Юныя наватары паказалі сябе

- 13:09Навіны рэгіёнаў

Разнастайныя наватарскія праекты прадставілі навучэнцы Магілёўшчыны на абласны этап конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”.

Удзел у конкурсе прынялі больш за 100 юных даследчыкаў з усіх куткоў рэгіёна. Характэрна, што ў гэтым годзе свае ідэі прадстаўляла нямала навучэнцаў раённых і сельскіх устаноў адукацыі.
Як патлумачыў старшыня журы конкурсу намеснік дырэктара абласнога Цэнтра творчасці Генадзь Касцючэнка, такая тэндэнцыя сведчыць, што тэхнічная творчасць становіцца ўсё больш цікавай навучэнцам.
— Мы ўсяляк стараемся папулярызаваць тэхнічныя віды творчасці. У вобласці распрацавана спецыяльная праграма, праводзяцца абласныя спаборніцтвы, конкурсы, арганізоўваюцца рэгіянальныя этапы больш маштабных конкурсаў, аказваецца дзяржаўная падтрымка педагогам і навучэнцам. Расце цікавасць да тэхнічнай творчасці ў раёнах і ў вёсцы, нашы выхаванцы ўсё больш паспяхова выступаюць на спаборніцтвах, — адзначыў Генадзь Анатольевіч.
Конкурс “Таленты XXI стагоддзя” таксама накіраваны на ўсебаковае развіццё інтэлектуальнай творчасці і даследчай дзейнасці моладзі. Удзел у ім прымалі навучэнцы агульных сярэдніх, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі вобласці. Магчымасці праявіць сябе ў канкурсантаў былі вельмі шырокія, бо ў гэтым годзе інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі ў васьмі секцыях: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”, “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Праграмаванне і вылічальная тэхніка”, “Астраномія і касманаўтыка”, “Відэафільм”.
На суд журы былі прадстаўлены мадэлі і дзеючыя прылады тэхнікі, энергазберагальныя праек ты, вынікі даследаванняў зорнага неба і планет, камп’ютарныя праграмы, мультымедыйныя прадукты, вэб-сайты і іншыя вартыя ўвагі распрацоўкі.
Напрыклад, навучэнец Бабруйскага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Куцян прадставіў на конкурс канструкцыю “Мотаконь”.
— Узяўшы за аснову трохколавы веласіпед, мы абсталявалі яго рухавіком з прывадам на адно кола. Круціць педалі цяпер трэба толькі для таго, каб завесці гэты рухавік. Веласіпед ператвараецца ў невялікі матацыкл і можа разагнацца да 60 км у гадзіну. Яшчэ адзін плюс нашай распрацоўкі ў тым, што яна цалкам складная і лёгка змяшчаецца ў стандартны дарожны чамадан, — расказаў Мікалай.
Хлопцы з Магілёўскага політэхнічнага каледжа распрацавалі шэраг рэсурсазберагальных праектаў: Аляксей Сушко прыдумаў, як удасканаліць прадукцыйнасць зварачнай гарэлкі, а Міхаіл Падсценны прадстаўляў ужо запатэнтаваны праект “Зварное злучэнне”.
— Наша распрацоўка накіравана на актуальную праблему сучаснасці — зберажэнне энергарэсурсаў. Форма зварнога шва, якую мы выявілі, эканоміць метал, газ, электраэнергію, зварачныя матэрыялы. А выкарыстоўваць яе можна пры будаўніцтве транспартных канструкцый, пад’ёмных кранаў, мараходных суднаў, — дадала педагог каледжа кіраўнік гуртка тэхнічнай творчасці Людміла Зінкевіч.
Па выніках абароны работ канкурсантаў журы вызначыла найбольш наватарскія і арыгінальныя праекты. У секцыі “Тэхнічнае мадэляванне” дыплома І ступені ўдастоена мадэль баявой машыны рэактыўнай артылерыі “Кацюша”, аўтарам якой з’яўляецца навучэнец абласнога Цэнтра творчасці Аляксей Бярбеца. У секцыі “Тэхнічнае канструяванне” перамогу атрымаў навучэнец Бабруйскага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Куцян са згаданай распрацоўкай “Мотаконь”. Навучэнец Магілёўскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Ілья Шубін з праектам “Шакаладны” 3D прынтар” стаў лепшым у секцыі “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”. Пераможцай у секцыі “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі” стала вучаніца сярэдняй школы № 3 Асіповіч Алена Шаўчук з праектам “Гідрахімічнае і біяіндыкацыйнае даследаванне водных аб’ектаў Асіповіцкага раёна”. Першае месца ў секцыі “Астраномія і касманаўтыка” — у навучэнкі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Настассі Сілінай (даследаванне “Магілёўскі “Астролаг”). Лідарамі секцый “Мультымедыйныя тэхналогіі” і “Праграмаванне і вылічальная тэхніка” сталі навучэнцы Магілёўскага політэхнічнага каледжа Станіслаў Кананкоў і Аляксей Хальчыцкі. Станіслаў уразіў журы сваім мультымедыйным праектам “Бяспека паводзін на дарозе”, а Аляксей — праграмным прадуктам “Памяць сэрца”. У секцыі ж “Відэафільм” лепшай была прызнана работа вучаніцы гімназіі Мсціслава Аляксандры Данчыўскай, якая зняла відэаролік, прысвечаны роднаму гораду.
Па выніках конкурсу таксама вызначаны юныя рацыяналізатары, якія будуць прадстаўляць Магілёўскую вобласць на заключным этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.