Якая сістэма дапамогі дзецям з аўтызмам і іх сем’ям створана ў Мінску?

- 16:10Образование

Персанальнае суправаджэнне, “Інфарматыка без разеткі”, заняткі па плаванні, інфармацыйная падтрымка. Што прапануюць дзецям з аўтызмам і іх сем’ям у сталіцы, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Мінскага гарадскога ЦКРНіР Вольга Капліна.

Вольга Уладзіміраўна з’яўляецца членам кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Сёння ў Мінску вучыцца 1490 дзяцей з аўтызмам — гэта 4% ад агульнай колькасці вучняў і выхаванцаў з АПФР. У параўнанні з 2021 годам такіх дзяцей стала больш на 76%, — паведаміла Вольга Уладзіміраўна. — Ва ўмовах інтэграцыі займаюцца 77% дзяцей з аўтызмам, а ва ўстановах спецыяльнай адукацыі — 19%. Па медыцынскіх паказаннях для ўсіх, хто мае патрэбу, арганізавана навучанне дома: у 2024 годзе гэта 60 дзяцей з аўтызмам (4% ад агульнай колькасці). Па праграмах асноўнай адукацыі займаецца 31 дзіця, 10 з іх у класах сумеснага навучання і выхавання.

Дзяцей з аўтызмам складана сацыялізаваць і вучыць з-за праблем паводзін. Для гэтага патрэбны спецыяльныя ўмовы. У розным тэмпе, з рознай выніковасцю, але ж кожны з іх паступова рухаецца да ўзаемадзеяння з людзьмі. Такія дзеці маюць патрэбу ў персанальным суправаджэнні, таму ўводзяцца дадатковыя стаўкі выхавальнікаў.

З 2022 года Мінскім гарадскім педагагічным каледжам вядзецца набор груп па спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне” з прысваеннем кваліфікацыі “выхавальнік”. Першы выпуск 25 спецыялістаў адбудзецца ў наступным годзе. А ў гэтым навучальным годзе набор склаў 50 чалавек.

— Адчуваецца недахоп у кваліфікаваных кадрах. Нам патрэбны педагогі з універсальнымі кампетэнцыямі, якія гатовы да работы з усім класам, дзе займаюцца розныя вучні, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — На жаль, педагогі часта мяняюцца, у тым ліку з-за прапаноў аб працаўладкаванні ў прыватныя структуры і з-за высокага ўзроўню прафесійнага выгарання. Маладыя выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў не заўсёды гатовы да такой работы.

З 2018 года на базе Мінскага гарадскога ІРА арганізавана павышэнне кваліфікацыі для выхавальнікаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія ажыццяўляюць персанальнае суправаджэнне (2 разы на год). На практычныхі трэнінгавых занятках педагогі асвойваюць навыкі самарэгуляцыі, пераадолення эмацыянальных праблем. У Мінску функцыянуюць 10 рэсурсных цэнтраў на базе ўстаноў адукацыі, якія ўзаемадзейнічаюць з універсітэтамі і навуковымі арганізацыямі. Тры з іх працуюць больш — з 2013 года. Штогод на іх базе праводзіцца каля100 мерапрыемстваў, рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты.

На сайце камітэта па адукацыі размешчана інтэрактыўная карта дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі для асоб з АПФР.

— Значным дасягненнем стала арганізацыя бясплатных заняткаў па плаванні для дзяцей з аўтызмам на базе 36 устаноў адукацыі Мінска, — падкрэсліла суразмоўніца. — У бягучым навучальным годзе такія аздараўленчыя заняткі наведваюць 223 дзіцяці з РАС, 71 інструктар прайшоў спецыяльнае навучанне ў ІПКіП БДУФК.

У гэтым навучальным годзе 5 сталічных дзіцячых садоў і гарадскі ЦКРНіР сталі ўдзельнікамі сумеснага праекта Міністэрства адукацыі і ПВТ па апрабацыі праграмы дадатковай адукацыі для дзяцей з аўтызмам “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”.

Рэалізаваць прынцып інклюзіі немагчыма без фарміравання інклюзіўнай культуры грамадства. Сёлета па ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму была адкрыта мастацкая выстава работ дзяцей з аўтызмам з сімвалічнай назвай “РАСпрекрасен этот мир”. Яна была прадстаўлена і ў Міністэрстве адукацыі, камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза.

Бацькам дзяцей з РАС аказваецца ўсебаковая інфармацыйная падтрымка. Ствараюцца бацькоўскія клубы, праводзяцца віртуальныя кансультацыі, працуе агульнадаступная група ў Facebook “Рэсурсны цэнтр комплекснай дапамогі дзецям з РАС. Мінскі гарадскі ЦКРНіР”, а з мая 2023 — Telegram-канал “ПРА_АУТЫЗМ”.

— Асаблівая ўвага — прафесійнаму самавызначэнню выпускнікоў з аўтызмам, — адзначае А.Капліна. — Па ініцыятыве камітэта па адукацыі сумесна з БДУІР распрацаваны эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі забеспячэння карэкцыйна-развіццёвага адукацыйнага асяроддзя для інтэграцыі асоб з расстройствам аўтыстычнага спектра ў адукацыю ў сферы інфармацыйных тэхналогій” (2024—2029 гг.). У праект уключаны 8 сярэдніх і 1 спецыяльная школа.

Наспелі і іншыя пытанні, якія знаходзяцца па-за сферай кампетэнцыі ЦКРНіР, але рашэнне якіх магло б дапамагчы ў арганізацыі іх работы. Вольга Капліна прапанавала ўключыць у вучэбныя планы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны план ЦКРНіР для навучэнцаў з РАС (прадугледжаны артыкулам 283 Кодэкса аб адукацыі); распрацаваць і укараніць у практыку работы праграмы карэкцыйных заняткаў “Фарміраванне сацыяльных паводзін” і “Фарміраванне навыкаў камунікацыі і ўзаемадзеяння” для дзяцей з РАС, якія прадугледжаны ў тыпавым вучэбным плане спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі і вучэбных планах спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі; распрацаваць айчынныя методыкі фарміравання сацыяльных паводзін і навыкаў камунікацыі. У адпаведнасці з пунктам 21 артыкула 273 Кодэкса аб адукацыі, неабходнасць і форму персанальнага суправаджэння вызначае псіхолага-медыка-педагагічная камісія ЦКРНіР. Павінны быць крытэрыі для рэкамендацыі формы такога суправаджэння. Таксама на ПМПК даюцца рэкамендацыі аб стварэнні спецыяльных умоў для атрымання адукацыі дзіцяці з РАС. На думку В.Каплінай, трэба распрацаваць комплекс спецыяльных умоў для выкарыстання пры навучанні дзяцей з РАС, прычым асобна для дзіцячых садоў і школ.

Даведка

ЦКРНіР адведзена каардынуючая роля ў рабоце з дзецьмі з аўтызмам. Галоўная задача — забяспечыць для іх даступнасць атрымання адукацыі па месцы жыхарства. У верасні 2022 года на базе сталічнага ЦКРНіР створаны гарадскі метадычны савет пад кіраўніцтвам В.Каплінай па навучанні і выхаванні дзяцей з аўтызмам. Членамі савета з’яўляюцца спецыялісты ЦКРНіР і гарадскіх рэсурсных цэнтраў комплекснай дапамогі. Яго ўдзельнікі знаёмяцца з эфектыўным педвопытам.  

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены Мінскім гарадскім ЦКРНіР