Ёсць жаданне? Знойдзецца і шлях!

- 11:53Адукацыйная прастора

На базе сталічнай гімназіі № 20 прайшоў гарадскі семінар-практыкум для настаўнікаў пачатковых класаў “Сучасныя падыходы да правядзення факультатыўных заняткаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Яго ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам арганізацыі і правядзення факультатываў настаўнікамі гімназіі, з асаблівасцямі ўключэння ў структуру заняткаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Да алгарытму “мы з табой разам вучымся”

Сёння грамадствам запатрабаваны зусім іншы выпускнік: не толькі той, які ведае, умее, але і абавязкова думае самастойна, адстойвае сваю думку, падрыхтаваны да сітуацыі выбару, ініцыятыўны і здольны да самаадукацыі і самаўдасканалення. Навучэнца варта не столькі нашпігоўваць інфармацыяй, колькі вучыць арыентавацца ў ёй і карыстацца ёю, тым самым забяспечваючы рэсурс самаразвіцця. У сувязі з гэтым, па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Алены Іванаўны Грышчанка, ва ўстанове педагогі імкнуцца стварыць атмасферу зацікаўленасці кожнага навучэнца, дзеючыя законы адкрываюцца пры сумесным удзеле настаўніка і навучэнцаў, арганізоўваецца работа з пазнавальнымі стратэгіямі школьнікаў у працэсе пазнання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца разнастайныя формы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці, якія дазваляюць раскрыць вопыт навучэнцаў. — Мы перайшлі ад формулы “я цябе вучу” да алгарытму “мы з табой разам вучымся” і “мне цікава, што ты думаеш па тым альбо іншым пытанні”, арганізоўваем вырашэнне праблемных сітуацый, ствараем сітуацыі, якія дазваляюць навучэнцам праяўляць уласныя здольнасці, магчымасці і інтарэсы. Акрамя таго, мы ствараем педагагічныя сітуацыі зносін на занятках, якія дазваляюць кожнаму навучэнцу праяўляць ініцыятыву, самастойнасць, ажыццяўляць выбар у спосабах работы, а таксама выкарыстоўваем групавыя і парныя формы навучання, якія актывізуюць унутраныя крыніцы развіцця асобы, стымулююць раскрыццё творчага патэнцыялу навучэнцаў, — адзначыла Алена Іванаўна.
Факультатыўныя заняткі ствараюць умовы для палёту творчай фантазіі і дасягнення поспехаў любога педагога і з’яўляюцца асноўнай формай дыферэнцыяцыі навучання і паглыблення ведаў навучэнцаў. У пачатковай школе прымяняльныя факультатыўныя заняткі агульнаразвіццёвыя і агульнакультурныя. Яны накіраваны на станаўленне і развіццё ў навучэнцаў сацыяльных і вучэбных кампетэнцый — моўнай, даследчай, праектнай, інфармацыйнай, рэфлексіўнай, здароўезберагальнай і інш.; вучаць ставіць уласныя мэты, планаваць работу, рабіць выбар і прымаць рашэнні, працаваць у камандзе, праводзіць самаацэнку. Калі факультатыўныя заняткі арыентаваны на развіццё мыслення дзяцей, іх уяўлення, творчай актыўнасці, назіральнасці, то, адпаведна, і прадугледжваюць павышэнне ўзроўню навучанасці.
У гімназіі № 20 педагогі пачатковага звяна вызначылі для сябе некалькі прыярытэтных напрамкаў работы. Па-першае, абавязковую арганізацыю самастойнай работы навучэнцаў у працэсе факультатыўных заняткаў. Па-другое, працэс навучання будуецца як сумесная даследчая дзейнасць навучэнцаў — веды не паведамляюцца ў гатовым выглядзе, а адкрываюцца імі самімі. Гэты працэс пачынаецца з назіранняў, выказвання здагадак, меркаванняў аб магчымым спосабе вырашэння праблемы. Даследчая ці праблемная структура добра адказвае развіццёвым мэтам навучання пры факультатыўнай форме заняткаў. Аднак без пэўнай падрыхтоўкі, упэўнены настаўнікі, спадзявацца ўключыць навучэнцаў у паспяховую многаэтапную творчую пошукавую дзейнасць нерэальна. Гэты поспех неабходна рыхтаваць!
Па-трэцяе, пры выбары метадаў і прыёмаў навучання на факультатыўных занятках улічваецца змест курса, узровень развіцця і падрыхтаванасці навучэнцаў, іх інтарэс. Па-чацвёртае, факультатыўныя заняткі павінны быць цікавымі і захапляльнымі. Добра вядома, што займальнасць выкладання дапамагае раскрыццю зместу паняццяў і праблем.
Малодшым школьнікам на выбар прапануецца шэраг факультатываў. У якасці дадатковых адукацыйных паслуг праводзяцца заняткі па англійскай і нямецкай мовах, курсы будучага гімназіста і заняткі па логіцы.

