Сённяшняя госця праекта “Мая школа” на сваім прыкладзе даказала, што жыццёвыя сцяжынкі ўсё роўна прывядуць чалавека туды, куды імкнецца яго душа. Скончыўшы медыцынскі ўніверсітэт, яна пэўны час працавала ўрачом, а потым знайшла сябе ў творчасці. Яе прадукцыйны творчы тандэм з кампазітарам Яўгенам Алейнікам даў жыццё больш як тром сотням песень, якія спяваюць дзясяткі вядомых артыстаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пра сваю школу жыцця сёння нам расказвае аўтар песень, спявачка, салістка групы “Аўра” Юлія Быкава.
— Юлія, раскажыце, як прайшло ваша дзяцінства і школьныя гады? Што асабліва запомнілася з таго часу?
— Найперш скажу, што, відаць, у кожнага чалавека з дзяцінствам звязаны самыя прыемныя ўспаміны. Наша памяць так уладкавана, што мы запамінаем пераважна добрае, што было ў нашым жыцці, таму дзіцячыя ўспаміны толькі прыемныя.
Безумоўна, у школьныя гады былі не толькі радасці. Былі і пэўныя праблемы: і пасядзець павучыць, і паводзіць сябе добра — як і ва ўсіх. Але нават гэтыя ўспаміны грэюць душу.
Школа, у якой я вучылася першыя дзевяць гадоў, была звычайнай школай па месцы жыхарства — сярэдняя школа №118 Мінска. Усё было вельмі цікава і весела. А ў 10 клас я пайшла ў іншую школу, дзе прадметы, якія мне былі патрэбны для далейшага жыцця — хімія і біялогія, выкладаліся на павышаным узроўні: 40-я мінская школа тады была з хімічным ухілам і цеснымі сувязямі з хімфакам БДУ. А яшчэ я даведалася, што ў гэтай школе калісьці вучылася мая мама. Менавіта там я стала мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Бясспрэчна, вучобе стала ўдзяляць больш увагі, але і па-за вучобай у мяне было шмат захапленняў.
З педагогамі мне пашанцавала, бо ў абедзвюх школах у нас былі вельмі цікавыя настаўнікі: як першая настаўніца, якую мы нават крыху пабойваліся, так і настаўнікі-прадметнікі, якія не толькі добра ведалі свой прадмет, але і цікавіліся, як іх прадмет успрымаюць вучні. Вельмі актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, часта абараняла гонар школы на разнастайных конкурсах і канцэртах.
Вучыцца было лёгка. Дастаткова было проста ўважліва, не адцягваючы ўвагу, слухаць тлумачэнні настаўніка на ўроку, і можна было нават нічога не паўтараць дома.
Да таго ж, як кажуць, у мяне быў добра падвешаны язык. Ёсць людзі, якія ведаюць, але саромеюцца ці камплексуюць паказаць свае веды публічна (такіх людзей у маім жыцці сустракалася шмат, асабліва ва ўніверсітэце). У мяне было крыху інакш: нават калі нешта не давучыла, магла дадумаць, уключыўшы логіку, ніколі не гублялася і заўсёды выходзіла з сітуацыі пераможцай. Магчыма, таму ў мяне не было дрэнных адзнак ні ў школе, ні потым ва ўніверсітэце: я скончыла школу з залатым медалём, а ўніверсітэт амаль з чырвоным дыпломам (Смяецца.) — чацвёрак было няшмат.
Я ў прынцыпе ніколі не ведала, што такое тройка.
— Відаць, пра двойкі ўвогуле гаворкі не было…
— Неяк праскочыла, але выключна ў якасці пакарання за наплявальніцкія адносіны. Ну і нездавальняючыя адзнакі за паводзіны, бывала, траплялі ў дзённік. Дарэчы, першая пяцёрка і першае “нездавальняюча” па паводзінах у маім дзённіку з’явіліся на працягу аднаго тыдня.
У журнале я была ў самым пачатку спіса, бо прозвішчаў на “А” ў нашым класе не было, таму амаль заўсёды мяне выклікалі ў ліку першых.
— Адкуль з’явілася цікавасць да хіміі, біялогіі і медыцыны?
— У пяшчотным узросце мала хто з дзяцей ведае, чым будзе займацца ў далейшым жыцці. Шмат чым майму выбару паспрыяла сям’я. Мая бабуля Ніна Мікалаеўна вельмі хацела, каб я стала ўрачом, і яна ўвесь час ненавязліва (а часам і навязліва) падпіхвала мяне ў бок медыцыны. “У крайнім выпадку — у інстытут замежных моў,” — заўсёды казала яна. МамаТамара Васільеўна магла нейкім чынам паўплываць на мяне, але не чапала: ніколі не кантралявала, як я вучылася, і любіла хадзіць на бацькоўскія сходы, каб паслухаць, якая ў яе добрая дачка. (Смяецца.)
— У адным з вашых інтэрв’ю вы расказвалі, што пачыналі сваю творчую біяграфію з ансамбля песні і танца “Зорачка”. Раскажыце, калі ласка, пра гэты этап вашага жыцця.
— Практычна ўсе школьныя гады з 1 па 11 клас я займалася ў ансамблі песні і танца “Зорачка” Рэспубліканскага палаца піянераў. У той час калектывам кіравала Маргарыта Іванова. Я займалася любімай справай, у гэты час было шмат гастроляў і канцэртаў — жыццё было вельмі насычаным.
Сёння заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь узорным ансамблем песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі кіруе мой першы педагог Ала Міхайлаўна Навіцкая. Менавіта яна тады прывіла мне любоў да нацыянальнай культуры, народнай песні і беларускай мовы, і я за гэта ёй вельмі ўдзячна. Ды і яе ўрокі вакалу дарма не прайшлі. (Смяецца.)
— Наколькі складана было паступіць у прэстыжны медыцынскі ўніверсітэт?
— Асаблівых цяжкасцей не было, праўда, паступіла ў медуніверсітэт я не з першага разу. Першая спроба была няўдалай — мне банальна не хапіла балаў. Атрымалася так, што ў галаве ў мяне тады было каханне, і да экзаменаў я практычна не рыхтавалася. Прыходзіла туды з неразуменнем таго, што ўвогуле там раблю.
На наступны год пайшла на падрыхтоўчае аддзяленне ўніверсітэта. Адказнасці і стымулу вучыцца ў мяне было больш. Ішлі 90-я. Грошай асабліва не было, і ўсе аліменты, якія прыходзілі ад бацькі, ішлі на аплату вучобы. Я паспяхова скончыла падрыхтоўчае аддзяленне і на наступны год паступіла ў медыцынскі, набраўшы 19 балаў з 20 магчымых.
Самы любімы мой час — гэта нават не школьныя гады, а студэнцтва. Мне там было цікавей, чым у школе: і ў плане вучобы, і ў плане грамадскай работы.
— Менавіта ва ўніверсітэце сталі гуляць у КВЗ?
— Так. Мне было цікава тое, што адбывалася вакол мяне. Першыя два гады цалкам аддавалася вучобе, а калі зразумела, што вучыцца дастаткова лёгка, стала шукаць, куды прымяняць свае творчыя схільнасці. І, сапраўды, было з чаго выбраць: студэнцкія тэатры, мастацкая самадзейнасць… Але мяне найбольш прыцягвала спалучэнне песень і гумару, таму выбар прыйшоўся на КВЗ. Я і сёння лічу, што жыццё без гумару было б вельмі сумным.
— Ці сустракаецеся са сваімі аднакурснікамі?
— Да пандэміі дастаткова актыўна падтрымлівалі адносіны. Не забывайцеся, што мы ўсе ўрачы, і для маіх аднакурснікаў зараз не самы лёгкі час. Кантакты прыпыніліся, але ў сацыяльных сетках падтрымліваем сувязь, віншуючы адно аднаго са святамі.
— Вы пэўны час працавалі па спецыяльнасці, а музычная кар’ера захапіла значна пазней. Ці выкарыстоўваеце зараз веды, атрыманыя ва ўніверсітэце?
— Пасля атрымання дыплома ўрача я 10 гадоў працавала па атрыманай спецыяльнасці. Спачатку па размеркаванні ў Міханавічах, а пасля перайшла працаваць у адну з ведамасных паліклінік, бо дарога на работу толькі ў адзін бок займала ледзь не дзве гадзіны. А потым так здарылася, што пайшла ў дэкрэтны водпуск. І ў гэты час мяне цалкам захапіла творчасць: пачалася актыўная канцэртная дзейнасць, і на работу ў паліклініку пасля дэкрэта я ўжо не выйшла. Пісаць песні паралельна з асноўнай работай не праблема, а вось каб займацца канцэртнай дзейнасцю, прыйшлося выбіраць паміж медыцынай і музыкай.
Жыццё — такая штука, што без медыцыны сёння ніяк. Таму прымяняю свае веды “ў хатніх умовах”: да ўчастковага тэрапеўта ці педыятра ў маёй сям’і практычна ніхто не звяртаецца, але, бясспрэчна, калі патрэбна больш сур’ёзная медыцынская дапамога, звяртаемся да спецыялістаў.
— Калі адбыўся ваш дэбют на сцэне ў якасці спявачкі?
— У 2005 годзе я брала ўд зел у тэлепраекце тэлеканала АНТ “Сярэбраны грамафон”, дзе выканала нашу з Жэнем першую песню Whisper of Silence. Асаблівасць гэтай песні ў тым, што яна напісана на “тарабарскай мове”— гэта сумесь слоў з розных моў. Калі мы пачыналі пісаць песні, то спачатку не ўдзялялі асаблівай увагі тэкстам — галоўнае, каб яны не перашкаджалі слухаць музыку.
— Ваша работа па кантракце ў Бахрэйне — гэта спроба паказаць сябе за мяжой ці?..
— …Гэта быў спосаб зарабіць грошай, пры гэтым займаючыся тым, што любіш. У той час (гэта быў самы пачатак 2000-х) грошай за тую работу плацілі больш, чым у нас за любую іншую (сёння гэта ўжо не настолькі актуальна). Для студэнта і добрага вакаліста гэта быў сапраўды вельмі добры шанс.
— Там вы працавалі ў калектыве Meliora пад кіраўніцтвам Яўгена Алейніка. Як вы з ім пазнаёміліся?
— Наша знаёмства з маім будучым мужам адбылося яшчэ падчас захаплення КВЗ за некалькі гадоў да работы ў Бахрэйне. Для нумара нам трэба было запісаць фанаграму, і сяброўка Лена Быкава параіла звярнуцца да тады невядомага мне Яўгена Алейніка, які быў майстрам у гэтай справе. А калі праз некаторы час сталі шукаць, куды б паехаць працаваць, даведаліся, што Жэня набірае дзяўчат у калектыў. Так і паехалі. А там ужо і “зрасліся”. (Усміхаецца.)
Канечне, там працавалі як кавер-бэнд, спявалі сусветныя хіты, арабскую музыку. А папулярызацыяй сваёй творчасці вырашылі заняцца пасля таго, як вярнуліся з “заробкаў”. (Смяецца.)
— Якая песня стала вашым дэбютам як аўтараў?
— Песень у нас было дастаткова многа, але мы іх пісалі часцей у стол. І самім не было дзе іх спяваць, і іншым выканаўцам не прапаноўвалі. Першай нашай песняй, якая прагучала ў эфіры, была песня “Гары-гары” ў выкананні Ірыны Дарафеевай.
— А якую сваю песню лічыце самай удалай?
— Цяжка сказаць, бо ёсць некалькі песень, якія пайшлі ў людзі і палюбіліся публіцы. Калі гаварыць пра творчасць групы “Аўра”, у першым радзе будзе стаяць “Затрымай мяне”, якая ў 2010 годзе перамагла ў праекце тэлеканала АНТ “Музычны суд” і добра прапіярылася. Яшчэ адной даволі вядомай песняй стала “Так скучала я”. У яе не было афіцыйнага рэліза і гучнай прэм’еры, але яе вельмі любяць аматары нашай творчасці. У нас ёсць цікавы вопыт супрацоўніцтва з самымі значнымі народнымі і заслужанымі артыстамі нашай краіны. Адным з такіх хітоў стала кампазіцыя “Синеокая”, якую выканалі Анатоль Ярмоленка і Вікторыя Алешка. А калі гаварыць увогуле, то папулярных песень нашай “вытворчасці” вельмі многа. Сярод іх — знакавая для нас кампазіцыя “Первый снег”, якая была прызнана лепшай песняй 2013 года.
