ЯКІ ПЕДАГОГ — ТАКІ І ВЫХАВАНЕЦ

21 красавіка з вялікай увагай праслухала Пасланне Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Асаблівую цікавасць выклікалі тыя слушныя аргументы, якія датычаць сістэмы адукацыі і асобы настаўніка.

Здаўна вядома: які настаўнік і школьны калектыў — такая і якасць адукацыі, такая і выхаванасць вучняў. А дакладней, якая асоба настаўніка, такое і грамадства. Пра гэта сведчыць увесь мой педагагічны і выкладчыцкі вопыт.

Я вывучала праблему сацыяльна-прафесійных каштоўнасцей педагога за мяжой падчас постдоктарскай стажыроўкі ў Гумбальдскім універсітэце (Германія, 2008—2009), у якасці эксперта міжнароднай адукацыйнай праграмы “Філалагічная адукацыя ў Еўропе, 2013” (Аўстрыя, Германія, Чэхія, Польшча), у якасці кіраўніка сумеснага з польскімі навукоўцамі Еўрапейскага пілотнага праекта “Gdzie bije zrodlo…” (2015) і інш. У выніку з’явілася ідэя выявіць сацыяльна-прафесійныя каштоўнасці беларускіх педагогаў.

У 2015 — пачатку 2016 года мы правялі адпаведнае даследаванне на Брэстчыне. Яно дапамагло акрэсліць значныя фактары, якія ўплываюць на эфектыўнасць падрыхтоўкі педагога. Асобныя фрагменты згаданага даследавання адлюстраваны ў гэтым артыкуле.

Напэўна, кожны пагодзіцца з тым, што настаўнік павінен валодаць не толькі высокім узроўнем прымянення сучасных тэарэтычных і педагагічных ведаў. У першую чаргу, ён павінен быць знаўцам і дэманстрантам высокай культуры мыслення, чалавечых зносін, у якіх значнае месца займае разумная інтэграцыя матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. І калі гэта якасць адсутнічае ў філасофіі жыцця настаўніка, то ён не зможа выхаваць яе і ў сваіх вучнях. А яна, па сутнасці, галоўная ў чалавечым жыцці, бо чалавек, якога не навучылі знаходзіць суадносіны матэрыяльнага і духоўнага, ненасытны ў сваіх матэрыяльных жаданнях.

Каб вызначыць ролю сацыяльна-прафесійных каштоўнасцей у жыцці школы, настаўніцкага і вучнёўскага асяроддзя, мы правялі апытанне больш за 300 настаўнікаў-практыкаў з трох раёнаў Брэстчыны: Баранавіцкага (метадыст вучэбна-метадычнага кабінета А.М.Мамончык), Камянецкага (загадчык раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму В.Н.Грыцук) і Маларыцкага (загадчык раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.М.Лаўрэенка).

Падчас анкетавання намі выяўляліся дамінуючыя сацыяльна-прафесійныя каштоўнасці і каштоўнасныя арыентацыі настаўнікаў, вызначалася спецыфіка іх фарміравання. Напрыклад, адказваючы на пытанне “Якія каштоўнасці важныя для мяне як кіруючыя прынцыпы ў маім жыцці і якія каштоўнасці менш важныя для мяне?” (усяго прапаноўвалася 40 каштоўнасцей), неабходна было вылучыць найбольш значныя, ацаніць, наколькі важная для кожнага педагога тая ці іншая каштоўнасць.

Больш за 80% апытаных педагогаў выключна важнымі каштоўнасцямі назвалі дабрыню, здароўе, шчасце. Больш за 75% назвалі важнымі творчасць, веру, матэрыяльна забяспечанае жыццё, шчаслівае сямейнае жыццё, грамадскі парадак, эрудыцыю. Больш за 60% апытаных указалі на значнасць мірнага жыцця, актыўнага жыцця, нацыянальнай бяспекі, упэўненасці ў сабе.

На пытанне “Якія каштоўнасці ў найбольшай ступені рэалізаваны ў маім жыцці?” больш за 90% рэспандэнтаў адказалі, што гэта выхаванасць, жыццярадаснасць, самастойнасць у планаванні і арганізацыі сваёй дзейнасці і дзейнасці дзяцей, сумленнасць, добразычлівасць, валоданне вышэйшымі ўзорамі педагагічных метадаў і прыёмаў. Больш за 60% адзначылі таксама рацыяналізм, прафесійную рэфлексію, павагу.

Як бачым, прыярытэтныя для большасці педагогаў якасці звязаны як з матэрыяльнай, так і з духоўнай культурай. Такая разумная інтэграцыя матэрыяльнага і духоўнага з’яўляецца асновай паспяховасці працэсу навучання і выхавання асобы, здольнай пазней самастойна адаптавацца ў соцыуме.

Акрамя таго, мы адзначылі, што жыццё педагога — гэта таксама пераважна каштоўнаснае асяроддзе, дзе рэальныя штодзённыя ўчынкі вызначаюцца не абстрактнымі светапогляднымі ўяўленнямі, а канкрэтнымі каштоўнаснымі арыентацыямі асобы педагога і яго іміджам у соцыуме.

Аналізуючы атрыманыя вынікі апытання педагогаў і паспяховыя практыкі розных краін (Аўстрыі, Германіі, Польшчы і інш.) у галіне падрыхтоўкі і прафесійнага развіцця настаўнікаў, мы вызначылі тыя шляхі, якія, на наш погляд, дазваляюць падрыхтаваць педагога да работы ў сучасных інфармацыйна-адукацыйных і полікультурных сістэмах.

