З крэатывам і навізной

- 10:36Адукацыйная прастора

У Мінску прайшоў гарадскі фестываль праектных і даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць”. Малодшыя школьнікі стваралі прыдатныя да яды фарбы, раскрывалі сакрэты мёду, вырошчвалі куранят і жаб, даследавалі ядавітыя расліны сляпянскага лесу, птушак Беларусі, праблемы незапоўненасці трыбун на хакейных матчах і інш.

Фестываль праводзіцца Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі пры актыўным удзеле савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры арганізацыйнай падтрымцы гімназіі № 18. 

Як расказала начальнік аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Вольга Назаранка, мэта фестывалю — стварэнне ўмоў для развіцця ўстойлівай цікавасці да пазнавальнай дзейнасці, выяўленне і развіццё здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў малодшых школьнікаў. 

Сёлета ў фестывалі прынялі ­ўдзел 262 вучні 2—4 класаў. Яны прадставілі свае работы ў 6 сек­цыях: “Біялогія, экалогія, геаграфія”, “Гісторыя, краязнаўства”, “Тэхнічная творчасць”, “Матэматыка, фізіка, хімія”, “Літаратура і мастацтва”, “Захапленні і хобі”. Асаблівай папулярнасцю ў навучэнцаў карысталася секцыя “Біялогія, экалогія, геаграфія”. 

Прадстаўленне вучэбна-даследчых работ і адукацыйных праектаў праходзіла ў форме стэндавай абароны. Журы ацэньвала арыгіналь­насць і сацыяльную знач­насць даследавання, яго адпаведнасць заяўленай праблеме, ступень суадносін супрацоўніцтва і самастойнасці, культуру афармлення матэрыялаў і інш. 

Па водзывах членаў журы, вучнёўскія праекты ўразілі сваёй арыгінальнасцю, крэатыўнасцю, практыка-арыентаванасцю. Так, навучэнец гімназіі № 16 Мінска Яраслаў Лукашэнка прадставіў работу “Харчовыя фарбавальнікі: шкода ці ка­рысць”, дзе прыйшоў да высновы, што ў гарэзлівасці і няўседлівасці дзяцей вінаваты Е-дабаўкі. Марыя Голуб з сярэдняй школы № 69 даследавала ядавітыя расліны сляпянскага лесу і яго наваколля, каб папярэ­дзіць дзяцей і дарослых аб небяспецы, што часам чакае на прыродзе. Таісія Грыцук і Марыя Шапрунова з гімназіі № 15 даследавалі асяроддзе насякомых, асаблівасці іх сумеснага пражывання і паспрабавалі ства­рыць ­“атэль” для насякомых. Мора авацый дарослых і дзяцей сабрала работа Васілісы Будай з гімназіі № 192 “Венерына мухалоўка — драпежнік ці фітафаг?”. Дзівоснае пераўтварэнне зялёнага вусеня ў цудоўнага матылька вывучаў у сваёй рабоце Аляксей Барысевіч з гімназіі № 61.

Усе ўдзельнікі фестывалю ўдастоены дыпломаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МГІРА.