Яны ў адказе за тое, што друкуюць

- 11:31Медыяадукацыя, Рознае

У Гезгалаўскай школе адбылася грандыёзная падзея, на якую былі запрошаны педагогі дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раёна, — ва ўстанову завітала вядомая беларуская спявачка, даўняя сяброўка кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” Алы Ненартовіч і выпускніца Гезгалаўскай школы Іна Афанасьева.

Запусціць вутку

Спакойна, дарагія чытачы, вы маеце рацыю, Іна Афанасьева не выпускніца Гезгалаўскай школы і пакуль не была там (але, усё ж гэта магчыма ў параўнанні з першым). Гэтую замалёўку вучні Гезгалаўскай школы стваралі як газетную вутку. Дакладная інфармацыя і пра тое, што яны гэта рабілі падчас адкрытых заняткаў, на якіх прысутнічалі педагогі дадатковай адукацыі Дзятлаўшчыны. Можна не хвалявацца, дзяцей не навучылі чамусьці дрэннаму. Выпуск гарачых навін з загадзя лжывымі звесткамі — гэта вучэбны матэрыял, каб моладзь магла зразумець, як лёгка можна падмануць іх — чытачоў, як працуе жоўтая прэса, якія сродкі яна выкарыстоўвае.

Ала Рыгораўна Ненартовіч працуе па аўтарскай праграме “Юны журналіст”, якая, дарэчы, заваявала прызавое месца на рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак. І першая, і самая важная мэта гэтай праграмы нават не прафарыентацыйная, хоць не выключэнне, што нехта з гезгалаўскіх вучняў абярэ журналісцкі хлеб, а ў тым, што дзеці могуць усебакова развівацца, займацца творчасцю, раскрываць сакрэты журналісцкай працы, асэнсоўваць, якую ўладу маюць СМІ над людзьмі, і разам з гэтым навучыцца адрозніваць праўду ад той жа вуткі, якую яны і запускалі.


— СМІ ўздзейнічаюць на чалавека ўсё жыццё — ад нараджэння і да апошніх дзён, — гаворыць Ала Рыгораўна. — Сёння газеты, інтэрнэт, тэлебачанне, радыё ўплываюць на нашу свядомасць. Мы не заўсёды адназначна можам сказаць сабе: “Так, я там быў, гэта праўдзівая інфармацыя”, таму павінны проста прымаць навіны на веру. А падрастаючае пакаленне фарміруе свае меркаванні і густы практычна на ўсе сто працэнтаў дзякуючы часопісам, забаўляльнаму тэлебачанню і інтэрнэту.

Два бакі

У якасці аднаго з дамашніх заданняў Ала Рыгораўна прапанавала юным журналістам, удзельнікам школьнага прэс-цэнтра, паразважаць над плюсамі і мінусамі тэлебачання, газетных выданняў, інтэрнэту. Падлеткі прыйшлі да меркавання, што без СМІ жыццё немагчымае. Напрыклад, у сваім любімым інтэрнэце яны вызначылі наступныя станоўчыя бакі: можна знайсці аператыўна любую інфармацыю; для зносін створана шмат форумаў і сацыяльных сетак; ёсць магчымасць атрымаць дадатковую адукацыю, а яшчэ выдатна і з карысцю правесці вольны час; таксама чалавек вучыцца працаваць з інфармацыяй (знаходзіць, атрымліваць, аналізаваць, сістэматызаваць і выкарыстоўваць яе). З адмоўных бакоў інтэрнэту вучні назвалі: недакладная і негатыўная інфармацыя; інтэрнэт-залежнасць і, як вынік, пагаршэнне здароўя, псіхічныя і інтэлектуальныя парушэнні, яшчэ ёсць вялікая небяспека трапіць пад уплыў рэлігійных сект, экстрэмісцкіх арганізацый, стаць аб’ектам псіхалагічнага насілля, маньякаў, ашуканцаў.

Пасля такой ацэначнай работы вучні адказвалі на пытанні анкеты, дзе адзначалі, якую карысць і шкоду прыносяць чалавеку і грамадству СМІ.

— Мэта, якую я ставіла перад сабой на занятках па тэме “Роля СМІ ў жыцці падлеткаў і грамадства”, была дасягнута, — дзеліцца Ала Рыгораўна. — 54% навучэнцаў разумеюць, што СМІ не заўсёды даюць праўдзівую інфармацыю. Штодня мы атрымліваем навіны і інфармацыю, якая на 70% не падлягае праверцы. Кожны чалавек сам для сябе выбірае крыніцу інфармацыі, якой бы ён давяраў. Але дзеці павінны ведаць спосабы ўздзеяння на свядомасць і ўмець вызначаць, дзе праўда, а дзе можа быць і свядома лжывая інфармацыя, якая не адпавядае нормам чалавечага права і маралі. І ў той жа час я рада, што 95% адзначаюць, што СМІ прыносяць вялікую карысць — інфармуюць, развіваюць, выхоўваюць і фарміруюць грамадскую думку.

Вучымся гуляючы

Жадаючых наведваць гурток па інтарэсах “Юны журналіст” у Гезгалаўскай школе дастаткова. І ў першую чаргу таму, што заняткі праходзяць цікава. Ала Рыгораўна выкарыстоўвае толькі актыўныя метады навучання: практыкумы, дзелавую гульню, творчыя майстэрні, трэнінгі.

— Сёлета мы актыўна карысталіся расійскім праектам “Пунсовыя ветразі”, на якім прапаноўваліся 6 заняткаў “Літаратурны курс. Вучыся ствараць. Як стаць пісьменнікам”, — расказвае А.Р.Ненартовіч. — Таксама працавалі па трэнінгах Паскаля Марчэла “Майстэрня слова. Трэнінг юных журналістаў”. Дзеці вельмі любяць “Гульні і галаваломкі” ад Ціны Кандэлакі, як і гульні па развіцці ўвагі і інтэлекту з кнігі “Падумаем разам” Ганны Вінаградавай. На занятках мы часта глядзім ролікі пра работу рэдакцыі Ньюсрум. І вучні з задавальненнем працуюць у LerningApps.org.

Памятаеце адну з любімых старых гульняў — “Сапсаваны тэлефон”? З дапамогай яе Ала Рыгораўна можа выдатна прадэманстраваць вучням, якім чынам скажаецца інфармацыя. Клас дзеліцца на групы, кожная атрымлівае па сказе. Напрыклад: “Інфармацыя павінна быць зразумелая шаўцу, булачніку і хатняй гаспадыні, тады ўрад будзе прыслухоўвацца да грамадскай думкі” або “Свабодная прэса — гэта частка дэмакратычнага грамадства, а грамадства — гэта мы”. Па правілах гульні апошні ў чарзе чалавек услых агучвае фразу. Пасля чаго на экране (ці на дошцы) з’яўляецца першапачатковы варыянт сказа. У завяршэнне гульцы адказваюць на пытанні: што адбылося з інфармацыяй пасля таго, як вы яе перадалі; чаму яна сказілася; хто нясе адказнасць за гэта? І вучні прыходзяць да высновы, што інфармацыя так лёгка скажаецца, таму што адзін не запомніў, другі не так зразумеў, трэці няправільна перадаў, нехта, магчыма, і асэнсавана перарабіў сказ… Хто ў адказе? Той, хто сказіў інфармацыю. Але пакутуюць ад гэтага ўсе, каму яна адрасавалася.

Як адзначаюць педагогі-прадметнікі, хто з дзяцей наведвае заняткі “Юнага журналіста”, робіць школьную газету, удзельнічае ў прэс-цэнтры, таго лёгка вызначыць на ўроках. Яны ўмеюць знаходзіць патрэбныя словы пры адказах, пераканаўча гавораць. І ўсё гэта яны ўмеюць рабіць у тым ліку і дзякуючы гульням, практыкаванням, трэнінгам, дзе яны вучацца аперыраваць словамі і дакладна выказваць думкі; развіваюць сваю фантазію, творчы патэнцыял, літаратурную зоркасць і павялічваюць слоўнікавы запас.

Як заўважае А.Р.Ненартовіч, вялікая ўвага ўдзяляецца псіхолага-педагагічнаму суправаджэнню юных журналістаў. У гэтым кірунку з дзецьмі працуе педагог-псіхолаг Наталля Міхайлаўна Шыдла. Яна штомесяц праводзіць трэнінгавыя заняткі, практыкаванні, кансультацыі па фарміраванні навыкаў канструктыўных зносін, па навучанні навыкам эмацыянальнага самакантролю ў зносінах: “Спусціць пару”, “Спіна да спіны”; працуе над трэніроўкай навыкаў уважлівага стаўлення да суразмоўцы (практыкаванне “Я цябе слухаю”). Важнае значэнне надаецца развіццю камунікабельнасці, культуры зносін, трэніроўцы канструктыўных спосабаў выхаду з узаемадзеяння — практыкаванне “Ветлівая адмова”.

За тры гады, менавіта на столькі разлічана праграма “Юны журналіст”, дзеці асвойваюць усе азы журналістыкі і могуць нават пры жаданні, як мне здаецца, стаць супрацоўнікамі рэдакцый. Так, ужо ў канцы першага года навучання яны, пазнаёміўшыся з гісторыяй журналістыкі, функцыямі СМІ, стылявымі асаблівасцямі і г.д., могуць выкласці інфармацыю ў форме нататкі, карэспандэнцыі, замалёўкі, узяць інтэрв’ю, таму што яны валодаюць метадамі, прыёмамі і навыкамі самастойнага і калектыўнага напісання матэрыялу, навыкамі адпрацоўкі дакладных фармулёвак і пытанняў.

Забароненых тэм няма

У гэтым годзе Ала Рыгораўна працавала з пяцікласнікамі. За першы год работы па праграме “Юны журналіст” дзеці асвоіліся ў ролі карэспандэнтаў.

— Яны пайшлі ў народ, “завербавалі” на журналісцкую службу спецкарэспандэнтаў з 3 класа, — з усмешкай расказвае А.Р.Ненартовіч. — Дзеці пішуць пра ўсё. Што адбываецца дома, у школе, у Гезгалах. Не ведаю, ці адчуваюць яны сябе журналістамі, але ім вельмі падабаецца, калі іх матэрыялы друкуюць у рэспубліканскіх часопісах.

У гезгалаўскіх вучняў ёсць і настаўнікі з ліку прафесійных журналістаў. Даўняе супрацоўніцтва ў школы з рэдакцыямі рэспубліканскіх часопісаў “Качели”, “Бярозка”. У мінулым годзе, напрыклад, у “Бярозцы” былі апублікаваны шэсць вучнёўскіх работ, а сёлета ў шостым нумары будуць надрукаваны аўтарскія легенды вучняў пра іх родны пасёлак Гезгалы. Часта можна сустрэць замалёўкі, нататкі вучняў і ў раённай газеце. А наогул галоўны орган юных карэспандэнтаў — школьная газета “Гезгалаўскія весткі”.

Насценныя газеты ў іх навучальнай установе выпускаліся з пачатку стварэння школы. Кожны клас рабіў да свят і значных падзей сваю газету. Праз некаторы час арганізавалася агульнашкольная рэдкалегія, якая выпускала рукапісную газету “Такое школьнае жыццё”. А ў 2003 годзе з’явілася камп’ютарная газета, якая атрымала назву “Гезгалаўскія весткі”. Цікава, што ініцыятарамі яе стварэння выступілі старшакласнікі.

— А праз два гады ўжо быў створаны школьны прэс-цэнтр, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таісія Міхайлаўна Макуца. — Распрацавана палажэнне, размеркаваны абавязкі па выпуску школьнай газеты, вызначаны асноўныя мэты, задачы і функцыі дзейнасці і значныя рубрыкі: “Што? Дзе? Калі?”, “Слова да навучэнцаў”, “Такое школьнае жыццё”, “Творчасць юных”, “На дэсерт”, “Абрагочашся” і “Гэта неабходна памятаць”. За 12 гадоў у газеце многае памянялася: дызайн, макет, рубрыкі. Паступова яна станавілася не толькі інфарматарам школьнага жыцця, але і сродкам самарэгуляцыі, самасцвярджэння і самавыяўлення вучняў нашай школы.

У прэс-цэнтр уваходзяць вучні 5—11 класаў, але ў большасці сваёй гэта члены гуртка “Юны журналіст”. Яны абралі сабе значную мэту — фарміраванне грамадскай думкі навучэнцаў, бацькоў і соцыуму, інфармаванне аб школьным жыцці на старонках газеты “Гезгалаўскія весткі”, інфармацыйная падтрымка школьнага інтэрнэт-сайта, супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі раённага і рэспубліканскага ўзроўняў.

Усю сваю работу супрацоўнікі прэс-цэнтра вядуць сумесна з камісіяй па СМІ і сацыяльна-інфармацыйных сувязях школьнага парламента.

Забароненых тэм няма. Дзеці пішуць аб усім, што іх хвалюе, што яны лічаць значным і цікавым. Нярэдка настаўнікі становяцца героямі іх замалёвак і інтэрв’ю, дырэктар школы Эдуард Іосіфавіч Ненартовіч адказваў не на адно пытанне дапытлівых юных карэспандэнтаў. Рыхтуюць вучні і спецвыпускі, прысвечаныя адной тэме, напрыклад, грамадзянскасці і патрыятызму. Яны праводзілі анкетаванне сярод сваіх аднакласнікаў: хто такі патрыёт, ці трэба быць патрыётам, якімі якасцямі ён павінен валодаць? На падставе адказаў праводзілі гутаркі, пісалі матэрыялы. А затым распрацавалі вялікі сацыяльна значны праект “Ганарымся! Памятаем! Шануем!”.

— Яго аўтарамі сталі камітэт пярвічнай арганізацыі БРСМ і савет дружыны, — расказвае Таісія Міхайлаўна Макуца. — Інфармацыйную падтрымку забяспечваў школьны прэс-цэнтр, якія выступіў з PR-акцыяй гэтага праекта на старонках школьнай газеты і стварыў блог рэалізацыі праекта. На яго старонках, якія адпавядалі асноўным напрамкам праекта — “Юныя патрыёты”, “Радок, абарваны куляй”, “Сацыяльна значная дзейнасць”, “Песні вялікай вайны”, “Лісты на фронт”, “Палаў мой край у вайне”, “Гісторыя ў асобах”, — асвятляўся ход рэалізацыі праекта. Гэта і заданні, якія трэба было выканаць, і тэрміны іх выканання, і фотаматэрыялы аб праведзеных мерапрыемствах, і вынікі работы па праекце.

Сапраўдную цікавасць у нашых вучняў выклікала абвешчаная на старонках школьнай газеты і блога акцыя “Лісты на фронт”. Дзеці пісалі сваім дзядулям, прадзядулям, невядомым салдатам. Лепшыя лісты былі надрукаваны ў школьнай газеце і размешчаны ў блогу праекта, а ў школьным музеі да Дня Перамогі было створана дрэва памяці, на якім таксама размясцілася частка лістоў.

Каб “Гезгалаўскія весткі” былі даступныя большаму колу чытачоў, яны размяшчаюцца не толькі на інфармацыйным стэндзе ўстановы, але і на старонцы школьнага інтэрнэт-сайта http://gezgaly.schools.by/pages/gazeta-gezgalovskie-vesti.

Таму ацаніць майстэрства юных журналістаў з Гезгалаў могуць усе. Тым больш што сёлета прэс-цэнтр яшчэ стварыў свой блог. Між сабой дзеці называюць яго інтэрнэт-дзённікам. Там можна знайсці і творчыя работы, і вершы, і сінквейны, і загадкі. І ўсё гэта шчырая і дакладная інфармацыя. Бо хоць гезгалаўскія вучні не прафесійныя журналісты, але яны бяруць адказнасць за тое, што яны друкуюць. Яны разумеюць, што галоўнае ў прафесіі журналіста нават не творчыя здольнасці, а сумленнасць. Людзі, якія займаюцца стварэннем навін, не могуць нікому нашкодзіць сваім словам, падмануць, яны павінны толькі дапамагаць людзям.

Святлана КІРСАНАВА.