З характарам настаўніка

- 10:37Людзі адукацыі

Здаецца, ведаеш чалавека многа гадоў, а затым раз — і тваё ўяўленне мяняецца. Не, не кардынальным чынам. Проста пачынаеш разумець, чаму ён менавіта такі. Аказалася, што намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання Мінска Аксану Савельеўну Вандзяеву ведала не да канца, на ўзроўні адчуванняў і ўражанняў.

Але мае адчуванні і ўражанні заўсёды былі толькі станоўчыя. Я ўвесь час здзіўлялася і захаплялася яе пранікнёнасцю, неабыякавасцю і ўважлівасцю да кожнай дробязі. “Строгая, патрабавальная, але чалавечная і клапатлівая”, — гаварыў некалі герой майго матэрыялу “Школы маладых”, пачынаючы настаўнік рускай мовы і літаратуры 23-й гімназіі. І гэта сапраўды так. Аксана Савельеўна не аднаму маладому педагогу дапамагла адчуць сябе ўпэўнена ў абранай прафесіі. А некаторым ― адкрыць у сабе сапраўдны талент. Напэўна, яна надзелена дарам ― адчуваць настаўніцкі патэнцыял, хоць яе асабісты шлях у педагогіку і не быў прамым. Мне ж здаецца, што настаўніцтва — гэта лёс Аксаны Савельеўны.

Нарадзілася і вырасла ў Мінску. Вучылася ў сярэдняй школе № 23 (так, у той самай, якая цяпер гімназія № 23). Адначасова была навучэнкай музычнай дзіцячай школы № 1 імя Л.П.Александроўскай, якую паспяхова скончыла ў 1983 годзе па спецыяльнасці “Цымбалы”. З 1982 года займалася ў народным цымбальным аркестры Палаца культуры прафтэхадукацыі (пазней Палац культуры “Юнацтва”, які знаходзіўся на Фабрыцыуса, 5) пад кіраўніцтвам Генадзя Аляксандравіча Ермачэнкава.

У аматарскім калектыве Аксана Савельеўна іграла на працягу дзесяці гадоў. У складзе аркестра аб’ездзіла амаль усю нашу краіну, пабывала ў Малдове, Расіі, Украіне, Абхазіі, Германіі, Польшчы, станавілася лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці ў 1985 і 1987 гадах, была ўзнагароджана медалямі. Летам 1985 года з’яўлялася ўдзельніцай культурнай праграмы ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Магла б стаць прафесійнай цымбалісткай, але, як гаворыцца, не лёс.

Пасля школы вырашыла паступаць у інстытут народнай гаспадаркі (зараз эканамічны ўніверсітэт), але не прайшла па конкурсе (конкурс быў 4 чалавекі на месца) і пайшла працаваць у родную школу сакратаром-машыністкай. Працуючы ў школе, як заўважыла сама Аксана Савельеўна, яна зразумела, што хоча працаваць з дзецьмі, хоча быць настаўнікам пачатковых класаў. Вось так пачаўся яе шлях у педагогіку.

Дарэчы, сярэднюю школу № 23 у свой час закончыла яе маці, а затым і старэйшая сястра, якая таксама стала настаўніцай. Святлана Савельеўна Русіновіч вучылася ў БДУ, дзе атрымала адукацыю па спецыяльнасці “Фізік. Выкладчык фізікі”. Доўгі час выкладала фізіку ў роднай школе, затым працавала ў сярэдніх школах №№ 27 і 148 сталіцы.

У 1989 годзе Аксана Савельеўна пачала працаваць піянерважатай, у гэтым жа годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання (завочнае аддзяленне), працягваючы працаваць піянерважатай. Затым стала выхавальніцай групы прадоўжанага дня ў спартыўным класе па фігурным катанні. Пасля заканчэння ўніверсітэта пераступіла парог класа ў якасці настаўніцы пачатковых класаў. У 1998 годзе стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 23. У 2003 годзе заняла 3-е месца ў раённым конкурсе “Настаўнік года” ў намінацыі “Класны кіраўнік”. З верасня 2007 года Аксана Савельеўна з’яўляецца намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска і курыруе арганізацыю адукацыйнага працэсу ў 8—11 класах.

Але ж слова “курыруе” вельмі сухое. Я памяняла б яго на “клапоціцца”. Аксана Савельеўна ведае ўсё і ўсіх. Яна дасведчаны метадыст, ведае магчымасці і здольнасці ўсіх настаўнікаў. Асаблівая яе ўвага — маладым педагогам. З імі яна працуе ў вельмі цесным кантакце: наведвае ўрокі, дае парады, разам яны адпрацоўваюць патрэбныя метады і прыёмы, вучацца кантактаваць з дзецьмі.

Сваім вопытам Аксана Савельеўна дзеліцца з калегамі іншых навучальных устаноў краіны. У АПА рэгулярна праводзіць практычныя семінары для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце. На працягу шасці гадоў на базе гімназіі ажыццяўляецца апрабацыя падручнікаў па кітайскай мове, і Аксана Савельеўна аказвае метадычную дапамогу настаўнікам пры рэцэнзаванні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Сама на працягу 2011 і 2012 гадоў удзельнічала ў рэцэнзаванні падручнікаў па рускай мове і рускай літаратуры для 5 класа.

Акрамя таго, Аксана Савельеўна актыўна супрацоўнічае з Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь, з Інстытутам Канфуцыя БДУ, Інстытутам Канфуцыя МДЛУ. На базе гімназіі штогод праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі кітайскай мовы. І менавіта Аксана Савельеўна была адным з арганізатараў першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю знаўцаў кітайскай мовы “Мост кітайскай мовы”, які праходзіў на базе гімназіі ў 2013 годзе.

І самае галоўнае: Аксана Савельеўна — выдатны педагог, які здольны да пазнання дзіцячага свету. Дзеці розныя, і яна розная з імі. Гаворыць, тлумачыць па сто разоў на дзень, слухае, спрачаецца, робіць заўвагі, хваліць, здзіўляецца, засмучаецца. І так штодзень. Стамляецца? Канечне. Але з раніцы з ахвотай зноў едзе ў гімназію. Вучні цэняць яе і паважаюць за шчырасць, за тое, што яна розная, але заўсёды з імі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.