З Чачотам у сэрцы на беразе Мышанкі…

- 16:06"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння, пасля працяглага летняга перапынку, мы ўзнаўляем нашы публікацыі ў рамках сумеснага інфармацыйна-метадычнага праекта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты” “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. Нагадаем, што на працягу апошніх двух гадоў мы рэгулярна размяшчалі на старонках нашай газеты матэрыялы, прысвечаныя кіраўнікам творчых калектываў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — пераможцам і прызёрам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі” сезона 2013—2015 гадоў. Гэтыя публікацыі часцей за ўсё былі ў жанры творчага партрэта з прадстаўленнем педагагічнага вопыту, асаблівасцей біяграфіі і наогул правіламі жыцця асноўнага героя, водгукамі калег аб ім і яго працы, каментарыямі спецыялістаў. І, такім чынам, паступова ствараўся адмысловы калектыўны партрэт педагога, творцы, асобы.

Але, безумоўна, за апошнія два гады мы проста фізічна не маглі ахапіць усіх фестывальных герояў, чый творчы вопыт заслугоўвае падагульнення і пераймання, тым больш што за гэты час фестываль “АРТ-вакацыі” не стаяў на месцы, а, як гэта і належыць жывому арганізму, рухаўся наперад, развіваўся, рос за кошт пашырэння сваёй геаграфіі, колькасці ўдзельнікаў і жанравага дыяпазону. І ў выніку вясной 2017 года падчас фінальных мерапрыемстваў “АРТ-вакацый” у абласцях і рэспубліканскага фіналу ў Маладзечне мы не толькі — які ўжо раз! — парадаваліся за нашы брэндавыя калектывы, але і сталі сведкамі з’яўлення на авансцэне фестывалю новых герояў, новых зорак. Менавіта таму мы і пачынаем новы сезон нашага праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, каб расказаць пра тых, пра каго яшчэ не расказвалі раней, і пра тых, пра каго проста раней амаль не ведалі.

Сёння ў цэнтры нашай увагі — народны тэатр Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці “На Мышанцы” (мастацкі кіраўнік Станіслаў Станіслававіч Пшэўлоцкі). Сёлета гэты калектыў быў удастоены дыплома І ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Тэатральны калектыў” і дыплома І ступені Рэспубліканскага конкурсу сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал” у намінацыі “Дакументальны фільм”.

Па дарозе з Мінска ў Новую Мыш

Уяўляю разгубленасць і запытанне ў вачах майго чытача, які прачытаў толькі што гэта: народны тэатр Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці “На Мышанцы”. Я ў думках падказваю яму, што Новая Мыш — гэта назва вёскі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, што ў гэтай вёсцы працякае невялікая рэчка Мышанка і што тут сапраўды ёсць прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў гэтым ліцэі сапраўды ёсць тэатр “На Мышанцы”, які носіць ганаровае званне “народны” і ўжо другі раз запар становіцца пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

І тады я прадугадваю наступныя пытанні чытача. Ды як гэта так, што ў вёсцы (нават не аграгарадку!) ёсць прафесійны ліцэй? Колькі ж людзей тады жыве ў гэтай вёсцы? І чаму такая дзіўная назва ў гэтай вёскі і ў гэтай рэчкі? Што за Мыш такая? Чаму яна Новая? Ёсць і Старая? Ну, не звычайная ж палявая мышка затаілася ў семантыцы гэтых назваў?

Прызнацца, мне і самому перад тым, як сустракацца і гутарыць з кіраўніком народнага тэатра “На Мышанцы” Станіславам Пшэўлоцкім, хацелася мець адказы на гэтыя і іншыя пытанні, быць хаця б крышачку ў тэме (куды, у які такі край з такой дзіўнай назвай я еду?). І таму, сеўшы на швейцарскую электрычку, якая павінна была давезці мяне з Мінска да Баранавіч, першай справай я ўключыў смартфон і пачаў “гугліць”: Мыш, Новая Мыш, Мышанка… І вось што ўдалося даведацца з інтэрнэту.

Новая Мыш — дастаткова вялікае сяло з насельніцтвам каля 1400 чалавек, знаходзіцца за некалькі кіламетраў на захад ад Баранавіч. Упершыню яно згадваецца ў першай палове XV стагоддзя як паселішча Мыш Наваградскага павета. Да ХVІІ стагоддзя Мышшу ўладарылі прадстаўнікі аднаго з самых магутных беларускіх родаў — Хадкевічаў, якія мелі тут нават уласны замак, але вырашылі заснаваць недалёка яшчэ і Новую Мыш. Дзве Мышы сталі адным вялікім гандлёвым і палітычным цэнтрам Наваградчыны са статусам графства. Вядома, што ў 1650 годзе тут жылі 1200 чалавек, у Старой Мышы, акрамя замка, быў кляштар езуітаў, у Новай Мышы дзейнічалі касцёл і школа, актыўна развіваліся рамесніцтва і гандаль. Але гэтае шчасце росквіту было нядоўгім: за некалькі гадоў вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1654—1657) мястэчка было зруйнавана, замак Хадкевічаў у Старой Мышы згарэў, а насельніцтва скарацілася ўдвая. Гэта быў першы балючы ўдар лёсу ў гісторыі Мышы.

Спатрэбілася ажно паўтара стагоддзя, каб змог аднавіцца патэнцыял паселішча. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя адбудаваная Новая Мыш (Старая Мыш на той час фактычна перастала існаваць) у Наваградскім павеце па колькасці насельніцтва саступала толькі самому Наваградку, Міру, Любчы і Карэлічам. У Новай Мышы працавалі народнае вучылішча, 3 яўрэйскія школы, лякарня, бровар, цагельня, паравы млын, вятрак, 21 крама, двойчы на год ладзіліся вялікія кірмашы, дзейнічалі царква, касцёл і сінагога, шырокае развіццё атрымалі шавецкі, кавальскі і кравецкі промыслы. Усё прадказвала далейшы эканамічны росквіт, калі б не фундаментальныя маштабныя змены. Менавіта каля маленькай вёсачкі Баранавічы, усяго за некалькі кіламетраў ад Новай Мышы, у 1871 годзе адкрылася чыгуначная станцыя, вакол якой за гады і дзесяцігоддзі вырас буйны горад. А Новая Мыш, да якой чыгунка ў свой час не дацягнула, як кажуць, усяго нічога, засталася ў цені, на абочыне гарадской цывілізацыі. На некаторых мясцовых сайтах мне траплялася інфармацыя пра тое, што і сёння многія жыхары Новай Мышы недзе ў глыбіні душы тояць крыўду на той гістарычны парадокс. Новая Мыш павінна была квітнець і ўзбуйняцца. Але лёс распарадзіўся інакш.

Зрэшты, па дарозе з Мінска ў Баранавічы я знайшоў у інтэрнэце і куды больш рамантычныя звесткі, звязаныя якраз з рачулкай Мышанкай і вядомым беларуска-польскім паэтам, фалькларыстам, этнографам, сябрам легендарнага Таварыства філаматаў Янам Антоні Чачотам (1796—1847). Менавіта тут, у Новай Мышы і літаральна на Мышанцы, прайшлі дзіцячыя гады “Яна з Мышы”, як яго называў Адам Міцкевіч. І гэтыя прасветлыя пачуцці да сваёй малой радзімы Ян Антоні пранёс праз усё жыццё, прысвяціўшы мышанскай зямлі, старажытнай Навагрудчыне нямала рамантычных балад, заснаваных на мясцовых паданнях і легендах. Адна з такіх балад Чачота “Мышанка” інсцэніравалася (пра гэта я даведаюся пазней) народным тэатрам Навамышскага ліцэя “На Мышанцы”. З гэтай жа балады мы даведваемся і фальклорную версію паходжання назваў Мышанка, Новая Мыш. Хаця ёсць і навуковая версія: гідронім Мышанка і, адпаведна, тапонім Мыш узыходзяць да балцкага “машаз” (маленькі) ці літоўскага “мышкас” (лясісты).

Навамышскі ДПЛСГВ быў створаны ў 1954 годзе па загадзе Савета Міністраў БССР як Вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 36. У 80-х — гэта ССПТВ-20, затым — ДПТУ-156, з 2005 года ўстанова называецца Навамышскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. За час існавання навучальнай установы ў яго сценах прайшло падрыхтоўку больш за 20 тысяч спецыялістаў рабочых прафесій. На сёння ў ліцэі рыхтуюць спецыялістаў такіх прафесій, як трактарыст-машыніст катэгорый “A”, “B”, “C”, “D”, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, электразваршчык ручной зваркі 3 разраду, слесар па рамонце аўтамабіляў 3 разраду, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм 4 разраду, вытворца паўфабрыкатаў з мяса птушкі 3 разраду, кухар 3 разраду і інш.

А прыгожая легенда, апаэтызаваная Янам Чачотам, распавядае, што недалёка ад безыменнай рэчкі жыў некалі бедны ліцвін Мышка і была ў яго дачка-красуня. Перад яе неверагоднай прыгажосцю не змог устаяць аднойчы малады рыцар, падданы тутэйшага князя, і памкнуўся яе абняць, замілаваць сваёй пажадлівай жарсцю. Ды толькі з дзявочым гонарам была дачка ліцвіна Мышкі. Яна кінулася на ўцёкі ад рыцара, хацела пераплыць рэчку і знайсці ратаванне на тым беразе, але не адпусціла яе ад сябе бязлітасная вада, схавала навекі: “Дазналіся людзі, да плыні святлістай // Падбеглі, у смутку пасталі… // У гонар дзяўчыны, душы яе чыстай // Мышанкаю рэчку назвалі. // А рыцар над тою ракой ціхаплыннай // Паставіў мястэчка навечна // I Мышшу назваў яго — ў памяць дзяўчыны, // Што так загубіў недарэчна”.

У звязку з гэтай легендай Ян Чачот прыводзіць у баладзе “Мышанка” і іншую версію: “Яшчэ ёсць аповесць. Хто Мыш найдаўно тут // Закладваў, сказаў нечакана: // “Дам селішчу імя той першай істоты, // Што заўтра мне стрэнецца рана”. // Назаўтра у бок Цепліводы паволі // Дарогай паехаў ён конна. // Аж бачыць тут: выбегла мышка на поле // З кустоў, назірае здзіўлёна. // Аповесць во гэтая звязана з тою; // Ды толькі там мышка другая! // О, кожны хацеў бы спаткацца з такою // Пад голлямі спеўнага гаю!”

Я чытаў гэтыя цудоўныя радкі і нават не заўважыў, як за акном электрычкі паказаліся Баранавічы, а потым і станцыя Баранавічы Палескія. А потым кіраўнік народнага тэатра “На Мышанцы” Станіслаў Пшэўлоцкі распавядаў мне ў незвычайных фарбах і дэталях пра гісторыю Новай Мышы, у тым ліку пра некаторыя рэчы, якія я ўжо ведаў з інтэрнэту. А я тым часам слухаў Станіслава Станіслававіча і глядзеў навокал на незнаёмыя мне краявіды. На ўездзе ў Новую Мыш на свае вочы ўбачыў тую загадкавую Мышанку, праз нейкую хвіліну — і не менш загадкавую Новую Мыш. Сёння гэта вёска, хаця і з відавочнымі прыметамі колішняга старадаўняга горада — рыначнай плошчай у цэнтры, прыгажуном Праабражэнскім касцёлам 1825 года і Праабражэнскай царквой 1859 года… І з помнікам Яну Чачоту.

Мы ўрэшце спыніліся перад Навамышскім дзяржаўным прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці. Мяне чакала вялікая гісторыя пра тэатр і людзей, якія жывуць і ствараюць сёння.

Народны тэатр “На Мышанцы”: гісторыя поспеху

Распавядаючы пра тэатр “На Мышанцы”, яго нараджэнне і прафесійнае станаўленне, немагчыма не гаварыць пра іх асобна — сённяшняга мастацкага кіраўніка калектыву і галоўнага рэжысёра Станіслава Станіслававіча Пшэўлоцкага і першага кіраўніка тэатра, а сёння мастака-пастаноўшчыка Дар’ю Яўгеньеўну Патапаву — мужа і жонку, калег, аднадумцаў, паяднаных каханнем, сям’ёй, агульнымі творчымі памкненнямі і агульным разуменнем сваёй творчай і грамадзянскай існасці.

Але пачаць трэба ўсё-такі з Дар’і Яўгеньеўны. Яна нарадзілася ў Амелькаўшчыне, што на Хойніччыне (цяпер там закрытая зона). У 1983 годзе скончыла тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н.К.Крупскай, завочна вучылася на факультэце рэжысуры масавых свят у Мінскім дзяржаўным інстытуце культуры, у 1986 годзе па сямейных абставінах перабралася ў Таджыкістан, працавала там два гады ў метадычным цэнтры Кулябскага абласнога ўпраўлення культуры. Потым па запрашэнні аднакурсніка Юрыя Станіслававіча Пшэўлоцкага, які працаваў у Жамчужненскім Доме культуры (Жамчужны — аграгарадок побач з Новай Мышшу), прыехала сюды, на Баранавіччыну. Пэўны час працавала ў Жамчужненскім ДК з фальклорным тэатрам “Вячоркі”, дзе пазнаёмілася з братам Юрыя Пшэўлоцкага Станіславам, за якога выйшла замуж. Яна ж пераканала яго паступаць у Мінскі інстытут культуры. Потым Дар’я Яўгеньеўна нарадзіла дачку Алесю, пасля папрацавала ў Жамчужненскай сярэдняй школе выкладчыкам сусветнай мастацкай культуры… А неўзабаве ўсе трое: Юрый Пшэўлоцкі, Станіслаў Пшэўлоцкі і Дар’я Патапава — апынуліся ў Навамышскім ДПТВ-156 (сённяшнім ліцэі), куды іх запрасіў тагачасны намеснік дырэктара ўстановы Сяргей Георгіевіч Бугай. У 1996 годзе і быў створаны тэатр “На Мышанцы” (названы так у гонар рэчкі Мышанкі і па аналогіі з назвай “Тэатр на Таганцы”), мастацкім кіраўніком якога стала Дар’я Яўгеньеўна.

А зараз яшчэ адна гісторыя. Станіслаў Пшэўлоцкі нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Задзвея Баранавіцкага раёна. Ён быў шостым і апошнім дзіцем у сваёй вялікай сям’і (у Станіслава Станіслававіча ёсць старэйшыя брат і чатыры сястры). З дзяцінства марыў стаць музыкантам, імкнучыся быць ва ўсім падобным да старэйшага брата Юрыя, які выдатна іграў на баяне. Пасля школы паступіў на аддзяленне харавога дырыжыравання Гродзенскага культурна-асветніцкага вучылішча. Потым былі два гады службы ў войску ў Ніжнім Ноўгарадзе, а ў Жамчужненскі Дом культуры, дзе ўжо працавала Дар’я Яўгеньеўна, прыйшоў працаваць па запрашэнні брата.

Станіслаў Станіслававіч згадвае, што палюбіў тэатр яшчэ ў дзяцінстве, калі малы часта глядзеў з мамай тэлевізійныя версіі тэатральных пастановак. Мама, хоць і была простай жанчынай, якая працавала ў калгасе, не магла адарвацца ад “Трыбунала”, “Збянтэжанага Саўкі”, “Пінскай шляхты” і асабліва “Паўлінкі”. Разам з мамай усмоктваў тэатральныя сокі сваім дзіцячым нутром і маленькі Стасік. Пазней вучоба ў інстытуце культуры і першыя ролі ў фальклорным тэатры “Вячоркі” Жамчужненскага ДК толькі пераканалі С.Пшэўлоцкага, што яго жыццёвы шлях — гэта тэатр.

Першым спектаклем, з якога пачаўся сапраўдны поспех тэатра “На Мышанцы”, быў “Мікітаў лапаць” па п’есе Міхася Чарота. З гэтым спектаклем, пастаўленым на адным дыханні, літаральна за некалькі тыдняў, тэатр у 2002 годзе абараніў званне “народны”. І гэта быў сапраўды фурор — у вачах экспертаў, членаў атэстацыйнай камісіі, публічных крытыкаў, спецыялістаў, паспалітай публікі. Вось што пісаў, напрыклад, у аўтарытэтным спецыялізаваным часопісе “Мастацтва” ў 2003 годзе вядомы мастацтвазнаўца, філосаф, тэатральны крытык, доктар філасофскіх навук Вадзім Салееў: “Асобныя сцэны спектакля “Мікітаў лапаць” не патрабуюць ніякай скідкі з боку прафесійнай тэатральнай крытыкі. Насамрэч, выкананне галоўнай ролі Мікіты інжынерам тэхнічных сродкаў навучання С.Пшэўлоцкім і рэжысура Дар’і Патапавай (асабліва ў групавых сцэнах, дзе моцна і арганічна гучыць фальклорная аснова славутай класічнай камедыі) могуць быць ацэнены па самых высокіх мерках. Гэты спектакль, як прамень сонца, асвятліў увесь шлях самадзейнага калектыву, які летась заслужана атрымаў ганаровае званне “народны”. І звышцікава тое, што гэтае званне атрымаў драматычны калектыў прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 156 сельскагаспадарчай вытворчасці вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Так, не ў саміх Баранавічах (усё ж — буйны цэнтр, які, падкрэслю, і па сёння не мае прафесійнага тэатра як пэўнага паказчыка культуры), а ў вёсцы Баранавіцкага раёна… І гэта ў нашы дні, пры складанай эканамічнай сітуацыі. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што нашы людзі, таленавітыя ад прыроды, заўсёды — і ў цяперашні няпросты час! — з’яўляюцца носьбітамі культуры, цягнуцца да яе, паўнацэнна жывуць у ёй”.

Намеснік дырэктара Навамышскага ДПЛСГВ і актрыса народнага тэатра “На Мышанцы” Іна Усеваладаўна БАРЫСЕВІЧ: “Наш тэатр мае агромністы творчы і выхаваўчы патэнцыял. Гэта ўнікальная сітуацыя, калі на сцэне разам выступаюць настаўнікі, прадстаўнікі адміністрацыі ліцэя, тэхнічнага персаналу і навучэнцы. Адбываецца ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне ўсіх членаў нашага калектыву. Сярод нашых навучэнцаў ёсць нямала сірот, дзяцей, якія здзяйснялі правапарушэнні. Некаторыя з іх не знаходзяць кантакту з дарослымі і падтрымкі нават у сям’і. Але, прыйшоўшы ў тэатр, яны пачынаюць адчуваць сябе сапраўднымі людзьмі, патрэбнымі для нейкай агульнай і карыснай справы. Ёсць дзеці і з фізічнымі недахопамі, напрыклад, з парушанай дыкцыяй, але нават і такія знаходзяць сябе ў тэатры: іх нагружаюць якой-небудзь тэхнічнай працай, яны манціруюць сцэну, ствараюць і ўсталёўваюць дэкарацыі і праз такі ўдзел у дзейнасці тэатра адчуваюць сваю значнасць. Нарэшце, вельмі значная і роля тэатра ў прафарыентацыйнай дзейнасці: мы ведаем не адзін выпадак, калі вучыцца ў наш ліцэй прыходзілі дзеці найперш па той прычыне, што ўбачылі выступленне тэатра падчас нейкага прафарыентацыйнага мерапрыемства і самі захацелі паспрабаваць сябе на сцэне”.

У 2007 годзе на пасадзе галоўнага рэжысёра тэатра “На Мышанцы” Дар’ю Патапаву змяніў Станіслаў Пшэўлоцкі, які, па яго ж словах, адразу ж спаўна адчуў усю вялікую адказнасць за справы тэатра, пачынаючы ад асвятлення і заканчваючы падборам артыстаў і рэпетыцыямі. Першай рэжысёрскай работай Станіслава Станіслававіча стаў спектакль “То не ветер ветку клонит…” (па апавяданні Васіля Шукшына “Мой зять украл машину дров”), з якім тэатр у 2011 годзе пацвердзіў званне “народны” і ўзяў дыплом І ступені на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе”. Дарэчы, Станіслаў Станіслававіч не толькі зрэжысіраваў пастаноўку (што спрабаваў зрабіць і раней, з’яўляючыся студэнтам, у сценах БДУКіМ, ды не вельмі ўдала), але і бліскуча сыграў у ёй галоўную, самую складаную, ролю.

І да гэтага, і пазней рэпертуар тэатра пастаянна папаўняўся яркімі самабытнымі работамі: інсцэніроўкай “Свіцязь” па аднайменнай баладзе А.Міцкевіча, паэтычным спектаклем “Кулінарнае адступленне” паводле рамана ў вершах Н.Гілевіча “Родныя дзеці”, інсцэніроўкай “Апокрыф” па аднайменным апавяданні М.Багдановіча, спектаклем “Збянтэжаны Саўка” па аднайменнай п’есе Леапольда Родзевіча, спектаклем “А я милого узнаю” па п’есе М.Варфаламеева “Приговор” і іншымі. З асаблівай цеплынёй Станіслаў Пшэўлоцкі прыгадвае візітоўку тэатра — інсцэніроўку “Мышанка” па аднайменнай баладзе Яна Чачота, зрабіць якую ў яго былі асабістыя матывы. Неяк у зборніку твораў Я.Чачота ён убачыў фотаздымак маёнтка Чачотаў са сваёй роднай вёскі Задзвея (сёння ад таго маёнтка засталіся толькі гаспадарчыя будынкі, палац у вайну быў спалены). На абласным фестывалі дзіцяча-юнацкага тэатральнага мастацтва “Тэатральны прыстанак” за інсцэніроўку балады “Мышанка” калектыў тэатра атрымаў дыплом за лепшае ўвасабленне твораў нацыянальнай драматургіі, а канкрэтна Станіслаў Станіслававіч — дыплом за лепшую мужчынскую ролю.

Зрэшты, пра асобныя пастаноўкі тэатра “На Мышанцы” (а іх на сёння ў яго рэпертуары налічваецца 14) і пра шматлікія ўзнагароды калектыву, пра яго асобныя выступленні на фестывалях, конкурсах, абласных, раённых і вясковых святах, прафарыентацыйных мерапрыемствах можна было б расказваць вельмі доўга. Важна, аднак, іншае: за ўсім гэтым багатым на падзеі жыццём стаяць канкрэтныя правілы жыцця Станіслава Пшэўлоцкага, пад многімі з якіх падпісалася б і Дар’я Патапава.

Правілы жыцця Станіслава Пшэўлоцкага

“За сваё нараджэнне я ўдзячны Богу, за сваё выхаванне я ўдзячны сваім бацькам, Ірыне Іосіфаўне і Станіславу Іосіфавічу. За тое, што выбраў прафесію работніка культуры, я ўдзячны старэйшаму брату Юрыю, а за тое, што я стаў рэжысёрам, я ўдзячны сваёй жонцы Дар’і”.

“Рэжысёру самадзейнага спектакля цяжка дазволіць сабе быць толькі рэжысёрам. Яму даводзіцца браць самае складанае на сябе, у тым ліку самыя складаныя ролі, якія не даверыш непадрыхтаваным людзям. Але ж мне і самому, акрамя маёй рэжысёрскай работы, вельмі падабаецца іграць на сцэне”.

“Усе пастаноўкі даюцца на самай справе вельмі нялёгка. У мяне вялікія патрабаванні і да акцёраў, і да агульнага мастацкага рашэння спектакля, а найперш — да самога сябе”.

“У сваёй рабоце я кіруюся хрысціянскімі каштоўнасцямі. Я павінен паставіць спектакль так, каб яго ідэя супадала з хрысціянскай мараллю і каб глядач, які правядзе гадзіну ці паўтары ў зале, выйшаў адтуль нераўнадушным, каб ён убачыў на сцэне не нешта штучна зробленае, а сапраўднае. Хаця само мастацтва, калі ўдумацца, рэч штучная, гэта плён думкі і фантазіі. Але тым больш цяжка рабіць у мастацтве нешта жывое, жыццёвае, праўдзівае”.

“У Бібліі напісана пра тое, што Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве. Рэжысёр таксама з’яўляецца творцам: ён стварае жыццё на сцэне, ён адказвае за лёс таго ці іншага героя. Але трэба заўсёды памятаць, што ёсць усё-такі галоўны Творца. Як любіў казаць нам, студэнтам універсітэта культуры і мастацтваў, наш выкладчык па рэжысуры Валерый Сяргеевіч Седранок, ёсць галоўны Рэжысёр”.

“Індывідуальныя заняткі з навучэнцам, акцёрам тэатра — абавязковая рэч. Я павінен асабіста пагутарыць з ім, каб адчуць яго, каб уведаць яго душу, нарэшце, патлумачыць многія рэчы, якія ён проста можа не разумець па сваёй маладосці, па сваёй сучаснасці. А гэта вельмі важна, асабліва ў гістарычных пастаноўках, — зразумець людзей той ці іншай эпохі: чым яны жылі, чым маглі пацешыцца і чым засмуціцца. Я стараюся заўсёды праводзіць сувязь паміж нашым часам і гістарычнай эпохай, мадэляваць сітуацыю прысутнасці гісторыі ў нашым часе”.

“У выбары рэпертуару я раблю стаўку найперш на класіку, бо гэта правераныя часам рэчы, і, як ні парадаксальна, менавіта яны не страчваюць актуальнасці ў розныя часы ў адрозненне ад многіх твораў, якія пішуцца ці пісаліся на злабадзённую тэматыку”.

“З самага пачатку мы разглядалі наш калектыў менавіта як драматычны, як тэатр драмы. Хоць і камедыяй часам не грэбуем. Не прымаем толькі таннай напускной відовішчнасці”.

“Я па духу купалавец. Не ў тым сэнсе, што хачу параўнаць сябе са славутымі рэжысёрамі і акцёрамі Купалаўскага тэатра, а ў тым, што я душой і сэрцам разам з імі — Пінігіным, Гарбуком, Манаевым і многімі іншымі маімі маякамі па жыцці”.

“Я асветнік. А потым ужо тэатрал”.

“Наш тэатр нельга назваць ні рэжысёрскім, ні акцёрскім. Раз на раз не прыходзіцца. Але самая вялікая радасць, калі дзеці прыўносяць у пастаноўку свае арыгінальныя ідэі. Галоўнае — заўважыць гэта, не ўпусціць, не выкінуць. І яшчэ не менш важна — давяраць дзецям”.

Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ Алена Сяргееўна ЛАЎРЫНОВІЧ: “Станіслаў Пшэўлоцкі заўсёды шчыры — і ў жыцці, і на сцэне. Ён адзін з нямногіх самадзейных рэжысёраў, у якога ў рэпертуары амаль усе творы беларускіх аўтараў. Ён адзін з тых рэжысёраў, які не разменьваецца на малыя тэатральныя формы, а бярэцца за манументальныя палотны, бо ён рэжысёр драматычнага тэатра. Станіслаў Станіслававіч чалавек адданы: ужо не адно дзесяцігоддзе працуе ў адной установе прафесійна-тэхнічнай адукацыі і на працягу ўсяго свайго прафесійнага жыцця служыць адной творчай справе – тэатру. Дакументальны фільм аб творчасці Станіслава Пшэўлоцкага і жыцці тэатра “На Мышанцы” можна паглядзець на вэб-партале artviva.by:
(http://artviva.by/art-vacations/art-portal-2017/dokumentalnyj-film/teatr-na-myshantsy-novomyshskij-gpl-selskokhozyajstvennogo-proizvodstva.html).

“Гісторыя нашага поспеху сапраўды сямейная. Але не толькі таму, што я з Дар’яй жыву ў адной рэальнай сям’і. Увесь наш тэатральны калектыў — адна сям’я. Складаецца яна з навучэнцаў, супрацоўнікаў (выкладчыкаў, майстроў працоўнага навучання, тэхнічных работнікаў, членаў адміністрацыі) і ветэранаў Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці”.

“Мы бязмежна ўдзячны за падтрымку дырэктару ліцэя Віктару Вітальевічу Харошку, яго намеснікам Іне Усеваладаўне Барысевіч і Алене Іванаўне Мілто, старшаму майстру Уладзіміру Міхайлавічу Дарашэвічу, упраўленню адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкаму абласному цэнтру інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, супрацоўнікам Баранавіцкага раённага аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксею Фёдаравічу Добышу і старшыні камітэта раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніне Сцяпанаўне Навумчык, якія заўсёды цікавяцца справамі тэатра, заўсёды ідуць нам насустрач”.

“Мы вельмі цэнім фестываль “АРТ-вакацыі” і вельмі даражым адносінамі з непасрэднымі куратарамі нашай фестывальнай дзейнасці з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — загадчыкам аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Аленай Сяргееўнай Лаўрыновіч і метадыстам гэтага аддзела Таццянай Валер’еўнай Грышукевіч, якія нас заўважаюць на любым семінары, на любым мерапрыемстве. Яны глядзяць на нас і бачаць нас і такімі, якія мы ёсць, і такімі, якімі мы будзем у сваім творчым развіцці. Гэта найбольш кранае”.

“АРТ-вакацыі” — гэта наш фестываль, фестываль навучэнскай моладзі. На ім мы адчуваем сябе на сто працэнтаў сваімі. І таму выступаць на “АРТ-вакацыях” для нас сапраўдная асалода. Гэты фестываль для нас — як глыток свежага паветра”.

Па дарозе з Новай Мышы ў Мінск

Падчас сваёй камандзіроўкі ў Новую Мыш я меў працяглую гутарку з акцёрамі тэатра “На Мышанцы” — сённяшнімі і былымі выкладчыкамі Навамышскага прафесійнага ліцэя Чаславай Браніславаўнай Кавелька, Анатолем Пятровічам Манаевым, Геленай Іванаўнай Вашкевіч, Наталляй Сцяпанаўнай Загляда, Уладзімірам Антонавічам Ліцкевічам, Яўгеніяй Іванаўнай Клімко, Святланай Леанідаўнай Арашкевіч, Людмілай Спяпанаўнай Шчарбаковай, Кацярынай Міхайлаўнай Праскура, а таксама навучэнцамі Яўгенам Дыдышкам, Антанінай Шкоркінай, Вольгай Шахавай, Васілём Капарэйкам, Дар’яй Паплаўскай, Настассяй Артухевіч, Святланай Данік… Баюся, кагосьці прапусціў. Калі так, то даруйце.

І ў кожнага з маіх старэйшых суразмоўцаў знаходзілася нейкая або проста цікавая, або пацешная, або павучальная гісторыя з жыцця тэатра. Дарэчы, найстарэйшаму акцёру тэатра былому загадчыку музея ліцэя Міхаілу Васільевічу Трафімуку сёння 78 гадоў! А навучэнцы, хоць крыху і саромеліся, шчыра мне прызнаваліся ў любові да тэатра, сваіх старэйшых калег, сваіх роляў. Некаторыя нават дэкламавалі ўрыўкі з пастаноўкі…

Калі я вяртаўся з Новай Мышы ў Мінск, з радасцю і ўдзячнасцю думаў пра ўсіх іх і, безумоўна, найперш пра Станіслава Пшэўлоцкага і Дар’ю Патапаву, іх дружную, творчую сям’ю, нават ужо дынастыю, бо іх дачка Алеся сёння працягвае бацькоўскую справу: скончыўшы ўніверсітэт культуры і мастацтва, яна працуе педагогам-арганізатарам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

А яшчэ, калі Станіслаў Станіслававіч падвозіў мяне з Новай Мышы да вакзала ў Баранавічах, мы на хвіліну спыніліся каля помніка Яну Чачоту, каб я змог яго сфатаграфаваць. Ужо змяркалася. Фотаздымак атрымаўся не вельмі. Але ў тых вераснёўскіх прыцемках мне здалося, што бронзавы “Ян з Мышы” паглядзеў на мяне з манумента неяк дзіўна. І ўсміхнуўся.

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Новая Мыш — Мінск.
Фота аўтара і з архіва народнага тэатра “На Мышанцы” Навамышскага ДПЛСГВ.