— Юлія, вершы і тэксты песень — гэта адно і тое ж ці розныя рэчы?
— Я думаю, розныя. У вершы і ў песні розная перадача думкі. Песня звычайна больш аформленая: ёсць куплет і прыпеў, брыдж. Безумоўна, ёсць цудоўныя песні, якія не пабудаваны па гэтай схеме, яны таксама цікавыя і значныя, іх вельмі шмат. Верш — больш самастойны і самадастатковы жанр. Вершы добра гучаць і без музыкі.
— Што першасна ў песні: музыка або тэкст?
— Я ніколі не пішу вершы. Звыйчайна яны ўзнікаюць разам з музыкай. Або я слухаю музыку, якую напісаў Жэня, і ў мяне нараджаецца тэкст.
— А Жэня тэксты піша?
— Тэксты ўсіх рэп-кампазіцый — гэта вынік яго працы.
— Як вы ставіцеся да таго, што спевакі перапяваюць вашы песні?
— Я абсалютна не супраць, і мяне вельмі радуе, што людзі слухаюць і спяваюць нашы песні. І чым больш гэтага будзе, тым лепш.
— Вашы песні атрымліваюцца ўдалымі, таму што вы з мужам добра адчуваеце адно аднаго, ці такі творчы тандэм магчымы з любым кампазітарам?
— У прынцыпе, я не ведаю, што такое працаваць з іншым кампазітарам. Зараз працую з лепшым кампазітарам нашай краіны: Жэня для мяне лепшы, і я не бачу ніякага сэнсу шукаць нешта яшчэ.
— Ці лічыце вы сябе вядомым чалавекам?
— У нейкай ступені — так. Калі пра цябе піша прэса, цябе запрашаюць на канцэрты, твае песні гучаць на радыё і тэлебачанні і набіраюць прагляды ў інтэрнэце — магчыма, гэта і ёсць папулярнасць. Ну і папулярнасць бывае розная: нехта вядомы на ўвесь свет, а некага добра ведаюць сябры і калегі.
Любы артыст імкнецца быць папулярным. На канцэртах, бывае, людзі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што нейкая песня наша: песню чулі, а хто напісаў і спявае — не ведаюць. Што тычыцца аўтарства, то тут агульная тэндэнцыя ў тым, што кампазітары і аўтары тэкстаў, як правіла, знаходзяцца ў цені выканаўцы. За гэта бывае вельмі крыўдна, бо, на маю думку, гледачы і слухачы павінны ведаць, хто піша песні. Пахмутаву і Дабранравава ж ведаюць! І я буду вельмі ўдзячна артыстам, калі яны будуць гаварыць, чые песні яны выконваюць, бо першы складнік іх поспеху — яны самі, а другі — іх песні. Аўтараў песень таксама людзі павінны ведаць!
Аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка ў студзені 2019 года быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў эстрадным мастацтве і стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнай накіраванасці.
— Найбольш камфортна вы адчуваеце сябе як аўтар ці як выканаўца?
— У абедзвюх ролях мне вельмі добра. Я адчуваю задавальненне і ад добрай песні, і ад выступлення на сцэне. Па нюансах і адценнях гэта розныя пачуцці, але вельмі прыемныя.
— Ці спяваеце вы песні іншых выканаўцаў?
— Хутчэй не. Я, як і любы іншы вакаліст, ніколі не выканаю песню, напрыклад, лепш, чым Уітні Х’юстан, але, спяваючы сусветныя хіты, можна шмат што ўзяць для сябе ў тэхнічным плане і павысіць свой выканальніцкі ўзровень, раўняючыся на ўнікальныя галасы майстроў. У караоке не хаджу, бо трэба берагчы голас — канцэрты даюць каласальную нагрузку, і часта прыходзіцца літаральна маўчаць паміж выступленнямі.
