…Як жыта спрадвечная беларуская мова

- 17:00Нам пішуць

Радзіма, матуля, Беларусь, размаўляць, спяваць, мілагучная, свая… Такі асацыятыўны рад да слова мова падабралі пяцікласнікі 21-й сталічнай школы імя М.Ф.Гастэлы 21 лютага на ўроку беларускай літаратуры, калі ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы (у супадзенні лічбаў дзеці бачаць не выпадковасць, а знак звыш, каб старанна спасцігаць і захоўваць родную мову). Мы, настаўнікі, якія ўжо колькі гадоў аддана служым роднаму слову, заклікаючы дэталёва вывучаць родную мову, гэты рад працягваем па-свойму: жыццё, народ, годнасць, будучыня…

Вучні і педагогі з радасцю адгукнуліся на прапанову запамінальна адзначыць Дзень матчынай мовы. Бібліятэкар школы Аляксандра Віктараўна Міхно стварыла тэматычную выставу новых кніг з творамі-прысвячэннямі роднаму слову. Яна заклікала наведвальнікаў да знаёмства з цікавымі беларускамоўнымі выданнямі, дзе адлюстваваны блізкія маладому пакаленню сучасныя рэаліі.

Паэтычныя перапынкі сталі ўжо добрай святочнай традыцыяй. Вучні загадзя рыхтуюць вершы, кансультуюцца з настаўнікамі наконт дэкламацыі і заліхвацкі нясуць беларускае слова ў школьнае асяроддзе. Асабліва ўдзячная публіка — вучні пачатковых класаў, але хутка і яны складуць здаровую канкурэнцыю больш дасведчаным чытальнікам. Вершы выбіраюцца свежыя, энергічныя і гаваркія, каб слухачам было над чым паразважаць, а, можа, і загаварыць па-беларуску.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Сапега наладзіла ў кабінеце выставу “Побыт нашых продкаў”, дзе былі прадстаўлены ўжо знаёмыя са старонак твораў школьнай праграмы збанок, гэблік, начоўкі, цуглі і інш. Дэманстравалася жаночая сукенка, сшытая з ільнянога палатна натуральнага колеру і ўпрыгожаная арнаментам, і, канешне, традыцыйны абутак — лапці. Класны кіраўнік 9 “А” класа Алена Тадэвушаўна Ракавец правяла займальную віктарыну на веданне ўласна беларускіх слоў.

Прыемна, што цікавасць да роднай мовы ў грамадстве ўзрастае: часцей яе можна ўбачыць на рэкламных білбордах, таварных упакоўках, пачуць па тэлебачанні, у крамах ды і проста на вуліцы. Навукоўцы пацвярджаюць, што беларуская літаратурная мова перамясцілася з вёскі ў горад у іншай якасці: сёння гэта мова творчай нацыянальнай эліты. Верыцца, што моладзь будзе імкнуцца далучыцца да інтэлігенцыі не толькі па матэрыяльных паказчыках, а перш-наперш у духоўным плане, дзе мова — дзейсны сродак, неабходны фактар самавызначэння і асобаснага станаўлення кожнага сапраўднага беларуса. Кіруючыся прыкладам народнага паэта П. Панчанкі, “…песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю”. Прытуліце і вы, шаноўныя землякі!

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.