Развіваючы патэнцыял

Як расказала гасцям навучальнай установы А.І.Грышчанка, у гімназіі павышаная ўвага ўдзяляецца выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, развіццю інфармацыйнай адукацыйнай прасторы. Яшчэ ў 1996 годзе навучэнцы навучальнай установы прынялі ўдзел у першых інтэрнэт-праектах. У 2013 годзе гімназія пад кіраўніцтвам дырэктара Леаніда Іванавіча Абрамава ўключылася ў работу па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
— Актуальнасць тэмы праекта абумоўлена неабходнасцю вырашэння супярэчнасці паміж нарастаючай інфарматызацыяй грамадства, выкліканымі ёю новымі сацыяльнымі дзеяннямі і традыцыйнымі метадамі і формамі адукацыі. Мы павінны навучыць дзіця такім спосабам дасягнення выніку, якія з’яўляюцца ўсеагульнымі і спрацоўваюць незалежна ад канкрэтнага зместу. У межах традыцыйнай класна-ўрочнай формы навучання зрабіць гэта магчыма, але часта складана, таму неабходна актыўней укараняць у працэс навучання новыя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу, напрыклад, праектную дзейнасць, — заўважыла Алена Іванаўна.
У кожным кабінеце пачатковай школы ёсць тэлевізар, камп’ютар, аб’яднаны ў лакальную сетку, доступ у інтэрнэт. З любога камп’ютара гімназіі можна зайсці ў сетку і атрымаць патрэбную інфармацыю непасрэдна на ўроку. Два гады назад ва ўстанове запрацавала сістэма дыстанцыйнага навучання, былі створаны віртуальныя прадметныя кабінеты.
Настаўнікі гімназіі шырока выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці і творчага патэнцыялу навучэнцаў. У прыватнасці, вучэбныя праграмы, рэсурсы інтэрнэту і электронных энцыклапедый пашыраюць кругагляд навучэнцаў, дазваляюць атрымаць дадатковы матэрыял, які выходзіць за межы вучэбнага. Разнастайны ілюстрацыйны матэрыял, мультымедыйныя і інтэрактыўныя мадэлі ўзнімаюць працэс навучання на якасна новы ўзровень. Пры выкарыстанні камп’ютара на занятках інфармацыя прадастаўляецца не статычнай неагучанай карцінкай, а дынамічным відэа- і гукарадам, што значна павышае эфектыўнасць засваення матэрыялу.
Настаўніца пачатковых класаў Алена Мікалаеўна Бабровіч правяла факультатыўныя заняткі па курсе “Развіццёвая інфарматыка” ў 3 класе. Асноўная мэта заняткаў — фарміраванне інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці школьнікаў. На практыцы можна было бачыць, што інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць працэс навучання больш цікавым, сугучным рэаліям сённяшняга дня, уся неабходная інфармацыя прадастаўлялася ў патрэбны час. З выкарыстаннем ІКТ педагог атрымлівае магчымасць падаваць новую інфармацыю такім чынам, каб задаволіць запыты кожнага навучэнца. У пачатковай школе немагчыма правесці ўрок без сродкаў нагляднасці. Камп’ютар дазваляе настаўніку значна пашырыць магчымасці прадастаўлення рознага тыпу інфармацыі. Пры дыдактычна правільным падыходзе ён актывізуе ўвагу вучняў, узмацняе іх матывацыю, развівае пазнавальныя працэсы — мысленне, увагу, уяўленне, фантазію. Увогуле, прымяненне камп’ютарнай тэхнікі робіць заняткі нетрадыцыйнымі, яркімі, насычанымі. Кожны вучань працуе актыўна, з захапленнем, расце патрэба выкарыстоўваць камп’ютар не як сродак для гульні, а як сродак для саманавучання і самаразвіцця.
Як падзялілася з калегамі Алена Мікалаеўна, у 2011 годзе ёй пашчасціла трапіць на курсы ў Парк высокіх тэхналогій і пазнаёміцца з праграмамі “Навучанне для будучыні”, “Вучымся з “Інтэл”. На першым этапе практычнай работы па рэалізацыі інавацыйнага праекта была пабудавана мадэль электроннага навучання, у якой, дзякуючы спецыяльнай камп’ютарнай праграме, можна перадаваць патрэбныя файлы, рэдагаваць, ствараць тэсты, узаемадзейнічаць у групавым чаце, а таксама адсочваць якасць і ўзровень выканання задання, выстаўляць адзнакі. На другім этапе была арганізавана работа з сэрвісамі Web 2.0 (сэрвісамі адукацыйнай накіраванасці). Навучэнцы маюць магчымасць навучыцца працаваць у камандзе, абменьвацца інфармацыяй. Вынікам праведзенай работы стаў дыск, на якім сабраны асноўныя спасылкі на сэрвісы, у якіх можна знайсці заданні і практыкаванні па ўсіх вучэбных прадметах.

Пасябруй з факультатывам

На факультатыўных занятках у 1 класе “Вучымся гаварыць правільна” вучні разам з настаўніцай пачатковых класаў Аленай Васільеўнай Ермаковай правялі музычную размінку, папрактыкаваліся ў вымаўленні галосных гукаў, выканалі заданні лясной феі, якая дапамагла разбудзіць медзведзяня да сустрэчы Новага года. У гульнявой форме малодшыя школьнікі пазнаёміліся з мнагазначнымі словамі, адгадалі, што прыхавана ў музычнай скарбонцы, і нават станцавалі польку.
У падарожжа па краіне Гукаў і літар запрасіла другакласнікаў на факультатыўных занятках “Таямніцы гукаў і літар” настаўніца пачатковых класаў Вольга Барысаўна Філінава. У чароўнай краіне здарылася бяда: Снежная каралева закрыўдавала і выкрала з ёлкі ўсе навагоднія ўпрыгажэнні. Каб не пакінуць жыхароў без свята, вучні падзяліліся на каманды і разгадвалі анаграмы, метаграмы і рэбусы. Дэвіз заняткаў — “Не спаборнічаць, а працаваць разам”. Свой настрой ад заняткаў яны напрыканцы ўрока прадэманстравалі на дошцы, змясціўшы туды залатыя зорачкі, якія ператварыліся ў навагодні салют.
Факультатыўныя заняткі “Падарожжа ў краіну займальнай матэматыкі” правяла настаўніца пачатковых класаў Ларыса Валер’еўна Нейжмак. “Дзе ёсць жаданне, знойдзецца шлях!” — пад такім дэвізам прайшлі заняткі, на якіх школьнікі вучыліся рашаць нестандартныя задачы. Чацвёртакласнікі — высокаматываваныя вучні — падзяліліся на дзве групы і спачатку правялі матэматычную размінку, потым рашалі лагічныя задачы “Колеравы код”, “Гадзіна-пік”, “Барабашка” і інш. За правільнае рашэнне каманда атрымлівала сняжынку.
Як падкрэсліла Ларыса Валер’еўна, заняткі па матэматыцы накіраваны на развіццё ў навучэнцаў матэматычнай інтуіцыі, прасторавага ўяўлення, пазнавальнай і творчай актыўнасці, гнуткасці мыслення, логікі разважанняў, здольнасцей рашаць пэўную задачу некалькімі спосабамі. У аснову праграмы факультатыўных заняткаў пакладзены такія дыдактычныя прынцыпы, як навуковасць, пераемнасць, перспектыўнасць, практычная накіраванасць, творчае навучанне і псіхалагічная камфортнасць. Метадалагічную аснову заняткаў забяспечвае дзейнасны падыход, які прызнае цэнтрам дзіця з улікам яго асаблівасцей і прадугледжвае супрацоўніцтва і цеснае ўзаемадзеянне з настаўнікам. На гэтых занятках настаўніца рэкамендавала педагогам выкарыстоўваць кнігі, якія прапаноўваюцца прызёрам конкурсу “Кенгуру”: “Пачні рашаць, альбо Пасябруй з матэматыкай”, “Матэматыка 2—4 клас. Сто галаваломак”. У практыцы работы педагогам выкарыстоўваецца і шматлікая дадатковая літаратура: развіццёвыя і лагічныя заданні, нестандартныя задачы. Умацоўвае станоўчы вынік і работа школьнікаў з дыстанцыйным сайтам, на якім настаўніца выкладае заданні. У канцы 4 класа малодшыя школьнікі могуць прапанаваць рацыянальныя рашэнні той ці іншай задачы, самастойна выбіраюць тое, што ім падабаецца ў моры лагічных заданняў. Дарэчы, настаўніца падзялілася з калегамі падборкай заданняў да факультатыўных заняткаў.

