Якія прычыны падштурхоўваюць дзяцей да хлусні, і ці могуць нявыкананыя абяцанні перакрэсліць давер да баць­коў

- 15:12Интервью, Приложение, Психолог в школе

Доктар Хаус сказаў, што хлусяць усе. Некаторыя — рэдка, іншыя — пастаянна. Але за любой хлуснёй хаваецца страх быць непрынятымі. Што ляжыць у аснове псіхалогіі падману? Як распазнаць ілжывага чалавека і што адбываецца з дзецьмі, калі мы ім хлусім, а яны хлусяць нам? Адказы на гэтыя пытанні дапамог знайсці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” доктар псіхалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ігар Аляксандравіч Фурманаў.

— Ігар Аляксандравіч, ці праўда, што хлусяць усе? Якія прычыны падштурхоўваюць да хлусні?

— Так, гэта насамрэч праўда, хлусяць усе. А самы вялікі падманшчык — той чалавек, які гаворыць, што ён ніколі не хлусіць. Феномен падману заключаецца ў тым, што ён некаторымі людзьмі ўспрымаецца не як падман, а гэта памылковае меркаванне. Падман — гэта скажэнне фактаў рэальнасці для ўласнай выгады. Што тычыцца прычын, чаму людзі так робяць, то іх вельмі многа і ўсе яны вельмі індывідуальныя. Тым не менш ёсць асноўныя фактары, якія спрыя­юць таму, каб схлусіць. Самы першы — гэта жаданне чалавека здавацца і быць лепшым, чым ён ёсць насамрэч. У псіхалогіі існуе феномен сацыяльнага параўнання. Мы жывём у акружэнні іншых людзей, таму свядома ці несвядома параўноўваем сябе з іншымі. Калі бачым, што іншыя ў некаторых рысах характару, здольнасцях, матэрыяльных ці нематэрыяльных рэсурсах пера­ўзыходзяць нас, хочацца быць такімі ж, як яны, альбо лепшымі. Паколькі такіх асабістых рэсурсаў у чалавека можа не хапаць, ён звяртаецца да псіхалагічнай абароны і паказвае тым, хто побач, што ён такі ж, але гэта няпраўда.

Мы заўсёды беражом сваю самаацэнку, бо яна — самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. У сітуацыях, калі ў адносінах да яе ўзнікае знешняя пагроза, мы пачынаем хлусіць. Відавочна, каб захаваць яе і не здавацца горшымі, чым тыя, хто побач.

Другая прычына падману, якая ў большай ступені характэрна для дзяцей, — гэта страх пакарання. Звычайна за нейкія няправільныя, з пункту гледжання бацькоў, рэчы дарослыя караюць дзяцей. Дзіця вельмі балюча перажывае пакаранне па адной важнай прычыне. Справа ў тым, што ў кожнага дзіцяці ёсць свае патрэбы, якія яно хоча задаволіць. У астатніх членаў сям’і, дзе жыве дзіця, яны таксама ёсць. І гэта нармальна, што кожны імкнецца да таго, каб атрымаць тое, што хоча. Але ўнутры сям’і ёсць свае нормы і правілы, прапісаныя дарослымі. Атрымліваецца, што дзіця знаходзіцца ў сітуацыі супярэчнасці: яно хоча нечага, але гэтаму перашкаджа­юць усталяваныя правілы і тыя патрэбы, якія мама ці тата імкнуцца навязаць малому (гэта ж правільна, з іх пункту гледжання!). Што робіць дзіця ў такой сі­туацыі? Тут ёсць два рашэнні: альбо малы атрымлівае тое, што яму трэба, за межамі дома, альбо падманвае бацькоў.

Банальная сітуацыя, калі мама пытаецца, ці мыла дзіця рукі. Што рабіць малому, якому не хочацца іх мыць? Безумоўна, яно скажа, што рукі памытыя, бо ў адваротным выпадку яго прымусяць гэта зрабіць, узнікне канфлікт і настане пакаранне. Пачуўшы, што рукі чыстыя, мама супакоіцца, яна не праверыць, праўда гэта альбо не.

У такім выпадку падман становіцца спосабам пазбягання пакарання і задавальнення сваіх патрэб. Калі такая сітуацыя паўтараецца многа разоў, падман становіцца пастаянным інструментам атрымаць жаданае.

Тое самае тычыцца дамашніх заданняў. Мама можа спытацца, ці выканала яго дзіця. Безумоўна, адказ будзе станоўчым. Але не пашанцуе, калі мама праверыць, ці так гэта. У гісторыі з памытым посудам не падманеш, бо па талерках будзе відаць з аднаго толькі позірку, чыстыя яны ці не. Але ёсць некаторыя рэчы, калі бацькі вераць на слова дзецям, чым і падмацоўваюць іх жаданне падманваць.

— Значыць, трэба сказаць: я ведаю, што ты гаворыш няпраўду.

— А калі мама памыляецца? Што рабіць у такім выпадку: ісці і па руках вызначаць, ці чыстыя яны, альбо правяраць ручнік? Гэта ўжо атрымліваецца нездаровы гіперкантроль. Калі мама ходзіць і правярае кожны крок дзіцяці, гэта горш за падман і яшчэ больш узмацняе яго жаданне падмануць.

Усе выпадкі, пра якія гаворым, — гэта просты падман. Калі ўзнікае гіперкантроль, дзіця пачынае шукаць іншыя, больш удасканаленыя, спосабы хлусні. У яго з’яўляюцца цэлыя стратэгіі, алібі для сябе. Ці трэба гэта бацькам? Пытанне рытарычнае.

Самая дзейсная парада, калі бачыце, што дзіця дакладна падманвае, — гэта не караць яго, а пагаварыць, даведацца, якія прычыны былі, каб сказаць няпраўду. І няхай яно тлума­чыць, а вы заставайцеся спакойнымі і слухайце.

Толькі пасля абавязкова скажыце, што вам вельмі не спадабалася і было непрыемна чуць падман, прадэманструйце сваё незадавальненне, але ні ў якім разе не карайце! Прагавораныя адмоўныя адносіны да такога ўчынку — гэта вельмі важна. Таксама варта задаць малому пытанне, пацікавіцца, што будзе з ім, з яго пачуццямі, калі падманваць будзеце вы. Напрыклад, паклічаце яго есці, а насамрэч нічога на снеданне не згатавана. Дзіця павінна зразумець, што вашы адносіны да яго залежаць ад таго, як яно ставіцца да вас. Яму важна сказаць, што наступны раз лепш адразу сказаць праўду: не хочаш нечага рабіць — скажы пра гэта.

На жаль, вопыт работы з баць­камі паказвае, што ўсё тое, пра што мы гаворым, мала ўплывае на адносіны дарослых да падману дзіцяці. Мамы і таты ўспрымаюць гэта як трагедыю, катастрофу і памылкова думаюць, што пакаранне выправіць ілжывыя паво­дзіны дзіцяці. Але ўсё наадварот: гэта толькі пагаршае сітуацыю і ро­біць падман больш вытанчаным.

Падман можна параўнаць з учыненнем злачынстваў. Бывае, калі злачынцы ідуць на такі крок сітуатыўна, а ёсць тыя, хто рыхтуецца да гэтага, прадумвае ўсё да дробязей, складае план здзяйснення цяжкага ўчынку. У Крымінальным кодэксе меры пакарання за лёгкія і цяжкія злачынствы абсалютна розныя. Тое самае павінна быць і з падманам. 

— Ці можна апраўдаць дзіцячы падман, які прымяняецца для таго, каб звярнуць на сябе ўвагу бацькоў, заслужыць іх любоў?

