З апорай на рэгіянальную мадэль метадычнай службы

- 11:40Планёрка ў рэгіёне

Звычайна ў лютым сістэма адукацыі краіны падводзіць вынікі работы за папярэдні каляндарны год. Аб прыярытэтных напрамках дзейнасці педагагічных калектываў Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, апошніх дасягненнях яго вучняў і настаўнікаў, планах на найбліжэйшую будучыню нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Рыгораўна ШАФРАНСКАЯ.

— У сёлетнім навучальным годзе, які вызначаецца пераходам на адносную завершанасць другой ступені навучання і ўвядзеннем профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, педагагічныя калектывы раёна працуюць над забеспячэннем даступнасці і павышэннем якасці адукацыі, над выпрацоўкай стратэгій развіцця кожнай установы адукацыі. Павышаная ўвага ўдзяляецца выкарыстанню ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Мультымедыйныя комплексы і інтэрактыўныя дошкі сталі неад’емнай часткай вучэбнага працэсу. Мадэлюючыя праграмныя сродкі выкарыстоўваюцца на ўроках геаметрыі, фізікі. Дэманстрацыйныя праграмы, якія забяспечваюць нагляднае прадстаўленне вучэбнага матэрыялу, візуалізацыю з’яў і працэсаў, якія вывучаюцца, і ўзаемасувязей паміж аб’ектамі, прымяняюцца на ўроках фізікі, хіміі і біялогіі.Установы адукацыі рэалізоўваюць цікавыя праекты. На працягу пяці гадоў у Забалоцкай сярэдняй школе дзейнічае гуманітарная сельскагаспадарчая праграма, распрацаваная Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Дапамажы людзям” (кіраўнік праекта Р.Б.Кітаева). Штогадовы даход ад вырошчвання агародніны складае ад 15 да 17 млн рублёў. У сярэдняй школе № 2 Талачына рэалізоўваецца праект “Вучэбна-развіццёвая школьная аграэкасядзіба як цэнтр падрыхтоўкі навучэнцаў да работы ў будучыні ў сельскагаспадарчых галінах раёна” (кіраўнік праекта Т.С.Сушкова). Па гэтым праекце ўжо асвоена 250 млн рублёў.
Што тычыцца дасягненняў, то яны ёсць па ўсіх напрамках дзейнасці. На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Талачына Аляксандр Кажамяка адзначаны дыпломам ІІІ ступені (настаўнік А.В.Юхновіч).
Асабліва хочацца звярнуць увагу на дасягненні педагогаў і вучняў у галіне фізічнай культуры і здароўя. Мэтанакіраваная работа педагогаў прыносіць плён. Вучаніца 2 класа Талачынскай раённай гімназіі Дар’я Калістратава была ўключана ў склад зборнай каманды Віцебскай вобласці на фінальны этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для каралевы”, на якім у адным з відаў праграмы заняла 5-е месца.
Зборная каманда раёна ў XXVIІI Абласной спартакіядзе школьнікаў па зімовым мнагаборстве “Здароўе” заняла 3-е месца сярод каманд сельскіх раёнаў. У склад зборнай Віцебскай вобласці на рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве былі ўключаны 7 навучэнцаў раёна — каманда заняла 1-е агульнакаманднае месца. Больш за 10 гадоў запар навучэнцы аддзялення грэка-рымскай барацьбы (трэнер І.Ф.Галуза) займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, выязджаюць за межы рэспублікі.
Радуюць поспехі педагога дадатковай адукацыі кіраўніка гуртка горна-пешага турызму Н.У.Млявай, выхаванцы якой з’яўляюцца неаднаразовымі прызёрамі конкурсаў на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”.

— Вольга Рыгораўна, ці працуюць ва ўстановах раёна маладыя спецыялісты? Што робіцца для іх замацавання на месцах?
— У раёне працуе 20 маладых спецыялістаў. І работа па адаптацыі і замацаванні пачынаючых настаўнікаў — адна з галоўных. Значная частка мерапрыемстваў з маладымі педагогамі прысвечана стварэнню ўмоў для іх паспяховай адаптацыі, матэрыяльнаму стымуляванню працы.
З мэтай замацавання маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы, акрамя ўстаноўленых заканадаўствам даплат, аддзелам прынята рашэнне аб устанаўленні дадатковых мер стымулявання ў выглядзе даплаты за кантракт 50%. Замацаванасць маладых спецыялістаў за апошнія два гады складае больш за 70%.

— Як вы ацэньваеце дзейнасць раённай метадычнай службы ў аказанні дапамогі педагогам?
— Дзейнасць раённай метадычнай службы накіравана на бесперапыннае павышэнне ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў. Арганізацыя дыферэнцыраванай метадычнай работы дазволіла далучыць педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі да работы ў творчых групах (складанне алімпіядных заданняў па вучэбных прадметах, арганізацыя міжнародных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый і г.д.), да кіраўніцтва раённымі метадычнымі аб’яднаннямі. Майстар-класы па заяўленых тэмах правялі 8 педагогаў, у навукова-практычных канферэнцыях раённага ўзроўню ўдзельнічала 7 настаўнікаў, абласнога ўзроўню — 2, у прафесійных конкурсах на лепшую метадычную распрацоўку (рэспубліканскага, абласнога ўзроўняў) — 5.
Для педагогаў школ раёна арганізавана работа 43 раённых метадычных фарміраванняў, школы маладога настаўніка, школы маладога кіраўніка, арганізаваны пастаянна дзеючыя семінары рознай накіраванасці, вучэбныя семінары, канферэнцыі і г.д. Хочацца адзначыць дастатковы працэнт (больш за 50%) удзелу педагогаў сярэдняга (адаптыўнага) узроўню ў публічных выступленнях на метадычных нарадах, семінарах, у пасяджэннях метадаб’яднанняў. Узрасла актыўнасць работы педагогаў па самаадукацыі.
Асаблівае месца адводзіцца курсавой падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў. Для распаўсюджвання вопыту работы цікава праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства, навукова-практычныя канферэнцыі, майстар-класы.
Практыка паказала, што выбудаваная мадэль метадычнай службы раёна каардынуе і накіроўвае метадычную работу ва ўстановах адукацыі. Безумоўна, гэтая мадэль пры неабходнасці можа зведваць змяненні.

— Якія праблемы хвалююць сёння вас як кіраўніка адукацыйнай галіны рэгіёна? Што ў планах на найбліжэйшую будучыню?
— На сённяшні дзень хвалюе праблема рэарганізацыі і аптымізацыі ўстаноў адукацыі. У раёне дзейнічае 3 малакамплектныя школы, 4 установы сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў менш за 100 чалавек. Гэтая праблема цягне за сабой працаўладкаванне педагогаў і выхаванцаў у іншыя ўстановы адукацыі раёна. Акрамя таго, хвалюе пытанне папаўнення матэрыяльнай базы за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці, замена састарэлай камп’ютарнай тэхнікі, кухоннага абсталявання, забяспечанасць сучасным спартыўным абсталяваннем і інвентаром.
У чэрвені 2016 года плануем пачаць рэалізоўваць праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” у сярэдняй школе № 2 Талачына. Па гэтым праекце зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, атрымана заключэнне дзяржэкспертызы.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.