгіён павінен прымаць рашэнне аб правядзенні палатачнага лагера самастойна, у залежнасці ад сітуацыі, якая там склалася.

“На мой погляд, найбольшая складанасць заключаецца ў арганізацыі пражывання, турыстычнай групе неабходна браць максімальную коль­касць палатак, добра, каб з разлікам адна палатка на аднаго ўдзельніка паходу. Усё астатняе не такая ўжо і вялікая праблема ў плане выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Калі група рухаецца, калі дзеці рыхтуюць ежу, харчуюцца (кожны са свайго посуду), то лёгка прытрымлівацца дыстанцыі. Калі група пайшла ў паход, яна практычна ізалявана ад кантактаў з іншымі людзьмі”, — падзялілася Лі­дзія Андрэеўна.

Папулярнымі ў гэты летні сезон будуць непрацяглыя паходы па малой радзіме. І такія паходы падчас Рэспубліканскага тыдня турызму і краязнаўства ўжо актыўна праводзіліся. Напрыклад, у Асіповіцкім раёне пад агульнай назвай “Малая радзіма” адбыліся экспедыцыі, велапрабегі і паходы выхаднога дня па маршруце “Дараганава — Радуцічы — Лысая Гара — Слопі­шча — Дараганава” і інш. А падчас пешага паходу па маршруце “Бабруйск — Фарштат — Ламы — Сяліба — Бабруйск” была добраўпарадкавана тэрыторыя пахавання воінаў-вызваліцеляў і маракоў Дняпроўскай флатыліі, якія загінулі ў 1944 годзе.

У Рагачоўскім, Ельскім, Жлобінскім, Мазырскім раёнах адбыліся велапаходы “Сцяжынкамі роднага краю” па месцах баявых дзеянняў. Педагогі і навучэнцы Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ажыццявілі паход выхаднога дня па маршруце “Гомель — РНПЦ — 9-ы км Чарнігаўскай шашы (памятны знак) — Партызанская крынічка — Гомель”. Захапляльна правялі ты­дзень і навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка, здзей­сніўшы велапаход “Па дарогах вайны”. Па выніках гэтых і папярэдніх падарожжаў працягваецца запаўненне навучэнцамі “Дзённікаў вандроўніка”.

Па ўзроўні эмацыянальнага ўздзеян­ня з рэальнымі экскурсіямі і паходамі ні адно віртуальнае мерапрыемства, канечне, не параўнаецца. Аднак у сённяшняй сітуацыі анлайн-падарожжам варта ўдзяліць большую ўвагу. Менавіта з гэтай мэтай Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ініцыіраваў правядзенне Рэспубліканскага конкурсу турысцкіх відэаролікаў “Маршрутамі пераможцаў”, прысвечаных 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (з умовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайце ўстановы). Напрыклад, у рамках конкурсу навучэнцамі Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна (кіраўнік С.У.Лукашэнка) і навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах “Турызм і спартыўнае арыентаванне” Чэрыкаўскі цэнтр дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій (кіраўнік В.В.Трыфаненка) створаны слайд-фільмы па выніках ужо праведзеных пешых паходаў. Акрамя таго, РЦЭіК падрыхтаваны пералік музеяў, комплексаў, устаноў, на сайтах якіх падчас канікул можна здзейсніць віртуальныя экскурсіі. Рэкамендуецца актывізаваць анлайн-наведванне музеяў устаноў адукацыі. Пазнаёміцца з віртуальнымі музеямі ўстаноў адукацыі краіны можна таксама на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў раздзеле “Музеі ўстаноў адукацыі”.

У сярэдняй школе № 16 Гродна арганізавана віртуальнае наведванне школьнага народнага мінералагічнага музея “Карат”, які ўключаны ў інтэрактыўную карту аб’ектаў Гродзеншчыны для наведвання пры бязвізавым турыстычным рэжыме, удзел у анлайн-віктарынах па мінералогіі, азнаямленне з агляднымі і тэматычнымі экскурсіямі, прэзентацыямі. Установы адукацыі рэгіёна прымаюць удзел у рэалізацыі праекта па стварэнні інтэрактыўнай карты храмаў малой радзімы (напрыклад, ліцэй № 1 Гродна, гімназія № 6 Гродна). А вось у сярэдняй школе № 2 Росі Ваўкавыскага раёна старшакласнікамі створаны відэаролік “Я запрашаю вас на малую радзіму”, запісаны таксама аўдыягід экскурсійнага маршруту “Вайна пакінула сляды”.

У Віцебскай вобласці большая частка мерапрыемстваў тыдня праходзіла ў анлайн-рэжыме. Таксама была прадугледжана індывідуальная работа з навучэнцамі і ў малых групах з фондамі музеяў устаноў адукацыі, інтэрнэт-рэсурсамі, у бібліятэках устаноў адукацыі, на прыродзе. Так, на сайце Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі працавала анлайн-кіназала “Фільмы абласнога фестывалю мабільнага кіно “24 кадры Перамогі”, арганізаваны віртуальныя экскурсіі па музеях устаноў адукацыі вобласці “Музейная вандроўка”, віртуальныя экскурсіі “Падарожжа па малой радзіме”. У Верхнядзвінскім раёне рэалізаваны інтэрнэт-праект “След вайны ў гісторыі маёй сям’і”. У Шумілінскім раёне праведзены віртуальная экскурсія “Помнікі Беларусі”, віртуальная экскурсія па мемарыяльным комплексе “Хатынь”, віртуальная экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, завочная экскурсія “Вуліцы пасёлка, якія носяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны”. Цыкл віртуальных экскурсій на мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Чырвоны бераг” здзейснілі і навучэнцы Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча.

Названыя мерапрыемствы сведчаць пра тое, што ў летняй аздараўленчай кампаніі 2020 года ў аб’яднаннях па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю акцэнт робіцца на мерапрыемствах, прысвечаных юбілею Вялікай Перамогі. Яны праводзяцца ў рамках акцый “Беларусь памятае”, “Вялікай Перамозе — 75!”, грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, складаюцца інтэрактыўныя карты “Зорачка на карце раёна”. Напрыклад, навучэнцы і педагогі Брэсцкай вобласці актыўна сістэматызавалі інфармацыю пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны для прадстаўлення ў рэспубліканскім конкурсе “Вайны святыя старонкі навекі ў памяці людской” (намінацыя “Педагогі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”). У прыватнасці, навучэнцы Вялікарыцкай сярэдняй школы імя П.В.Саевіча Маларыцкага раёна сабралі матэрыял пра настаўніка матэматыкі Васіля Аляксандравіча Хапалюка.

Што тычыцца традыцыйных штогадовых лагераў на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і края­знаўства для юных краязнаўцаў, удзель­нікаў аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, юных экскурсаводаў, то ў сувязі з немагчымасцю выканаць часовыя медыцынскія рэкамендацыі (праграма лагераў заўсёды насычана актыўнымі масавымі мерапрыемствамі, экскурсіямі), яны гэтым летам праводзіцца не будуць. Адзінае, у НДЦ “Зубраня” будзе праходзіць палатачны лагер для ўдзельнікаў пошукавых атрадаў з выкананнем усіх санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

“У рамках рэспубліканскай спартакіяды быў запланаваны шэраг спаборніцтваў. Аднак большасць з іх былі перанесены на нявызначаны тэрмін. Наколькі будзе рэальна іх правесці ў далейшым, мы пакуль дакладна сказаць не можам. Спаборніцтвы, запланаваныя на пазнейшы час, магчыма, яшчэ адбудуцца. У гэтым годзе Беларусь прыме турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Першапачаткова даты правядзення злёту былі пастаўлены на чэрвень, аднак перанесены на верасень. Канчатковыя тэрміны яшчэ ўзгадняюцца. Ня­зменным застаецца месца правядзення злёту — Бабруйскі раён”, — паведаміла Лідзія Андрэеўна.

Турыстычнае лета — 2020 ужо цяпер відавочна стане асаблівым. Аднак гэта не значыць, што яно будзе менш захапляльным, не такім насычаным на цікавыя па­дзеі, не настолькі напоўнена яркімі ўражанні, чым у ранейшыя гады. Як і заўсёды, будзем падарожнічаць, бу­дзем удасканальваць нашы турыстычныя навыкі, будзем пазнаваць родны край. І будзем старацца не хварэць!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.