Назавём найбольш важныя фактары, якія ўплываюць на эфектыўнасць падрыхтоўкі педагога, каб ён у дастатковай ступені валодаў сацыяльна-прафесійнымі каштоўнасцямі.

Па-першае, прыцягваючы маладых людзей у педагагічную прафесію, неабходна ўлічваць не толькі іх здольнасць да атрымання прафесійнай кваліфікацыі, але і такія цяжкавымерныя, але неабходныя для педагога якасці, як добрыя манеры, аптымізм, сумленнасць, шчырасць, добразычлівасць, павага да сябе і іншых.

Па-другое, неабходна падрабязна апісаць тое, што павінен ведаць і ўмець настаўнік у адносінах да педагагічнай культуры і культуры зносін.

Па-трэцяе, неабходна зрабіць менш акадэмічную мадэль навучання педагогаў. Яна павінна спалучаць у сабе тэорыю і практыку так, каб падрыхтаваць настаўніка да работы ў школе не толькі прафесійна, але і маральна, адзначыўшы пры гэтым абавязковае валоданне і выкананне ім маральных патрабаванняў.

Па-чацвёртае, неабходна стварыць такія гібкія мадэлі перападрыхтоўкі педагогаў, якія дазвалялі б людзям з любой адукацыяй і кваліфікацыяй, пры наяўнасці высокіх маральных якасцей і жадання вучыць дзяцей, прыйсці ў прафесію.

Па-пятае, неабходна пастаянна абнаўляць не толькі спецыялізаваныя веды ў пэўнай прадметнай галіне і методыку выкладання з улікам найноўшых змен, але і ствараць умовы для пастаяннага абмену інфармацыяй і ідэямі паміж усімі зацікаўленымі: школамі, універсітэтамі, прамысловым сектарам і інш.

Па-шостае, з мэтай павышэння эфектыўнасці адукацыі і выхавання пастаянна падтрымліваць ва ўстановах адукацыі дух навукі і высокай культуры зносін педагогаў і навучэнцаў.

Па-сёмае, неабходна забяспечыць пастаяннае прафесійнае і інтэлектуальна-маральнае развіццё настаўнікаў. Для гэтага павінны быць створаны рознаўзроўневыя і многаступеньчатыя праграмы павышэння кваліфікацыі па культуры зносін як для пачынаючых настаўнікаў, так і для вопытных настаўнікаў-практыкаў.

Па-восьмае. Адным з сур’ёзных недахопаў сістэмы адукацыі з’яўляецца той факт, што яна, на жаль, не ўлічвае пры аплаце працы асобасныя і сацыяльна-маральныя каштоўнасці педагога, якія практычна не паддаюцца вымярэнню, але вельмі важныя і значныя, як, зрэшты, і не прадугледжвае сістэму заахвочванняў за дэманстрацыю настаўнікам на практыцы высокай культуры зносін. Усё гэта, на наш погляд, тармозіць працэс прафесійнага і асобаснага развіцця педагога і значна зніжае яго аўтарытэт, а таксама імідж навучальнай установы ў соцыуме, у тым ліку цікавасць навучэнцаў да педагагічнай прафесіі.

Нам здаецца, што патрэбна спачатку распрацаваць такія крытэрыі, потым прадумаць і залажыць іх у ацэнку працы настаўніка, бо супадзенне галоўных жыццёвых каштоўнасцей настаўнікаў-калег умацоўвае ўзаемаадносіны ў калектыве, а разыходжанне або канфлікт каштоўнасцей ставіць і ўзаемаадносіны, і якасць навучання, і фарміраванне духоўна-маральных якасцей навучэнцаў пад пагрозу.

У сувязі з гэтым хочацца нагадаць пастулаты ўплыву навукі на развіццё асобы, грамадства і дзяржавы, якія вывелі браты Стругацкія ў рамане “Цяжка быць Богам”: “Ніякая дзяржава не можа развівацца без навукі — яе знішчаць суседзі. Без мастацтваў і агульнай культуры дзяржава страчвае здольнасць да самакрытыкі, пачынае падтрымліваць памылковыя тэндэнцыі, пачынае штосекундна параджаць крывадушнікаў, развівае ў грамадзянах спажывальніцтва і саманадзейнасць і ў рэшце рэшт зноў-такі становіцца ахвярай больш разважных суседзяў”. Сёння ўсё гэта ўспрымаецца асабліва актуальна.

Такім чынам, эфектыўнае спалучэнне і праяўленне матэрыяльных і духоўных каштоўнасных арыентацый (інтарэсаў, уяўленняў, перакананняў, поглядаў, пачуццяў, прынцыпаў паводзін) педагога з’яўляецца для навучэнцаў узорам для пераймання і асновай для спасціжэння жыццёвых арыенціраў.

Таму ўзор гэты павінен быць як навукова, так і маральна бездакорным. Толькі тады можна спадзявацца на гармонію адносін “вучань — настаўнік”, высокую матывацыю вучняў, павышэнне якасці адукацыі і выхавання, а значыць, на пастаяннае інтэлектуальнае развіццё асобы і эканамічнае развіццё дзяржавы.

Марыя ЖЫГАЛАВА,
доктар педагагічных навук, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, заслужаны настаўнік Беларусі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *