Юныя мендзялеевы хімічаць сур’ёзна

- 11:58Адукацыйная прастора

Завяршыўся трэці этап алімпіяд па прадметах, і ўжо вядома, хто будзе прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім узроўні.

На Гомельшчыне ў абласным этапе алімпіяды свае сілы ў 17 прадметах спрабавалі 1300 навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў з усіх раёнаў вобласці і абласнога цэнтра. Найбольш папулярнымі для дзяцей, мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў, былі такія прадметы, як руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, матэматыка, біялогія.
Традыцыйна практычныя туры алімпіяды па біялогіі, хіміі, геаграфіі і інфарматыцы праходзяць на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, дзе ёсць уся неабходная база для правядзення доследаў і выканання практычных задач. Трэба выказаць падзяку рэктару гэтай ВНУ У.А.Рагачову, які заўсёды ідзе насустрач і прадастаўляе на час правядзення алімпіяд памяшканні і лабараторыі, а таксама выкладчыкам універсітэта, якія не толькі ўваходзяць у склад журы, але і займаюцца з дзецьмі. Для вучоных гэта прыемная праца.
— Працаваць з гэтымі дзецьмі — сапраўдная радасць, аддушына, — гаворыць старшыня журы алімпіяды па хіміі С.М.Панцялеева. — Яны зацікаўленыя, у іх непадробны інтарэс да прадмета і цяга да ведаў.
Калі паназіраць за юнымі хімікамі ў дзень практычнага тура алімпіяды, разумееш словы Святланы Міхайлаўны. “Хімічаць” школьнікі, нібы сапраўдныя навукоўцы. Чалавеку, далёкаму ад гэтай складанай прыродазнаўчай навукі, нават боязна ад разнастайнасці колб, прабірак, пляшачак і рэактываў. А школьнікі ўмела ўсім гэтым карыстаюцца, змешваюць, падаграваюць, праводзяць аналіз. Старшыня журы ў гэты момант любіць падбадзёрыць. “Мы трацім на вашы доследы паўтары тоны рэактываў. Глядзіце, апраўдайце давер”, — жартуе яна.
І дзеці стараюцца, паказваюць добрыя вынікі як у тэарэтычным, так і ў практычным туры. Па словах Святланы Міхайлаўны, з кожным годам у алімпіядах удзельнічаюць усё больш падрыхтаваныя навучэнцы. Пацвярджэнне гэтага — адсутнасць правальных работ.
— У цэлым даволі прыемна правяраць выкананыя алімпіяднікамі заданні, — прызнаецца кандыдат хімічных навук дацэнт С.М.Панцялеева. — Ёсць вельмі добрыя работы, ёсць крыху горшыя, але бачыцца ўзровень падрыхтоўкі.
Канечне, для таго каб паспяхова выканаць усе заданні, недастаткова ведаў школьнай праграмы па хіміі. Вучань павінен пастаянна займацца самападрыхтоўкай, вывучаць дадатковую літаратуру па прадмеце, наведваць факультатыўныя заняткі, курсы, займацца ў навуковых школах. Такая школа, дарэчы, ужо шмат гадоў працуе пры ГДУ імя Францыска Скарыны, і многія з тых хлопцаў і дзяўчат, якія прымаюць удзел у алімпіядах, займаюцца ў ёй пад кіраўніцтвам кандыдата хімічных навук дацэнта А.В.Вараб’ёвай. Акрамя таго, напярэдадні абласнога тура алімпіяды навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомельшчыны на адзін дзень прыязджаюць на кафедру хіміі, каб папрактыкавацца ў рашэнні розных хімічных задач. Каб атрымаць такую магчымасць, дзеці дыстанцыйна выконваюць дзве кантрольныя работы, па выніках якіх і адбіраюцца лепшыя з лепшых, звычайна 25—30 чалавек. Тут яны дзеляцца на дзве групы пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры С.М.Панцялеевай і А.В.Вараб’ёвай і разыходзяцца па розных аўдыторыях. Адны выконваюць якасны аналіз — вызначаюць, што знаходзіцца ў прабірцы, а другія — колькасны аналіз, спрабуючы даведацца, колькі рэагентаў знаходзіцца ў зададзеным аб’ёме. Потым юныя навукоўцы мяняюцца аўдыторыямі. Такім чынам за адзін дзень яны адпрацоўваюць усе асноўныя навыкі. Такая работа, як і сама алімпіяда па хіміі, праводзіцца ў цеснай сувязі з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.
— Для дзяцей, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе, гэта вельмі добрая падмога, — сцвярджае Святлана Міхайлаўна. — Па-першае, яны атрымалі практычныя навыкі, а па-другое, прыходзяць ужо ў знаёмае асяроддзе: ведаюць, дзе якое абсталяванне знаходзіцца, а гэта, згадзіцеся, эканоміць час у момант правядзення алімпіяды і крыху змяншае хваляванне.
Калі назіраеш за працэсам выканання алімпіяднікамі практычных заданняў, здаецца, што яны зусім не хвалююцца. З веданнем справы яны змешваюць рэактывы, сочаць за іх дзеяннем і заносяць складаныя формулы ў спецыяльныя лісты. Але ж на самай справе, калі ў лабараторыі, як любіць з гумарам казаць С.М.Панцялеева, усё шыпіць, бурліць і ўзрываецца, тое ж, мабыць, адбываецца і ўнутры кожнага навучэнца. Быць першым хочацца кожнаму з іх, бо гэта мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты. Яны змагаюцца не толькі за дыплом, які прыраўноўваецца да 100 балаў цэнтралізаванага тэсціравання. Яны хочуць пацвердзіць для саміх сябе, што дастаткова добра працавалі па любімым прадмеце. У рэшце рэшт, удзел у прадметнай алімпіядзе — гэта вялікая школа для кожнага, якая адыграе потым станоўчую ролю і ў студэнцкай, і ў прафесійнай будучыні.
У сёлетняй алімпіядзе па хіміі ўдзел прыняў 81 навучэнец. 38 з іх атрымалі дыпломы. 8 юнакоў і дзяўчат маюць дыпломы І ступені, 10 і 18 — ІІ і ІІІ ступені адпаведна.
Сярод адзінаццацікласнікаў лепшымі з лепшых сталі Вікторыя Адзінцова з сярэдняй школы № 61 Гомеля, Валерыя Дзмітрыева з Рэчыцкага раённага ліцэя і Аляксандра Краўчанка з Гомельскага гарадскога ліцэя № 1. Усе дзяўчаты прымалі ўдзел у алімпіядзе ўжо трэці год. Сярод 10-класнікаў уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі Валянцін Студзенечнік з сярэдняй школы № 8 абласнога цэнтра і Уладзіслава Дубінская з Гомельскага абласнога ліцэя.
Асабліва парадавалі журы навучэнцы 9-х класаў. Дзевяцікласнік з гомельскай сярэдняй школы № 61 Раман Мазур другі год запар заваяваў дыплом І ступені. У мінулым годзе хлопец, тады яшчэ васьмікласнік, з лёгкасцю выканаў на алімпіядзе заданні за 9 клас. І ў гэтым годзе Раман набраў найбольшую колькасць балаў, ён — абсалютны лідар сярод сваіх равеснікаў. Упершыню ў алімпіядны рух уключыліся дзевяцікласнікі Дзяніс Варажцоў з сярэдняй школы № 29 Гомеля і Іван Майсеенка з Патапаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна. Работы хлопцаў таксама адзначаны дыпломамі І ступені. Асаблівая радасць у старшыні журы дацэнта С.М.Панцялеевай за вясковага хлопчыка.
— Я нярэдка думаю пра тое, што дзесьці ў вёсках ёсць вось такія зорачкі, але нам пра іх не вядома, — з жалем гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Як старшыня журы я вельмі хацела б, каб геаграфія ўдзельнікаў алімпіяды па хіміі пашырылася, каб мы бачылі не толькі навучэнцаў школ буйных гарадоў, ліцэістаў і гімназістаў. Не трэба баяцца ўдзелу ў алімпіядзе. І няхай не атрымае дзіця дыплома, затое атрымае вельмі добрую школу.
Што для гэтага неабходна? Адказ просты: да старанняў вучня трэба прыкласці зацікаўленасць педагога і дырэктара школы. І ўсё. На думку субяседніцы, трэба крыху папрацаваць над сістэмай, якая дазволіць зрабіць алімпіядны рух у вобласці больш вытрыманым і арганізаваным. А ў цэлым добра б было стварыць нейкі адзіны цэнтр па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяды. Цэнтр, куды кожны навучэнец можа звярнуцца і атрымаць кансультацыю ці дапамогу прафесіяналаў. Зразумела, некаторыя прадметы, як, напрыклад, хімія, патрабуюць пэўнай матэрыяльнай базы для практычных заняткаў. Але і гэта можна вырашыць — выкарыстоўваць базу вышэйшых навучальных устаноў і каледжаў, якіх на Гомельшчыне дастаткова. Магчыма, мара Святланы Міхайлаўны аднойчы здзейсніцца. Без навукі, як вядома, не можа быць прагрэсу, а таму клопат пра будучых навукоўцаў — сярод прыярытэтных задач.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алены ЗАЙЦАВАЙ.