— Самае галоўнае ваша музычнае дасягненне?
— Хочацца спадзявацца, што яно яшчэ наперадзе. (Смяецца.) Пакуль яшчэ можна працаваць і працаваць. Шмат што можна ўспомніць, але на сёння, мабыць, самая значная работа — гэта альбом “Куточак Беларусі”, за які мы ў 2018 годзе атрымалі прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Мы працавалі над ім не адзін год. У складзе творчага калектыву было шмат людзей розных прафесій, у тым ліку музыкантаў і вакалістаў. Выйшаў ён даволі вялікім тыражом і карыстаецца вялікай папулярнасцю.
Вельмі запомнілася работа над музычным афармленнем цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Мы з Жэнем напісалі музычную тэму і вершаваны тэкст, якія гучалі ў той момант, калі згасала полымя гульняў.
Ну і, бясспрэчна, уд зел у “Еўрабачанні” — таксама вялікі вопыт.
— Вы ўдзельнічалі ў большасці тэлепраектаў, якія рэалізоўваліся ў нашай краіне, а таксама мелі дачыненне да нашых канкурсантаў на дзіцячым і дарослым “Еўрабачанні”.
— Мы прымалі ўдзел у напісанні песні для Настассі Віннікавай, якая ў 2011 годзе прадстаўляла нашу краіну на “Еўрабачанні”: музыку і англійскі тэкст напісаў Жэня, а беларускі і рускі тэкст — я. Цікавым быў вопыт работы над музычным матэрыялам для Аляксея Жыгалковіча, які прынёс Беларусі перамогу на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2007 годзе. Уд зел у такіх конкурсах — стымул напісаць нешта новае і цікавае. Да таго ж “Еўрабачанне” — гэта добры спосаб паказаць новыя грані сваёй творчасці і нешта сказаць свету.
— Ці не думалі адкрыць сваю, напрыклад, вакальную школу?
— Падчас усіх праектаў, да якіх мы маем дачыненне (напрыклад, падрыхтоўка нумароў для дзіцячага “Еўрабачання”), мы займаемся ўсім поўнасцю, і педагогікай у тым ліку. Безумоўна, бяром у каманду харэографаў і пастаноўшчыкаў, але тое, што тычыцца вакалу і шэрага сцэнічных момантаў, выконваем самі. Думкі пра сваю школу былі, але, шчыра кажучы, на гэта няма часу.
— Ці ёсць у вас пакуль што нерэалізаваныя планы?
— Так ці інакш гэта будзе звязана з творчасцю. На самай справе, ёсць шмат цікавых рэчаў, якія можна прыдумаць і рэалізаваць. Здымаць кліпы я ўжо спрабавала, тым больш што Жэня можа ўсё здымаць і манціраваць, а я магу ўдзельнічаць як рэжысёр. Хочацца нейкіх новых праектаў, але менавіта ў творчасці. А так, каб усё кінуць і заняцца нечым дыяметральна супрацьлеглым… Гэта магчыма толькі ў якасці дадатку да таго, што сапраўды цікава. І пакуль што ўсё кардынальна мяняць і ісці ў іншым напрамку ў мяне няма ніякага жадання.
— Што спраўдзілася з таго, пра што марылі ў дзяцінстве?
— Думаю, любая жанчына марыць пра тое, каб у яе была сям’я і дзеці, — гэтая мара ў мяне спраўдзілася. У школьныя гады марыла ста ць артысткай — здаецца, зараз магу лічыць сябе артысткай. (Смяецца.) Шчыра кажучы, я ніколі не была летуценніцай, але і мэтанакіравана не ішла да вызначанай мэты. Атрымалася — значыць, так павінна было здарыцца.
— Ці праяўляюцца ў вашых сынах творчыя гены?
— Безумоўна. Творчыя здольнасці ў іх ёсць. Старэйшы, Аляксандр, якому ўжо 13, як амаль усе дзеці зараз, больш цікавіцца камп’ютарным дызайнам. А чатырохгадоваму Уладзіміру вельмі падабаецца танцаваць і спяваць, але пакуль яшчэ рана гаварыць, ці стане ён, напрыклад, музыкантам.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Юліі Быкавай.