Юныя сяброўкі пагранічнікаў

- 16:30Нам пішуць

Кожны вучань сутыкаецца з праблемай выбару прафесіі. Для навучэнцаў пытанні прафарыентацыі значныя. Важная на этапе фарміравання гатоўнасці да прафесійнага самавызначэння дапамога настаўнікаў, дарослых. Вось таму ў Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна па жаданні навучэнцаў быў адкрыты факультатыў “Юныя сябры пагранічнікаў”.

Наш мікрараён размешчаны ў пагранічнай зоне, ды і большасць навучэнцаў пражывае ў пагранічнай паласе. Школьнікі ведаюць, што пагранічнікі — гэта байцы першай лініі, “шчыт Радзімы”, што гэтая нялёгкая і адказная спецыяльнасць заўсёды прыцягвала і прыцягвае мужных, самаадданых людзей. Самае цікавае тое, што большасць наведвальнікаў факультатыву — гэта дзяўчынкі.

Практычныя заняткі ў асноўным праходзяць на пагранічным пасту, дзе дзяўчынкі з задавальненнем далучаюцца да ваеннай справы. Разборка і зборка аўтамата, ваенная тапаграфія — для іх гэта звычайная справа. Таксама школьніцы вывучаюць гісторыю пагранічных войскаў, агнявую, страявую і фізічную падрыхтоўку, статуты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асновы пагранічнага майстэрства, ваенна-медыцынскую падрыхтоўку. На занятках па гісторыі пагранічных войскаў знаёмяцца з узнікненнем і станаўленнем пагранічнай службы на тэрыторыі Беларусі, з асаблівасцямі аховы дзяржаўнай мяжы ў перадваенны перыяд, вывучаюць ваенна-палітычную абстаноўку, дыслакацыю пагранічных атрадаў на беларускім напрамку да чэрвеня 1941 года.

Асаблівая ўвага на занятках удзяляецца гісторыі стварэння і фарміравання органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, іх структуры і асноўным задачам, фарміраванню Лідскага пагранічнага атрада, апоры ў ахове мяжы на мясцовае насельніцтва. Азнаямленне з вайсковай прысягай дапамагае раскрыць разуменне найважнейшых патрабаванняў да маральна-баявых якасцяў воіна-пагранічніка, паказаць, які самы высокі абавязак бярэ на сябе воін, прымаючы прысягу.

Гледзячы на захопленасць дзяўчынак факультатывам, хочацца верыць, што сваю будучыню яны звяжуць з прафесій ваеннаслужачага, будуць стаяць на варце Радзімы.

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна.