З гульнёй праз стагоддзі

- 11:10Выхаванне, Выхаваўчая работа

У Беларусі створана сетка маладзёжных гульнявых рэсурсных цэнтраў. Яны стануць галоўнымі захавальнікамі самабытных мясцовых гульняў.

Рэспубліканскі маладзёжны гісторыка-культурны праект “З гульнёй праз стагоддзі” рэалізоўваўся ў краіне дзякуючы ініцыятыве Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА і падтрымцы Міністэрства адукацыі. Ён доўжыўся больш за год, а яго вынікі былі падведзены нядаўна ў Брэсце падчас Рэспуб­ліканскага дзіцячага гульнявога форуму.

Сутнасць праекта ў тым, што дзеці і падлеткі адпраўляліся ў экспедыцыі па сваёй мясцовасці, вывучалі амаль забытыя народныя гульні, вучыліся ў іх гуляць, а цяпер будуць далучаць да іх сваіх сверснікаў. Вывучалі яны гэтыя гульні з дапамогай края­знаўцаў, этнографаў, настаўнікаў і, канечне, бабуль і дзядуляў, якія некалі самі гулялі ў гэтыя гульні. Усяго было створана 12 дзіцячых даследчых груп у розных этнаграфічных зонах Беларусі, якія ў сваіх клубах ЮНЕСКА адкрылі рэгіянальныя гульнявыя цэнтры. Па сабраных матэрыялах усіх іх экспедыцый ужо рыхтуецца да публікацыі зборнік гульняў. Ён убачыць свет да канца зімы.

“Ідэя праекта нарадзілася ў мяне, калі я, з’яўляючыся студэнтам гістарычнага факультэта БДУ, праходзіў стажыроўку ў БелАЮ па праграме “Сацыяльныя інтэрны” і гэты праект быў маёй выпускной работай. Ён некалькі гадоў ляжаў на паліцы, пакуль я працаваў настаўнікам гісторыі ў школе, і толькі цяпер удалося яго рэалізаваць. Праект удала ўпісаўся ў галоўны кірунак БелАЮ “Культура свету”, мэта якога — вывучэнне, падтрымка і развіццё нацыянальнай культуры і культуры іншых краін”, — гаворыць каардынатар праекта Павел Махінаў. 

На гульнявым форуме, які прахо­дзіў у межах “Зімовага ўніверсітэта клубаў ЮНЕСКА”, каманды прадставілі самыя яркія гульні сваіх рэгіёнаў і згулялі ў іх з іншымі ўдзельнікамі клубаў.

Маладзёжныя гульнявыя цэнтры створаны на базе клубаў ЮНЕСКА ў 12 гарадах: Брэсце, Горках, Маларыце, Мінску, Мёрах, Мазыры, Маладзечне, Мастах, Ляхавічах, Рагачове, Слуцку і Чэрвені.

“Нам удалося знайсці вельмі розныя гульні. Атрымалася стракатая палітра. Напрыклад, удзельнікі клуба “Фенікс” з Мінска знайшлі гульні, у якія некалі гулялі дзеці на тэрыторыях, што пасля аварыі на ЧАЭС падпалі пад адсяленне. Вельмі актыўным быў клуб “Пошук” са Слуцка: яны змаглі сабраць каля 30 гульняў і нават склалі з іх свой лакальны зборнік. Самымі каларытнымі аказаліся культурныя здабыткі, сабраныя ў Маларыцкім раёне, бо дзеці змаглі перадаць мясцовы дыялект заходняга Палесся. Напрыклад, іх “Бырозовы кыёк” парадаваў усіх гульцоў, і нават не хочацца перакладаць гэтую назву на літаратурную мову. Удзельнікі праекта прадстаўлялі гульні ў народных касцюмах сваіх рэгіёнаў і з выкарыстаннем усёй неабходнай атрыбутыкі. Напрыклад, школьнікі з Рагачова згулялі ў “Ручаёк”, дзе галоўнае — саматканы пояс. Дарэчы, на YouTube-канале БелАЮ мы размяшчаем відэаролікі з гульнямі, якія ўдзельнікі здымалі падчас экспедыцый ці аднаўлялі потым у сваёй школе ці раёне. Па роліках гэтыя гульні можа развучыць кожны жадаючы”, — расказвае Павел Махінаў.

Літаральна ўсе ўдзельнікі праекта пад­крэ­слілі яго актуальнасць, бо ён дапамагае захаваць тое, што мы яшчэ не паспелі стра­ціць. Так, Таццяна Гамеза, куратар клуба ЮНЕСКА “Факел” сярэдняй школы № 3 Чэрвеня, адзначыла: “Цяперашняе пакаленне школьнікаў ужо мала што ведае пра лакальную нематэрыяльную культуру, напрыклад, пра этнічныя гульні. Гаворка ідзе аб забавах, гульнявых абрадах, якія ладзілі менавіта на Ігуменшчыне. Пажылыя людзі сыходзяць, і знікаюць тыя культурныя здабыткі, носьбітамі якіх яны былі. Таму важна, каб мы гэта захавалі і перадалі наступным пакаленням. Каб знайсці самыя даўнія і самыя самабытныя гульні, нам прыйшлося шмат паездзіць і добра пашукаць. У нас былі тры экспедыцыі па раёне, падчас якіх дзеці змаг­лі ад саміх носьбітаў даведацца пра мясцовыя гульні, прычым не толькі беларускія. Са Смілавіч, напрыклад, мы прывезлі шмат татарскіх гульняў. Некалі на гэтай тэрыторыі жылі татарскія дыяспары, таму натуральна, што іх культура стала неад’емнай часткай культуры Чэрвеньшчыны. З усімі носьбітамі мясцовых гульняў мы сустракаліся спачатку ў іх вёсках, а потым запрашалі іх да нас у школу на сустрэчу “Гульні з бабулінага куфэрка”, каб падрабязней даведацца пра гэтыя гульні і, канечне ж, у іх пагуляць. Мы абавязкова працягнем гэтую справу, каб забытыя гульні вярнуліся ў наша жыццё. У першую чаргу мы ў іх гуляем самі, уключаем іх элементы ў розныя мерапрыемствы ў якасці размінкі, замяняючы імі прывычныя ў моладзі флэш-мобы з замежнымі трэкамі і папулярнымі рухамі”.

Самае цікавае з жыцця нашых бабуль можна смела браць у сваё жыццё, наталяцца тагачаснай культурай, выхоўваць у сабе любоў да беларускай спадчыны і перадаваць яе іншым.

Вольга Піскун

Клубу ЮНЕСКА “Мы” з Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўдалося сабраць 12 гульняў. “Жаба і бусел”, “Гары, гары ясна”, “Залатыя вароты”, “Паляванне на лісаў”, “Паляўнічы” — цяпер гэтыя назвы не з’яўляюцца для дзяцей адцягненымі, а гучаць як заклік да гульні і ім адразу ж хочацца ўключыцца ў яе. Па словах куратара клуба Вольгі Піскун, яе выхаванцы ўжо шмат разоў прайгралі пералічаныя гульні ў сваіх школах, а яшчэ іх запрасілі правесці гэтыя гульні для дзяцей з усёй вобласці падчас гульні “Зарніца”. Яны гуляюць у іх і з гасцямі клуба, якіх тут заўсёды шмат. Гэтыя гульні асвоілі і выкарыстоўваюць і тыя клубы, якія не прымалі ўдзел у праекце (пашанцавала толькі 12 клубам з 58).

“Мы заклікаем нашых дзяцей, падлеткаў, моладзь азірнуцца на мінулае, прыгле­дзецца да нашых каранёў, — гаворыць Вольга Піскун. — Сёння можна пачуць: “У жыцці нашых бабуль не было нічога цікавага! Зусім іншая справа — жыць у нашым стагоддзі!” Праект дазволіў перака­наць іх у адваротным! Мы ўбачылі, што самае цікавае з жыцця нашых бабуль можна смела браць у сваё жыццё, наталяцца тагачаснай культурай, выхоўваць у сабе любоў да беларускай спадчыны і перадаваць яе іншым. Было б цудоўна правесці фестываль беларускай ці ў цэлым славянскай культуры і далучыцца разам з моладдзю да нацыянальнай музыкі, песень, танцаў, абрадаў, тэатралізацыі, паглыбіцца ў народныя павер’і, каб дзеці маглі ганарыцца, што яны нарадзіліся менавіта тут. І найпрасцей гэта было б зрабіць якраз праз гульню”.

Па словах Паўла Махінава, нагод пагу­ляць у гэтыя гульні можна знайсці шмат: “Мы прывыклі да стандартных практыкаванняў для знаёмства дзяцей адно з адным, для камандаўтварэння падчас летнікаў, зімовага і летняга ўніверсітэтаў клубаў ЮНЕСКА. Чаму б не замяніць іх нацыянальным гульнявым кампанентам? У школах будуць дарэчы гульнявыя перапынкі ці майстар-класы ад удзель­нікаў нашага праекта, у тым ліку і падчас тыдня роднай мовы ці правядзення спартыўных ці культурных мерапрыемстваў. А ў рэгіёнах можна паказаць мясцовыя гульні на лакальных фестывалях, якія ўжо сталі трэндам беларускага турызму. Гэта і “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”, і Міжнародны пленэр ганчароў у Гарадной на Століншчыне, і іншыя. Упэўнены, інтэрактыўныя гульнявыя пляцоўкі на іх былі б вельмі актуальнымі”.

Святлана НІКІФАРАВА.