Якасць адукацыі ў сумеснай працы

- 10:49Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у адным з самых прыгожых куткоў Беларусі — Браслаўшчыне. А з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Віцебскай вобласці Іванам Антонавічам АБАРОВІЧАМ мы гаворым пра тое, чым жыве і як развіваецца сістэма адукацыі раёна.

— Іван Антонавіч, заканчваецца першая чвэрць, таму хочацца спытаць, як яна прайшла, з якім настроем?

— Самая галоўная задача першай чвэрці — гэта з першых дзён настроіць педагогаў і навучэнцаў на якасную працу, глабальную сумесную дзейнасць. На рэгіянальнай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі былі вызначаны стратэгічныя напрамкі дзейнасці аддзела і ўстаноў адукацыі. Застаецца толькі рэалізаваць тое, што задумана. І ў першую чаргу — дасягнуць пэўных поспехаў у алімпіядным руху, а затым, у канцы навучальнага года, быць з добрымі вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання, што забяспечыць нашым выпускнікам выбар упадабанай прафесіі. Усюды ў аснову ставіцца якасць — якасць працы і якасць адукацыі.

У кастрычніку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праходзіць школьны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У ім бяруць удзел усе жадаючыя навучэнцы. Пераможцы гэтага этапу прымуць удзел у раённым этапе, які пройдзе ў лістападзе — снежні.

Але не толькі вучобай жывуць нашы дзеці і педагогі. Установы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі прапаноўваюць шырокі спектр заняткаў для арганізаванай занятасці дзяцей і развіцця іх творчых здольнасцей. І, вядома ж, кастрычнік — гэта наша прафесійнае свята, дзень, які вельмі важны і для ветэранаў працы. Мы стараемся, каб усе адчувалі святочны настрой і еднасць вялікай педагагічнай сям’і раёна.

— Ці папоўніліся шэрагі педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі ? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?

— Практыка мэтавага прыёму на педагагічныя спецыяльнасці дазволіла адрасна камплектаваць установы адукацыі неабходнымі кадрамі. З 2013 па 2015 год у наш раён прыехалі 28 маладых спецыялістаў, з іх 6 вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Засталіся працаваць па месцы размеркавання (пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі) 7 маладых спецыялістаў. У 2016/2017 навучальным годзе ў раён прыбылі 9 маладых спецыялістаў. Гэта настаўнікі замежнай мовы, гісторыі, выхавальнік дашкольнай адукацыі, педагог-псіхолаг, інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце.

Мы яшчэ не можам гаварыць пра прафесійнае майстэрства гэтых маладых настаўнікаў, але тое, што яны вельмі пазітыўныя, цікавыя, адрозніваюцца жаданнем ствараць — гэта дакладна. Пацвярджэнне гэтага — удзел каманды Браслаўскага раёна ў фестывалі маладых спецыялістаў “Перспектыва”, які арганізуе Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Прэзентацыя каманды маладых спецыялістаў раёна адрознівалася творчым падыходам, незвычайнай формай і зместам. У выніку выступленне нашай каманды маладых спецыялістаў адзначана дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

— Іван Антонавіч, хачу спытаць пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай кампетэнтнасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК і якія метадычныя мерапрыемствы былі праведзены за першую чвэрць?

— Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца цэнтрам сістэматычнай, мэтанакіраванай, практычнай дзейнасці па арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў і кіруючых кадраў, забеспячэння метадычнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, накіраванага на павышэнне якасці адукацыі ў рэгіёне.

Спецыялісты РВМК праводзяць значную работу па асваенні педагогамі абноўленага зместу адукацыі, выяўленні, вывучэнні, абагульненні i распаўсюджванні эфектыўнай педагагічнай практыкі, метадычным суправаджэнні атэстацыі педагагічных работнікаў, работы з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, падрыхтоўцы педагогаў да сертыфікацыі на валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі, па падрыхтоўцы вучэбных і метадычных матэрыялаў да мерапрыемстваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму вучэбна-метадычны кабінет распрацоўвае праграмы функцыянавання і развіцця ўстаноў адукацыі і ў цэлым сістэмы адукацыі раёна. Метадычная работа будуецца на дыягнастычнай аснове з улікам асаблівасцей устаноў адукацыі і запытаў педагогаў.

Метадычная вучоба маладых спецыялістаў ажыццяўляецца праз арганізацыю такіх метадычных фарміраванняў, як майстар-класы, школы маладога настаўніка, настаўніцтва. Асноўнымі формамі работы з маладымі спецыялістамі і педагогамі з’яўляюцца індывідуальныя кансультацыі, семінары-практыкумы, адкрытыя вучэбныя і факультатыўныя заняткі, трэнінгі і круглыя сталы. Акрамя таго, педагагічныя работнікі раёна рыхтуюцца да першага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які будзе праходзіць у 2016 — 2017 гадах.

— Як ідуць справы з профільнымі класамі? Якія напрамкі выбралі вашы вучні? Ці ўзнікалі цяжкасці ў рабоце з бацькамі?

— У 2016/2017 навучальным годзе профільнае навучанне арганізавана ў 10-х класах і працягваецца ў 11-х класах для тых навучэнцаў, якія вучыліся ў профільных класах у 2015/2016 годзе. Найбольшай папулярнасцю сярод вучняў карыстаецца фізіка-матэматычны напрамак. Запатрабаваны руская, беларуская, замежныя мовы, грамадазнаўства, гісторыя. Цяжкасці ў рабоце з бацькамі не ўзнікалі. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла мэтанакіраваная тлумачальная работа, праведзеная адміністрацыяй і педагогамі ўстаноў адукацыі.

Профільнае навучанне павінна спрыяць выяўленню ў вучняў неабходных якасцей асобы і каштоўнасных арыентацый, ведаў, уменняў, навыкаў, звязаных з будучай прафесійнай дзейнасцю. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце па прафілізацыі вучэбнага працэсу, наша Браслаўская гімназія трэці год запар уваходзіць у лік сотні лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Іван Антонавіч, а якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— У цяперашні час больш за ўсё турбуе дэмаграфічная сітуацыя, вынікам якой з’яўляецца памяншэнне колькасці вучняў у сельскіх школах, рэарганізацыя сельскіх навучальных устаноў, а затым і ліквідацыя. Асаблівасць нашага раёна — гэта вялікая колькасць населеных пунктаў, шмат хутароў. У падвозе дзяцей задзейнічаны 14 аўтобусаў, якія штодня праязджаюць каля трох тысяч кіламетраў. Але мы выдатна разумеем, што ў дзейнасці ўстаноў адукацыі неабходна ўлічваць эканамічную мэтазгоднасць, таму пытанні ліквідацыі вырашаем акуратна, каб як мага менш траўміраваць і навучэнцаў, і бацькоў, і педагогаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.