З абаяльнай усмешкай і жаночай мудрасцю

Вясной мы чакаем сонца, кветак і ўсмешак, а 8 Сакавіка — нагода яшчэ раз успомніць пра тое, як важна заўважаць прыгажосць і індывідуальнасць кожнай жанчыны.
У адукацыйнай галіне кіруючыя пасады ў пераважнай большасці займаюць жанчыны. Сучасныя лэдзі нароўні з мужчынамі робяць кар’еру, дабіваюцца поспеху і пры гэтым застаюцца цудоўнымі жонкамі і мамамі. Імі захапляюцца, ім зайздросцяць, іх часам пабойваюцца, з іх бяруць прыклад. А што яны самі думаюць пра сваё кіраванне? У чым моцныя і слабыя бакі жанчыны-кіраўніка? Якіх падарункаў больш за ўсё чакаюць на жаночае свята? Як да іх кіравання адносяцца падначаленыя мужчыны? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць прыгожых і разумных, абаяльных і дзелавых, цікавых і крэатыўных педагогаў, якія займаюць кіруючыя пасады.

Алена Сяргееўна САЛАВЕЙ, начальнік аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Брэсцкай вобласці:
— У педагогіку прыйшла па вялікім жаданні быць настаўніцай. Гэта быў усвядомлены выбар прафесіі, бо ў школе мяне вучылі сапраўдныя педагогі, па прыкладзе якіх хацелася працаваць, прымнажаючы іх пачынанні. Гэта настаўніца матэматыкі Яніна Антонаўна Калюта і настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Іванавіч Бондар. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага працавала спачатку настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў гімназіі № 5 Баранавіч, потым — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7, а затым — дырэктарам сярэдняй школы № 9. Адным словам, давялося прайсці ўсе прыступкі педагагічнай лесвіцы. Як стала начальнікам аддзела адукацыі? Гэта быў ужо іншы выбар, заснаваны на разуменні і адказнасці за дзяржаўную справу.
Лічу, што галоўны талент любога кіраўніка, а тым больш жанчыны-кіраўніка, — гэта ўмець прадбачыць, прадугледжваць і сітуацыю поспеху, і праблемную сітуацыю, усё вырашаць з мінімальнымі стратамі, бо жанчыне ўвогуле не ўласцівы прынцып вайны ў любой справе, і гэта галоўны дар, якім узнагародзіла жанчыну прырода. Гэта важная жаночая якасць і ў кіраванні дзяржаўнымі справамі, і ў сямейных адносінах. Думаю, што слабасць жанчыны-кіраўніка ў тым, што ёй у любой сітуацыі трэба заставацца яшчэ і жанчынай.
Спадзяюся, што падначаленыя мужчыны ставяцца да мяне як да калегі, з якой можна абмяркоўваць усе праблемы і сумесна вырашаць іх. Мужчыны дома — бацька, муж і сын — адносяцца да мяне як да дачкі, жонкі і маці, і гэта для мяне вельмі важна.
8 Сакавіка — свята вясны, цеплыні, пяшчоты. Самы дарагі падарунак для мяне — гэта віншаванні мужа і сына, іх жаданне расквеціць гэты дзень сваёй увагай.
Паколькі ў сістэме адукацыі нашага горада працуюць у асноўным жанчыны, дзяўчаты, ад усёй душы жадаю ім быць паспяховымі, запатрабаванымі, неабходнымі як для сваіх вучняў, так і для блізкіх, любімых людзей!

Марына Юр’еўна САВЯНОК, дырэктар сярэдняй школы № 20 Барысава Мінскай вобласці:
— Любы шлях пачынаецца з першага кроку, любая справа — з адказнага выбару. У 1987 годзе з пасведчаннем з адзнакай я паступіла ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча на школьнае аддзяленне. Менавіта тут я сустрэлася з педагогікай. З таго часу наш саюз толькі мацнеў: БДПУ імя Максіма Танка з адзнакай, ІПКіПК БДПУ імя Максіма Танка. А таксама бесперапынная самаадукацыя, неаднаразовы ўдзел у канферэнцыях, майстар-класах, семінарах, дзе набываўся каштоўны чалавечы і педагагічны вопыт.
Так атрымалася, што мая прафесійная дзейнасць непарыўна звязана з адной установай адукацыі. У новую сярэднюю школу я прыйшла нявопытнай маладой настаўніцай пачатковых класаў, тут стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а потым — і кіраўніком. Тут набыла бясцэнны вопыт зносін, расла як прафесіянал, метадыст, кіраўнік. Аналізуючы сёння гэтыя перыяды сваёй прафесійнай дзейнасці, разумею, што заўсёды імкнулася стварыць у рабоце цэласную і граматную сістэму, унікала ў сутнасць новаўвядзенняў, асвойвала новыя тэхналогіі, заўсёды знаходзіла прыхільнікаў і аднадумцаў, што дапамагала мне быць паспяховай. Цяжкасці дапамаглі мне вызначыць свае моцныя і слабыя бакі, выкарыстоўваць асобасныя рэсурсы ў поўнай меры, навучылі правільна будаваць свой прафесійны імідж. А яшчэ мне вельмі пашанцавала не толькі з вучнямі, калегамі, але і з настаўнікамі, камандай. Я ганаруся нашай школай, паважаю і цаню наш калектыў. Наша школа — гэта асаблівы свет, свет магчымасцей, які развіваецца і ўдасканальваецца з кожным днём.
Для таго каб чалавек стаў добрым кіраўніком, ён незалежна ад полу павінен валодаць асаблівымі якасцямі. Моцны характар, асабістая адказнасць за вынік, дзелавое чуццё, высокая працаздольнасць, актыўнасць, уменне натхняць і весці за сабой калектыў — усё тое, што называюць задаткамі лідара. Тым не менш жаночаму стылю кіравання ўласцівы некаторыя адрозненні: гнуткасць, дыпламатычнасць, адкрытасць у зносінах, уважлівасць. У кіраванні калектывам я сур’ёзную ўвагу ўдзяляю дробязям, рэдка прыбягаю да аўтарытарных метадаў, замест прамога прымусу выкарыстоўваю метады пераканання, імкнуся матываваць, а не прымушаць персанал выконваць пастаўленыя задачы. Рэдка іду на адкрыты канфлікт, які можа нашкодзіць справе, шукаю кампрамісныя варыянты, прытрымліваюся збалансаваных, абдуманых рашэнняў з апраўданай рызыкай.
У чым слабасць жанчыны-кіраўніка? Адназначна адказаць на гэтае пытанне складана. Калі-нікалі і недахопы ператвараюцца ў перавагі. Напрыклад, павышаная эмацыянальнасць. Не сакрэт, што жанчыны жывуць эмоцыямі, і на рабоце гэта праяўляецца не заўсёды з лепшага боку. Разам з тым жанчына больш тонка адчувае нюансы ўзаемаадносін з падначаленымі і кіраўніцтвам. Гэта дазваляе лепш зразумець кожнага супрацоўніка, згладзіць магчымыя канфлікты. Яшчэ адзін невялікі недахоп ці перавага: жанчына заўсёды хоча быць лепшай за ўсіх, таму яна горш успрымае крытыку, сур’ёзней перажывае няўдачу. Разам з тым жаданне быць лепшай матывуе на аналіз дапушчаных памылак, пошук новых падыходаў да вырашэння праблемы, дасягненне поспеху, паляпшэнне свайго творчага патэнцыялу.
Хочацца думаць, што падначаленым мужчынам камфортна ў нашым калектыве і пад маім кіраўніцтвам. На гэты момант я дастаткова кампетэнтная не толькі ў педагогіцы, псіхалогіі, фінансах, інфарматызацыі, але і ў электрыцы, сантэхніцы, нюансах будаўнічых работ. Магу падтрымаць не толькі гутарку, але і спытаць па поўнай за якасць праведзеных урокаў, выкананых рамонтных работ, даць параду. Так што са мной ім пашанцавала. А калі сур’ёзна, то, на жаль, больш я кірую жанчынамі, мужчын-настаўнікаў у школе няшмат. Дома ж я не кіраўнік, а любячая жонка і мама. Кіраванне — гэта мая работа, а не ўсё маё жыццё. Хоць часам вельмі складана аддзяліць адно ад другога. Я вельмі цаню адносіны з маімі блізкімі, якія прымаюць мяне такой, якая я ёсць, заўсёды падтрымліваюць і проста любяць.
У нас у сям’і два святы побач: 7 сакавіка — дзень нараджэння мужа, 8 Сакавіка — свята маё і дачкі. Два дні віншаванняў і яркіх эмоцый.
Для мяне жаночае свята — гэта дзень гармоніі, цяпла і ўтульнасці, дзень узаемаадносін з блізкімі людзьмі. Ад свята чакаю букет кампліментаў і прыгожы букет цюльпанаў. А сваім калегам хачу пажадаць больш прыемных імгненняў, з якіх складаюцца ўспаміны, што саграваюць душу! Адпачынку, які надоўга зараджае энергіяй і адкрывае новыя гарызонты! Пазітыўных адносін да любой жыццёвай сітуацыі і ўсмешкі, якая прымушае гарэць вочы і прыцягвае ўдачу! Няхай побач будуць блізкія, з якімі цёпла і ўтульна, верныя сябры і надзейныя калегі! Няхай выбар заўсёды будзе правільным і прывядзе да сапраўднага поспеху!

Вольга Чаславаўна ВЯРШОК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 26 Мінска:
— Быць настаўнікам — мая мара з дзяцінства. Мае дзядуля і цётка былі педагогамі, паслужылі для мяне яскравым прыкладам. Памятаю, як з сяброўкай мы гулялі ў школу, набіралі кніжкі, разлінейвалі дзённікі, саджалі лялек на падлогу і вучылі іх, задавалі хатнія заданні і ставілі адзнакі. Такая гульня магла займаць цэлы дзень і прыносіла мора радасці і станоўчых эмоцый. Калі скончыла школу, выбар быў зроблены без ваганняў. Пасля заканчэння ў 1998 годзе Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка працавала настаўнікам-дэфектолагам у сярэдняй школе № 83 Мінска і за час работы прымала актыўны ўдзел у школьных, раённых, гарадскіх конкурсах прафесійнага майстэрства педагогаў. У 2008 годзе стала лаўрэатам прэміі Мінгарвыканкама ў намінацыі “Культура здароўя: ад маніторынгу да патрэбы асобы”. З 2010 года працую ў сярэдняй школе № 26 Мінска на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і курырую пачатковыя класы. Вось такі мой шлях у педагогіку — матываваны, усвядомлены, зацікаўлены.
Мяркую, што якасць кіравання залежыць ад інтэлекту, інтуіцыі, логікі, здольнасці працаваць з людзьмі. А гэтыя якасці ўласцівы як мужчынам, так і жанчынам, і кіраўнік любога полу павінен валодаць асаблівымі навыкамі і талентамі. Зараз складана быць фармальным кіраўніком, якога хтосьці прызначыў. Уладу не даюць, яе бяруць. І, безумоўна, каб весці каманду, трэба валодаць лідарскімі якасцямі, навыкамі стратэгічнага кіравання, бачыць глабальную мэту, быць актыўным і штодзень развівацца. Толькі калі я пачала браць на сябе адказнасць, бачыць рэальныя вынікі сваёй дзейнасці і сваім уласным прыкладам заражаць тых, хто мяне акружае, толькі тады маё кіраванне стала рэальным. І ўвогуле задача жанчыны-кіраўніка не ў тым, каб увесь час штосьці даказваць і кімсьці кіраваць, а ў тым, каб умела выкарыстоўваць прыродную жаночую мудрасць, сумяшчаць жаночую асцярожнасць і дальнабачнасць з мужчынскай смеласцю і катэгарычнасцю.
Мой муж з вялікай павагай адносіцца да таго, чым я займаюся. У яго родныя — і мама, і тата, і сястра — педагогі (тата быў дырэктарам Старабарысаўскай школы, мама — настаўніцай хіміі і біялогіі, родная сястра працуе настаўнікам-дэфектолагам). Безумоўна, яму вельмі блізкія і радасці, і праблемы школьнага жыцця, таму ён з пашанай прымае тое, чым я займаюся, і за гэта яму вялікі дзякуй.
А на рабоце даводзіцца абстрагавацца ад эмацыянальнага складніка кіравання, каб не даваць нагоды педагогам, супрацоўнікам успамінаць пра жаночую логіку, празмерную эмацыянальнасць нас, жанчын, і паблажлівасць да бландзінак, якой я з’яўляюся. (Смяецца.) Не ўсё так дрэнна. Калі-нікалі тое, што я жанчына, дае мне некаторыя бонусы. Напрыклад, усмешка робіць субяседніка мякчэйшым, знешні выгляд распраўляе яму плечы, а смех разраджае абстаноўку, і сур’ёзная размова ператвараецца ў прыемную гутарку. Гэта такія вось хітрыкі жанчыны-кіраўніка.
Калі гаварыць пра слабасці жанчыны-кіраўніка, то жанчына па прыродзе сваёй мякчэйшая. Гэты мацярынскі інстынкт пашкадаваць, увайсці ў чыёсьці становішча і зразумець часам перашкаджае эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці. З іншага боку, гэта можна ператварыць у перавагі: калі супрацоўнік не баіцца падзяліцца праблемамі і адкрыты, шчыры, то і адказнасць за агульную справу можа раздзяліць з кіраўніком.
Для мяне 8 Сакавіка — свята радасці, кахання, захаплення жанчынамі як самымі прыгожымі на зямлі, гэта вясенні настрой, новыя сілы, нагода сказаць маме і дачцэ, якія яны ў мяне цудоўныя. Штогод мы віншуем нашых педагогаў, калег з гэтым святам, і ў школе ў нас арганізоўваецца канцэрт “Мілым мамам”.
Глыбока сімвалічна, што галоўны жаночы дзень супадае з першымі нясмелымі крокамі вясны па планеце, бо жанчыны, як і сама вясна, прыгожыя, пяшчотныя і крыху ранімыя, таму і маюць патрэбу ў верным мужчынскім каханні і надзейнай абароне. Мілыя дамы, дарагія калегі! Дазвольце пажадаць вам вечнай маладосці, неўвядальнай прыгажосці! Няхай здароўе з кожным годам мацнее, а настрой заўсёды будзе выдатным! Няхай дома вас чакаюць кветкі і падарункі, вясёлы смех і добрыя пажаданні!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з уласных архіваў педагогаў.

P.S. Мы далучаемся да гэтых цёплых слоў і жадаем нашым педагогам больш радасных дзён, кахання ў сэрцы і шчасця ў кожным глытку вольнага гарэзлівага вясенняга паветра!

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *