Якой павінна быць настаўніца пачатковых класаў? Бацькі, як правіла, лічаць, што разумнай і цярплівай. Дзеці ж адзначаць: добрай і справядлівай. А калегі скажуць: мабільнай і сучаснай. І ўсе па-свойму будуць мець рацыю.
Настаўніца пачатковых класаў Карабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна Алена Васільеўна Цырбан поўнасцю адпавядае гэтым канонам. Яна дасведчаны, чулы і сучасны спецыяліст. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагагічную дзейнасць пачала ў 1986 годзе пасля заканчэння Аршанскага педагагічнага вучылішча. У Глыбоцкі раён трапіла па размеркаванні. Спачатку працавала ў Гулідаўскай базавай школе. Пасля яе закрыцця перайшла ў Карабоўскую школу, дзе пачынала працаваць выхавальнікам групы прадоўжанага дня, педагогам, які займаецца надомным навучаннем. Апошнія 10 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў. Вышэйшую адукацыю атрымлівала завочна. А тую арганізацыйна-метадычную базу, якую атрымала ў вучылішчы, выкарыстоўвае і сёння. Зразумела, абнаўляючы яе па меры неабходнасці. Настаўнікі, як вядома, вучацца ўсё жыццё.
Цяпер у педагагічным арсенале Алены Васільеўны асобасна арыентаваная тэхналогія, тэхналогіі рознаўзроўневага і праблемнага навучання. Калі ж гаварыць пра метады і прыёмы, то часцей за ўсё настаўніца звяртаецца да наглядных (табліцы, карціны, плакаты), слоўных (аповед, размова, работа з кнігай), практычных, гульнявых, часткова пошукавых і даследчых, метаду развіццёвага навучання.
Але ж гады работы з дзецьмі толькі пацвердзілі пастулаты класічнай педагогікі, у цэнтры якой — асоба дзіцяці. Таму калі да Алены Васільеўны прыходзіць чарговы клас, перш за ўсё яна прыглядаецца да кожнага вучня, вывучае яго характар, уменні, каб далей аб’яднаць калектыў і дапамагчы раскрыць талент кожнага. Алгарытм правераны гадамі.
Цяпер настаўніца выкладае ў 4 інтэграваным класе.
“Гэтыя дзеці не даюць сумаваць. Працуючы з імі, даводзіцца ўвесь час быць у руху. У класе 8 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі — усе вельмі актыўныя, рухавыя і разам з тым розныя. Для некаторых вучняў рыхтую дадатковыя заданні, а з кімсьці працуем строга ў межах праграмы. Яшчэ ёсць хлопчык, які вучыцца па праграме з цяжкасцямі ў навучанні”, — расказала педагог.
Трэба адзначыць, што ў Карабоўскай школе актыўна развіваюць інклюзіўную культуру. У навучальнай установе дзейнічае рэсурсны цэнтр па інтэграваным навучанні і выхаванні, таму і ў навучэнцаў, і ў бацькоў фарміруюцца талерантныя адносіны да асаблівых дзетак. Тут усе адно аднаму дапамагаюць і падтрымліваюць. Па гэтай прычыне хлопчык з класа Алены Васільеўны даволі хутка адаптаваўся і пасябраваў з аднакласнікамі.
Аб’яднаць дзяцей і захапіць агульнай ідэяй настаўніцы дапамагае праектна-даследчая дзейнасць. За апошнія 10 гадоў пяць даследчых работ сталі выніковымі. Адной з самых адметных была работа па рускай мове “Красноречие конфетного фантика”, з якой на абласной канферэнцыі “Вернісаж” настаўніца разам з трэцякласніцай атрымалі дыплом І ступені.
“Мы вывучалі абгорткі цукерак, іх назвы і склад. Канечне, перавагу аддавалі беларускім вытворцам. Нават азнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця фабрык “Спартак” і “Камунарка”. У выніку вучаніца так натхнілася, што прыдумала свае цукеркі, намалявала для іх абгорткі, склала рэбусы, чым вельмі ўразіла журы”, — прыгадала Алена Васільеўна.
Другая вартая ўвагі работа была рэалізавана ў межах школьнага праекта “Водар Карабоўшчыны” і называлася “Даследаванне выкарыстання духмяных раслін роднага краю”. У цэнтры ўвагі было вывучэнне водару духмяных траў і яго ўздзеяння на чалавека. Дзеці з вялікай ахвотай збіралі гэтыя травы, сушылі, шылі духмяныя падушачкі з імі, выраблялі цацкі, складалі вершы. Ну, і гарбату, вядома, заварвалі таксама, вывучалі яе карысныя рэчывы і ўплыў на стан здароўя чалавека. Работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені на абласной канферэнцыі “Вернісаж”.
Гордасць выклікае і работа “Выраб паперы ў хатніх умовах з макулатуры”. Работа асаблівая, няпростая і адзначана дыпломам ІІ ступені на раённай канферэнцыі “Крок у будучыню”.
Пасля дзяцей зацікавілі навагоднія цацкі. Зразумела, гаворка ідзе пра цацкі з гісторыяй, з куфараў дзядуляў і бабуль. Напрыклад, аднойчы вучням трапілася ў рукі цацка, якая сімвалізуе першы палёт у космас. Настаўніца, каб падагрэць цікавасць дзяцей, звярнулася да гісторыі асваення космасу і ролі Савецкага Саюза ў гэтай вялікай справе. Калі ж вучням трапляліся цацкі — героі казак, то пад увагу браўся змест адпаведнай казкі, аналізаваліся персанажы. Усё гэта дапамагала зразумець сімвалізм, закладзены ў навагоднюю цацку.
Яшчэ Алена Васільеўна разам з вучаніцамі вывучалі адметнасці стварэння мясцовага ручніка, яго вышыўку, тэхніку ткання, сімвалы і значэнне ў гаспадарцы. Сучасныя дзеці працэс стварэння ручніка ад вырошчвання льну да ткацтва і аздаблення ўспрымаюць як пэўнае чараўніцтва. Усё ж рабілася рукамі чалавека, а не машынамі!
“Усе гэтыя работы маюць патрыятычны характар, накіраваны на фарміраванне любові да сваёй радзімы — малой і вялікай. Калі мы вучыліся ў школе, патрыятычнаму выхаванню надавалася вялікае значэнне. Цяпер ужо мы выхоўваем сваіх вучняў патрыётамі. Хочацца, каб яны ведалі свае карані, культурныя традыцыі, каб памяталі пра герояў-абаронцаў. Гэта вельмі важна, бо фарміруе асобу грамадзяніна”, — адзначыла настаўніца.
Ёсць у Алены Васільеўны і ідэі новых даследчых работ. Дэталей раскрываць не будзем. Адзначым толькі, што наступная работа таксама будзе мець патрыятычны характар і абавязкова зацікавіць хлопчыкаў. Пажадаем поспехаў настаўніцы і вучням!
Вось так, паступова, крок за крокам, педагог фарміруе ў сваіх вучняў самыя галоўныя чалавечыя якасці. На перапынку ў класе было весела і шумна. Дзеці гаманілі, крыху сваволілі, але адчувалася сяброўскае яднанне. У канцы нашай сустрэчы размова зайшла пра супрацоўніцтва з бацькамі. Яны ахвотна адгукаюцца на ўсе ініцыятывы педагога, бо разумеюць, што Алена Васільеўна абавязкова навучыць іх дзяцей разумнаму, добраму, вечнаму.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара