— Поспех у сучаснай адукацыйнай прасторы ў многім вызначаецца здольнасцю і магчымасцю чалавека арганізаваць сваё жыццё як праект. Для гэтага неабходна вызначыць далёкую і найбліжэйшую перспектыву, знайсці і прыцягнуць неабходныя рэсурсы, намеціць план дзеянняў і ажыццявіць яго, — мяркуе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама Мінскай вобласці Галіна Дзмітрыеўна Собаль. — І сёння ва ўстановах раёна ёсць усе магчымасці для развіцця праектнага мыслення з дапамогай інавацыйнай дзейнасці.
Пра тое, чым запомніўся мінулы навучальны год і чым жыве сістэма адукацыі раёна ў летні час, расказвае Г.Д.СОБАЛЬ:
— Сёлета ў нашым раёне завяршыў навучанне і выхаванне на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі 301 навучэнец, з іх атрымалі пасведчанне з адзнакай 9 выпускнікоў. 206 навучэнцаў скончылі 11 класаў, двум з іх выдадзены атэстат асаблівага ўзору з узнагароджваннем залатым медалём, і адзін выпускнік атрымаў атэстат асаблівага ўзору з узнагароджваннем сярэбраным медалём.
Паспяховасць работы, якая праводзіцца педагогамі, падкрэсліваюць вынікі ўдзелу школьнікаў у конкурсах творчых і даследчых работ, прадметных алімпіядах, інтэлектуальных спаборніцтвах. На абласным этапе Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” дыпломам ІІ ступені сярод удзельнікаў першай узроставай катэгорыі была адзначана навучэнка Косінскай сярэдняй школы Марыя Ізбавіцель. На конкурсе #IT_link у намінацыі “ІТ учора, сёння, заўтра” дыплома ІІІ ступені ўдастоены навучэнкі Косінскай сярэдняй школы Ангеліна Зароўская і Марыя Ізбавіцель.
Ужо не першы год навучэнцы гімназіі Лагойска прымаюць удзел ва Усерасійскім конкурсе юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага. Навучэнка 9 класа Яраслава Куніцкая ўзнагароджана дыпломам І ступені. Мы ганарымся таксама поспехамі дзевяцікласніцы сярэдняй школы № 1 Лагойска Ганны Дэйнар, якая стала лаўрэатам Міжнароднага конкурсу дзіцячых творчых работ у Лідзіцэ (Чэхія).
Нашы вучні радуюць і сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Сёлета ў спаборніцтвах па лыжных гонках сярод дзяцей і падлеткаў каманда раёна заняла 1-е месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Алена і Лідзія Надольскія з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі і прызёрамі першынства Рэспублікі Беларусь па летнім біятлоне. Ягор Скамароха заваяваў 1-е месца ў першынстве краіны па тэквандо, яму прысвоена званне “Майстар спорту”. Каманда раёна заняла 1-е месца на Міншчыне па баскетболе (сярод юнакоў 2003—2004 г.н. і 2004—2005 г.н.).
— Галіна Дзмітрыеўна, як арганізавана летняя аздараўленчая кампанія?
— Лета — гэта разрадка назапашанай за год напружанасці, узнаўленне зрасходаваных сіл, умацаванне здароўя, развіццё творчага патэнцыялу, удасканаленне асобасных магчымасцей, увасабленне ўласных планаў.
У летні перыяд аздараўленнем будзе ахоплена 1275 навучэнцаў. На базе ўстаноў адукацыі раёна плануецца аздаравіць 85 дзяцей у лагерах з дзённым знаходжаннем, 240 навучэнцаў у перасовачных турыстычных лагерах палатачнага тыпу, 110 дзяцей ва ўмовах аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем “Гарызонт” Маладзечанскага раёна, “Чайка” Барысаўскага раёна, “Лясная казка” Вілейскага раёна. З іх 40 дзяцей-сірот, 5 дзяцей-інвалідаў будуць аздараўляцца за кошт раённага бюджэту.
Знаходжанне ў лагеры для кожнага дзіцяці — час атрымання новых ведаў, набыцця навыкаў і жыццёвага вопыту. Шырокі спектр разнастайных форм і метадаў выхаваўчай работы, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей дзяцей, прадастаўляюць лагеры. Праграма дзейнасці і канкрэтныя формы работы ў іх былі вызначаны педагагічнымі і дзіцячымі калектывамі з улікам матэрыяльных і кадравых перадумоў, запытаў бацькоў.
Арганізавана работа па правядзенні ў аздараўленчых лагерах усіх тыпаў тэматычных мерапрыемстваў у межах абласной акцыі “Лета — час адкрыццяў”, акцый “Стоп — тытунь!”, “Бяспечныя канікулы”, “Лета — з добрай кнігай”, комплекснага плана міжведамаснай спецыяльнай праграмы “Клопат” на тэрыторыі Лагойскага раёна. У першую змену былі заняты трэніроўкамі ў аздараўленчых летніках “Алімпіец” 250 дзяцей ад Лагойскай, Плешчаніцкай спартыўных школ. Трэніровачны працэс арганізаваны на базе спартыўных комплексаў “Заячая паляна”, ГСК “Лагойск”, ГСК “Сілічы”. З 16 па 18 чэрвеня ва ўрочышчы “Гарбаты мост” прайшоў традыцыйны раённы турыстычны злёт каманд устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
За лета плануецца працаўладкаваць 85 непаўналетніх у 5 лагерах працы і адпачынку. Навучэнцы будуць заняты праполкай раслін на тэрыторыі гадавальніка базы адпачынку “Прырода-Люкс”. У атрадзе “Умелец” навучэнцы старшых класаў гімназіі Лагойска заняты пасадкай хвойных дрэў ад лагойскага лясгаса.
— Што запланавана зрабіць ва ўстановах адукацыі ў летні перыяд па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?
— Сёння важна стварыць ва ўстановах адукацыі спрыяльныя і бяспечныя ўмовы для работы і навучання дзяцей, атмасферу, якая, безумоўна, будзе садзейнічаць раскрыццю і ўдасканаленню інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, праяўленню творчай энергіі педагогаў. Пачаты рамонтныя работы харчаблокаў, спартзалаў, вучэбных кабінетаў, групавых ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы накіраваны спонсарскія і пазабюджэтныя сродкі. Набываюцца вучнёўская мэбля, камп’ютарная тэхніка, халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, спартыўнае абсталяванне.
— Як праходзіць аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна?
— Асноўнай прычынай рацыяналізацыі сеткі ўстаноў адукацыі з’яўляецца памяншэнне кантынгенту навучэнцаў і эканамічная немэтазгоднасць утрымання ўстановы. Аднак эканомія не з’яўляецца галоўнай мэтай ліквідацыі або рэарганізацыі ўстаноў. Як правіла, рэарганізоўваюцца ўстановы, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, дзе ў класе ад 2 да 4 навучэнцаў. Перавод навучэнцаў ва ўстановы адукацыі, дзе створаны ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, развіцця творчых здольнасцей, зносін у калектыве равеснікаў, садзейнічае далейшай сацыялізацыі дзяцей.
З 1 верасня закрываюцца Швабскі дзіцячы сад, Юркавіцкая базавая школа, рэарганізуецца Засоўеўскі дзіцячы сад — базавая школа. Арганізуецца падвоз навучэнцаў школьным аўтобусам.
— Якія пытанні сёння хвалююць педагогаў Лагойшчыны?
— Якасць і даступнасць адукацыі, арганізацыя работы з высокаматываванымі дзецьмі, паспяховасць навучэнцаў і педагогаў, развіццё сацыяльнага капіталу ўстаноў адукацыі — галоўная мэта сістэмы адукацыі раёна. Пры гэтым неабходна, каб кожны педагог, кіраўнік установы адукацыі больш глыбока аналізаваў сваю работу па ўдасканаленні дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу з мэтай павышэння матывацыі навучэнцаў у дасягненні станоўчага выніку, забеспячэння высокага метадычнага ўзроўню арганізацыі профільнага навучання, дадатковых заняткаў з высокаматываванымі навучэнцамі.
Два гады назад у сярэдняй школе № 1 Лагойска быў адкрыты педагагічны 10 клас. На працягу двух вучэбных гадоў для будучых педагогаў праводзіліся факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” настаўнікам-метадыстам З.Я.Вінаградавай. Не ўсе навучэнцы гэтага класа выбралі прафесію настаўніка, што таксама добра: у прафесію не прыйдуць выпадковыя людзі. У 2017 годзе ў раёне выдадзены 17 мэтавых накіраванняў. У новым навучальным годзе плануецца, што прыступяць да работы 33 маладыя педагогі, з якіх 11 па мэтавым накіраванні. Значыць, у сістэмы адукацыі раёна ёсць будучыня, дзе педагогі са стажам перадаюць вопыт маладым.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.