— Безумоўна, такое часта здараецца. Увага і клопат з боку бацькоў неабходны кожнаму дзіцяці незалежна ад узросту. Дзяцей, якія сябе добра паво­дзяць, не караюць, а заахвочваюць. Дрэнных кара­юць. Многія ­заўважаць і пацвер­дзяць, што калі дзіця ся­дзіць у сваім пакоі і гуляе, да яго ніхто не зой­дзе, бо адтуль не чуваць шуму, а зна­чыць, усё нармальна. Калі дарослыя кінуцца ў пакой дзіцяці? Тады, калі там нешта пачынае грымець і па­даць. Такім чынам малы прыцягвае да сябе ўвагу.

У маёй практыцы былі выпадкі, калі дзеці, якім не хапае цялесных кантактаў (абдымкаў, пацалункаў ад мамы), здзяйсняюць такія ўчынкі, за якія іх фізічна караюць. Што ім дае фізічнае пакаранне? Безумоўна, цялесны кантакт. Гэта становіцца стратэгіяй паводзін у малога. Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, трэба ўсяго нічога — паводзіць сябе дрэнна. Згадзіцеся, увагу да сябе прыцягваюць не ціхія, спакойныя дзеці, а тыя, хто паводзіць сябе па-за рамкамі прынятага. У любой школе мы можам назіраць такую сітуацыю. Настаўнікі ўсе як адзін гавораць, што спакойныя дзеці — самыя лепшыя вучні, а тыя, хто шуміць, патрабуюць пакарання. А калі такія навучэнцы яшчэ і падманваюць, то ўсім усё адразу зразумела. Шкада толькі, што не многія з педагогаў ра­зумеюць, што падман — таксама адзін з механізмаў прыцягнення ўвагі да сябе.

— Як адрозніць фантазіі ад хлусні?

— Гэта цікавае пытанне. Вельмі часта бацькі ўспрымаюць дзіцячыя фантазіі як падман. Але гэта не падман, а проста фантазіі. У малога з’яўляецца ўяўленне пра нейкую выдуманую рэальнасць, дзіця яго развівае, а бацькі не разумеюць, што адбываецца, і папракаюць у хлусні. Самае страшнае, што за гэта караюць.

Фантазія — гэта творчасць, развіццё крэатыўных здольнасцей. Дзеці, якія любяць фантазіраваць, часта пачынаюць маляваць альбо ідуць са школы і прыдумваюць нейкую казку, быццам з імі штосьці здарылася. З пункту гледжання дарослых, у рэальнасці такое немагчыма, таму навучыцца распазнаваць фантазію і заўважыць дзякуючы ёй, што ў вас расце творчае дзіця, проста неабходна.

У фантазію дзіцяці трэба ўключацца, падыгрываць яму. Абяцаю: вам спадабаецца.

— У сваёй кнізе “Псіхалогія хлусні” псіхолаг Пол Экман расказвае, як вызначаў тых, хто падманвае, па міміцы і выразе твару. Яго прататып у серыяле “Падмані мяне” карыстаецца гэтым жа метадам. Ці існуюць іншыя пабочныя эфекты хлусні, якія выдаюць людзей, калі яны гавораць няпраўду?

— Сёння існуюць толькі два асноўныя інструменты, якія дазваляюць вызначыць падман чалавека па эмацыянальных рэакцыях. Падман — гэта неадпаведнасць паміж ісцінай і няпраўдай. Карл Густаў Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент. Згодна з ім, ёсць нейтральныя стымулы, якія выклікаюць эмацыянальную рэакцыю. Напрыклад, калі паказваем вясёлую карцінку, чалавек па­чынае ўсміхацца, смяяцца. Сумныя карцінкі выклікаюць трывогу і страх. Каб адрэагаваць на гэты стымул, у чалавека павялічваецца час адказнай рэакцыі. Так адбываецца, бо падман уключаецца не на ўзроўні лімбічнай сістэмы (у адрозненне ад простых эмоцый), а мысленнем. Для таго каб яно пачало працаваць і каб прыду­маць, што б такога сказаць у адказ, патрэбен час (гэта запла­наванае дзеянне).

Як толькі час на рэакцыю нейкай карцінкі павялічваецца, ёсць падстава мерка­ваць, што назіраем сітуацыю падману. Падчас яго, дарэчы, мяняецца фізіялагічны стан арганізма. Менавіта на гэтым пабудавана работа дэтэктара хлусні. Ён вызначае пульс, глыбіню і частату дыхання, пашырэнне і звужэнне зрэнак, фіксуюцца пазатанічныя позы і інш.

У параўнанні з нармальным станам арганізм падманшчыка выдае яго: мяняецца работа сардэчна-сасудзістай сістэмы, мяняецца дыханне. Гэта таксама намякае на падман, але не пацвярджае яго.

Другі інструмент, які дапамагае вызначыць падман, — гэта тэорыя Пола Экмана. Ён настойвае, што варта звяртаць увагу на экспрэсіўны кампанент эмоцый, калі арганізм рэагуе на нейкія рэчы цялесна, мімічна і пантамімічна. Экман абапіраўся на шматлікія даследаванні і знайшоў факты, якія пацвярджаюць тэорыю. На твары чалавека ёсць кропкі. Менавіта па іх можна вызначаць неадпаведнасць эмоцый, якія чалавек выказвае словамі, тым эмоцыям, што чытаюцца па яго твары. Калі гэта словы любові, зна­чыць, яны павінны суправа­джацца адпаведнай мімікай, праяўленнем любові. Але калі вы гаворыце, што любіце, а вугалкі рота апускаюцца, зубы сціскаюцца, то гэта падман.

Тыя, хто бачыў спаборніцтвы па покеры, маглі заўважыць, што многія гульцы сядзяць у акулярах, а кепкі ў іх нацягнуты на твар. Калі яны глядзяць на свае карты, прыкрываюць твар рукой. Чаму? Таму што першапачатковы мімічны партрэт рэгулюецца лімбічнай сістэмай. Дастаткова секунднай рэакцыі, каб гулец, які добра натрэніраваны, зразумеў, якая карта ў саперніка і ці варта ўступаць з ім у гульню альбо спасаваць.

“Зрабі добрую міну пры дрэннай гульні” — гэтая англійская прымаўка яскрава характарызуе падманшчыкаў і іх паводзіны. Мы часта вымушаны падман­ваць, каб не парушаць нейкія нормы, прынятыя ў соцыуме. Нават калі вам непрыемны чалавек, але вы вымушаны з ім па нейкай важнай прычыне падтрымліваць зносіны, то будзеце з ім няшчырымі і скажаце, як прыемна яго бачыць, хаця гэта не так. 

— Вы згадалі дэтэктар хлусні. У сучаснай навукі, у псіхалогіі ў тым ліку, да яго работы ёсць вялікія прэтэнзіі. Ён можа памыляцца?

— Дэтэктар хлусні ўзнік у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Праз 10 гадоў ад яго адмовіліся як ад адзінага аб’ектыўнага інструмента распазнавання праўды і падману. Псіхолагі даказалі, што фізіялагічны збой у таго, каго правяраюць, можа быць выкліканы тысячамі іншых прычын, а не толькі словам-стымулам ці карцінкай-стымулам. Менавіта па гэтай прычыне ў іншых краінах ён не ўспрымаецца як сур’ёзны інструмент для вызначэння хлусні.

Што тычыцца пытання яго памылковасці, то не ён памыляецца, а сама ідэя яго работы памылковая: наш арганізм можа адгукацца на нейкі стымул зусім не па той прычыне, што чалавек падманвае. У псіхікі кожнага чалавека яшчэ ёсць несвядомы ўзровень, які мы ніяк не можам кантраляваць.

Дэтэктар хлусні — гэта проста машына, якая фіксуе фізіялагічныя рэакцыі. Данымі гэтай машыны кіруе чалавек. Інтэрпрэтацыя любых даных чалавекам заўсёды суб’ектыўная: я магу гэта інтэпрэтаваць так, а магу інакш. У дадатак да гэтага фіксацыя фізіялагічных зрухаў зусім не гаворыць пра тое, што рэакцыя, якая адбылася на вызначаны стымул, звязана менавіта з ім. У людзей могуць узні­каць асацыятыўныя сувязі, яны неадназначныя. Таму разліч­ваць толькі на дэтэктар у вызначэнні падману не варта. Як дапаможны інструмент — так, можна, але далёка не асноўны. Ні ў адной краіне свету падчас судовых пасяджэнняў даныя, якія атрыманы пры яго дапамозе, не ўлічваюцца як доказы. 

— Што падмацоўвае залежнасць ад падману ў паталагічных падманшчыкаў?

— Стратэгія лжывых паво­дзін насамрэч існуе. Ёсць тыя, каго хлебам не кармі — усё роўна бу­дзе падманваць. Калі чалавек робіць гэта пастаянна, трэба зразумець прычыну, чаму так. Ведаючы адказ, можна змяніць свае адносіны да сітуацыі, да самога чалавека. Магчыма, гэта нават дазволіць змяніць стаўленне самога падманшчыка да рэаль­насці і дапамагчы яму інакш рэагаваць на яе.

Яшчэ існуе падман дзеля выратавання. Людзі могуць ісці на такі крок, каб падтрымаць чалавека, не траўміраваць яго псіхіку. Як расцэньваць такі падман? Відавочна, што гэта эмпатычная хлусня. Атрымліваецца парадокс. Таму яшчэ раз паўтару: кожны падман патрабуе індывідуальнага падыходу. 

— Бацькі таксама часта гавораць дзецям няпраўду. Як падман, які дзіця бачыць, уплывае на выхаванне?

— Псіхолаг Альберт Бандура эксперыментальна пацвер­дзіў, што яблычак ад яблыні далёка не адкочваецца.

Калі дзіця расце, яно вучыцца многім мадэлям паво­дзін у бацькоў. З цягам часу яно становіцца такім жа, як мама і тата. Калі малы бачыць, што дарослыя часта падманваюць, гавораць няпраўду адно аднаму, то ён вырасце такім жа.

Але бываюць розныя сітуацыі, і паводзіць сябе ў іх трэба правільна. Бывае, дарослых запрашаюць у госці тыя, з кім у сям’і не вельмі добрыя адносіны. Дзіця ведае, што маму і тату паклікалі на свята, і чуе, як яны абмяркоўваюць, што сказаць чалавеку, каб не пайсці да яго. Прыдумваюць варыянт: захварэла дзіця. Нават калі так адбываецца, малому трэба рас­тлумачыць, што ў гэтым выпадку дарослыя не хочуць падманваць, а шукаюць спосаб адмовіцца ад прапановы. Калі не прагаварыць гэта малому, то наступны раз ён вам таксама што-небудзь прыдумае на ваша пытанне наконт таго, чаму не вывучыў урокі.

— Ігар Аляксандравіч, ці могуць нявыкананыя абяцанні перакрэсліць давер да баць­коў і прымусіць дзяцей хлу­сіць?

— Заўсёды кажу бацькам: калі вы нешта паабяцалі дзіцяці, зрабіце, нават калі зямля пад нагамі гарыць. Тое, што няма грошай, не адгаворка. Дарослыя лю­дзі павінны планаваць нейкія рэчы і глядзець наперад. Таму яны і дарослыя! Калі разумееце, што не выканаеце нейкія просьбы, то не абяцайце. А паабяцалі — рабіце. Інакш самае галоўнае — базальны давер дзіцяці — будзе падарваны. А тое, чаму яно пачало падман­ваць, — гэта прычына зазірнуць у сям’ю: там знойдзеце адказ.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА