З акцэнтам на сацыяльную адаптацыю навучэнцаў

- 10:46Рознае, Спецыяльная адукацыя

Вядома, што навучэнцы, якія маюць цяжкія і (або) множныя фізічныя і (або) псіхічныя парушэнні ў развіцці, часта сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры азнаямленні з навакольным светам, засваенні агульнапрынятых норм паводзін, авалоданні навыкамі зносін. Таму мы разглядаем сацыяльную адаптацыю ў якасці асноўнага і прыярытэтнага напрамку ў рабоце з нашымі навучэнцамі.

Пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу паміж настаўнікам класа і выхавальнікам ажыццяўляецца пераемнасць у рабоце. А як яна ажыццяўляецца, я раскажу на прыкладзе прадмета “Сацыяльная адаптацыя” па тэме “Вуліца. Транспарт. Правілы дарожнага руху”. Настаўнік класа, працуючы над гэтым раздзелам праграмы, адлюстроўвае ў журнале пераемнасці навыкі і ўменні, якія я павінна замацаваць з навучэнцамі пасля ўрокаў. Уменні і навыкі я замацоўваю, гуляючы з навучэнцамі ў сюжэтна-ролевыя і дыдактычныя гульні, вывучаючы творы мастацкай літаратуры, у прадметна-практычнай дзейнасці, пры правядзенні прагулак-практыкумаў, камбінаваных прагулак.

У нашым цэнтры на гульнявой пляцоўцы ёсць куток па Правілах дарожнага руху, які ўяўляе сабой участак дарогі, у цэнтры якога размешчаны святлафор і пешаходны пераход. Таксама там размешчаны дарожныя знакі: “Святлафор”, “Пешаходны пераход”, “Прыпынак”, “Асцярожна, дзеці”. А самым любімым месцам гульняў нашых дзяцей з’яўляецца вялікая машына, у якую ўсе імкнуцца залезці.

На гульнявой пляцоўцы навучэнцы замацоўваюць веды асноўных сігналаў святлафора, як правільна пераходзіць вуліцу па пешаходным пераходзе-“зебры”. Для гэтага я выкарыстоўваю розныя метады і прыёмы. Навучэнцы выкладваюць сігналы святлафора з розных матэрыялаў: жалудоў, каштанаў, рознакаляровых коркаў, каляровай паперы і кавалкаў тканіны. Разам з навучэнцамі мы аформілі выставу на тэму “Святлафор”. Работы былі выкананы з кожным навучэнцам у розных тэхніках: лепка, аплікацыя з паперы і футра, маляванне. Разам з дзецьмі мы вырабілі з непрыдатнага матэрыялу дыдактычных лялек, з якімі можна гуляць як у класе, так і на пляцоўцы.

Вялікую ролю ў замацаванні ў навучэнцаў ведаў і ўменняў, атрыманых на ўроках, адыгрываюць экскурсіі. Я арганізоўваю экскурсіі такім чынам, каб навучэнцы не толькі назіралі за тымі ці іншымі аб’ектамі, але і маглі дзейнічаць, беручы прыклад з дзейнасці дарослага. Напрыклад, пры наведванні магазіна знаёмлю вучняў з аддзеламі магазіна, прапаноўваю ім аплаціць пакупку, папрасіць у прадаўца неабходны тавар, пакласці тавар у пакет.

Я выкарыстоўваю як комплексныя, так і тэматычныя экскурсіі. Комплексныя экскурсіі праводжу тады, калі неабходна ажыццяўляць назіранне за аб’ектамі, якія маюць дачыненне да розных тэм аднаго і таго ж раздзела праграмы. Тэматычныя, або мэтавыя, экскурсіі прадугледжваюць больш глыбокае вывучэнне невялікага кола аб’ектаў і паняццяў, якія маюць дачыненне да тэмы.

Пасля экскурсіі падводжу з навучэнцамі яе вынікі з мэтай сістэматызацыі, абагульнення і замацавання атрыманых ведаў.

Напрыклад, у час экскурсіі да святлафора (мы вядзём дзяцей на галоўную вуліцу нашага горада) выхавальнік тлумачыць навучэнцам правілы пераходу па “зебры”, звяртае іх увагу на дарожны знак “Пешаходны пераход”, загадвае дзецям загадкі, разам з імі ўспамінае вершы па тэме. Потым дзеці разам з выхавальнікам, выконваючы Правілы дарожнага руху, пераходзяць на другі бок дарогі па зебры. Перайшоўшы дарогу па пешаходным пераходзе, выхавальнік і дзеці працягваюць свой шлях, дзе сустракаюцца з інспектарамі ДАІ, якія знаёмяць іх з Правіламі дарожнага руху і нагадваюць пра іх выкананне.

Валянціна ПЯТРОЎСКАЯ,
выхавальніца Жлобінскага раённага ЦКРНіР.