Ёсць ідэя: ад сумкі-трансформера да развядзення пекінскіх качак

- 14:39Выхаванне
Нядаўна ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу прадпрымальніцкіх ідэй “Мая ініцыятыва”, у якім пасля папярэдняга адбору прынялі ўдзел 25 навучэнцаў устаноў адукацыі краіны. Мэтай конкурсу, па словах яго арганізатараў, стала неабходнасць актывізаваць інавацыйную дзейнасць ва ўстановах адукацыі, узняць дзелавы дух і дапамагчы моладзі паверыць у сваю здольнасць быць прадпрымальнай.

У намінацыі “Лепшая інавацыйная ідэя” спаборнічалі абсалютна розныя па тэмах праекты. Цікава, што пераможцай у ёй аказалася работа Наталлі Чуйко з гімназіі № 1 Дзяржынска (Мінская вобласць). Наталля захапляецца такім асаблівым відам вершаў, як акравершы — калі першыя літары радкоў складаюць слова ці словазлучэнне. На думку дзяўчыны, гэта не толькі цікавы паэтычны эксперымент, але і сведчанне высокага лірычнага майстэрства. У беларускай літаратуры гэтая з’ява практычна не вывучана. Таму наватарскае даследаванне Наталлі разам з яе навуковым кіраўніком настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аленай Чаславаўнай Сяліцкай дазволіла сістэматызаваць беларускія акравершы, а таксама выдаць спецыяльны паэтычны зборнік.
На другім месцы з інавацыйнай ідэяй аказаліся Павел Блінец і Яўген Шалік з сярэдняй школы № 3 Клецка (Мінская вобласць). Хлопцы прапанавалі выкарыстоўваць у якасці мікраскопа звычайную WEB-камеру. Іх праект прысвечаны эфектыўнаму спосабу яе пераўтварэння ў лічбавы мікраскоп з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі. Плюсам праекта можна назваць невысокі сабекошт гатовага прадукту.
А вось іх зямлячка Аляксандра Пілат, якая вучыцца ў клецкай сярэдняй школе № 1 (Мінская вобласць) і заняла ў гэтай намінацыі трэцяе месца, прапанавала праект, прысвечаны сінтэзу малібдата амонію з выкарыстаннем дарагога металу малібдэна. Дарэчы, Аляксандра выкарыстоўвае малібдэн з перагарэўшых электрычных лямпачак. Атрыманы малібдат амонію з’яўляецца вельмі эфектыўным угнаеннем для хатніх раслін, паколькі ўтрымлівае азот і малібдэн.
Думаецца, ідэя сумкі-трансформера, якая заняла першае месца ў намінацыі “Лепшая інавацыйная бізнес-прапанова”, прыйшлася б даспадобы многім сучасным модніцам. Яе аўтары — Вікторыя Бычкоўская і Кацярына Букас — навучэнкі Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа (Мінская вобласць). Дзяўчаты распрацавалі сумку, якая лёгка ператвараецца… у плашч. Вікторыя і Кацярына мяркуюць, што вытворчасць іх сумкі-трансформера ў бізнес-кампаніі прынясе даволі значны прыбытак.
Не абышлі ўвагай юныя прадпрымальнікі і такую сферу, як турызм. “Залатое кола Вілейшчыны” — так назвалі свой экскурсійны маршрут навучэнкі вілейскай гімназіі № 2 (Мінская вобласць) Кацярына Кулік і Алеся Кузьміч. Іх праект разлічаны на шырокую аўдыторыю і можа быць скарыстаны як дзецьмі, так і дарослымі. Гэта работа атрымала ў намінацыі другое месца, а трэцяе дасталася праекту стварэння пансіяната для аматараў рыбалкі і палявання. “Пасля аб’яднання двух сельскагаспадарчых вытворчых -кааператываў у нашым Капыльскім раёне адміністрацыйны будынак аднаго з іх аказаўся незапатрабаваным, — адзначае аўтар бізнес-прапановы навучэнец сярэдняй школы № 2 Капыля (Мінская вобласць) Уладзіслаў Люцко. — Некалькі гадоў у ім працавала толькі бібліятэка, якую ўжо гэтым летам плануецца далучыць да школьнай бібліятэкі. На наш погляд, будынак можна з поспехам выкарыстоўваць для арганізацыі пансіяната для рыбакоў, якія прыязджаюць за ўловам на Чырвонаслабадское вадасховішча”.
У намінацыі “Лепшы бізнес-план інавацыйнага праекта” на конкурсе “Мая ініцыятыва” пераможцам прызнаны бізнес-план Ягора Невяроўскага з сярэдняй школы № 2 Чэрвеня (Мінская вобласць) па развядзенні пекінскіх качак у хатніх умовах. Аўтар адзначае, што праект накіраваны не толькі на вытворчасць качынага мяса, але і яек, пер’я, пуху, тлушчу.
Другое месца ў намінацыі заняў бізнес-план школьнай бізнес-кампаніі “Каны і К”, аўтарам якога з’яўляецца Дзмітрый Сташанін з Бучацінскай сярэдняй школы Капыльскага раёна (Мінская вобласць). На думку Дзмітрыя, вырошчванне расады кан з закрытай каранёвай сістэмай забяспечыць занятасць дзяцей у пазаўрочны час, а таксама дасць магчымасць школе атрымаць дадатковыя грашовыя сродкі.
Цікава, што адразу дзве работы былі названы пераможцамі ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”. “Аўтаномнае электразабеспячэнне за кошт аднаўляльных крыніц энергіі” — праект Ганны Калілец з сярэдняй школы пасёлка Рассвет Мінскай вобласці, аб’ектам даследавання якога сталі перавагі пры выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі. Падзяліў перамогу з ім праект “Сістэма аўтаматычнага кіравання помпай водапад’ёму” Антона Знаткевіча, навучэнца Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя (Мінская вобласць).
Другое месца ў намінацыі Паўлу Бацылеву з сярэдняй школы № 3 Старых Дарог (Мінская вобласць) прынёс праект “Пелеты — паліва будучыні для мясцовай кацельнай”, у які ўвайшло вывучэнне мясцовай сыравіннай базы для вытворчасці пелет, вывучэнне структуры размеркавання драўляных адходаў у Старадарожскім лясгасе, эканамічнай і экалагічнай эфектыўнасці пераходу мясцовай кацельні ад традыцыйнага паліва да біяпаліва.
Трэцяе месца ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” заняў відэапраект Вікторыі Бушыла з Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна сталіцы “Дайце простай вады. Калі зможаце”. Работа ўяўляе сабой цыкл міні-фільмаў, аб’яднаных тэмай экалогіі і біялогіі: “Дайце простай вады. Калі зможаце”, “Пачатак архея”, “Атрыманне амінакіслот”, “Паходжанне Сонечнай сістэмы”, “Сіне-зялёныя водарасці”, “Схема развіцця хордавых” і “Схема размнажэння фагаў”. Гэты відэапраект можа выкарыстоўвацца ў якасці гатовага нагляднага дапаможніка па біялогіі, хіміі, экалогіі.
Хочацца спадзявацца, што наступным этапам развіцця ўсіх праектаў стане іх практычная рэалізацыя.

Наталля АЛЁХІНА