Якасць, кампетэнтнасць, дысцыпліна

- 9:20Адукацыйная прастора

На базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам па яе ўдасканаленні ў бягучым. У рабоце калегіі ўдзельнічаў намеснік старшыні аблвыканкама Г.І.Барысюк.

Начальнік галоўнага ўпраў­лення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прас­мыцкі расказаў, што летась на Брэстчыне працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, павышэнні яе якасці. Ажыццяўляліся аптымізацыя і рэарганізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, умацаванне іх матэрыяльнай базы.

Сёння ў вобласці дзейнічаюць 572 установы дашкольнай і 501 агульнай сярэдняй адукацыі. Дашкольныя ўстановы наведваюць каля 62 тысяч дзяцей. Ахоп дашкольнай адукацыяй — 94,5%. Забяспечанасць месцамі ў дзіцячых садах — каля 92%. Дэфіцыт месцаў назіраецца ў Брэ­сце, Брэсцкім і Столінскім раёнах. Значная колькасць устаноў укамплектавана дзецьмі звыш нормы. Павялічваецца колькасць груп кароткачасовага знаходжання.

Адукацыйны працэс у дашкольных установах забяспечваюць 5,3 тысячы выхавальнікаў, з якіх 68% маюць вышэйшую адукацыю (профільную вышэйшую — 67%), 28% — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Назіраецца станоўчая дынаміка ў аснашчэнні дашкольных устаноў сродкамі выхавання і навучання (каля 85%). У той жа час надворным абсталяваннем аснашчаны толькі каля 70% дзіцячых садоў.

У школах атрымліваюць веды 168 тысяч вучняў. Іх колькасць, як і колькасць дашкольнікаў, з году ў год павялічваецца. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 16,3 тысячы настаўнікаў. З іх 81% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Лепшыя паказчыкі ў Лунінецкім і Ганцавіцкім раёнах, Баранавічах і Пінску. 50 педагогаў — настаўнікі-метадысты. Больш за ўсё іх у Баранавічах, Пінску і Брэсце, а таксама ў Івацэвіцкім раёне.

Вялікая ўвага ўдзяляецца профільнаму навучанню. Профільныя класы адкрыты ў многіх установах адукацыі. Сярод іх асабліва вылучаюцца класы педагагічнага і аграрнага кірунку. Старшакласнікі прахо­дзяць прафесійную падрыхтоўку на базе школ, устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама на міжшкольных факультатывах.

Па-ранейшаму не радуюць вынікі алімпіяднага руху. На працягу многіх гадоў Брэстчына застаецца ў канцы турнірнай табліцы ў рэспуб­ліканскай прадметнай алімпіядзе. З году ў год высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць установы Брэста і Баранавіч. На жаль, у шэрагу гімназій і ліцэяў адсутнічае сістэмная работа з адоранымі вучнямі, пра што сведчаць шматгадовыя нулявыя вынікі ў алімпіядным руху.

Выклікае заслужаныя нараканні дзей­насць Брэсцкага абласнога ІРА ў галіне якаснага метадычнага суправаджэння педагогаў, алімпіяднага руху, конкурсаў прафмайстэрства.

Намаганні ўстаноў прафесійнай адукацыі накіраваны на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы. На жаль, план прыёму ў ПТНУ і ССНУ не выконваецца цалкам. Існуюць пэўныя цяжкасці з арганізацыяй мэтавай падрыхтоўкі.

Актывізавалася работа па за­мацаванні за ўстановамі прафесійнай адукацыі базавых прадпрыемстваў. Пералік спе­цыяль­насцей, па якіх вядзецца пад­рыхтоўка, штогод перагледж­ваецца і абнаўляецца з улікам сітуацыі на рынку працы. На жаль, многія выпускнікі не затрымліваюцца надоўга на першых рабочых мес­цах з-за нізкіх заробкаў.

Асноўная задача сістэмы прафесійнай адукацыі — якас ць падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з сучасным узроўнем вытворчасці. З гэтай мэтай на базе УПА пра­цуюць рэсурсныя цэнтры. Сярод іншых задач — аптымізацыя структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў, сеткі ўстаноў, мадэрнізацыя іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння УПА з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і інш.

— Перад сістэмай адукацыі Брэстчыны стаіць шмат актуальных задач, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Сярод іх — забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, вырашэнне праблемы недахопу месцаў у дзіцячых садах, дэфіцыту высокакваліфікаваных настаўнікаў фізіка-матэматычнага цык­ла і выхавальнікаў з профільнай адукацыяй, удасканаленне здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, актывізацыя даследчай дзейнасці вучняў, папулярызацыя педагагічных класаў, зніжэнне дакументаабароту, аснашчэнне школьных працоўных майстэрань сучасным абсталяваннем, павышэнне вучэбнай дысцыпліны, кантролю і якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, прафесійнага майстэрства педагогаў і кампетэнтнасці кіраўніцкіх кадраў, асабліва ў ІТ-сферы, фарміраванне інфармацыйнай культуры, здаровага ладу жыцця і трывалых каштоўнасных арыенціраў у моладзі, пошук новых форм выхаваўчай работы і ўзаемадзеяння з сям’ёй, удасканаленне сістэмы дадатковай адукацыі, паляпшэнне якасці педагагічнага суправаджэння дзяцей з АПФР, замацаванне маладых спецыялістаў на рабочых месцах (да 90%), стварэнне ўмоў для іх прафесійнага росту, развіццё дыстанцыйнай формы арганізацыі адукацыйнага працэсу… Магчымасцей для выканання пастаўленых задач дастаткова.

З гэтым пагадзіўся намеснік старшыні аблвыканкама Г.І.Барысюк: “Сістэма адукацыі Брэстчыны валодае добрым кадравым патэнцыялам, але адчувальных вынікаў гэта не дае. Не хапае адказнасці, выканальніцкай дысцыпліны і пэўных прафесійных кампетэнцый. Неабходна павышаць кіраўніцкую культуру і прафесіяналізм”.

Напрыканцы мерапрыемства лепшыя педагогі, кіраўнікі, установы адукацыі і аддзелы па адукацыі атрымалі ўзнагароды ад Брэсцкага аблвыканкама і галіновага прафсаюза. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” ўручаны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры І.С.Вакульчык з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска, дырэктару Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна В.Р.Ізотаву і загадчыцы Камянецкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.У.Кірылюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.