З дабром у сэрцах

- 10:49Спецыяльная адукацыя

У бараўлянскай сярэдняй школе № 3 завяршыўся праект Беларускага Чырвонага Крыжа “Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі”, які рэалізоўваўся ва ўстанове на працягу двух гадоў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, тэхнічнай падтрымцы дацкага Чырвонага Крыжа і ў супрацоўніцтве з органамі ўлады. Пра гэта расказала дырэктар школы Ганна Пятроўна Каралевіч.

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 — адна з апорных устаноў Мінскага раёна ў кірунку спецыяльнай адукацыі. Тут вучыцца 1451 вучань, у тым ліку 32 вучні з АПФР: цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні, інтэлектуальнай недастатковасцю, расстройствам аўтыстычнага спектра (РАС), сіндромам Даўна, парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, у тым ліку дзеці, якія перамяшчаюцца на калясках, а таксама ёсць дзіця з кахлеарным імплантатам. Усіх вучняў ва ўстанове інтэгруюць у агульнаадукацыйны працэс, аказваюць ім усебаковую дапамогу. Для кожнага асаблівага вучня распрацаваны індывідуальны адукацыйны маршрут, створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе.

“У рамках праекта Беларускага Чырвонага Крыжа ў школе дзейнічала валанцёрская ініцыятыва “Свет без меж”, у якой прымалі ўдзел сем’і, што выхоўваюць дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, дзеці з інваліднасцю, педагогі, адміністрацыя школы, — расказала Ганна Пятроўна. — Мэтай ініцыятывы было аказанне псіхасацыяльнай падтрымкі сродкамі арт-тэрапіі і рэабілітацыйных заняткаў па фізічнай культуры і здароўі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Была задача аб’яднаць бацькоў асаблівых дзяцей, каб яны мелі магчымасць размаўляць і падтрымліваць адно аднаго, дзяліцца ўражаннямі, а не замыкацца ў сваіх праблемах. Мы хацелі даведацца, у якой дапамозе яны маюць патрэбу. Працавалі па заяўным прынцыпе. Напрыклад, многія бацькі не ведалі, якую дапамогу ім можа аказаць ТЦСАН. Былі запыты на аказанне юрыдычнай або псіхалагічнай дапамогі, якая, зразумела, была ім аказана. Ва ўстанове былі створаны валанцёрскі атрад “Мы разам”, сямейны клуб “Мамаленд”, ініцыятыўная група з ліку педагогаў і бацькоў.

Чырвоны Крыж і яго спецыялісты аказалі нам разнастайную падтрымку: гульнявым, развіццёвым і раздатачным матэрыялам для дзяцей, навучаннем нашых настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў інтэграваных класаў. На базе бараўлянскай сярэдняй школы № 3 два разы на месяц праходзілі пасяджэнні групы сямейнай падтрымкі, у якіх прымалі ўдзел бацькі дзяцей з інваліднасцю, а таксама адміністрацыя школы, спецыялісты і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа. Псіхолагі гэтай грамадскай арганізацыі эфектыўна далучалі да групы бацькоў і валанцёраў з ліку педагогаў і вучняў. На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні паспяховай сацыялізацыі і адаптацыі ў грамадстве дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Пасяджэнні праводзіліся ў сяброўскай, нязмушанай абстаноўцы па запыце бацькоў у групавой форме і індывідуальным парадку.

У рамках праекта рэалізоўвалася таксама валанцёрская ініцыятыва “Роўныя магчымасці”, накіраваная на падтрымку дзяцей з інваліднасцю, якія пражываюць на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета, і навучэнцаў нашай школы. Гэтая ініцыятыва ахапіла шырокую мэтавую групу дзяцей з АПФР і іх бацькоў. Дзеці з асаблівасцямі, як правіла, не наведваюць звычайныя ўрокі фізкультуры, таму для іх былі арганізаваны заняткі па адаптыўнай фізкультуры пры фінансавай падтрымцы Чырвонага Крыжа.

У атмасферы дружбы і спаборніцкага духу ва ўстанове праводзіліся спартландыі, рэабілітацыйныя заняткі па фізічнай культуры і здароўі, дабрачынныя акцыі. Падчас эстафет дзеці з асаблівымі патрэбамі паказалі выдатную фізічную і спартыўную форму, змагаліся на роўных са звычайнымі вучнямі і дасягнулі добрых вынікаў. На рэабілітацыйных занятках па фізкультуры дзеці з АПФР адточвалі свае рухальныя навыкі, развівалі спрыт і дробную маторыку, што дазволіла ім адчуць упэўненасць у сабе, стаць больш актыўнымі.

У рамках праекта была праведзена акцыя “Дабро ў нашых сэрцах”, падчас якой навучэнцы 1—4 класаў і дзеці з асаблівымі патрэбамі, а таксама валанцёры са старшых класаў майстравалі вырабы. У канцы акцыі кожны мог напісаць пажаданне ў выглядзе сэрца ўсім яе ўдзельнікам і прымацаваць на спецыяльным стэндзе. У нашай школе ўсе мерапрыемствы і надалей будуць праходзіць пад дэвізам “Кожнае дзіця асаблівае, усе дзеці роўныя”. Праект Чырвонага Крыжа завяршыўся, але мы працягнем супрацоўнічаць, бо гэта запатрабавана і, самае галоўнае, вынікова, дапамагае ўсім вучням у нашай школе адчуваць сябе ўпэўнена і камфортна”.


Яскравым доказам таго, што ва ўстанове створана сапраўднае інклюзіўнае асяроддзе і пануе талерантная атмасфера, з’яўляецца ліст, які даслала нам у рэдакцыю бабуля асаблівага хлопчыка Глеба Міхалевіча Валянціна Мікалаеўна Лапіч. “Справа ў тым, што ў Глеба ДЦП. У чэрвені яму споўніцца 14 гадоў. Ён вучань 5 “В” класа бараўлянскай сярэдняй школы № 3, — піша жанчына. — Школа нам вельмі спадабалася сваёй утульнасцю і прыгажосцю. Тут усё прадугледжана. Глеба заўсёды чакаюць самыя лепшыя, шчырыя і добрыя настаўнікі. Мы вельмі ўдзячны ім за чулыя адносіны, за тое, што на любое наша пытанне мы знаходзім адказ і падтрымку. Бывае так, што даводзіцца звяртацца да дырэктара гэтай установы Ганны Пятроўны Каралевіч. Яна заўсёды дасць слушную параду, адкажа на любое пытанне, заспакоіць, падбадзёрыць. Не застаюцца ўбаку і іншыя педагогі: завучы С.М.Гарус і В.А.Маскалёва, настаўнікі-дэфектолагі Т.М.Леановіч, А.А.Грузд, настаўнік адаптыўнай фізкультуры І.В.Фалейчык, класны кіраўнік В.В.Давыдкова і суправаджальнік (памочнік) Т.С.Бацюціна.

Даведаўшыся пра дыягназ ДЦП, які паставілі ўрачы, мы выплакалі шмат слёз, часам даходзіла да адчаю. Але з падтрымкай людзей станавілася лягчэй. У душы пасялілася вера ў тое, што з дапамогай такіх шчырых і добрых настаўнікаў, з якімі нас звёў лёс, мой унук будзе адчуваць сябе ўпэўнена і старацца вучыцца на выдатна, як ён і робіць зараз. Нізкі ім паклон”.      

Надзея ЦЕРАХАВА.