***

Такая сістэма работы настаўнікаў гімназіі па арганізацыі факультатыўных заняткаў дае свой плён. На конкурсе праектна-даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў чацвёртакласнікам Іванам Арэхавым заваяваны дыпломы ІІІ ступені (на раённым узроўні) і І ступені (на гарадскім), на турніры юных філолагаў на рахунку пачаткоўцаў гімназіі дыпломы ІІІ і ІІ ступені. Ды і педагогі ўстановы робяць усё магчымае, каб развіваць пазнавальныя здольнасці дзяцей. Іх вопыт і праекты адзначаны прэміямі і грантамі Мінгарвыканкама. Як гаворыцца, ёсць жаданне — знойдзецца і шлях!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алены КАМЯК.

Заняткі 1.“Пачынаючы справу, аб канцы разважай”
Размінка:
1. Тры хлопчыкі — Коля, Пеця і Дзіма — чытаюць кнігу, газету, часопіс.
Што чытае Коля, калі ён не любіць чытаць кнігі, а Пеця не любіць чытаць газеты і кнігі?
2. Лена ў школьным кросе абагнала Машу, але прайграла Жэні. Наташа абагнала Кацю, але Машу дагнаць не змагла. Хто самы хуткі?
3. Вавёрка, заяц і вожык зрабілі нарыхтоўкі на зіму: грыб, арэх, рабіну. Што нарыхтаваў заяц, калі вавёрка не любіць рабіну, а вожык знайшоў грыб?
4. Банан цяжэйшы за яблык, а груша лягчэйшая за апельсін. Якая садавіна самая цяжкая, калі банан лягчэйшы за грушу?
5. На перапынку Віця, Саша, Шура і Толя гулялі з самалётам, верталётам, машынкай, лодкай. З якой цацкай гуляў Віця, калі Саша не гуляў з лодкай, Толя любіць самалёты, а Шура нікому не даў сваю машынку?
Задачы:
1. Калі майму бацьку быў 31 год, мне было 8 гадоў, а зараз бацька старэйшы за мяне ўдвая. Колькі мне гадоў цяпер?
2. Ёсць лік дванаццаць. Як яго падзяліць папалам, каб атрымалася дзве сямёркі?
3. Калі гэты дзень не ідзе за панядзелкам і не перад чацвяргом, заўтра не нядзеля, а ўчора была не нядзеля, а паслязаўтра будзе не субота, пазаўчора была не серада, то што гэта за дзень?
4. Ёсць 9 кг круп і шалевыя вагі з гірамі ў 50 г і 200 г. Паспрабуйце ў тры прыёмы адважыць 2 кг гэтых круп.
5. У сараканожкі 90 ножак. Яна купіла 13 пар ботаў. Пры гэтым 16 ног засталіся босымі. Колькі пар старых ботаў было на сараканожцы да пакупкі новых ботаў?
6. Бацька з двума сынамі накіраваўся ў паход. На іх шляху сустрэлася рака, каля берага якой знаходзіўся плот. Ён вытрымлівае на вадзе альбо бацьку, альбо двух сыноў. Як пераправіцца на іншы бераг бацьку з сынамі?
7. Ёсць тры слоікі: адзін пяцілітровы — поўнасцю запоўнены яблычным сокам, і два пустыя — на два і тры літры. Выкарыстоўваючы гэтыя тры слоікі, метадам пералівання пакіньце ў пяцілітровым слоіку чатыры літры соку.
8. У мяхах ляжаць яблыкі 3-х гатункаў. Якую мінімальную колькасць яблыкаў неабходна ўзяць з меха не гледзячы, каб: 1) сярод іх было не менш за 2 яблыкі аднаго гатунку; 2) сярод іх было не менш за 5 яблыкаў аднаго гатунку? Якую максімальную колькасць яблыкаў трэба ўзяць з меха не гледзячы, каб: 1) сярод іх было не менш за 2 яблыкі аднаго гатунку; 2) сярод іх было не менш за 5 яблыкаў аднаго гатунку.