З ідэяй агульнай супольнасці і повязі пакаленняў

- 13:00Рознае, Суразмоўца

Сёлетні снежань для Нацыянальнага інстытута адукацыі — святочны месяц. Гэтымі днямі ўсім вядомая навукова-метадычная ўстанова святкуе юбілей — 85 гадоў! Мы шчыра віншуем увесь калектыў з гэтай слыннай датай. Супрацоўнікі інстытута заўсёды заяўлялі пра сябе сваёй кампетэнтнасцю і жаданнем працаваць на карысць усёй сістэмы адукацыі. Мы не будзем удавацца ў гісторыю і перыпетыі развіцця і станаўлення НІА, хаця, канечне, на рахунку гэтай установы шмат навукова-метадычных адкрыццяў і дасягненняў. Акрамя таго, гісторыя нацыянальнага інстытута — гэта своеасаблівы летапіс беларускай адукацыі. Сёння ж у цэнтры нашай увагі — сучасныя вектары развіцця беларускай педагагічнай навукі і яе перспектывы. На гэтым і грунтавалася наша размова з дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдатам педагагічных навук Раісай Станіславаўнай Сідарэнка.

— Раіса Станіславаўна, у інстытута багатыя традыцыі. Тым не менш сучасныя ўмовы адукацыйнага асяроддзя патрабуюць бесперапыннага руху наперад. Якія вектары навукова-метадычнага развіцця вы лічыце на сённяшні дзень самымі актуальнымі?
— У першую чаргу захаванне традыцыйных кірункаў дзейнасці. Сістэма адукацыі павінна забяспечваць своеасаблівую “повязь пакаленняў” — ствараць умовы для трансляцыі вопыту сацыяльных, культурных зносін, для фарміравання каштоўнаснага стаўлення да гісторыі і сучаснасці беларускага грамадства. У сувязі з гэтым інстытут выступае захавальнікам каласальнага навуковага і метадычнага вопыту навучання і выхавання, які назапашаны ў айчыннай педагагічнай традыцыі. Галоўная наша задача — забеспячэнне зместу дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Гэта заўсёды было і застанецца нашым прыярытэтам.
Але мы выдатна разумеем, што час мяняецца, і літаральна ў бягучым годзе ў інстытута з’явіліся новыя кірункі дзейнасці. Мы хочам усе нашы адукацыйныя рэсурсы наблізіць да рэальнасці. Гаворка ідзе пра электронныя адукацыйныя рэсурсы, максімальнае выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій. У сувязі з гэтым, ствараючы Нацыянальны адукацыйны партал, мы найперш думалі пра стварэнне адзінай супольнасці: настаўнікаў, бацькоў, дзяцей. Даўно вядома выслоўе: дзіця выхоўвае ўсё, што яго акружае, — кожная рэч, кожны чалавек, кожнае слова, пачутае ад дарослых, кожнае іх дзеянне. Гэтак жа мы можам гаварыць і пра адукацыю дзіцяці. Адукацыю дзіцяці дае ўсё, пачынаючы ад яго асяроддзя. А мы павінны навучыць яго не толькі вучыцца, але і атрымліваць інфармацыю. І ўсе праекты, якія пачынаюцца сёння ў НІА, якраз на гэта і арыентаваны. Сёння неабходна дапамагчы і настаўніку, і бацькам, і вучню, таму і неабходны быў рэсурс, які дапамог бы забяспечыць такое ўзаемадзеянне.
Яшчэ адным перспектыўным і запатрабаваным праектам інстытута з’яўляецца распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў. Была праведзена вялікая навукова-даследчая работа. І чым бліжэй мы падыходзілі да фінішу, тым больш разумелі, што да экспертызы гэтых электронных вучэбных рэсурсаў неабходна далучаць настаўнікаў-практыкаў. Мы заўсёды гаворым пра тое, што практыку неабходна набліжаць да навукі і спалучыць гэта ўсё з методыкай. Вось цяпер, на апошнім этапе навукова-даследчай работы ў галіне электронных адукацыйных рэсурсаў, да дзейнасці нашых навукоўцаў, метадыстаў далучыліся педагогі, якія на практыцы ў сваіх класах вызначаюць усе перавагі і недахопы прапанаваных намі электронных рэсурсаў. У будучыні мы працягнем працаваць як над электроннымі прадуктамі для настаўніка, так і для вучня, і рабіць іх выключна практыка-арыентаванымі.

— І выкарыстоўваць для гэтага платформу партала, які ўжо паспеў стаць пляцоўкай для ўзаемадзеяння. Ці можна падвесці ўжо першыя вынікі функцыянавання Нацыянальнага адукацыйнага партала?
— Яны відавочныя. Мы праводзім шмат сумесных праектаў з вучнямі. Усе яны ў адкрытым доступе. У нас вельмі добра працуюць анлайн-кансультацыі. Калі спачатку педагогі не вельмі спяшаліся да нас па кансультацыю, то цяпер, калі ўбачылі, што яна даецца аператыўна і неабходным спецыялістам (аўтар падручніка, супрацоўнік лабараторыі), зваротаў стала значна больш. На партале з’явілася шмат бацькоў, што таксама вельмі радуе, бо ідэя стварэння адзінай супольнасці пачала працаваць.

— Раіса Станіславаўна, вельмі прыемна, што Нацыянальны інстытут адукацыі стаў такім адкрытым для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, але разам з тым ваша ўстанова з’яўляецца навукова-метадычным цэнтрам айчыннай педагогікі, дзе праводзяцца сур’ёзныя даследаванні і аналіз педагагічных інавацый.
— Гэта сапраўды так. Навуковыя даследаванні, якія ажыццяўляюцца ў інстытуце, звязаны з праектаваннем і распрацоўкай сучаснага зместу і навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Інстытут з’яўляецца галаўной арганізацыяй-выканаўцам шэрага важных дзяржаўных і галіновых праграм (падпраграмы “Адукацыя”, “Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава”, дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, галіновых праграм “Сучаснае адукацыйнае асяроддзе”, “Электронныя адукацыйныя рэсурсы” і інш.). Відавочна, што эфектыўнасць навукова-педагагічнага пошуку сёння шмат у чым залежыць ад яе прагнастычнай скіраванасці: маецца на ўвазе неабходнасць вызначыць на падставе аналізу разнастайных фактараў, які змест, якія метады, адукацыйныя тэхналогіі і рэсурсы дазволяць сфарміраваць асобу, у якой ініцыятыўнасць, прадпрымальнасць, канкурэнтаздольнасць спалучаюцца з высокім узроўнем грамадзянскай, маральнай культуры. У той жа час вынікі навуковых даследаванняў, якія ажыццяўляюцца ў інстытуце, маюць выразны практыка-арыентаваны характар: варта згадаць пра запатрабаванасць у педагагічнай грамадскасці вучэбна-метадычных комплексаў для правядзення факультатыўных заняткаў, кантрольна-вымяральных матэрыялаў для бягучай і выніковай атэстацыі вучняў, камплекты дыдактычных сцэнарыяў урокаў.
Эксперыментальную дзейнасць, якую вядзе інстытут (штогод ва ўстановах адукацыі рэспублікі рэалізуецца ад 15 да 20 эксперыментальных праектаў), а таксама маніторынгавыя даследаванні якасці адукацыі варта разглядаць у кантэксце сістэмна-апераджальнага забеспячэння ўстойлівага развіцця адпаведных узроўняў адукацыйнай сістэмы.
Адпаведна, на апераджэнне арыентавана і дзейнасць, звязаная з развіццём нацыянальнага вучэбнага кнігавыдання. З мэтай удасканалення якасці новых вучэбных выданняў інстытут арганізуе комплексную навуковую экспертызу і праводзіць вопытную праверку падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Удзел у экспертызе бяруць вядомыя навукоўцы, у тым ліку спецыялісты НАН і ВАК Беларусі. Вопытная праверка выданняў ажыццяўляецца ва ўстановах адукацыі (з 2010 да 2014 года такіх устаноў было 707), прычым да яе далучаюцца не толькі педагогі (больш за 1800 у акрэслены перыяд), але і вучні (у анкетаванні брала ўдзел каля 25 000) і іх бацькі (каля 17 000).

— Апошнім часам у грамадскасці, у тым ліку і педагагічнай, з’явілася думка, што наша педагагічная навука не развіваецца і педагогаў-навукоўцаў у нас няма. Ці карэктныя такія меркаванні?
— Такое меркаванне сапраўды некарэктнае. Мы павінны разумець, што развіццё педагагічнай навукі ў Беларусі — гэта не вынаходніцтва. Мы не павінны вынаходзіць веласіпед, як, зрэшты, і жыць у нейкім вакууме. На гэта мы проста не маем права. І абсалютна разумна тое, што пэўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца і ў блізкім, і ў далёкім замежжы, падхопліваюцца намі, развіваюцца і карэкціруюцца з улікам нашага адукацыйнага асяроддзя.
Акрамя таго, апошнім часам з’явіліся вельмі цікавыя артыкулы нашых навукоўцаў з вядучых універсітэтаў рэспублікі, у якіх якраз і ідзе гаворка пра педагогіку і методыку. Але спецыфіка навуковага свету такая, што навукоўцы, заглыбіўшыся ў сваю дзейнасць, вельмі часта не прэзентуюць шырокай грамадскасці вынікі сваіх даследаванняў. Насамрэч ім гэта не так і важна. Ім проста шкада часу на рознага кшталту піяр.
У сувязі з гэтым дзейнасць нашага партала і адукацыйнага цэнтра накіравана ў тым ліку і на папулярызацыю навуковых дасягненняў у педагогіцы і методыцы. Больш за тое, у нас ёсць ідэі збліжэння прадстаўнікоў навукі і педагагічнай супольнасці. Цяпер мы працуем над іх рэалізацыяй. У нас дзейнічае шмат навуковых школ (па методыцы выкладання, па вучэбных прадметах). Да нас едуць па вопыт у спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, 11 снежня ў нас будзе праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да юбілею, і мы чакаем шмат замежных гасцей, якія цікавяцца нашымі навуковымі напрацоўкамі.
Задача інстытута — працаваць на апераджэнне і прадказваць, якія кірункі ў адукацыі патрабуюць дапрацоўкі. Але ў такіх пытаннях неабходна цеснае супрацоўніцтва з навукоўцамі, якія могуць пралічыць праблемы наперад. У нас ёсць прыклады, калі настаўнікі-практыкі становяцца навукоўцамі, што, безумоўна, ідзе толькі на карысць нашай педнавуцы.

— Не магу не запытацца пра змест агульнай сярэдняй адукацыі. І не толькі таму, што яго забеспячэнне з’яўляецца прыярытэтным у дзейнасці вашага інстытута, а яшчэ і таму, што апошнім часам ён стаў яблыкам разладу паміж педагагічнай, вучнёўскай, бацькоўскай і грамадскай супольнасцямі.
— Напэўна, падставы для сумненняў і незадаволенасці існуюць у прадстаўнікоў усіх супольнасцей. Не задавальняе якасць падручнікаў, ёсць недавер у адносінах да правільнасці адабранай інфармацыі ў вучэбных праграмах, бо вучні перагружаны. Усё гэта падштурхоўвае да пытання: а ці правільнае ўсё тое, што зроблена? Калі мы з дванаццацігодкі пераходзілі на адзінаццацігадовае навучанне, калі ў нас было профільнае навучанне, павышаны і базавы ўзровень навучання і калі ў выніку з ўсяго гэтага мы рабілі базавую праграму, то ў межах многіх вучэбных прадметаў аўтары імкнуліся захаваць навуковасць у падыходах (якая, дарэчы, праходзіла паспяховую экспертызу ў нас, у Расіі) і прыўнесці ўсё неабходнае для паступлення вучня ў ВНУ. У выніку вучэбныя праграмы аказаліся вельмі насычанымі і інтэнсіўнымі, бо давялося скарачаць колькасць гадзін. Вось гэтая спрасаванасць і адсутнасць часу на адпрацоўку вучэбнага матэрыялу, паўтарэнне прывяло да таго, што мы цяпер маем.
Разам з тым прынята абсалютна правільнае рашэнне аб вяртанні да профільнага навучання. Ужо два гады мы працуем з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў, а яно можа быць рэалізавана пры наяўнасці такіх абавязковых складнікаў, як настаўнік, які можа выкладаць на павышаным узроўні, вучні, якія жадаюць вывучаць прадметы на такім узроўні, і матэрыяльна-тэхнічная база навучальнай установы. І сёння ўжо відавочна, што ўзяць тое, што некалі было напрацавана па профільным навучанні, паглыбленым і павышаным узроўнях, і перанесці ў рэаліі сённяшняга дня немагчыма. Таму інстытут цяпер працуе над карэкціроўкай вучэбных праграм як для профільнага навучання ў 10—11 класах, так і для базавага ўзроўню. Прынамсі, залішняя навуковасць з базавай адукацыі будзе знімацца.
Акрамя таго, у базавай школе павінна ажыццяўляцца дапрофільная падрыхтоўка праз факультатыўныя заняткі. Мы рыхтуем адпаведныя рэкамендацыі. Яшчэ працуем над зместам новых вучэбных планаў для ўсіх класаў. У прыватнасці, прадугледжваецца роўная колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай мовы ў пачатковай школе, карэкціроўка ў базавай школе, з’яўленне сусветнай мастацкай культуры. У гэтай рабоце мы ўлічваем і наш папярэдні вопыт, і вопыт Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Фінляндыі. Калі браць пад увагу прадметны змест, то па многіх прадметах ён блізкі да расійскага.

— Раіса Станіславаўна, наш зменлівы час патрабуе мабільнасці, і ад адукацыі ў першую чаргу. Ці вымагае час выканання функцый, якія яшчэ пяць гадоў назад падаліся б неўласцівымі ці нязвыклымі для інстытута?
— Спецыфіка дзейнасці інстытута, ды і сама дынаміка развіцця адукацыйнай прасторы задае такі тэмп работы, што часу раскладваць задачы, якія ставяцца перад нашай установай, на звыклыя і нязвыклыя, проста няма. Напрыклад, з нядаўняга часу ў інстытуце ажыццяўляецца распрацоўка і апрабацыя новых механізмаў аплаты працы педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, распрацоўваюцца падыходы і механізмы ўкаранення так званага нарматыўна-падушавога фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У сувязі з гэтым актывізуецца ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый па пытаннях навукова-метадычнага і арганізацыйнага суправаджэння пілотных праектаў па новых механізмах фінансавання.
У 2014—2017 гадах інстытуту даручана рэалізацыя гранта Фонду інстытуцыянальнага развіцця Сусветнага банка, вылучанага з мэтай садзейнічання ўкараненню доказна-абгрунтаванага падыходу да паляпшэння якасці і эфектыўнасці ў сферы адукацыі. Нельга сказаць, што ў інстытуце дагэтуль зусім не распрацоўвалася праблематыка эканомікі адукацыі. Але можна ўпэўнена сцвярджаць, што сістэмная работа на аснове міжнароднага вопыту, арыентаваная на запыты нацыянальнай адукацыі і скіраваная на аператыўнае апрабаванне навуковых распрацовак, адбываецца на нашых вачах.

— А ці могуць распрацоўкі нацыянальнага інстытута (навуковыя, вучэбна-метадычныя) зацікавіць прадстаўнікоў замежнай адукацыйнай супольнасці? У якім кірунку найбольш актыўна развіваецца міжнародная дзейнасць НІА?
— Пра тое, што для міжнароднай адукацыйнай супольнасці з’яўляецца цікавай дзейнасць інстытута і яго вынікі, сведчыць развіццё супрацоўніцтва з аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі: Еўразійскай асацыяцыяй ацэнкі якасці адукацыі, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, Сусветным банкам, шэрагам іншых арганізацый і фондаў. Канцэптуальныя ідэі, метадалагічныя падыходы да развіцця адукацыі, якія распрацоўваюцца ў інстытуце, нязменна выклікаюць зацікаўленую рэакцыю з боку міжнародных экспертаў і даследчыкаў падчас абмеркавання на прадстаўнічых навуковых форумах як у Беларусі, так і за яе межамі. Па запрашэнні расійскіх калег інстытут далучыўся да рэалізацыі міжнароднага праекта, звязанага з вывучэннем узроўню інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці дзевяцікласнікаў, у межах якога беларускія вучні прадэманстравалі дастаткова высокі ўзровень валодання адпаведнымі кампетэнцыямі.
Не меншую цікавасць замежныя калегі праяўляюць і да падрыхтаваных у інстытуце вучэбна-метадычных выданняў, электронных сродкаў навучання. Канкрэтызуецца гэты інтарэс у прапановах аб супрацоўніцтве. Дарэчы, нямала іх прагучала падчас ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, які не так даўно прымала Рэспубліка Беларусь. Многія замежныя ўдзельнікі з’езда звярталі ўвагу на тое, наколькі сістэмна, комплексна ў нашай краіне ажыццяўляецца дзейнасць па забеспячэнні сістэмы адукацыі сучаснымі вучэбна-метадычнымі выданнямі, сродкамі навучання, інфармацыйна-адукацыйнымі рэсурсамі.

— Раіса Станіславаўна, мы яшчэ раз віншуем вас і ўвесь калектыў Нацыянальнага інстытута адукацыі з такім важкім юбілеем і зычым толькі плённай працы на карысць нашай адукацыі.
— Дзякуй. Я таксама хачу павіншаваць усіх сваіх калег са святам і пажадаць ім руху наперад, новых адкрыццяў і аптымізму, прычым як навуковага, так і проста чалавечага, бо работа кожнага супрацоўніка і інстытута ў цэлым з’яўляецца вельмі важнай для ўсёй сістэмы адукацыі, а гэта значыць і для настаўнікаў, і для вучняў, і для бацькоў.

— Вялікі дзякуй за цікавую і змястоўную размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.