Якасць і прэстыж навучання — гэта і магчымасць камфортнага пражывання

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

У мінулую суботу міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў інтэрнаты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у якіх праводзіцца рамонт да новага навучальнага года.

“Неабходна стварыць камфортныя ўмовы ў месцах пражывання студэнтаў. Рамонт у студэнцкіх інтэрнатах праходзіць у максімальна сціснутыя тэрміны — гэтую работу неабходна завяршыць да пачатку навучальнага года. Пры гэтым не павінна пацяр­пець якасць. Мы будзем трымаць на пастаянным кантролі і штотыдзень праводзіць маніторынг ходу і графіка выканання работ у гэтым комплексе інтэрнатаў.

Прыемна, што да работы прыцягваюцца студэнцкія будаўнічыя атрады. Для іх гэта магчымасць не толькі падзарабіць, але і прайсці практыку, набыць навыкі будаўнічай прафесіі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Сёння ў БНТУ рамонтныя работы праводзяцца ў цэлым комплексе інтэрнатаў. У прыватнасці, у інтэрнатах, дзе размяшчаюцца замежнікі і студэнты прыборабудаўнічага факультэта, а таксама горнай справы і інжынернай экалогіі.

 “Па рашэнні кіраўніка дзяржавы нам быў перада­дзены інтэрнат № 14 (ад Акадэміі кіравання). І па рашэнні прэзідэнта былі выдзелены сродкі на капітальны рамонт знешніх сетак, уцяпленне, замену вокнаў і часткі даху ў комплексе інтэрнатаў, — расказаў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Адначасова Міністэрствам адукацыі былі выдзелены дадатковыя рэсурсы, каб правесці бягучыя рамонты ўнутры ўсіх інтэрнатаў: у жылых пакоях, кухнях, санвузлах, душавых”.

Частка работ праведзена, напрыклад, у інтэрнаце № 14, дзе студэнты ўжо жылі ў адрамантаваных пакоях. Разам з тым на летні перыяд перад кіраўніцтвам універсітэта стаяць амбіцыйныя планы. Аб’ём работ вялікі, таму кантроль ажыццяўляецца штодзень. У кожным інтэрнаце працуюць студэнцкія будаўнічыя атрады, якія дапамагаюць рыхтаваць памяшканні для рамонту, што значна паскарае працэс.

Ігар Карпенка звярнуў увагу, што да новага навучальнага года варта абсталяваць неабходным інвентаром кухні і спартыўныя пакоі, размешчаныя ў інтэрнатах, а таксама ўладкаваць пакоі для самападрыхтоўкі.

Сёння ў распараджэнні студэнтаў і выкладчыкаў БНТУ знаходзіцца 17 інтэрнатаў. У Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт імкнуцца паступіць не толькі абітурыенты нашай краіны, але і грамадзяне іншых дзяржаў. У цяперашні час у БНТУ вучацца больш за 1500 замежных студэнтаў з 33 краін свету. Якасць і прэстыж навучання ўключае і магчымасць камфортнага пражывання, прычым для ўсіх студэнтаў.

“Мы прыкладзём максімум намаганняў, каб усе нашы студэнты 1 верасня пачалі вучыцца і жыць у сучасных умовах”, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.